Уладам Беларусі неабходна прыняць неадкладныя меры па барацьбе з крызісам і правесці структурныя рэформы, заявіў 24 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка (СБ) Марцін Райзер па выніках трохдзённага візіту ў Мінск.
"Нягледзячы на сацыяльныя дасягненні мінулых гадоў, эканамічная мадэль Беларусі вычарпала свае магчымасці. Ва ўмовах існуючых макраэканамічных дысбалансаў, часавыя рамкі для дасягнення неабходнай карэкціроўкі значна скарочаныя", — мяркуе Марцін Райзер.
Краінавы дырэктар СБ адзначыў, што ў 2009 годзе беларускі ўрад распачаў паэтапнае рэфармаванне эканомікі. "Аднак змяненні, якія адбыліся за апошнія месяцы, выставілі на першы план неабходнасць прыняцця больш інтэнсіўных мер і адначасова павялічылі актуальнасць структурных рэформ", — падкрэсліў ён.
У якасці адной са структурных мер Райзер назваў прыватызацыю, якая дазволіць павялічыць долю прыватнага сектара ў эканоміцы.
"Мы вітаем планы ўлад у сферы прыватызацыі, бо прыватнік з`яўляецца больш эфектыўным менеджэрам. Мэта прыватызацыі — прыцягненне (на прадпрыемствы. — БелаПАН.) найлепшых менеджэраў", — адзначыў прадстаўнік СБ.
Да ліку першачарговых мер, якія неабходныя Беларусі, ён таксама аднёс узмацненне макраэканамічнай палітыкі. Паводле меркавання Райзера, мяккая грашова-крэдытная палітыка стала адной з прычын крызісных з`яў, з якімі сутыкнулася Беларусь у апошнія месяцы.
Сусветны банк, паведаміў краінавы дырэктар, увязвае выдзяленне фінансавай падтрымкі Беларусі з новай праграмай супрацоўніцтва афіцыйнага Мінска і Міжнароднага валютнага фонду.
СБ, адзначыў ён, падзяляе рэкамендацыі экспертаў МВФ адносна мер па стабілізацыі беларускага валютнага рынку. У прыватнасці, сказаў Марцін Райзер, Сусветны банк, як і МВФ, лічыць, што Беларусі неабходна ўніфікаваць абменны курс на ўсіх сегментах валютнага рынку.
Паводле слоў прадстаўніка СБ, уніфікацыя курсу не прывядзе да новай дэвальвацыі беларускага рубля ў выпадку прыняцця адэкватных мер макраэканамічнай палітыкі: "Калі грашова-крэдытная палітыка будзе адэкватнай, гэта не азначае дадатковай дэвальвацыі".
Нагадаем, што беларускі ўрад звярнуўся ў МВФ з просьбай аб пачатку новай крэдытнай праграмы. У межах новай праграмы, паводле слоў прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, краіна плануе прыцягнуць ад 3,5 да 8 млрд. долараў.
Членам Сусветнага банка Беларусь стала ў 1992 годзе. За гэты час Беларусі ў агульнай складанасці было выдзелена 865 млн. долараў на рэалізацыю 12 праектаў.
Дзмітрый Заяц,
БелаПАН Мінск, 24 чэрвеня 2011
Ссылка на источник:
Сусветны банк: Эканамічная мадэль Беларусі вычарпала свае магчымасці