Чырвоная пятніца — такую назву ёй далі хутчэй за ўсё таму, што менавіта ў гэты перадвелікодны дзень фарбавалі яйкі і выпякалі кулічы.Мы ўжо неаднаразова адзначалі, што фактычна кожны прадмет, які быў выкарыстаны ў абрадзе, атрымліваў статус рытуальнага атрыбута і пасля завяршэння абрадавых дзеянняў набываў у вачах людзей здольнасць спрыяць урадлівасці зямлі і паляпшэнню дабрабыту, перамагаць хваробы, прыварожваць каханага, засцерагаць чалавека ад уздзеяння зайздросных людзей. Адна справа — звычайная свечка, зусім іншая — "грамніца" або вянчальная свечка.Звычайнае белае курынае яйка ў шэрагу выпадкаў таксама станавілася атрыбутам бытавой магіі вясковай гаспадыні. Трэба было дакладна ведаць, калі іх збіраць (толькі да захаду сонца), у які час садзіць на яйкі квахтуху (на маладзіковай фазе Месяца), у які дзень тыдня (у жаночыя дні, каб было больш курачак, чым пеўнікаў), цотную або няцотную колькасць яек пакідаць для наседкі (калі няцотную — будзе больш пеўнікаў, цотную — курачак). Зразумела, што зусім іншым магічна-прадуцыравальным статусам надзялялася чырвонае велікоднае яйка, ды яшчэ асвячонае ў царкве.У вясковай хаце покуць выконвала ролю сямейнага храма, у якім або разам з якім дамачадцы пражывалі год сонечнага колазвароту. Ад кожнага свята на покуці заставаўся нейкі атрыбут.Вялікдзень не быў у гэтай сістэме светабудовы выключэннем. Пасля вяртання з храма адно асвячонае яйка маці-гаспадыня абавязкова клала за абразы. На працягу ўсяго года яно выконвала ролю надзейнага абярэга ад усялякіх непрыемнасцяў: ад хвароб дамачадцаў, ад сварак у хаце, ад штукарстваў дамавіка, ад маланкі і пажару. Такое яйка магло ляжаць тры і болей гадоў і не псавалася. У якасці абрадавага эквівалента маглі захоўваць за абразамі толькі шалупінне ад першага з`едзенага яйка.Яйка, якое захоўвалася за бажніцай на працягу года, выбіралі шляхам выканання спецыяльнага абрадавага дзеяння. Калі ў адной мясцовасці перавагу аддавалі "першаму" яйку, то ў іншай надзялялі цудадзейнай сілай "апошняе". У Вялікую суботу гаспадыня клала за бажніцу столькі яек, колькі чалавек жыло ў хаце, і да іх дадавала яшчэ адно. Назаўтра раніцай усе члены сям`і падыходзілі да абразоў і бралі адтуль па аднаму яйку для хрыстосавання ў час першай святочнай трапезы. Тое ж яйка, якое заставалася, апошнім, і лічылася абярэгам-ахоўнікам.Адно велікоднае яйка пакідалі для асвячэння зерня ў час засевак. Яго клалі ў зерне ў тую сявеньку, з якой звычайна гаспадар выконваў самае першае засяванне. Ён браў яйка з сабой у поле і мог перад пачаткам работы з`есці сам, мог закапаць у зямлю або мог раскрышыць і рассыпаць яго па ворыве. Людзі верылі, што выкарыстанне святочнага атрыбута будзе спрыяць захаванню ўраджаю ад маланкі, дажджу і грызуноў.Аксана Катовіч, Янка КрукЗвязда