https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Сенатар Віктар Лісковіч: Упэўнены, што моладзь трэба вучыць на прыкладах гісторыі


Першая палова жыцця прыйшлася на савецкі перыяд, другая — на суверэнную краіну

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч адсвяткаваў прыгожую ва ўсіх адносінах дату — 60-гадовы юбілей.

У эксклюзіўным інтэрв'ю «МС» ён расказаў аб сваёй сямейнай дынастыі, якой, дарэчы, ужо 270 (!) гадоў, жыццёвых універсітэтах і планах на перспектыву. У якасці спойлера: выдавецкую дзейнасць суразмоўнік спыняць не збіраецца і з выхадам у адстаўку паедзе ў каралеўскі горад. Хочаце больш дакладна? Даведаецеся з сённяшняга інтэрв'ю.

«Сацыялка» на цэнтральным месцы

«МС»: Вы адзін з нямногіх парламентарыяў, які мае дастаткова багатую практыку заканадаўчай дзейнасці: у свой час працавалі ў профільнай камісіі ў ніжняй палаце, зараз узначальваеце аналагічную камісію ў верхняй палаце — ці адбіваецца папярэдні вопыт на цяперашнім статусе?

— Я пачну з таго, што кіраўнічы, арганізацыйны досвед работы, дзе я прайшоў усе этапы выканаўчай улады — працаваў звычайным урачом, загадчыкам аддзялення, галоўным акушэрам-гінеколагам Гродзеншчыны, галоўным урачом буйной медыцынскай установы, намеснікам старшыні аблвыканкама — гэта адзін кірунак маёй дзейнасці. Другі звязаны з грамадскай дзейнасцю. Старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, у якой было больш за 600 супрацоўнікаў, я быў 9 гадоў. І гэты час, безумоўна, не мог не адбіцца — я атрымаў каласальны вопыт! Потым я быў дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, двойчы абласнога Савета, у Палаце прадстаўнікоў пятага склікання працаваў у Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Таму мне добра вядомыя абедзве вертыкалі ўлады — і веданне, менавіта, практыкі выкарыстання законаў і працэсу падрыхтоўкі законапраектаў спрыяе таму, што сёння можна прадметна, канкрэтна, дакладна і хутка прымаць рашэнні па праблемах, якія ўтрымліваюцца ў зваротах грамадзян, па ўнясенні паправак у законапраекты, якія сёння праходзяць праз нашу камісію ў межах яе кампетэнцыі.

«МС»: Профільная камісія, якую вы ўзначальваеце, як ніякая іншая зразумелая і блізкая людзям — ахова здароўя, адукацыя, культура, прасцей кажучы, «сацыялка» — складае цэнтральную частку нашага жыцця. На ваш погляд заканадаўцы, якая са сфер зараз патрабуе ўдасканалення?

— Пакуль чалавек жыве, ён ніколі не спыняецца на дасягнутым, і спынення працэсу наогул быць не можа. А сацыяльны кірунак — гэта наша жыццё ад нараджэння да глыбокай старасці, таму тут вельмі важна не ўпусціць нідзе ніводнага аспекту. Нарадзіўся чалавек — патрэбна якасная медыцынская дапамога, каб былі здаровыя бацькі, каб дзіця расло здаровае і развівалася, каб яно ў садку атрымала задаткі адданасці сваёй краіне, любові да яе — з трох гадоў ужо можна фарміраваць гэтыя каштоўнасці. Далей яно пайшло ў школу, дзе выбудоўвае свае стасункі з іншымі дзецьмі, вучыцца навучацца перш за ўсё. Далей чалавек становіцца студэнтам ці атрымлівае рабочую спецыяльнасць — таксама вельмі важна, як яго сустрэнуць у калектыве, як ён пройдзе першы этап навучання і выкарыстае тыя веды, якія атрымаў у навучальнай установе. Тут вельмі значную ролю адыгрывае настаўніцтва, замацаванне першага рабочага месца і г. д. Далей чалавек уступае ў актыўную фазу (хтосьці становіцца работнікам вытворчасці, хтосьці — навукоўцам, хтосьці — кіраўніком) і на гэтым этапе важна, як раскрыецца яго талент. Тут свае законапраекты, якія суправаджаюць яго ў жыцці. Потым надыходзіць пенсійны ўзрост, патрэбная сацыяльная абарона — тут таксама ёсць свае нюансы, якія трэба ў адпаведнасці з умовамі нашага жыцця, эканомікай краіны выбудоўваць у адпаведныя законапраекты. І вельмі важна, каб гэтыя дакументы ішлі ад жыцця, ад інтарэсаў, якія датычацца асноўнай масы людзей, а не вузкай яе катэгорыі. Але яшчэ раз падкрэслю, пакуль чалавек жыве — ён заўсёды будзе развівацца, і адпаведна, законы пішуцца людзьмі і для людзей, для камфортнага жыцця грамадства. Таму я не сказаў бы, што сёння нейкі законапраект вельмі важны.

Самае галоўнае на сённяшні дзень — гэта моладзь і яе запатрабаванасць у грамадстве, яе любоў да Радзімы і яе ўнёсак у будучае краіны. Трэба інвеставаць у моладзь сілы, сродкі, каб чалавек любіў сваю краіну. Вядома, бацькоў і краіну не выбіраюць: яны даюцца нам Богам адзін раз, і мы павінны іх успрымаць такімі, якія яны ёсць — самымі лепшымі і любімымі. І пачынаць з маленства.

Дасягнуць вышынь можа кожны

«МС»: Не магу не запытацца аб ацэнцы таго, што зараз адбываецца ў краіне: чаго не хапае?

— Наконт таго, што зараз адбываецца, скажу шчыра, я ніколі не мог уявіць, што змагу стаць сведкам спроб узрушыць нашу краіну. Яшчэ раз пераконваюся, што з моладдзю трэба вельмі плённа працаваць, паказваць ёй, што было ў нашым грамадстве раней і што стала цяпер. Я бачыў розныя этапы развіцця краіны. Быў у мяне 1991 год, калі як старшыні прафсаюзнай арганізацыі мне давялося размяркоўваць тавары, талоны, купоны... Было вельмі цяжка: не было ні зарплаты, ні тавараў — нічога не было, але краіна справілася з гэтай разрухай. І сёння створана сучасная моцная сацыяльна накіраваная дзяржава. Які сэнс усё гэта страчваць у адзін момант?! Са свайго боку я ацэньваю сённяшнія з'явы, бо бачыў дрэннае, таму я даражу здабыткамі. Упэўнены, што моладзь трэба вучыць на прыкладах гісторыі, каб было з чым параўнаць і бачыць, што ты ідзеш наперад. Перакананы, калі ты сёння хочаш і можаш працаваць — дасягнеш у сваёй краіне любых вяршынь. Я, напрыклад, пачынаў працоўную дзейнасць яшчэ ў Савецкім Саюзе. Асноўны ж этап жыцця прайшоў у незалежнай Беларусі. Абодва перыяды ўмоўна можна падзяліць напалову (крыху больш за 30 у адным і амаль 30 цяпер), таму хачу сказаць, магчымасць рэалізаваць сябе была заўсёды. У мяне, напрыклад, простыя бацькі. Нарадзіўся я ў Кобрыне, што ў Брэсцкай вобласці, закончыў звычайную школу. Першыя чатыры гады вучыўся ў трэцюю змену — а палове дзявятай вечара заканчваліся заняткі, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў старшынёй піянерскай дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. Мне падабалася вучыцца, асабліва цікавілі дакладныя навукі: фізіка, хімія, матэматыка, чарчэнне. У свой час стаў прызёрам абласной алімпіяды па фізіцы. Калі я скончыў у 17 гадоў школу і паступіў у медінстытут, прыйшоў туды абсалютна з дакладным разуменнем, што такое краіна — гэта тое месца, дзе ты патрэбны. Так атрымалася, што ўвесь апошні час — 36 гадоў — я прысвяціў Гродзенскай вобласці, з іх 13 — Астравецкаму раёну. Усе гэтыя этапы сведчаць аб чым? Што звычайны чалавек можа сябе рэалізаваць — для гэтага створаны ўсе ўмовы. У свой час я абараніў кандыдацкую дысертацыю, не будучы аспірантам, без адрыву ад вытворчасці, бо лічыў гэта патрэбным для ўласнага развіцця, краіны і ганаруся тым, што ідэя маёй кандыдацкай дысертацыі «Рознаўзроўневая сістэма перынатальнай дапамогі» была ўкаранёна ў маштабах краіны і цяпер паспяхова функцыянуе. Я адзін з аўтараў распрацоўкі гэтай сістэмы, укаранёнай на першым этапе ў Гродзенскай вобласці, дзе яна дала вельмі адчувальныя вынікі, пасля чаго пайшло развіццё ва ўсёй краіне. Але я не кажу, што зрабіў гэта адзін. Спачатку цябе суправаджаюць твае настаўнікі, потым ты павінен суправаджаць сваіх вучняў. Тады будзе пераемнасць пакаленняў. У мяне былі найлепшыя настаўнікі, якія зрабілі розны ўнёсак у мае станаўленне, развіццё, фарміраванне як асобы — гэта і медыкі, і кіраўнікі, і арганізатары аховы здароўя. Іх каля 10 чалавек. А цяпер я вельмі задаволены тым, што ў мяне ёсць і мае вучні, якія, не баюся сказаць, разумнейшыя за мяне, больш паспяховыя і вельмі ганаруся, калі нехта звяртаецца да мяне па параду.

270 гадоў на ўсіх!

«МС»: Калі мы ўжо закранулі досвед вашай урачэбнай дзейнасці, яе практычнага выкарыстання, не магу не закрануць сям'ю, якая з'яўляецца пракладам пераемнасці пакаленняў, урачэбнай дынастыі. Ведаю, што сумарны стаж вашай сям'і складае больш за 250 гадоў...

— Падлічылі — 270 гадоў.

«МС»: Ці плануе самае малодшае пакаленне — ваша ўнучка — працягнуць сямейную дынастыю?

— Ёй 12 гадоў. Яна любіць медыцыну, але ці пойдзе яна ў гэтым кірунку развівацца далей, я не ведаю, гэта будзе яе выбар. Калі мае дзеці прымалі рашэнне, ніякага ціску з нашага боку не было, трэба каб работа прыносіла радасць і задавальненне. Мала жадаць — трэба, каб ты адчуваў сваю прафесію. А наогул, прафесійная дзейнасць пачыналася з брата майго бацькі Аляксея Лісковіча, які памёр, на жаль, у 47-гадовым узросце, меў навуковую ступень, ад яго вельмі хуткімі тэмпамі пайшла ўся наша дынастыя. Потым быў я, мая сястра, яе муж, мая жонка і яе сёстры, мае дзеці, зяць і іншыя сваякі...

«МС»: А калі паглядзець па спецыялізацыях?

— Усе розныя: ад урача-дыетолага да галоўнага акушэра-гінеколага вобласці. Але там ёсць кардыёлагі, дэрмата-венеролаг, тэрапеўт, нефролаг, неўролаг, педыятр і акушэры-гінеколагі я і мой зяць. Іншымі словамі, амаль увесь спектр спецяльнасцяў. Калі вылучаць з усіх, не перабольшваючы ці змяншаючы вагу кожнага, я спыніўся б на дзвюх. Першая — гэта жонка, якая з 1991 года працуе загадчыкам аддзялення ў розных бальніцах: Астравецкая ЦРБ, Гродзенская раённая бальніца і абласны кардыяцэнтр. Другая, каго б я вылучыў, — малодшая дачка, асістэнт кафедры скурна-венералагічных хвароб Гродзенскага медуніверсітэта. Яна паспяхова абараніла дысертацыю, вядзе заняткі для замежных студэнтаў па-англійску, з майго пункту гледжання, гэта падкрэслівае веданне свайго прадмета.

«МС»: Дзе адбылася закладка вашага базісу як прафесіянала ў галіне аховы здароўя?

— У медыцыне я прайшоў усе этапы: працаваў у райцэнтры, фактычна сельскай мясцовасці, потым галоўным урачом у абласным цэнтры, галоўным акушэрам-гінеколагам вобласці, іншымі словамі, уся лінейка пасад, за гэты час прыняў 6,5 тысячы родаў. Хачу сказаць, што самы важны этап — гэта работа ў раённым цэнтры. Гэта тое месца, дзе ты вельмі хутка фарміруешся з прафесійнага пункту гледжання, таму што ты павінен імгненна прымаць рашэнні. Калі ты зробіш нешта няправільна, аўтарытэту ў раёне ніколі не заробіш. 13 гадоў астравецкага перыяду з пункту гледжання фарміравання спецыяліста — самыя каштоўныя і важныя.

«МС»: У працяг тэмы аховы здароўя: ведаю, што вы з'яўляецеся аўтарам мноства манаграфій, якія маюць практычнае выкарыстанне...

— Больш за 350 навуковых прац выдадзена: 10 манаграфій, восем вучэбных дапаможнікаў. тры манаграфіі тры двухтомнікі, дапаможнік па арганізацыі аховы здароўя для студэнтаў — гэта тое, дзе я хацеў пакінуць свае веды паслядоўнікам. Мяркую, у некаторай ступені ў мяне гэта атрымалася. Калі я працаваў на пасадзе намесніка старшыні аблвыканкама, і зараз у якасці сенатара, я вельмі актыўна займаюся выданнем публіцыстычнай літаратуры.

Якія кнігі чакаюць свайго «зорнага часу»?

«МС»: Бачу ў вашым кабінеце шмат кніг, якія выдадзены пры вашым непасрэдным удзеле...

— Так, у іх закладзены мае ідэі, канцэпцыі і, канешне, аўтарскі круг выканаўцаў. Калі маеш аднадумцаў, то зрабіць 24 кнігі за чатыры гады нескладана. Гаворка пра альбомныя выданні, мастацкія, прэзентацыйныя, мінімум на дзвюх-трох мовах (рускай, беларускай, англійскай), якія адлюстроўваюць усе этапы стваральнага шляху Гродзеншчыны за суверэнны перыяд Беларусі. Гэта тая гісторыя, на якой можна вучыць моладзь ганарыцца і берагчы сваю зямлю. З апошніх выданняў можна згадаць чатыры кнігі з серыі «Падарожжа ў часе», зробленыя ў цесным супрацоўніцтве з Уладзімірам Ліхадзедавым. Перш за ўсё гэта кніга «Шматнацыянальная Беларусь», якая рыхтавалася да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, яе прэзентацыя запланавана ў Гродне на Дзень горада 19 верасня. У выданні адлюстроўваецца, як людзі розных нацыянальнасцяў жывуць у міры і згодзе ў нашай краіне, як жылі сто гадоў таму.

Дзве кнігі мы выдалі да VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі: «75 гадоў Перамогі» і «Блакада».

«МС»: Чаму менавіта такі тандэм?

— Таму што адна прысвечана абароне і вызваленню Беларусі, а другая — блакаднаму Ленінграду як сімвалу гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўсяго савецкага народа. У гэтых кнігах можна знайсці Мінск і іншыя гарады Беларусі рэвалюцыйнага, даваеннага, ваеннага, разбуранага, адноўленага і сучаснага перыядаў. Вельмі паказальна, як за кароткі прамежак часу краіна аднавілася і пайшла наперад. Апошняя кніга прысвечана Лідзе. Чаму менавіта ёй? Таму што Ліда сёлета з'яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. Яна выклікае цікавасць у айчынных турыстаў і замежнікаў.

Раней яшчэ чатыры кнігі з серыі «Падарожжа ў часе» былі выдадзены па Гродзенскім рэгіёне: аб Гродне, Слоніме, Навагрудку і Смаргоні. На гэтым мы не плануем спыняцца, ёсць дамоўленасць з Гродзенскім аблвыканкамам, аўтарам — Ліхадзедавым — аб тым, што кнігі з'явяцца пра кожны з рэгіёнаў Гродзеншыны. Перш за ўсё аб Гродзенскім раёне, Свіслацкім і Белавежскай пушчы, Ваўкавыскім, Шчучынскім, Астравецкім і іншых. Кожны край мае асаблівы каларыт, таму, я мяркую, гэтая серыя будзе цікавая для чытача.

Ёсць яшчэ планы. Калі мы пачыналі з «Гродзеншчыны гасціннай», зразумелі, што павінны рабіць серыю, і пасля яе з'явілася кніга «Па Нёмане, Віліі, Шчары» — гэта водныя артэрыі і навакольныя цікавінкі Гродзенскай вобласці. Пасля з'явілася трэцяя кніга «Аўгустоўскі канал: незвычайная гісторыя і новае жыццё». У ёй адлюстравана мунулае, сучаснасць і будучае гэтай унікальнай воднай артэрыі нашага гісторыка-культурнага помніка. Зараз рыхтуецца чацвёртая кніга «Гродзеншчына: запаведны свет». Гаворка ідзе аб амаль 20 заказніках і запаведніках, якія маюць дачыненне да Гродзенскага рэгіёна. Гэта будзе не проста інфармацыйны матэрыял. Выданне стане вельмі карысным з пункту гледжання турыста — чым гэты край унікальны, што тут можна паглядзець, чаму падзівіцца і гэтак далей. Я мяркую, што ў пачатку наступнага года гэтая кніга будзе выдадзена.

Акрамя таго, ужо падрыхтаваны макет кнігі аб спартсменах, якія праслаўлялі Гродзеншчыну. Самае галоўнае — у выданні можна ўбачыць, як яны прыйшлі да перамог. Не толькі дзякуючы сваім фізічным даным, але будуць паказаны і іх трэнеры, школы, дзе яны займаліся, настаўнікі фізічнай культуры. Іншымі словамі, канцэпцыя — паказаць анталогію перамог праз прызму людзей, якія прывялі спартсменаў да чэмпіёнскіх тытулаў.

І нарэшце, трэцяя кніга, якая выйдзе калі не сёлета, то налета, прысвечана векавому юбілею Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Тым больш што цяпер ідзе вялікая рэканструкцыя Старога замка. Зараз мы вызвалілі плошчу ў Новым замку (бібліятэка пераехала ў шыкоўнае новае былое памяшканне Нацбанка па Гродзенскай вобласці) пад мастацкую галерэю. Ідзе рэканструкцыя палаца тэкстыльшчыкаў, дзе будзе філіял музея, размесціцца экспазіцыя «Прырода Гродзеншчыны» і будзе адлюстраваны перыяд савецкай эпохі. Таму ў цэнтры горада сфармуецца своеасаблівы музейны квартал. Канешне, мы актыўна працуем над тым, каб зрабіць такое прэзентацыйнае выданне, прысвечанае асноўнаму музею Гродзеншчыны.

«МС»: Гэтыя выданні, можна сказаць, звязаныя больш з прафесійнай дзейнасцю. А як звычайнага чытача, якая літаратура вас больш прываблівае?

— Ваеннага перыяду. На працягу ўсяго жыцця яна мне падабалася, цікавасць не страчваецца і зараз. Асабліва прывабліваюць дакументальныя хронікі. Я знаёмы з такой літаратурай, што выдавалася ў савецкі час, практычна перачытаў усю — гэта мемуары военачальнікаў, кнігі аб партызанскім руху Беларусі. Я захапляюся мемуарамі Жукава, Ракасоўскага, Васілеўскага. Яны ў мяне да гэтага часу захоўваюцца з дзіцячых гадоў (Жукава, напрыклад, я перачытваў чатыры разы і кожны раз успрымаў па-новаму). Вельмі цікавы чалавек з няпростым лёсам, але які настолькі любіў сваю дзяржаву, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці на яго шляху, дэманстраваў прыклад любові да Радзімы. Дзякуючы яму і яго ўнёску ў Вялікую Перамогу мы маем сёння мір.

Што цікавага ў сацсетках?

«МС»: Крыху адыдзем ад мінулага да сучаснасці: не так даўно ў вас з'явіўся акаўнт у «Інстаграме». Не магу не спытаць: гэта даніна модзе ці жаданне быць на сувязі з маладзёжнай часткай аўдыторыі?

— Вельмі шкадую, што не пачаў займацца гэтым раней. Хоць бы два-тры гады таму. Вывучыў я яго хутка і зразумеў, што асноўная аўтыторыя падпісчыкаў — моладзь. Там проста так падпісчыкаў не набярэш, пакуль яны самі не захочуць гэтага зрабіць. Аўдыторыі юнакоў і дзяўчат падабаецца, калі ты зразумелай мовай расказваеш ім, што было, што будзе, дзелішся сваім бачаннем і меркаваннем. І яны адгукаюцца на такі дыялог. Перакананы, адмаўляцца ад новага нельга. Мы часам так робім з адной прычыны: лічым гэта негалоўным і неактуальным. Але калі асноўная частка моладзі ўспрымае гэты канал перадачы інфармацыі, вынік адзін: бяры, вучыся, даганяй і выкарыстоўвай.

«МС»: Дарэчы, аб моладзевай аўдыторыі: вы не так даўно бралі ўдзел у «Адкрытым дыялогу», які арганізавала саюзная моладзь у Гродне, якія адчуванні і высновы ад такой формы зносін?

— Дыялог атрымаўся дастаткова адкрыты і шматвектарны. Я хачу сказаць, што дыялогі патрэбны ў розных фарматах, у розных кірунках. З якой перыядычнасцю? Адказ адназначны — пастаянна: адзін на адзін, з невялічкай групай, вялікай аўдыторыяй, але дыялог павінен быць няспынны. Нават калі ты размаўляеш з маладым чалавекам па вырашэнні простага пытання — гэта ўжо мае карысць. Ён чуе, разумее, пагаджаецца ці не, твая задача — калі ты яго не пераканаў, значыць, ты быў падрыхтаваны недастаткова. Гэта маё меркаванне, калі ты хочаш дасягнуць мэты ў рабоце з моладдзю, працуй над сабой так, каб пераканаць у тым, што ты хочаш давесці.

«МС»: Не так даўно пры Нацыянальным сходзе быў створаны Маладзёжны савет (парламент), чаго вы чакаеце ад маладых парламентарыяў?

— На іх ускладаюцца вялікія чаканні: гэта павінны быць нашы пераемнікі не ў дэпутацкім, а цалкам у кіраўнічым жыцці. Павінны прыйсці людзі, якія будуць далей весці краіну наперад, яны будуць займаць розныя пасады ў міністэрствах, Саўміне, дэпутацкім корпусе, Адміністрацыі Прэзідэнта, хтосьці ўзначаліць завод ці школу, але гэта, несумненна, будуць лідары. Усе яны — 70 маладых людзей — вельмі матываваныя. Гэта студэнты, працуючая моладзь, нехта нават дзяцей сваіх мае, але ўсе яны прыйшлі, з аднаго боку, па рэкамендацыі абласцей, з другога — па асабістым жаданні. І першае іх станаўленне сведчыць аб тым, што яны жадаюць заявіць аб сабе і зрабіць для краіны шмат карыснага.

На пенсію — толькі ў Гродна

«МС»: Зараз, калі дазволіце, вернемся на ўзровень сям'і. Вы жывяце на два гарады — у Гродне засталіся вашы блізкія, а працуеце ў сталіцы. Я так разумею, што 260 кіламетраў для шчаслівай сям'і — не адлегласць?

— Канешне, не адлегласць. Справа ў тым, што мы так вырашылі: дзеці, жонка працуюць, быт сфарміраваны ў Гродне. Не буду адпірацца, калі надыдзе пенсійны ўзрост, я вярнуся ў гэты горад, вельмі яго люблю. У Мінск я прыехаў працаваць, асноўны час заняты на рабоце, таму прыходжу дамоў толькі пераначаваць — мяне нішто не адцягвае ад рабочага працэсу, а для сустрэч з сям'ёй ёсць выхадныя, якія дапамагаюць падтрымліваць усё ў патрэбным балансе.

«МС»: Гэтая адлегласць вымушае шмат часу праводзіць у дарозе, не стамляецеся за рулём?

— Не. Я адчуваю сябе гадоў на 20 маладзейшым за свой узрост. Наогул, калі працаваў намеснікам старшыні аблвыканкама, шмат ездзіў: трэба бываць у розных месцах, бачыць, параўноўваць, назіраць, супастаўляць і рабіць адпаведныя высновы. А потым будаваць прагнозы. Самае галоўнае, каб потым гэтыя прагнозы былі карысныя грамадству, людзям, краіне.

«МС»: Які від адпачынку для вас можна лічыць найлепшым?

— Перамена сферы дзейнасці... Нават калі трэба капаць бульбу — для мяне гэта ўжо адпачынак. Я вельмі не люблю пасіўны адпачынак, напрыклад легчы на беразе мора і ляжаць.

«МС»: І напрыканцы. Ведаю, у вас шмат розных узнагарод. Назавіце, калі ласка, самую блізкую сэрцу і каштоўную?

— Узнагарод шмат, сапраўды, але я раскажу аб некалькіх.

Хачу пачаць з першай. У першым класе за выдатную вучобу атрымаў ад дырэктара кнігу «Цімур і яго каманда». Дзеці вельмі ганарыліся, калі ім рабілі такі падарунак. Усе 10 гадоў школьнага жыцця такія ўзнагароды ў мяне прысутнічалі. У 2008 годзе я атрымаў медаль «За працоўныя заслугі», гэта была першая прэзідэнцкая сур'ёзная ўзнагарода, і яна не магла не замацавацца ў памяці. З улікам таго што атрымлівалі добрыя вынікі, напрыклад, патрыятычнае выхаванні, канешне ж, маюцца і іншыя ўзнагароды. Але асобна я хацеў бы вылучыць ордэн Пашаны, які атрымаў у сакавіку 2016 года, — гэта другая дзяржаўная ўзнагарода. Калі падсумаваць усе, то самая каштоўная — яна, безумоўна.

Гутарыла Вольга Ануфрыева
Звязда, 11 верасня 2020

Кoличество переходов на страницу: 240