Nur-Sultan
Мiнск
Вход
Регистрация
Забыли пароль?
Новости
Оферты Коммерция Инвестиции
Индустриальный парк в Беларуси
Товары из Беларуси
ЕАЭС
Бизнес
Транспорт
Образование
Культура
Белорусские центры
Тесты
Главная
>
Аўторак 24 снежня 2024 г.
Скоро
Свята Нараджэння Пана
Подпишитесь на нашу рассылку
Подпишитесь на нашу рассылку
E-mail
Какую информацию Вы хотите получать?
Все
Новости
Анонсы и пресс-релизы
Мероприятия
Белорусские товары
↑ Свернуть
Популярные метки
День Победы
Территориальная оборона
Антарктида
Антарктида
Бабруйск
Тарасава
Русілкі
Соцзащита
Альманы
Ляскавічы
Чемпионат мира
Краснаполле
Большой разговор с Президентом
Купляйце беларускае
Грыгораўшчына
Робот
Новадзявяткавічы
Мінск
Катаклизм
Раўбічы
Прапойск
Дамброўка
Жильё в Беларуси
Дистанционное обучение
Гражданство
Вставить в блог
Скопируйте следующий код для вставки в Ваш блог
Калi душа наша адкрыта
Цi адчувалi вы, паважаныя чытачы, калi-небудзь белую сiмфонiю, цi любавалiся i мелi ад яе асалоду ў снежныя зiмы? Вы, пэўна, здзiвiлiся такому майму пытанню: маўляў, сiмфонiя — гэта ж музыка, гукi, а снег, як вядома, маўклiвы, i нельга яго ўспрымаць у «музычным» аблiччы. Але ж асабiста я перакананы, i шматлiкiя з’явы i малюнкi зiмовай пары года даюць мне добрую падставу сцвярджаць: сiмфонiя, якую стварае самы звычайны снег, зусiм не аднастайная, у ёй жыве мноства тонкiх i далiкатных фарбаў, колераў, адценняў.
А гукi? I яны, канешне, ёсць. Без iх нельга ўявiць нашу прыроду, калi нават i прыходзiць глухая суровая зiма. Тут галоўнае – умець бачыць, слухаць, радавацца гэтаму ўсяму, бо калi наша душа адкрыта i прагне ўзбагацiцца добрымi i хвалюючымi ўражаннямi, то тады нам усё цiкава, усё набывае асаблiвы змест i значэнне, нават самае простае i звычайнае, што вакол нас.
Звоняць бярозавыя пацеркi
Зiмовы дзень. Я завiтаў у нашу вёску, стаю ля бярозы, яна, бы тая нявеста, у чыстым белым вэлюме. Вакол чуйная цiшыня. Але ж што гэта? На галiнках бярозы тысячы срэбраных пацерак, i калi злёгку дыхне ветрык – яны пяшчотна, тонка зазвоняць. Ад такога мiлагучнага звону i чыстай прыгажосцi бяроза быццам свецiцца радасцю.
На кустах малiны ў нашым садзе трымаецца крыху лiсця – быццам прывiтанне з лета. Яно таксама лёгка шапоча пад ветрыкам. Спрытна рупяць на яблынях шустрыя сiнiцы, у снежную зiму яны перабралiся з халоднага i галоднага лесу да хат, блiжэй да людзей, дзе лягчэй з кормам. I не памылiлiся: дзе-нiдзе на дрэвах вiсяць кармушкi, i птушкi задаволена папiскваюць – не прападуць з голаду.
Родная блiзкасць
Снежныя зiмы найбольш поўна перадаюць глыбокую, крыху шчымлiвую мудрасць нашай прыроды. Мне здаецца, што ў такую пару года чалавечыя думкi i пачуццi таксама становяцца больш чыстымi i свабоднымi, хоць крыху пазбаўленыя ад надакучлiвай мiтуснi i клопатаў, якiх занадта многа ў наш складаны, вельмi тлумны час. Гэтая ўрачыстая цiшыня, спакой, задуменнасць, у якiх так мае патрэбу наша душа, — самыя адметныя i хвалюючыя для зiмовай прыроды нашай краiны. Мо ад яе i мы з вамi перанялi i прынялi ў нашы сэрцы i свядомасць, спакой, удумлiвасць, мяккасць, разважнасць – менавiта тое, што найбольш уласцiва характарам беларусаў. Родная, светлая, арганiчная блiзкасць чалавека з прыродай у беларусах асаблiвая, i ў гэтым наша шчасце.
Белая сiмфонiя, якая ўрачыста пануе навокал, у каторы раз напамiнае нам: прырода, зямля, Радзiма сапраўды вечныя, а жыццё ў чалавека адно. I як жа трэба даражыць усiм тым, што нам падарыў лёс. Самым-самым на першы погляд простым, якое з цягам часу, асаблiва на схiле чалавечых гадоў, становiцца такiм дарагiм i да болю зразумелым i патрэбным.
А такога тут шмат
I гэтыя несамавiтыя хаткi, што тужлiва разышлiся па вёсцы. Тут я маю на ўвазе невялiчкiя беларускiя вёскi, у якiх, дзякуй богу, жывуць яшчэ сапраўдная душа нашага селянiна, яго характар. А не тыя, дзе шыкоўныя катэджы з такiмi ж амбiцыямi, як i iх гаспадары, адцiснулi гэтую душу невядома куды. Замест яе, чыстай i святой, прынеслi сюды чужыя мадэрны, поп-музыку i iншае, ад чаго глохнуць мелодыi прыроды i марнее адметная самабытнасць нашай вёскi. Канешне, новае таксама патрэбна, але ж у меру, а не без усялякага разбору i густу.
I прыцiхшы луг, пакрыты снежным абрусам. I маленькая зялёная хваiнка, якая ўстаяла перад завiрухай, бо не хоча апынуцца пад снегам, не хоча жыць без святла. I маўклiвы лес, якi час ад часу адзываецца густым шумам у вершалiнах дрэў, быццам незадаволены, што вецер парушыў яго спакой…
Снежны тунэль у вёсцы
Лiчу, што мне вельмi пашанцавала, таму што адчуваў белую сiмфонiю ў самыя розныя гады свайго жыцця i ў самых розных кутках былога неабсяжнага Савецкага Саюза. У Валагодскай вобласцi, на Кольскiм паўвостраве, у Сiбiры, на Поўначы, у Запаляр’i… Давялося мне там быць, калi служыў у армii i за свае паўвека бесперапыннай работы ў айчыннай журналiстыцы.
А пачыналася з дзяцiнства, у маёй роднай вёсцы Пешкi. Пасля вайны, памятаю, нашы хаты заносiла снегам пад самыя стрэхi, i вёска на доўгi час зацiхала. А як нам, дзецям, дабрацца ў школу, якая была кiламетра за паўтара ад нашай хаты? Мужыкi бралi шырокiя драўляныя лапаты i капалi ў снезе праход. Ён цягнуўся па ўсёй вясковай вулiцы, бы тунэль, якiм мы i дабiралiся ў школу.
Аднойчы мяне напаткала ў тунэлi бяда: калi вяртаўся з заняткаў, згубiў у снезе чаравiк. Я выграб яго са снегу, а ён раскiс i зусiм развалiўся, бо мой абутак быў ношаны-пераношаны. З адной голай нагою i пабег дамоў. Тыдзень не хадзiў у школу, пакуль бацька дзесьцi не здабыў другi абутак.
Паўночнае ззянне
А вось iншая зiма – у студзенi 1979 года, на Кольскiм паўвостраве. Газета «Известия», у якой я працаваў уласным карэспандэнтам па Беларусi, праводзiла доўгi i надзвычай цiкавы агiтрэйс па раёнах Поўначы. Мы ў Мурманску позна вечарам гуляем па яго заснежаных вулiцах. Ад моцнага марозу паветра быццам цiха пазвоньвае, горад добра асветлены, снег здаецца бэзавым, i ёсць ва ўсiм гэтым нешта ад чароўнай зiмовай казкi.
Толькi вярнулiся ў гасцiнiцу, як пачулi: «Выходзьце на вулiцу, паглядзiце на паўночнае ззянне!» Ну вось, пашанцавала на тое, пра што я калiсьцi марыў. На чорным купале неба лёгкая iстужка, з блакiтнымi, ружовымi, бэзавымi адценнямi. У дрыготкiх сполахах яна быццам рухаецца празрыстымi хвалямi, ствараючы складкi, якiя набягаюць адна на другую. Якая ж незямная прыгажосць жыла ў небе! Мы стаялi зачараваныя i здзiўленыя такой прыроднай гармонiяй i вельмi хацелi, каб яна працягвалася доўга. На жаль, раптам усё прапала.
На краi зямлi
Яшчэ адна белая сiмфонiя – на Ямале, у югорскай тундры, Ямал у перакладзе азначае «край зямлi». Мы ляцелi на самалёце Як-40, i гэтая тундра зiмою здавалася бясконцай, бо ўнiзе ўсё было расфарбавана аднымi матавымi бялiламi снягоў, i бялёсая iмгла на гарызонце непрыкметна злучала зямлю з небам. Ах, якiя неабсяжныя прасторы. Падумаць толькi: Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга прывольна i свабодна раскiнулася на плошчы 750 тысяч квадратных кiламетраў тундравых, часткова лесатундравых зямель, якiя абрываюцца берагавой лiнiяй Карскага мора.
Багацейшы край Ямал у той час даваў кожны трэцi кубаметр газу ад яго агульнай здабычы ў Савецкiм Саюзе. Нас тады вельмi гасцiнна сустракалi ў маладым горадзе Лабытнангу i на беразе ракi Обi ў цэнтры геалагiчных даследаванняў Ямала. I во прыемная нечаканасць: пазнаёмiлiся з геолагамi-беларусамi, якiя тут жылi i працавалi.
Чумы сярод снягоў
Але ж самае цiкавае было наперадзе.
…Мы ляцiм на верталёце да аленяводаў. Снягi, снягi да самага гарызонту, яны толькi зрэдку крануты рыжаватымi купiнкамi невялiчкай лiстоўнiцы. Хвiлiн праз сорак наперадзе замаячылi пiрамiдкi чумаў.
Знiжаемся. Шэрыя камочкi на снезе раптам пачынаюць рухацца: гэта аленi, разбуджаныя гулам з паднябесся, кiдаюцца ўрассыпную, узнiмаючы клубы снежнага пылу.
I вось уявiце сабе такi малюнак: без краю тундра, застыўшая на пякучым марозе, вялiкi статак аленяў, некалькi чумаў, i мы сярод вясёлых, прыветлiвых людзей у нацыянальным адзеннi. Такi пасёлак, якi падарожнiчае па тундры разам са сваiм статкам. Прылёт верталёта – значная i радасная падзея, таму нас сустракае ўсё мясцовае насельнiцтва, лёгкае на пад’ём. Тут аленяводы ўсiх пакаленняў: ад ветэранаў югорскай тундры да маладых хлапцоў. Па стойбiшчы смешна перавальвалiся i малышы, закутаныя ў цёплыя футры.
Нас запрашае ў свой чум брыгадзiр аленяводаў Аляксей Цярэнцеў. Якое задавальненне пасля такой халадэчы сядзець ля распаленай жалезнай печкi ў гэтай паходнай хаце, надзейна ўкрытай ад вятроў аленевымi скурамi. Цёпла, утульна, прыемна. Прывычных для нас, гараджан, табурэтак няма, iх замяняюць мяккiя скуры аленяў. На нiзкiм столiку – чайнiк, гаспадыня ставiць перад намi драўляныя кубкi, налiвае духмяны чай… Усе зносiны гэтага пасёлка з гаспадаркай «Салехардскi», чые тут пасуцца аленi, – толькi верталётам. I зараз сюды дастаўлены цукар, пячэнне, цыгарэты, чай…
— Жывём добра, — распавядае А.Цярэнцеў.—Гарадской ежы заўсёды маем пра запас, ну а мяса – дык яно побач бегае на чатырох нагах, — i брыгадзiр, маючы на ўвазе аленяў, задаволена ўсмiхаецца.
Ён расказвае, што зiмою ў Ямальскай тундры кожны дзень i кожная ноч поўныя нечаканасцей. Таму трэба ўмець прадугадаць непагадзь, каб загадзя адвесцi статак у спакойнае месца. Адшукаць корм для жывёлы, нават калi для гэтага спатрэбiцца праехаць на нартах не адну сотню кiламетраў. Перахiтрыць дзiкiх аленяў, каб яны не павялi за сабою сваiх, дамашнiх. Перамагчы ў небяспечным паядынку стаю галодных ваўкоў…
А такiх стойбiшчаў сярод снежнай тундры вельмi многа. У той час, калi мы тут былi, на натуральных пашах Ямала налiчвалася каля паўмiльёна аленяў…
Мiхаiл Шыманскі
Рэспубліка
Ссылка на источник:
Белая сiмфонiя
Копировать
Отмена
Контакты
Законодательство
Наши баннеры
Добавить в избранное
Полезные ссылки
О проекте
© 2006-2010 SF7.
Разработка сайта:
веб-студия
творческой группы "Весна".
Сделано Весной