https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь атрымлівае вельмі высокія ацэнкі нямецкіх інвестараў з пункту гледжання палітычнай стабільнасці


Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вольфрам Маас 30 ліпеня на прэзентацыі апытання "Дзелавы клімат у Рэспубліцы Беларусь - 2014".
Дыпламат адзначыў, што пры ацэнцы якасных фактараў дзелавога клімату ў Беларусі ў 2014 годзе прадстаўнікамі нямецкіх кампаній быў выдзелены менавіта фактар палітычнай стабільнасці ў краіне.

Штогадовае апытанне аб стане дзелавога клімату ў Беларусі трэці раз, пачынаючы з 2012 года, было праведзена Прадстаўніцтвам нямецкай эканомікі ў Мінску. Такія ж апытанні ўжо 20 гадоў традыцыйна праводзяцца Нямецкім саюзам прамыслова-гандлёвых палат і знешнегандлёвымі палатамі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і садзейнічаюць абмену інфармацыяй паміж прадпрыемствамі, што дзейнічаюць у гэтых рэгіёнах, адзначыў пасол.

Мэтай апытання з`яўляецца параўнальны аналіз умоў ажыццяўлення гаспадарчай, знешнеэканамічнай і інвестыцыйнай дзейнасці ў розных краінах, які адлюстроўвае ўласныя ацэнкі прадпрыемстваў незалежна ад макраэканамічных паказчыкаў і даных афіцыйнай статыстыкі. Вольфрам Маас расказаў, што па выніках апытанняў патэнцыяльныя інвестары, якія разглядаюць тую ці іншую краіну ў якасці магчымага эканамічнага або інвестыцыйнага партнёра, маюць магчымасць атрымаць больш поўнае і дакладнае ўяўленне аб умовах вядзення бізнесу ў краіне, якое ўлічвае меркаванні і ацэнкі рэспандэнтаў - нямецкіх фірм, што дзейнічаюць у рэгіёне.

Паводле слоў пасла, гэта апытанне не прэтэндуе на ролю ўсёабдымнага, але ўсё ж яго вынікі даюць цікавы эканамічны зрэз. "Вынікі апытання дзелавога клімату маюць вялікае значэнне для двухбаковых адносін Германіі і Беларусі", - удакладніў ён. Дыпламат таксама адзначыў, што Германія ўжо з`яўляецца важным партнёрам для Беларусі і гандлёва-эканамічныя адносіны, у якіх інвестыцыі адыгрываюць вялікую ролю, пастаянна развіваюцца.

Нямецкія прадпрыемствы абсалютна аўтаномныя ў фарміраванні сваіх поглядаў на эканоміку іншай краіны і самастойныя ў прыняцці рашэнняў адносна ўкладанняў інвестыцый. "Няма практыкі ўмяшання ўрада ў эканамічную дзейнасць кампаній, і яны самі прымаюць рашэнні, у якую краіну інвесціраваць сродкі. На гэтым фоне апытанні дзелавога клімату ўяўляюць вялікі інтарэс, бо і павелічэнне інвестыцый з Германіі ў Беларусь было б вельмі ўзаемакарысным", - падкрэсліў пасол. Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі на чале з Уладзімір Аўгусцінскім, якое працуе ў Беларусі, праводзіць вялікую работу па прыцягненні нямецкіх інвестыцый.

Вольфрам Маас таксама звярнуў увагу на той факт, што калі вынікі апытання дзелавога клімату ў іншых краінах, у тым ліку ў Беларусі, і не знаходзяць шырокага асвятлення ў штодзённых нямецкіх выданнях, то яны пры гэтым з`яўляюцца прадметам вялікага інтарэсу ў галіновай прэсе, і такі від ацэнкі дзелавога клімату ўспрымаецца ў нямецкім грамадстве з вялікай сур`ёзнасцю.

Пасол адзначыў, што Беларусь, паводле ацэнкі нямецкімі кампаніямі дзелавога клімату, у параўнанні з іншымі краінамі паднялася вышэй. Разам з тым ён лічыць: "Каб захаваць канкурэнтаздольнасць, трэба ў далейшым прыкладаць вялікія намаганні. І я жадаю поспехаў у гэтым напрамку".

30 ліпеня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:30.07.2014
Тематика:Бизнес, Дипломатия
Просмотров:766
 
Ключевые слова:
Беларусь-Германия Инвестиции Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме