Часцей за ўсё калодзеж капалі на тэрыторыі сваёй
гаспадаркі, але бывала і так, што з аднаго калодзежа ваду брала ўся
вёска. Калі пры хаце быў свой калодзеж, імкнуліся не піць ваду з чужога:
лічылі, што тады "свая вада не пацячэ". Калодзеж успрымаўся ў народнай
культуры як памежная прастора — канал сувязі з іншым светам. Шэраг казак
пачынаецца з таго, што дзяўчына ўпусціла вядро ў калодзеж і прыйшлося
ёй ісці шукаць сваю рэч у "тым свеце".
* Калі бралі ваду з
калодзежа, катэгарычна забаранялася выліваць яе назад. Такія дзеянні
тлумачыліся тым, што "адтуль" на нас глядзяць продкі.
* Пры
будаўніцтве калодзежа ўлічвалі шэраг фактараў, выбіралі найбольш
спрыяльны час. Звычайна пачатак работ прымяркоўвалі да маладзіка,
раніцы. Такую справу не даручалі тым, за кім замацавалася кепская слава.
* Першую зямлю на месцы будучага калодзежа неабходна было выбраць у
выглядзе крыжа. Затым у цэнтр крыжа (радзей — круга) вылівалі асвячоную
на Хрышчэнне ваду і чыталі замовы. Таму, хто капаў зямлю, дарылі новую
кашулю ці кавалак палатна, а ў калодзеж кідалі манеты.
* Першай
вадой паілі ўсіх членаў сям`і, хатнюю жывёлу і птушку. Сачылі за тым,
каб яе не выпіў хто-небудзь іншы і не забраў здароўе сям`і, дабрабыт.
* З прыходам хрысціянства выкарыстоўваць ваду з новага калодзежа можна было толькі пасля яе асвячэння.
* Чысціць калодзеж дазвалялася ў пэўныя дні года. Самым спрыяльным для
гэтага днём быў пярэдадзень Івана Купалы: лічылася, што пасля гэтага
вада ў калодзежы будзе асабліва карыснай і "здаровай". У паўночных
рэгіёнах лічылі, што калодзеж неабходна чысціць перад Вялікаднем.
Спрыяльным часам для гэтага лічыўся дзень святкавання Успення
Багародзіцы — 28 жніўня. Забаранялася чысціць калодзежы пасля Узвіжання
(27 верасня). Па ўяўленнях продкаў ластаўкі, каб перазімаваць, хаваюцца ў
калодзежы ў міфічнай краіне Ірый (вырай).
* Забаранялася браць
ваду, асабліва ў дні вялікіх свят, чужым людзям — каб не перадаць ім
дабрабыт. Забаранялася хадзіць да калодзежа цяжарнай жанчыне, на працягу
40 дзён пасля родаў. Калі гэтая забарона парушалася, жанчына кідала ў
калодзеж некалькі драбінак солі, каб вада не "сапсавалася". Забаранялася
браць ваду з калодзежа ў дзень Благавешчання да ўзыходу сонца і раніцай
на Юр`я, калі зямля "адпускае" атруту і робіць юраўскую расу атрутнай.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда Ссылка на источник:
Калодзеж