https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Макей: Ніякага вызвалення палітзняволеных пад націскам ЕС не будзе


Пра гэта ён заявіў 17 красавіка ў інтэрв`ю вузкаму колу журналістаў.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей назваў "поўным абсурдам" меркаванні, якія выказваюцца ў СМІ, аб тым, што, выпусціўшы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і члена яго каманды Дзмітрыя Бандарэнкі, беларускія ўлады ствараюць умовы для вяртання паслоў Еўрасаюза ў Мінск.

"Гэта дзве вялікія розніцы, — цытуе Макея дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. — Пытанне вызвалення зняволеных за канкрэтныя злачынствы ляжыць выключна ў сферы кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт у свой час выразна заявіў: раскаюцца людзі, напішуць адпаведныя прашэнні аб памілаванні — яны будуць разгледжаны ва ўстаноўленым законам парадку. Што і адбылося. І прэзідэнт ясна паказаў сваю паслядоўнасць".

"А вось пытанне вяртання паслоў — гэта ўжо з іншай оперы, — лічыць Макей. — Еўрасаюз у свой час сам адклікаў сваіх паслоў, і сёння рэальнасць такая, што не мы просім, а Еўрасаюз просіць нас дазволіць паслам вярнуцца ў Беларусь. І не толькі просіць, а патрабуе і нават пагражае новымі санкцыямі".

"Наша пазіцыя адносна гэтага вядомая, — дадаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Мы не з`яўляемся ні ў якой ступені прыхільнікамі эскалацыі напружанасці. Наадварот, мы заявілі аб тым, што гатовы да дыялогу з Еўрасаюзам на ўсіх узроўнях, але што да вяртання паслоў, то мы лічым, што яны павінны вярнуцца тады, калі для гэтага будуць адпаведныя ўмовы. А менавіта — калі ў Еўрасаюзе ўсвядомяць памылковасць палітыкі шантажу, дыктату, санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь і прыйдуць да разумення неабходнасці дыялогу з Беларуссю".

"Што сёння адбываецца? Сёння выстаўляюцца новыя патрабаванні. Гавораць, што засталося паўтара або два дзясяткі нейкіх палітычных зняволеных, якіх, цытую, "трэба неадкладна вызваліць, неадкладна рэабілітаваць".

У гэты спіс уключылі нават радыкальных рэвалюцыянераў-анархістаў, якія закідвалі расійскае пасольства бутэлькамі з запальнай сумессю, кактэйлямі Молатава. Паводле інтэрпрэтацыі Еўрасаюза, заўтра гэты спіс можа разрасціся і да 50-60 чалавек", — сказаў Макей.

"Таму падобнага кшталту патрабаванні — гэта шлях у нікуды, — лічыць кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі. — Ніякага вызвалення пад націскам не будзе. Ніякай рэабілітацыі згодна з еўрасаюзаўскім загадам — таксама не будзе. Гэта ўсе павінны цудоўна разумець. Але нават тыя ж самыя адпушчаныя былыя зняволеныя ў сваіх хадайніцтвах чорным па белым напісалі аб прызнанні сваёй віны і аб раскаянні".

"Таму вяртанне паслоў у Беларусь магчыма тады, калі, паўтаруся, у Еўрасаюзе прыйдуць да разумення неабходнасці размовы з Беларуссю аб адмене санкцый, а самі паслы, калі яны маюць намер вярнуцца, будуць гатовы размаўляць не на мове шантажу і пагроз, а на мове дыялогу, як гэтага патрабуюць адпаведныя канвенцыі аб дыпламатычных зносінах", — заявіў Макей.

Нагадаем, кіраўніцтва Еўрасаюза 15 красавіка выступіла з заявамі ў сувязі з вызваленнем Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па пытаннях пашырэння Штэфан Фюле і старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц прывіталі гэты крок беларускіх уладаў. Пры гэтым усе яны падкрэслілі, што астатнія палітзняволеныя таксама павінны быць выпушчаны.

"Я вітаю навіну аб тым, што былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і яго давераная асоба Дзмітрый Бандарэнка цяпер вольныя і могуць ўз`яднацца са сваімі сем`ямі і сябрамі", — сказала Эштан.

"Я заклікаю ўлады Беларусі безагаворачна вызваліць зараз усіх іншых палітычных зняволеных і зняць усе абмежаванні на ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў", — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС. "Гэта, безумоўна, будзе садзейнічаць магчымасці прасоўвацца наперад у напрамку паляпшэння адносінаў паміж ЕС і Беларуссю", — падкрэсліла яна.

У сваю чаргу Штэфан Фюле адзначыў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі з`яўляецца  "першым фундаментальным крокам, якога, натуральна, можна было чакаць у сітуацыі, калі  Лукашэнка абяцаў дараваць тым, хто аб гэтым прасіў".

"ЕС неаднаразова падкрэсліваў, што ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць выпушчаны і рэабілітаваны, толькі тады мы можам разглядаць нармалізацыю адносінаў з Мінскам", — заявіў Фюле. Ён адзначыў, што пасля вызвалення Саннікава і Бандарэнкі павінны "адбыцца далейшыя крокі".

Адначасова ў інтэрв`ю прадстаўніку Фонду Маршала ў Браціславе Фюле заявіў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі "стварае больш спрыяльныя ўмовы" для вяртання еўрапейскіх паслоў у Мінск. "Мы хацелі б, каб яны вярнуліся назад найбліжэйшым часам", — сказаў еўракамісар.

Кіраўнік Еўрапарламента Марцін Шульц таксама заклікаў беларускія ўлады вызваліць астатніх палітзняволеных, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

Варта адзначыць, што сёння прэс-служба прэзідэнта паведаміла, што запланаванае на 19 красавіка пасланне Аляксандра Лукашэнкі парламенту і беларускаму народу перанесена на больш позні тэрмін. Адной з прычын пераносу названа даручэнне кіраўніка дзяржавы перапрацаваць шэраг палажэнняў паслання, якія тычацца пытанняў знешнепалітычнага курсу краіны. Лукашэнка, у прыватнасці, "выказаўся супраць залішне жорсткіх мер рэагавання на праблемы, што ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнёрамі".

БелаПАН
Мінск, 17 красавіка 2012
 
Дата публикации:17.04.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:2276
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Санкции Политзаключённые Правозащитники Экспорт демократии Посольства
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме