https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кыргызстан спадзяецца, што ўлады Беларусі прымуць меры па затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева


Працягласць кансультацый кіргізскага пасла ў Беларусі будзе залежаць ад пазіцыі беларускага боку, заявіў журналістам 27 жніўня ў Мінску саветнік пасольства Кыргызстана Дзмітрый Лі.
Журналістаў сабралі для таго, каб растлумачыць сітуацыю вакол адсутнасці ў Беларусі пасла Кыргызстана Эрыка Асаналіева і супярэчлівыя паведамленні адносна яго адклікання на кансультацыі ў Бішкек, што з`явіліся ў СМІ.

"Каб пазбегнуць розных інтэрпрэтацый у гэтым пытанні я ўпаўнаважаны заявіць, што Асаналіеў адкліканы ў Бішкек для правядзення кансультацый у сувязі з сітуацыяй адносна знаходжання Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", — сказаў саветнік.

Ён удакладніў , што пасол быў адкліканы 24 жніўня.

Паводле слоў Дзмітрыя Лі, такая мера прынята "ў сувязі з адсутнасцю рэакцыі кампетэнтных органаў беларускага боку на вербальную ноту ад 21 жніўня і заяву МЗС Кыргызстана ад 22 жніўня адносна знаходжання грамадзяніна Кыргызстана Жаныбека Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якога адшукваюць праваахоўныя органы Кыргызстана і Інтэрпол за ўчыненыя раней асабліва цяжкія крымінальныя злачынствы".

Кіргізскі бок спадзяецца на тое, што беларускія ўлады "ўсё-такі прымуць вычарпальныя меры па неадкладным затрыманні і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку ў межах дзейных міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх з`яўляюцца як Кыргызстан, гэтак і Беларусь", падкрэсліў саветнік пасольства.

Нагадаем, аб`яўлены ў міжнародны вышук Жаныш Бакіеў, брат скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева, нядаўна быў заўважаны і сфатаграфаваны ў цэнтры Мінска з яшчэ двума падазронымі ў трайным забойстве. Здымак зроблены відавочцамі каля кафэ "Грунвальд" на вуліцы Карла Маркса, непадалёк ад Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

"На ім сфатаграфаваныя грамадзяне Кыргызскай Рэспублікі, аб`яўленыя ў міждзяржаўны вышук, — былы старшыня Службы дзяржаховы Жаныш Бакіеў, а таксама яго аднакурснік і экс-намеснік СДА Тахір Рысаліеў, 1957 года нараджэння, ураджэнец Нарынскай вобласці, і Рустам Сайдуеў, 1976 года нараджэння, ураджэнец Джалал-Абадскай вобласці, блізкі сябар Максіма Бакіева", — паведаміла галоўнае ўпраўленне крымінальнага вышуку (ГУКВ) МУС Кыргызстана.

Паводле звестак ГУКВ, усе трое з`яўляюцца асноўнымі падазронымі ў забойстве былога кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Кыргызстана Медэта Садыркулава, яго вадзіцеля Кубата Сулайманава і дырэктара Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Сяргея Слепчанкі. Паведамляецца таксама, што кіраўніцтва ГУКВ МУС "некалькі разоў накіроўвала запыт у праваахоўныя органы Беларусі аб месцазнаходжанні асоб, якія адшукваюцца, і кожны раз атрымлівала адказ, што звестак пра гэтых асоб няма".

22 жніўня МЗС Кыргызстана выказала неўразуменне і занепакоенасць у сувязі з публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі фатаграфій Жаныбека Бакіева, што пацвярджаюць яго знаходжанне на тэрыторыі Беларусі.

"Кампетэнтныя органы Кыргызскай Рэспублікі неаднаразова звярталіся ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь з просьбай аб прыняцці мер па рэалізацыі абавязацельстваў, прынятых на сябе беларускім бокам згодна з Канвенцыяй аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах і іншых міжнародных дагаворах", — гаварылася ў заяве МЗС.

"На вялікі жаль, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь стала на шлях апраўдання Жаныбека Бакіева і кваліфікавала відавочныя крымінальныя злачынствы як "пераследы па прыкмеце палітычных перакананняў". Кіргізскі бок занепакоены тым, што Ж.Бакіеў свабодна перамяшчаецца па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якая з`яўляецца дружалюбнай краінай і ўдзельніцай вышэйзгаданай канвенцыі, а таксама іншых міжнародных дагавораў", — заявіла МЗС Кыргызстана.

24 жніўня прэс-служба кіргізскага МЗС паведаміла пра адкліканне пасла Асаналіева з Мінска. У той жа дзень дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на пасольства Кыргызстана ў Мінску абвергла інфармацыю пра адкліканне пасла.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 27 жніўня 2012
 
Дата публикации:27.08.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:1965
 
Ключевые слова:
Беларусь-Кыргызстан
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме