Лапці доўгі час служылі сялянам асноўным відам абутку. Іх плялі з пянькі, ільну, ліпавага ці бярозавага лыка, бяросты, пазней — са скуры свойскай жывёлы. Лапці мелі не толькі практычнае ўжыванне: вельмі часта яны станавіліся атрыбутам пэўных абрадаў, прычым магічнымі якасцямі валодалі старыя, ужо зношаныя лапці.
* У якасці абярэгаў ад нячыстай сілы і "ліхога" вока лапці вывешвалі на хлявах, агароджах, тынах, каля агародаў, на варотах. Часам іх колькасць дасягала ста пар. Лічы: чалавек падыдзе да плота, убачыць столькі лапцяў, здзівіцца і не сурочыць мой двор, маю гаспадарку.
* Прысутнасць лапцяў у куратніку павінна была павялічыць колькасць знесеных яек, засцерагчы курэй ад сурокаў і хвароб.
* Старым лапцем абкурвалі карову пасля ацёлу.
* Падчас пошасці (эпідэміі) менавіта лапці прапітвалі дзёгцем і развешвалі ў хатах, хлявах, курніках.
* Стары лапаць дапамагаў і пры ўлазінах — ім "задобрывалі", "заваблівалі" дамавіка ў новую хату.
* У час пахавання лапаць мог выступаць як ахвяраванне, своеасаблівы "падарунак" продкам.
* Лічылася: калі вакол агарода на некалькі штыкецін надзець старыя лапці, то вусені не паядуць капусту, машкара ёй не нашкодзіць, а "галовы" вырастуць вялікія і сакавітыя.
* Каб пазбавіцца ад тараканаў, выконвалі наступнае рытуальнае дзеянне: у лапаць саджалі столькі тараканаў, колькі было членаў сям`і, і "вывозілі" лапаць праз парог, у двор.
* Катэгарычна забаранялася плесці лапці на Каляды, інакш у сям`і народзіцца "крывое" дзіця.
* А яшчэ прыкмячалі: калі лапці рвуцца спераду — бяда наперадзе, калі яны знасіліся, стапталіся ззаду, на пятах — бяда прайшла.
* У народзе ведалі: каб дзень прайшоў паспяхова, спачатку надзявалі правы лапаць, а потым левы.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда Ссылка на источник:
Лапці