Чым незвычайныя чарніцы і іх сёстры дурніцы; як лепш назапасіць — марозіць ці сушыць + незвычайны рэцэпт.
Чарніцы належаць да той жа сям’і верасовых, што і журавіны, азалія, горны лаўр, рададэндрон. На сёньняшні дзень чарніцы зьяўляюцца найбольш клінічна вывучанымі з усіх відаў ягад. Чарніцы і дурніцы (або яшчэ буякі) — вельмі блізкія сваячкі. У сьвеце культывуюцца некалькі гатункаў дурніцаў, а вось чарніцы растуць толькі ў лесе. З бытавых пазіцый чарніцы адрозніваюцца тым, што пэцкаюць рукі і вопратку, а вось дурніцы не пакідаюць бачных слядоў. Што да пажыўнасьці і карысьці, то ўсё ніжэй напісанае будзе датычаць як чарніц, так і дурніц.
Моцны антыаксыдантЧарніцы — вельмі моцны антыаксыдант. Яны ўтрымліваюць прыкладна ў 3 разы больш антыаксыдантных рэчываў, чым трускаўкі або маліна.
Антыаксыдант — гэта рэчыва, якое значна затрымлівае акісьленьне. Гэта агульная назва для ўсіх элемэнтаў так званай сыстэмы антыаксыдантнай абароны. Гэтая сыстэма адказвае за абарону клетак ад акісьляльнага стрэсу ад свабодных радыкалаў. Напад свабодных радыкалаў можа прывесьці да пашкоджаньня ліпапратэінаў у клеткавых мэмбранах і тым самым парушыць транспарціроўку рэчываў да клетак і з клетак. Свабодныя радыкалы могуць таксама пашкодзіць ДНК, РНК і бялкі, што спрыяе разьвіцьцю захворваньняў. Антыаксыданты могуць нэўтралізаваць свабодныя радыкалы і спыніць ланцуговую рэакцыю.
Чарніцы маюць высокую канцэнтрацыю фэнольных злучэньняў, у прыватнасьці антацыянаў. Менавіта антацыянам прыпісваюцца антыаксідантныя ўласьцівасьці чарніцаў. Антацыяны — гэта сінія, чырвоныя, або фіялетавая пігмэнты ў ягадах, садавіне, гародніне і лісьці. Як правіла, дробнаплодныя генатыпы чарніц маюць значна больш высокі ўзровень антацыянаў, чым ягады большага памеру.
Процістаіць пашкоджаньню ДНКШэраг клінічных эксперыментаў прадэманстраваў здольнасць чарніц процістаяць пашкоджанню ДНК. Людзі, якія штодзённа спажывалі чарніцы ці сок з чарніц, мелі значна ніжэйшы ўзровень акісленай ДНК, чым кантрольныя групы. У спажыўцоў чарніц была таксама адзначаная павышаная стойкасьць да пашкоджаньня ДНК, індукаванага акісленнем. Дарэчы, ахоўная функцыя чарніц назіралася таксама і пасьля аднаразовага іх ужываньня.
Запавольвае кагнітыўнае (мэнтальнае) старэньне
Кагнітыўныя функцыі мозгу — гэта здольнасьць разумець, успрымаць, вывучаць, запамінаць, перадаваць інфармацыю. Ня так даўно ў часопісе Annals of Neurology былі надрукаваныя вынікі даследаваньня, якое прааналізавала дадзеныя больш за 16000 жанчын сталага ўзросту.
Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што жанчыны, якія рэгулярна (г. зн. больш за 2 разы на тыдзень) ўжывалі ягады, у асноўным дурніцы і маліну, мэнтальна старыліся на два з паловай гады пазьней, чым жанчыны, якія елі ягады нерэгулярна.
Якім чынам гэта адбываецца? Самая распаўсюджаная тэорыя базуецца на тым, што ягадныя флаваноіды антацыяны могуць пераадолець т. зв. гематаэнцэфалічны бар’ер ( бар’ер паміж крывёю і мозгам) і лякалізавацца ў абласьцях мозгу, адказных за працэсы навучаньня і памяці (напрыклад, у гіпакампе).
Павышае імунітэтРэгулярнае ўжываньне чарніцаў павышае канцэнтрацыю прыродных клетак-кілераў. Спажыванне чарніцаў таксама спрыяе росту некаторых штамаў біфідабактэрый у кішачніку. Гэтыя абодва фактары граюць пазітыўную ролю ў павышэньні імунітэту.
Спрыяе падтрыманьню нармальных костакЧарніцы маюць высокую харчовую шчыльнасьць. Гэта значыць, што ягады ўтрымліваюць мала калёрый, але вельмі багатыя на вітаміны і мінэралы. Так, чарніцы ўтрмымліваюць вялікую колькасьць вітаміну К і марганцу. Як вітамін К, так і марганец спрыяюць падтрыманьню нармальных костак.
Дарэчы, замарожваньне не аказвае істотнага ўплыву на агульнае ўтрыманьне карысных рэчываў у чарніцах, а вось сухія ягады, наадварот, маюць больш нізкі ўзровень мікранутрыентаў, чым сьвежыя. Замарозiць чарнiцы летам на зiму — здаровая стратэгiя!
Незвычайны рэцепт для натхненьня: чарнічная сальса
Інгрыдыенты
1 кубак свежых чарніц
1 маленькая чырвоная цыбуліна
палова чырвонага перцу
палова свежага чырвонага чылі-перцу
3-4 зубчыкі часныку
сок 1 лайма ці 1/2 лімону
1 ч. л. мёду
1 ч. л. соевага соўсу
1 ст. л. бальзамічнага воцату
соль па смаку
Дробна парэжце цыбулю, перац, чылі і часнок. Хутка растаўчыце палову чарніц. Змяшайце ўсе інгрэдыенты і дайце сальсе пастаяць прынамсі гадзіну, каб водары добра зьмяшаліся.
Сальсу можна дадаць да катлет, мяса, рыбы, аладак з гародніны. Калі застанецца, трымаеце ў халадзільніку ў закрытай шклянцы да 5 дзён.
Валерыя Красоўская
Радыё Свабода, 26 чэрвеня 2014
Ссылка на источник:
5 прычын есьці чарніцы