Вуглы яе дзікай травой параслі,
Па шыю схавалася ў процьму сырую,
Прыжмураным вокам
Глядзіць з-пад зямлі,
Як быццам на свет і на сонца крыўдуе.
Увойдзеш — паветра грудзям нестае,
Няйначай ўскапана магіла якая.
Прабіліся зерні
3-пад столі яе,
Бо ў цемры таксама сядзець не жадаюць.
А побач узняўся збудованы дом
3 вясёлым паглядам, смалісты, сасновы...
А мы і зямлянку
Цяпер памянём
Зусім не благім, а прыязлівым словам.
Калі нарабіла бяздомных вайна,
Калі мы не зналі, дзе дзецца ад болю, —-
Ад зімняе сцюжы
Прыкрыла яна,
Схавала ад восенскай жорсткае золі,
Мы зналі, хоць часта у нас галава
Балела ад чаду, ад сцюжы-марозу,
Лепш поле сваё
Над сабой адчуваць,
Чым вострыя дахі засценкаў варожых,
I нас не зламалі. Як толькі вясна
Прайшла з перамогай шляхамі краіны, —
Складаць пачалі мы
Бярно да бярна
На вольных палетках сялібы-хаціны.
Над попелам зноўку ўзнялося сяло,
I хаты ласкава завуць аганькамі,
А колькі ўжо клёнаў
Пад вокны прыйшло
I ветла да шыбаў гамоняць лістамі.
Хоць многа пражыта часінаў цяжкіх,
Мы шчасце будуем рукамі сваімі.
Мы выйшлі з зямлянак,
Раскінулі іх,
А толькі вось гэту на памяць пакінем.
Хай будзе на ўскраіне заўжды відна,
Яе мы не хвалім, але і не ганім,
Хай дзецям і ўнукам
Раскажа яна
Пра наша жыццё і пра наша змаганне.
Сакавік, 1947 г.Ссылка на источник:
Апошняя зямлянка