https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзяржатамнагляд: Звесткі літоўскага боку пра магчымы чарговы інцыдэнт пры ўзвядзенні Беларускай АЭС не пацвердзіліся


У дэпартаменце па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Беларусі (Дзяржатамнаглядзе) 10 чэрвеня пракаментавалі інфармацыю літоўскага боку пра чарговы інцыдэнт, які нібыта адбыўся на будпляцоўцы Беларускай атамнай электрастанцыі.
"Падчас ажыццяўлення наглядных мерапрыемстваў на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС у рэжыме пастаяннага нагляду і пры правядзенні комплекснай праверкі Дзяржатамнагляд не знайшоў пацвярджэнняў інфармацыі, агучанай прэс-сакратаром Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Вітаўтам Макаўскасам і Міністрам навакольнага асяроддзя Літвы Кястуцісам Трачэкасам аб магчымым чарговым інцыдэнце пры будаўніцтве Беларускай АЭС", — гаворыцца ў паведамленні дэпартамента.

Непасрэдна ад РУП "Беларуская АЭС" інфармацыя аб інцыдэнтах падчас будаўніцтва, якія ўплываюць на бяспеку, таксама не паступала, зазначылі ў дэпартаменце. "Такім чынам, звесткі літоўскага боку аб магчымым чарговым інцыдэнце пры будаўніцтве Беларускай АЭС не пацвердзіліся", — сказана ў паведамленні.

7 чэрвеня на літоўскім партале навін delfi.lt была апублікаваная нататка аб тым, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы правярае інфармацыю пра інцыдэнт, які нібыта адбыўся на мінулым тыдні на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС. Падрабязнасці гэтага інцыдэнту выданне не прыводзіла.

8 чэрвеня на гэтым жа рэсурсе з`явіўся каментар міністра энергетыкі Літвы Рокаса Масюліса: "Пакуль у нас няма дэталяў аб яшчэ адным магчымым інцыдэнце на АЭС у Астраўцы. Аднак інфармацыя, якая з`явілася, выклікае вялікую занепакоенасць у сувязі з бяспекай будучай электрастанцыі".

Прэс-служба беларускага Мінэнерга ў адказ на гэтыя заявы літоўскага боку паведаміла, што "збудаванне Беларускай АЭС вядзецца ў штатным рэжыме" і "ніякіх інцыдэнтаў пры вытворчасці будаўніча-мантажных работ у названы ў інфармацыі перыяд не было".

8 чэрвеня дырэкцыя БелАЭС таксама абвергла інфармацыі пра інцыдэнт.

У гэты ж дзень Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды магчымага інцыдэнту. Гэта ўжо другая падобная сітуацыя — 5 мая была перададзена нота ў сувязі з магчымым інцыдэнтам на будаўнічай пляцоўцы ў красавіку, пра які паведамляў сайт тэлеканала "Белсат".

Пасля гэтага пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнтавічус быў запрошаны ў МЗС Беларусі і беларускае Мінэнерга. У Міністэрстве энергетыкі дыпламату прапанавалі наведаць пляцоўку будаўніцтва станцыі, аднак ён ад гэтага кроку адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што бяспеку аб`екта павінны ацэньваць прафесіяналы.

21—22 чэрвеня ў Вільнюсе пройдуць экспертныя кансультацыі, на якіх будуць абмяркоўвацца пытанні будаўніцтва Беларускай АЭС, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 9 чэрвеня на брыфінгу ў Мінску.

27 мая міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што вакол БелАЭС узнялася "палітычная вакханалія". "Адной рукой Літва галасуе за адмену санкцый, другой — супраць супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, якія садзейнічаюць будаўніцтву АЭС. Беларусі незразумелыя палітычныя інсінуацыі вакол будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі, — сказаў міністр. — Гэта азначае фактычна новыя завуаляваныя санкцыі".

Паводле яго слоў, Беларусь як краіна, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, "ніколі не будзе будаваць небяспечную станцыю". "Мы не хацелі б зноў мець "атамную бомбу запаволенага дзеяння", як вобразна выказаўся адзін з літоўскіх палітыкаў. Мы не такія, прабачце, ідыёты", — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Аляксей Александраў, БелаПАН
Мінск, 10 чэрвеня 2016
 
Дата публикации:10.06.2016
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:867
 
Ключевые слова:
Астравец Белорусская АЭС Ядерная энергетика Строительство Литва Безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме