Вадкасць, што весяліць сэрца, мае двайное значэнне ў жыцці людзей. Яна і набліжае да бога, і зрынае ў пекла, ацаляе і губіць, але заўжды ёсць неад’емным складнікам жыцця. Нават калі вы перакананы цвярознік, як Ірына Дубянецкая. Бібліст, багаслоў і філосаф, доктарка сакральнай тэалогіі і доктарка філасофіі прачытала ў кнігарні Логвінаў лекцыю, якой ад яе не чакалі.
________________________________________
Жывёлы-алкаголікі
Алкаголь у чалавечым свеце мае сакральны ўжытак: з яго дапамогай практык прыходзіць у еднасць з вышэйшым светам. Але імкненне да інтаксікацыі ёсць універсальным і ўласцівым не толькі чалавеку.
На пачатку 19-га стагоддзя ад заўзятых п’янтосаў можна было пачуць пыхлівае: чалавек адрозніваецца ад жывёлаў тым, што свядома ўжывае алкаголь. Але ўжо ў сярэдзіне 19-га стагоддзя ведалі, што гэта як раз тое, што лучыць нас з жывёламі. Жывёлы таксама свядома ўжываюць алкаголь і не навучыліся гэтаму ад людзей.
Калі любой колькасці пчолаў прапанаваць цукровы сіроп або спірт, ніводная з пчолаў не выбярэ цукровы сіроп. Даследванні рабіліся на шмат якіх жывых істотах. Насекомыя вельмі актыўна шукаюць інтаксікацыі. Птушкі дзяўбуць пэўныя пераспелыя ягады, якія таксама робяць іх п’янымі. Еноты шукаюць алкаголь у чалавечым атачэнні, і гэта адзіная жывёла ў свеце, якая ўмее адкаркоўваць бутэлькі. Усе ведаюць пра ласёў, якія ядуць мухаморы. Сланы ўвогуле самі робяць алкаголь – збіраюць фрукты, капаюць ямы, кідаюць іх туды, закрываюць пальмавым лісцем і чакаюць, пакуль усё сферментуецца.
Ёсць яшчэ адно выказванне, што чалавек адрозніваецца ад жывёлаў тым, што ён свядома наносіць сабе шкоду. Але жывёлы робяць тое самае. Напрыклад, паляўнічыя на малпаў у тропіках прыносяць піва, на вачах у малпаў яго адкаркоўваюць, наліваюць і хаваюцца.
Малпы не чакаюць ніводнага імгнення, адразу ж імчаць, напіваюцца, падаюць – і паляўнічыя проста іх забіраюць. Тое самае з насякомымі, птушкамі, якія п’янеюць і робяцца простай здабычай для сваіх паляўнічых.
Калі мы не адкажам на пытанне, чаму імкненне да інтаксікацыі ёсць універсальным, мы не адкажам на сацыяльныя выклікі. Гэта, відаць, адна з прычынаў, чаму даследванняў на гэтую тэму робіцца ўсё больш.
Пра дагістарычную культуру мы нічога не можам сказаць, але самыя старажытныя парэшткі алкагольных напояў, знойдзеныя ў іранскіх раскопах, маюць прыкладна пяцітысячагадовую даўніну. Гэта да пачатку пісьмовай гісторыі! Ранейшых звестак няма, але мы можам меркаваць, што ў Каменным веку чалавек ужо ўжываў алкаголь, ужываў рытуальна.
Чаму людзі ўжываюць алкаголь?
Неўролагі сцвяржаюць, што нервовая сістэма рэагуе на інтаксікацыю, як на ежу і пітво. Базавыя матыватары паводзінаў – насычэнне, працяг роду і сацыяльныя сувязі. Інтаксікацыя – чацвёрты матыватар паводзінаў, які часта перакрывае астатнія. Але ад астатніх ён адрозніваецца тым, што звязаны не з матэрыяльным складнікам, а з адчуваннямі.
Назіранні паказваюць, што зменены стан свядомасці, які ўплывае на паводзіны, ёсць надзвычай моцным матыватарам, патрэбаю ўсіх жывых істотаў. Ці ёсць патрэбаю інтаксіцацыя – гэта іншае пытанне. Але істота есць дзеля таго, каб жыць, а жыве – дзеля таго, каб пашыраць і даследваць новыя магчымасці свядомасці.
Чалавек уваходзіць у транс безліччу сродкаў. Праўда, іншыя шляхі патрабуюць высілкаў, а жывая істота інстынктыўна імкнецца ісці самым лёгкім шляхам. І гэта шлях інтаксікацыі.
Аднак чалавек, які ўжывае алкаголь, абсалютна не думае: ўвайду-ка я ў зменены стан свядомасці! Спажыванне алкаголю падзялілася на некалькі ўзроўняў. Самыя простыя перажыванні ад ужывання алкаголю і самыя пажаданыя ў шырокай масавай свядомасці – дапамога ў пераадоленні псіхалагічных бар’ераў. Чалавек разнявольваецца, лепш разумее самога сябе ды іншых. З гэтай мэтаю алкаголь шырока пачаў ужывацца ад антычнасці ці нават раней. Паколькі алкаголь робіць гэткі эфект на людзей, людзі успрымаюць інтаксікацыю як адну з сацыяльных патрэбаў.
Сяброўская бяседа падчас застолля не мае на ўвазе зменены стан свядомасці, сягнення вышэйшых таямніцаў, таму яна зацямняе асноўны пошук. Але менавіта патрэба ў змененым стане свядомасці ёсць універсальнай. Бо тады жывая істота адключае свой розум і ўваходзіць, гаворачы сучаснымі тэрмінамі, у падсвядомасць, звышрозум. Які розум адключаюць птушкі ці пчолкі, невядома. Тым не менш сутнасць застаецца тая ж: адключаецца дзённая свядомасць, якая працуе па вельмі пэўных мадэлях.
Сучасныя даследванні гавораць, што чалавек за дзень думае на 99,99% тое самае, што ён думаў учора і заўчора. Гэтыя аднолькавыя рытмы безумоўна не спрыяюць таму, каб шукаць новыя формы самавыражэння і свядомасці, дзеля якіх чалавек і жыве. Спыніць гэты ўнутраны маналог не так лёгка. Таму калі стан інтаксікацы сцішае яго хоць на імгненне, той, хто паспрабаваў, будзе імкнуцца да яго зноў.
Менавіта таму, колькі мы ведаем цывілізацыю, столькі мы ведаем, што людзі ўжываюць алкаголь.
Піць як багіні і багі
Самы старажытны рэцэпт піва знаходзіцца ў сумерскім гімне прыкладна мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да нашай эры. Ён усхваляе багіню Нінкасі, якая робіць піва і прыносіць радасць людзям:
О Ненсілі, о светластруменна народжаная,
Ты Нінхурсагай узгадаваная,
Хай бог твой пра цябе клапоціцца.
Адтуліны куфля – нашыя вочы.
Сэрцы нашыя – на дне чашы
Што табе весялосць – то і нам радасць.
Смяецца печань і сэрца цешыцца.
Так піва напіўшыся, я ў весялосці,
Мёду ўзяўшы, я ў ахмяленні.
Сэрца я пацешыў, печань узрадаваў,
Сэрца я радасцю напоўніў
Вольную печань па-каралеўску апрануў.
І ў сумерскай, і ў егіпецкай, і ў габрэйскай мовах столькі розных словаў для піва і віна, што сучасныя перакладчыкі маюць вялікія праблемы. Так, у габрэйскай Бібліі ёсць як мінімум 9 словаў для віна.
Абедзьве бездані, якая ўверсе і якая ўнізе, адкрываюца таму, хто ўваходзіць у стан інтаксікацыі. Што з гэтым рабіць, чалавек не ведае, але праз гэта алкаголю ад самага ранняга часу надаецца сакральнае значэнне. Ён ўспрымаецца як самы магутны боскі дарунак чалавеку і як шлях да бога.
У старажытным Блізкім Усходзе з алкаголем былі звязаныя ў асноўным багіні, а ў антычнасці, у грэкаў і рымлян, – багі. У сумераў шынкі звычайна трымалі жанчыны. У сумерскім спісе каралёў згадваецца шынкарка, якая была абраная на пасаду кіраўніка дзяржавы і больш за сто гадоў кіравала – і быў мір, радасць і працвітанне.
У зводзе законаў вавілонскага караля Хамурабі ёсць артыкулы пра тое, што рабіць з шынкаркамі, якія няправільна сябе паводзяць.
Шынкарства было жаночым – і вельмі паважаным – бізнэсам. У эпасе пра Гільгамеша – асноўным тэксце, які дала нам Месапатамія – згадваецца, як галоўны герой праходзіць мяжу паміж светамі, выходзіць у боскі сад і першае, што ён там бачыць, – шынок. Боская шынкарка Сідурі на яго пытанне, чаму чалавек смяротны, раіць яму ў смяротнасці шукаць іншую несмяротнасць: еш, пі, весяліся, абдымі жонку, вазьмі за руку дзіця. Чалавечая несмяротнасць – у працягу роду і ў тым, каб радавацца таму кавалку жыцця, які табе дадзены багамі.
У Егіпце з алкаголем звязаныя таксама багіні – Нут, багіня неба, жонка галоўнага егіпецкага бога Амуна; Хатхор, багіня любові і кахання, і Сехмет – вока бога Ра, увасабленне хаосу. Культы ўсіх гэтых багіняў мелі ў сабе складнік інтаксікацыі алкаголем. Калі Ра ўгневаўся на людзей, ён напусціў на іх Сехмет, якая, як ільвіца, стала грызці і ап’яняцца чалавечай крывёю – і спынілася толькі тады, калі ёй налілі чырвонага піва.
Што робяць лепшыя людзі?
Піва – самы старажытны з папулярных дагэтуль алкагольных напояў. Першыя згадкі пра віно звязваныя з боскаю ласкаю да людзей і з тым, што чалавек можа весяліцца і ўваходзіць у адносіны з богам праз гэты напой.
Самая першая згадка ў Бібліі пра віно наступная: Бог паводкаю вынішчае чалавецтва, пакідае аднаго Ноя, таму што Ной быў праведны, лепшы за ўсіх астатніх. І самае першае, што робіць Ной пасля паводкі, – садзіць лазу, робіць віно, напіваецца да несамавітага стану і наводзіць ганьбу на ўсю сваю сям’ю. І гэта самае першае, што робіць самы лепшы чалавек! Нікуды не дзецца ад гэтай універсальнасці.
Ізраілю, як абранаму народу, за захаванне запавету з богам было абяцана удосталь у тым ліку віна. У Новым Запавеце самы першы цуд, які робіць Ісус, – ператварае ваду ў віно. Нават Павел у сваім лісце да Тыматэя кажа: не пі адну ваду, трэба ж і віна піць для добрага стрававання.
А што мы маем у ісламе, дзе інтаксікацыя падпадае пад забарону? 11-е стагоддзе. Геній ісламскага свету Амар Хаям бясконца піша пра віно. І ён не мае на ўвазе напіванне дзеля весялосці. У ягоных тэкстах віно з’яўляецца субстанцыяй вышэйшасці, выйсцем у нешта боскае. Рыгор Барадулін шмат перакладаў яго:
Я п’ю віно, ды не вар’ююся ў гульбе,
Сціскаю чару я ў мальбе, не ў пахвальбе.
Я пакланяюся віну і маю мэту —
Не пакланяцца так віну, як мы сабе.
Алкаголь як нацыянальная рыса
Віно, піва і ад 16-га стагоддзя моцны алкаголь робяцца складнікамі нацыянальнай ідэнтычнасці. Не ведаючы культуры алкаголю, мы не можам далучыцца да культуры народу, які спажывае гэты алкаголь.
Віскі – гэта першае, з чым вы сутыкнецеся ў Шкоціі (Шатландыі). Амаль у кожным мястэчку ёсць свой клуб аматараў віскі. І калі вы не адрозніце аднасоладавы (single malt), то вас будуць лічыць дзікуном. У французаў так з каньяком. У бельгійцаў моцны напой – жэневер альбо геневер. Гэта напой, вядомы ад 16-га стагоддзя, мае шмат відаў, яго вырабляюць толькі ў Бельгіі альбо ў Галандыі.
У Бельгіі больш за 800 толькі зарэгістраваных гатункаў піва. Нездарма распавядаюць, як фламандзец пытаецца уіншага фламандца: “Калі б табе трэба было выбраць паміж мірам ва ўсім свеце і півам, які гатунак піва ты бы выбраў?” Пры гэтым бельгійцы крывяцца на ангельцаў, бо жыхары Бельгіі сваё 12-градуснае піва п’юць ледзяным, а ангельцы свой эль – пры пакаёвай тэмпературы пакаёвай тэмпературы.
А беларусу – няма розніцы. Улетку хочацца халодненькага, узімку – чым мацней, тым лепш. Для беларусаў “нацыянальныя рысы алкаголю” – гэта праблема. З аднаго боку, мы адлучаныя ад шырокага свету ў тым ліку няведаннем алкагольнай культуры. А з іншага – мы страцілі сваю традыцыю алкаголя: вырошчвання, спажывання і стаўлення да яго. Дабрацца да яе не складана, яна добра апісаная ў фальклоры, у старых тэкстах. Мы не ведаем чужога і не ведаем, як нам кантактаваць з шырокім светам – і пры гэтым не можам нічога прапанаваць свайго.
Алина Родачинская
Ссылка на источник:
Алкаголь у культуры, сакральнай традыцыі і жыцці зямлянаў