Аб некаторых прычынах узнікаючых час ад часу размоў аб магчымай амністыі капіталаў у Беларусі, замежнай практыцы правядзення такіх акцый і верагодных негатыўных наступствах гэтага кроку наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам
Л.Ф. Заікам.
_______________________________
— Леанід Фёдаравіч, а ці ёсць што ў нас амнісціраваць? Мы ж не Расія і Украіна, дзе прыватызацыя вельмі часта, па сутнасці, з`яўлялася беспардоннай і нахабнай "прыхватызацыяй", а вялікія запасы прыродных рэсурсаў выкарыстоўваліся, мякка кажучы, неахайна, абставіны дазвалялі па бартару, "шэрых" непразрыстых схемах продаж за мяжу карысных выкапняў, асобных высокаліквідных тавараў. У Беларусі ж іншая сітуацыя. Ці мне гэта толькі здаецца?— Амністыя капіталаў — гэта мера вымушаная, на яе дзяржавы ідуць не ад добрага жыцця, а пад прымусам складаных абставін. А таму ў свеце няма агульнага адназначнага станоўчага ці адмоўнага стаўлення да такіх амністый. На постсавецкай прасторы існуе два падыходы да гэтай праблемы. У Расіі, па звестках інфармаваных крыніц, на руках у пэўнай катэгорыі расіян знаходзіцца як мінімум да 100 млрд дол. ЗША. Лічба, як вы разумееце, вельмі прыблізная, бо хто з утрымальнікаў гэтых грошай вам скажа праўду? Не менш уражвае іншая лічба — адтоку сродкаў за мяжу: за 15 гадоў з Расіі вывезена ад 150 да 300 млрд дол. Гэта, калі не памыляюся, інфармацыя інтэрпала. Таму расійскія палітыкі, прадстаўнікі партый, якія пазіцыянуюць сябе як ліберальныя і рэфарматарскія, лічаць амністыю капіталаў справай карыснай і патрэбнай. З іншага боку, многія вучоныя, эканамісты, супрацоўнікі спецслужбаў, у тым ліку расійскай ФСБ і беларускага КДБ, прытрымліваюцца меркавання, што сёння амністыя капіталаў не можа быць эфектыўнай. У іх свае важкія аргументы. Адзін з іх — амністыя капіталаў у Лацінскай Амерыцы — садзейнічала яшчэ большай крыміналізацыі эканомік Калумбіі, Аргенціны, Чылі.
— Але мы не Лацінская Амерыка, у нас іншыя норавы. І ўсё ж, можа, яны, лабісты амністыі, маюць рацыю, бо час сёння вельмі няпросты для бюджэту нашай краіны. Дык чаму б не дазволіць грамадзянам задэклараваць у спрошчаным парадку капіталы, назапашаныя ці заробленыя імі, мякка кажучы, не заўсёды і не зусім легальнымі спосабамі. Між іншым, якім шляхам утвараліся капіталы нашых "новых" суайчыннікаў?— У былых рэспубліках СССР у першыя гады іх незалежнасці "шалёныя" грошы рабіліся ў асноўным трыма спосабамі. Самым прыбытковым стаў тады гандаль нафтай і нафтапрадуктамі. У нас, дарэчы, былі і ёсць прыватныя кампаніі, якія ўдала "чорнае" золата ператваралі ў звычайнае бліскучае, а яго доларавы эквівалент пераводзілі ў афшоры. Другая крыніца: гандаль каляровымі металамі. Але на гэтай ніве асабліва шчыравалі Эстонія, Літва, Латвія. Трэці спосаб — пераважна хабар у вялікіх памерах. Гэта так званы карупцыйны капітал. Ёсць, вядома, і іншыя спосабы хутка разбагацець. Нагадаю, аднойчы паліцыяй падчас аперацыі супраць калумбійскіх наркабаронаў была затрымана вялікая і адносна новая падводная лодка, якую яны набылі ў адной з постсавецкіх рэспублік. Нехта з чыноўнікаў загроб тады добрыя мільёны долараў.
— А так званыя адкаты?— Не, яны з`явіліся пазней. Адкаты — гэта больш сучасны, хітры, разумны і нярэдка вытанчаны спосаб незаконнага атрымання значных сум. У Расіі нават з`явіўся адпаведны красамоўны тэрмін — "распіл бюджэту". Гэта такая аперацыя, калі чыноўнікі разам з прадпрымальнікамі раскрадаюць бюджэтныя сродкі шляхам стварэння фірмаў-аднадзёнак, завышэння кошту работ, паслуг і г. д. Доля чыноўнікаў называецца адкатам. Але не адкаты складаюць аснову "чорных" капіталаў за мяжой беларускага паходжання. У іх звычайна нафтавы ці карупцыйны след эпохі першапачатковага назапашвання капіталу.
— Тым не менш, давайце ўявім, што ў Беларусі прыняты закон ці ўказ аб амністыі капіталаў. На якую лічбу ў доларавым эквіваленце пры яе ўдалым правядзенні можа разлічваць наша эканоміка?
— Я не ўпэўнены ў тым, што мы атрымаем 3-5 млрд дол. ЗША. Па маіх падліках, у краіну могуць вярнуцца ў лепшым выпадку 150-200 млн. дол. ЗША. Таксама неблагія грошы, але яны не дадуць жаданага эфекту. А вось маральныя страты могуць быць вялікімі. Амністыя азначае прабачэнне або змякчэнне пакарання за папярэднія злачынствы. У большасці краін свету ўхіленне ад выплаты падаткаў лічыцца адным з цяжкіх злачынстваў. Крымінальны кодэкс Беларусі таксама прадугледжвае пакаранні за няплату падаткаў.
Таму амністыя капіталаў — гэта такая справа — і ўлева, і ўправа. З аднаго боку, эканоміка і бюджэт краіны атрымаюць дадатковыя сродкі, што сёння было б вельмі дарэчы. З іншага боку, такая амністыя выкліча негатыўнае ўспрыняцце ў сумленных людзей, якіх большасць у краіне. Яны не ўтойвалі свае заробкі, своечасова плацілі падаткі, "не хімічылі" з паперамі, не вялі двайной бухгалтэрыі і г.д. А тут нейкія прайдзісветы атрымаюць дзяржаўную індульгенцыю. Рэакцыя грамадства адназначна будзе адмоўнай.
— Амністыя капіталаў — гэта вынаходства выключна капіталістычнае, рынкавае. Як за мяжой праводзіліся такія амністыі?— Амністыя фінансавая мае дзве мэты — прававую і эканамічную. Прававая — вызваленне ад крымінальнай адказнасці тых, хто ўхіляўся ад выплаты падаткаў. Эканамічная — гэта папаўненне бюджэту, прыцягненне дадатковых фінансавых рэсурсаў. У некаторых краінах у асноўным праводзяцца падатковыя амністыі, падчас якіх злосныя неплацельшчыкі падаткаў вызваляюцца ад штрафаў і пені, часам ад выплаты часткі ўтоеных падаткаў.
Агульным месцам усіх удалых замежных амністый была магутная патрыятычная піяр-кампанія ў газетах, па радыё, тэлебачанні. У Амерыцы амністыя праводзілася пад лозунгам: "Не кажыце, што мы вас не папярэджвалі". У Італіі амністыю пафасна назвалі "Падатковым шчытом". А ў Польшчы яе наладзілі пад патрыятычным заклікам да суайчыннікаў: "Выратуйце Польшчу!" У Германіі асноўнай прычынай правядзення падатковай амністыі стаў дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. У выніку ўдалося папоўніць яго на 1,1 млрд еўра, а планаваліся 5 млрд. Значная частка сродкаў так і засталася ў банках суседніх Люксембурга і Ліхтэнштэйна. Я думаю, што і нам у выпадку аб`яўлення амністыі не абысціся без папярэдняй растлумачальнай работы. Людзям трэба будзе дапамагчы ўсвядоміць мэты амністыі, механізм яе рэалізацыі.
Паспяховымі былі фінансавыя амністыі ў Ірландыі, Італіі. У апошняй, праўда, амністыю актыўна падтрымлівала мафія і нячыстыя на руку палітыкі і чыноўнікі. Ну каму, як не ім, быць зацікаўленымі ў рэабілітацыі "брудных" грошай? У Індыі падатковыя амністыі праводзяцца рэгулярна, прыблізна раз у дзесяць гадоў. У час апошняй амністыі індыйцы дэкларавалі срэбра, манеты і нават сланоў, якіх яны ўтойвалі ад падатковых органаў. Аднак прапанова ўрада дэклараваць замежныя актывы (нерухомасць, акцыі, грашовыя сродкі) водгуку ў падаткаплацельшчыкаў не знайшло. І усё ж бюджэт Індыі папоўніўся на 2,5 млрд долараў, што ў значнай ступені стала больш чым запланаваная сума ў адзін млрд долараў. Яно і не дзіўна: Індыя — вельмі карумпаваная краіна. Там улада і грошы — паняцці-сінонімы.
— А ці ёсць досвед правядзення фінансавых амністый на постсавецкай прасторы?— Так. У Казахстане першая падатковая амністыя адбылася ў 2001 годзе. Тады было дазволена легалізаваць і капіталы, і маёмасць. Выключэннем сталі актывы, правы на якія аспрэчваліся ў судзе, а таксама грошы, карупцыйнае паходжанне якіх было даказана праваахоўнымі органамі. Асаблівасць казахстанскай амністыі ў тым, што задэклараваныя грошы падаткам не абкладаліся. Бадай, самая няўдалая амністыя была ў Грузіі. Хаця грамадзянам краіны дазвалялася дэклараваць любыя грашовыя сродкі, любую нерухомасць і маёмасць, а заплаціць падаткаў толькі 1 працэнт ад кошту заяўленай сумы, амністыя правалілася.
— Давайце пытанне паставім такім чынам: а самім уладальнікам вывезеных ценявых капіталаў ці варта трапляць пад амністыю, ім выгадна выйсці з цені, заявіць аб сваіх былых сакрэтных звышдаходах?— Празмерна асаблівай выгады няма. З вялікімі грашыма сёння можна паспяхова працаваць за мяжой: у далёкіх афшорах ці ў Еўропе — тых жа Люксембургу і Ліхтэнштэйне. Дарэчы, тамтэйшы інвестыцыйны капітал на 80 працэнтаў мае расійскае, украінскае, у пэўнай ступені беларускае паходжанне. Сёння капітал рэдка ляжыць мёртвым грузам — ён звычайна працуе. Ён пойдзе ў Беларусь толькі для ўдзелу ў прыватызацыі, а не для таго, каб адкрываць новыя вытворчасці, ствараць працоўныя месцы. Грошы такому капіталу прасцей зарабіць ва Украіне ці Літве. А вось набыць у Беларусі прадпрыемствы — гэта іншая справа. Мне чамусьці здаецца, што ўладары нелегальных капіталаў наўрад ці пагодзяцца нават на частковае раскрыццё сваіх фінансавых сакрэтаў. Хаця хто ведае. Калі будзе вельмі вялікая выгада, магчымасць "нарубіць яшчэ больш капусты", то, відаць, пойдуць. Іх бог — грошы.
— Значыць, калі я вас правільна зразумеў, для пераважнай большасці насельніцтва Беларусі амністыя капіталаў не тое што карысная, а нават шкодная?— Правільна зразумелі. Ну якая карысць ад вяртання і адбельвання "брудных" грошай, скажам, нейкага махляра, былога чыноўніка-хабарніка ці дзялка ценявога бізнэсу. Іх капіталы, няхай і немалыя, пагоды не зробяць у нашай эканоміцы. Амністыя капіталу дае эфект на пачатковым этапе існавання дзяржавы ці ў вострыя моманты яе станаўлення, калі яна адчувае востры дэфіцыт сродкаў. Для яго частковага пакрыцця ёсць сэнс праводзіць амністыю, заплюшчыць вочы на тое, што ў той час самым распаўсюджаным спосабам разбагацець быў, скажам шчыра, прамы ці завуаліраваны крадзеж дзяржаўнай маёмасці. Але чым потым больш мінае часу, тым менш карысці эканоміцы краіны ад амністыі. А чым далей — тым больш.
— Прабачце, а што "больш"?— Тое, што пэўныя зацікаўленыя колы чакаюць масавай амністыі капіталу, каб з ужо легалізаванымі грашыма актыўна ўключыцца ў прыватызацыю. Я заўважыў, што кожны раз, калі ў нас пачынаюць у грамадстве больш-менш гучна гаварыць аб неабходнасці прыватызацыі, то на арэне заяўляюцца прапагандысты амністыі капіталаў, яе прыхільнікі. Яны імкнуцца пераканаць грамадскасць, кіраўніцтва краіны ў яе надзвычайнай актуальнасці. Таму нельга дапусціць "распілу" дзяржаўнай маёмасці, каб яе затанна прыбралі прагныя і цынічныя іншаземныя дзялкі разам з асобнымі нашымі хітрунамі-чыноўнікамі. Ды я думаю, што гэтага не павінна атрымацца. У Беларусі даволі строгае кіраўніцтва краіны, несумленныя дзялкі з сумніўнай і бруднай рэпутацыяй у ёй не прыжываюцца. А крымінальны капітал і іх гаспадары выклікаюць у большасці насельніцтва рэакцыю непрыняцця, негатыўныя эмоцыі.
Леанід Лахманенка
Звязда, 30 верасня 2011
Ссылка на источник:
Каму даспадобы амністыя капіталаў?