Пад час мірных перагавораў у сталіцы Латвіі Рызе паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай, з другога, вызначаўся лёс Беларусі і савецка-польскай граніцы. Прапанова кіраўніка савецкай дэлегацыі А. А. Іофэ ўступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да р. Бярэзіны) за тэрытарыяльныя ўступкі на Украіне не была прынята польскім бокам, бо улады баяліся аб’яднання ўсіх беларусаў у складзе Польскай дзяржавы. У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір’е, але і дагавор аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай - з другога. Польшча прызнавала абедзве савецкія рэспублікі Украінскую і Беларускую (тэрыторыя якой тады заканчвалася за Барысавым і Бабруйскам). Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй.
Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона. Чырвоная Армія адыходзіла на адлегласць “не бліжэй 15 км ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту". Польскія войскі на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі граніцы, а на поўдзень - на лініі свайго найбольшага прасоўвання. Толькі пасля ратыфікацыі гэтага дагавора войскі абодвух бакоў павінны былі паступова адводзіцца за межы сваёй тэрыторыі і размяшчацца на бліжэй 15 км па абодвух баках граніцы. Ад гэтага часу ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км.
Гэта азначала, што ў бліжэйшы час, пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі адыдуць за савецка-польскую мяжу з тэрыторыі Слуцкага павета. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася тэрыторыяй Польскай дзяржавы (Ляхавічы, Нясвіж, Клецк), а Капыль і Капыльская воласць - памежнай тэрыторыяй.
Слуцк і Слуцкі павет у перыяд так званай другой польскай акупацыі ў кастрычніку-лістападзе 1920 г. з’яўляліся месцам канцэнтрацыі 11-й і 16-й польскіх пяхотных дывізій. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фарміраваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміі беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Армія фарміравалася з беларускіх і рускіх палкоў.
У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства і пад час савецка-польскай вайны разам з партыяй бальшавікоў вяла партызанскую барацьбу супраць польскай акупацыі. Пасля абвяшчэння БССР у другі раз, 31 ліпеня 1920 г., партыя беларускіх эсэраў (як саюзнік Кампартыі Беларусі) заставалася легальнай, хаця бальшавікі ўладай з ёй не падзяліліся. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксам праціўнікамі вайскова-палітычнага саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.
Пасля заняцця Слуцка польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. у павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны яшчэ ў 1918 г. У ім дзейнічалі дзве групоўкі: прыхілбнікі генерала Булак-Балаховіча, якія супрацоўнічалі з польскісмі ўладамі, і беларускія эсэры, прыхільнікі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Эсэры прапанавалі склікаць з’езд Случчыны (у пераважнай большасці з сялянства), каб вырашыць пытанні ўлады. У валасцях павета, у тым ліку і на Капыльшчыне, былі створаны абраныя мясцовымі сялянамі на чале з эсэрамі Беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады. Парадак падтрымлівала народная міліцыя з жыхароў мястэчкаў і воласці. і снаваў і рэзерв народнай міліцыі з добраахвотнікаў. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. За некалькі дзён замест войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках былі дэмакратычна абраны Беларускія нацыянальныя камітэты як органы мясцовай улады.
14-15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны (з’езд сялянства Случчыны) з дэлегатамі ад горада і 15 валасцей, у тым ліку і Капыльскай. З’езд праходзіў пад уплывам беларускіх эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны з 17 сяброў у якасці выканаўчага і распарадчага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Паколькі з’езд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змагання, пасля яго закрыцця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Капыльскай, Цімкавіцкай, Грозаўскай, Быстрыцкай і іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.
Пры падтрымцы сялянства і гаражан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Гозаўскага. прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем.
2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі, сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на роты. Камандзір палка - капітан Лука Семянюк (былы камандзір 1-га беларускага партызанскага атрада), намеснік камандзіра палка - капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў - капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2-м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка. У пачатку паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў - Капыль - Цімкавічы - Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі.
Маючы дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча. Так, у аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 снежня 1920 г. гаварылася: “У Слуцкім раёне ў 20 вярстах на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам. - А. Г.) і ў 25 вярстах на паўднёвы захад ад Слуцка (раён Вызны. - А. Г.) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі атрадамі балахоўцаў". Баі вяліся ў раёне вёскі Быстрыца, ля мястэчка Капыль і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баях паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілай мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся у палон або пераходзілі са зброяй.
У баі ля мястэчка Капыль жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захоплены ў палон і сябры рэўкама, створанага савецкім камандаваннем. Пасля гэтага бою аддзелы 2-га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падраздзяленні з Цімкавічаў на ўсход.
Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаване Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. Баі вяліся зноў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў. 9 снежня штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пасля баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны аддзелы паўстанцаў адступілі да мяжы і дзве роты адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены польскімі ўладамі.
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняга мірнага дагавора адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым вёску Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі многа боепрыпасаў. Асаблівую адвагу выказалі жаўнеры 2-й роты 1-га Слуцкага палка на чале з паручнікам А. Курыловічам. Аднак савецкія падраздзяленні зноў адбілі ў паўстанцаў Семежава.
Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік майнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да ракі Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за раку Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.
Камандаванне 16-й арміі адзначала сур’ёзны характар партызанскага руху, які “не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай” і намагаецца “стварэння незалежнай дэмакратычный Беларускай Рэспублікі". Таму тут і пакінулі “найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю". 17-24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя “расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. - А.Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. - А.Г.)". Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў.
Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай. у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2-м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы: “…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…”
25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы.
Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.
А. Грыцкевіч
23 лістапада 2007
СпадчынаСсылка на источник:
Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі