Спачатку было Слова. І моцнае, і безабароннае адначасова. Моцнае, бо, вымаўленае нават шэптам, здольна змяніць прастору і чалавека. Безабароннае, бо, выканаўшы сваю місію, рызыкуе быць задушаным навамодным адпаведнікам ці знікнуць разам з мовай. Потым была Кніга. Здольная змяніць ужо цэлы свет. Перавярнуць, натхніць, атруціць. А потым… прыйшоў сённяшні дзень, у якім месца і слова, і кнігі даводзіцца вызначаць наноў. Наклады, асобнікі, ганарар— колькасныя характарыстыкі разам з грамадствам спажывання ўступілі ў свае правы…
На што здольная літаратура, ведаюць аўтары і выдаўцы, што ўжо дзявяты год збіраюцца на круглы стол «Сугучча» падчас Дня беларускага пісьменства. Здаецца, як творцы, яны ведаюць больш за нас усіх. Як звычайныя людзі, не грэбуюць гучна назваць сябе класікамі ці іранічна— бамжамі. Як асобы ўсё ж такі зямныя, яны транслююць духоўнасць і высокія шуканні літаратуры праз тыя самыя матэрыяльныя характарыстыкі і надзённыя праблемы. Сёлета тэма круглага стала— «Літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства». Размова атрымалася, як сказаў адзін з гасцей, «душэўнай».
— Калі я пісаў пра дэпрэсію, стаў выкарыстоўваць тэрмін «хоматэрапія», то бок лячэнне чалавека чалавекам, — гаворыць дзіцячы пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Тры зорачкі» з Вільнюса Яронімас Лаўцюс. — Аказалася, такога слова не існуе ў даведніках, вы можаце знайсці тэрапію пчоламі, дэльфінамі, а чалавекам — не. Хай яно і не названа, але на гэтае лячэнне здольны пісьменнік. Вядома, кніга страчвае папулярнасць, але існуе такая логіка: калі людзі капаюць у пошуках золата, якое заведама на гэтым месцы не знойдуць, яны ўсё роўна працуюць на карысць… бо ўдасканальваюць тэхніку капання! Мы павінны штурхаць людзей да кнігі — і плён будзе. Неяк аднаму дырэктару я сказаў, што прадпрыемства без кнігі — гэта як храм без крыжа. Бо дырэктара можа і не быць, а кніга застанецца. А мы патанулі ў сеціве: у адной бібліятэцы я ўбачыў надпіс «Інтэрнэт бясплатны», а побач — «Прыбіральня платная». Інтэрнэт таннейшы за туалет, а мы ў ім жывём…
— Інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі больш за 8 мільёнаў, пастаянных— больш за 70% насельніцтва,— паведаміла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.— Слова сёння не толькі глыбокае, але і хуткае, у моладзі сфарміравалася «клікавае» мысленне. У гэтых умовах трэба мець шляхі, каб перадаваць падрастаючаму пакаленню таленавітае слова пісьменніка, вучонага, грамадскага дзеяча. Гэта задача і пісьменніцкай супольнасці, і дзяржавы. Прынамсі, дзяржаўная палітыка Беларусі на гэта накіраваная.
Місіяй «круглага стала» «Сугучча» міністр інфармацыі назвала развіццё сяброўскіх адносін паміж народамі. Літаратура сапраўды гэтаму спрыяе, гледзячы на агульныя праекты, што сталі вынікам праекта «Сугучча» за мінулыя гады. Перш за ўсё варта назваць серыю кніг «Сугучча сэрцаў» Выдавецкага дома «Звязда» (іх вы можаце знайсці па адрасе sozvuchіe.zvіazda.by), у якой публікуюцца аўтары СНД. Беларускія пісьменнікі і паэты таксама з кожным годам становяцца ўсё больш вядомымі за мяжой. Так, напрыклад, расійскі часопіс «Наш современник», які мае самы вялікі тыраж сярод тоўстых літаратурных часопісаў Расіі, з сярэдзіны 2000-ых кожны год выпускае беларускі нумар.
— Сёння дружна «ратуюць» тоўстыя літаратурныя часопісы,— разважае намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник»Аляксандр Казінцаў,— і трэба сказаць, яны сапраўды страчваюць чытача. Але і кнігі таксама: ужо трэці год запар агульны наклад кніг у Расіі зніжаецца на 4-5%. Увогуле культура страчвае сваю аўдыторыю, таму ратаваць трэба не часопісы, а культуру. Гэта задача не для асобных добраахвотнікаў, а, безумоўна, для дзяржавы. Калі ёй патрэбна развітае насельніцтва, яна падтрымае і часопісы, і літаратуру, і культуру. Я з добрай зайздрасцю і нават захапленнем гляджу на тыражы беларускіх літаратурных часопісаў, падтрымка дзяржавы тут відавочная. Расіі варта было б павучыцца гэтай мудрай палітыцы.
Можна задацца пытаннем: а навошта патрэбны літаратурныя часопісы? Акрамя таго, што яны друкуюць творы мастацтва, для многіх аўтараў і жанраў яны з’яўляюцца амаль адзіным шляхам да чытача. Заўважце, расказы, вершы, публіцыстыка, крытыка нярэдка адхіляюцца выдавецтвамі, таму са знікненнем часопісаў могуць знікнуць цэлыя жанры літаратуры.
Акрамя гэтага, часопіс— заўсёды прапагандыст. На працягу многіх стагоддзяў, як і ў часы Пушкіна, Някрасава, Каткова, ён фарміруе напрамкі культурнага і грамадскага жыцця. Невыпадкова наша выданне «прапагандуе» літаратуру самага блізкага нам народа— беларускага. Ужо адзінаццаць гадоў мы выдаём нумары часопіса, прысвечаныя беларускай літаратуры, і напаўняем іх творамі паэтаў, празаікаў, крытыкаў, гісторыкаў Беларусі. На гэты момант у часопісе прадстаўлена больш за сто беларускіх пісьменнікаў; у апошнім нумары, напрыклад, былі апублікаваныя творы Алеся Бадака, Сяргея Трахімёнка, Міхася Пазнякова, Тамары Красновай-Гусачэнкі, Генадзя Пашкова, Андрэя Скарынкіна і іншых. Сёлета мы не абмежаваліся асобным нумарам, а фактычна кожны месяц публікавалі творы беларускіх пісьменнікаў. Так выйшла, напрыклад, ваенная аповесць Уладзіміра Саламахі «Шануй веру сваю». Мы выкарыстоўваем наш тыраж, каб большай колькасці чытачоў сталі вядомы творы беларускіх пісьменнікаў.
Не толькі «Наш современник» сярод расійскіх выданняў публікуе беларускую літаратуру. Галоўны рэдактар часопіса «Роман-газета», празаік Юрый Казлоў не першы раз удзельнічае ў «Сугуччы» і адзначае, што яго выданне зацікаўлена ў тым, каб друкаваць нашых пісьменнікаў:
— За ўсё існаванне СССР і сучаснай Расіі не было такога добрага пісьменніка, які б у нас не публікаваўся. У гэтым годзе мы ўзялі аповесць беларуса Сяргея Трахімёнка, якая, дарэчы, атрымала высокую чытацкую ацэнку. Мы хочам, каб людзі памяталі, што ёсць пачутыя і непачутыя пісьменнікі. Апошнія часам могуць атрымаць нечакана актуальнае новае прачытанне. У гэтым месяцы мы апублікавалі раман Усевалада Кочатава «Чаго ж ты хочаш?». У свой час ён не быў надрукаваны ў СССР, затое па распараджэнні Пятра Машэрава невялікі наклад выйшаў на тэрыторыі Беларусі.
Згодны, сёння сапраўды з’явілася шмат выратавальнікаў тоўстых літаратурных часопісаў, толькі вядома: той, каго шмат людзей ратуе, тоне. Вядомы часопіс «Москва», які ўзначальвае паэт Уладзіслаў Арцёмаў (дарэчы, беларус па нацыянальнасці) першым, у далёкім ужо 1956 годзе, надрукаваў раман «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава. Сёння рэдакцыя атрымала прадпісанне вызваліць памяшканне на Арбаце і саступіць яго турыстычнай фірме. Легендарнае выданне «Дружба народов» гібее, людзі не атрымліваюць заробку, а тыраж складае толькі 400 экзэмпляраў. Крытыка, якая раней вызначала літаратурны працэс, ужо, па сутнасці, нікому не патрэбна і замяняецца рэкламнымі матэрыяламі камерцыйных праектаў. Выратаванне тоўстых часопісаў вядзе да таго, што яны рызыкуюць адысці ў мінулае.
Але дабратворнай мне здаецца традыцыя правядзення Дня пісьменства ў невялікіх беларускіх гарадах. Гэта дапамагае аб’яднанню пісьменнікаў і чытачоў праз жывую камунікацыю, якой літаратура і жыве. Мы ў Расіі гэтага, на жаль, пазбаўлены: паміж чытачом і пісьменнікам больш няма жывой сувязі. Менавіта тоўстыя літаратурныя часопісы былі лабараторыяй грамадскай думкі, палігонам ідэй, дзе сутыкаліся розныя тэндэнцыі. Палітычная сістэма СССР не прадугледжвала разнадумнасці, але гэтая разнадумнасць квітнела ў літаратурных часопісах. Мы памятаем палеміку выдання «Новый мир», які адстойваў ліберальныя ідэі, часопіса «Молодая гвардия», што абапіраўся на нацыянальныя традыцыі.
— Мерапрыемствы кшталту Дня пісьменства здольны яшчэ і падтрымліваць мову, а гэта нашы першаасновы, тое, чым мы жывімся,— каментуе расійскі пісьменнік і дырэктар выдавецтва «Художественная литература» Георгій Прахін.— Выдатна, калі сябры размаўляюць на адной мове, але па апошніх падзеях відаць, як страшна, калі на адной мове размаўляюць ворагі. Баюся, калі адносіны паміж славянскімі народамі будуць развівацца па той жа парадыгме, якая існуе сёння, праз пяць гадоў мой унук— на гэты раз я ўзяў яго з сабою— не будзе ведаць, што такое Беларусь. Мы едзем і бачым такую прыгажосць! (Праўда, у вас такія добрыя дарогі, што большую частку шляху мой хлопчык праспаў.)
Па адной тэорыі— вельмі складанай, я сам дрэнна яе разумею— наш свет існуе толькі таму, што ёсць сведкі. Ёсць назіральнік— ёсць свет, калі рэч ці пачуццё не названы— яны не існуюць. Калі з мовы прападаюць нейкія паняцці— абядняюцца чалавечыя пачуцці (магчыма, па гэтай прычыне мы і розум страчваем). Агрубленне мовы прыводзіць да агрублення характару і так далей. Мы кажам, што моладзь пайшла ў інтэрнэт, але яна пайшла яшчэ і ад спёртасці нашых пафасных слоў. У мове адбываецца «імпартазамяшчэнне», не кажучы ўжо пра больш матэрыяльныя рэчы. Напрыклад, пра тое, што ў 1990-я гады расійскія фабрыкі паперы былі прададзены заходнім інвестарам. Уласную паперу ў выніку мы набываем праз заходнія грошы і кніга становіцца недаступнай не проста для чытача, але і для выдаўца. А змяншэнне накладу— гэта не страшна: у Пушкіна было 5 тысяч чытачоў, а ведала яго ўся Расія.
— Тое, што мы прадалі фабрыкі паперы,— паўбяды. Горш, што палова людзей прадала душу,— працягвае размову пісьменнік, паэт, намеснік старшыні Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Валерый Казакоў.— Наколькі моцныя бездухоўнасць і цынізм, мы можам убачыць вакол сябе. Мы жывём у Саюзнай дзяржаве і назіраем неадпаведнасць унутранага духу народаў велічы нацый. Час выратоўваць культуру ці тое, што ад яе засталося. Мы павінны змагацца не толькі за кнігу, але і за інтэрнэт: чым больш будзем уздзейнічаць на яго, тым лепш. Давайце нешта рабіць супольна, бо калі мы, літаратары, не аб’яднаемся і не абвесцім адзінства народаў, праз пятнаццаць гадоў нас ніхто не аб’яднае.
А ў Беларусі, што знаходзіцца не толькі ў цэнтры Еўропы, але і ў цэнтры славянскага свету, ёсць нейкая крыніца Бога. Я спецыяльна паглядзеў: тут не закрыўся ніводзін літаратурны часопіс. У Расіі ж Федэральнае агенцтва па друку падпарадкоўваецца не міністэрству культуры, а міністэрству сувязі. Не толькі «Москву» выганяюць са свайго дома, але і Саюз пісьменнікаў Расіі. А колькі адстойваў сваю ўласнасць «Наш современник»… Мы не павінны працягваць выступаць ва ўнісон заправілам культурнага працэсу ў Расіі; калі сабраць усе дзяржаўныя даручэнні па літаратуры і выдавецкай справе, атрымаецца двухтомнік, а толку з гэтага?
— Сапраўды, вопыт Беларусі па згуртаванні людзей розных народаў і сфер мы павінны пераймаць і прапаноўваць у сваіх краінах,— выступае галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва імя Аўэзава міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Ананьева.— Галоўны рэдактар часопіса «Литературный Кыргызстан» Аляксандр Іваноў быў уражаны, калі пачуў пра сайт праекта «Сугучча» і ўбачыў маю прэзентацыю, таму, здаецца, я знайшла для вас новых аўтараў. У часопісе Казахстана «Простор» выходзяць асобныя рубрыкі, што тычацца беларускай літаратуры, а ў наступным годзе ёй будзе прысвечаны асобны нумар.
Нядаўна ў Казахстане быў адкрыты помнік былому міністру асветы і міністру замежных спраў Казахскай ССР Адзію Шарыпаву. У 18 гадоў на Гомельшчыне ён быў камісарам партызанскага атрада. Яго любоў да беларускай зямлі відаць у аўтабіяграфічных аповесцях «Дачка партызана» і «Гісторыя аднаго кажушка». Сапраўды, некалі яго, параненага, накрыла кажухом беларуская дзяўчына і такім чынам выратавала яму жыццё. Нашы народы, краіны звязаны адзін з адным агульнай гісторыяй, агульным мінулым і гэтымі асобнымі сувязямі нашых таленавітых людзей.
— Яшчэ Аляксандр Пушкін казаў, што адносіны паміж славянамі ад дружбы і братання могуць даходзіць да, мякка кажучы, спрэчак,— выказвае свой погляд аўтар праекта і ўкладальнік серыі «Из века в век», паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Расіі, Македоніі, Сербіі і Чарнагорыі Сяргей Главюк.— XX стагоддзе для славян атрымалася складаным: у асноўным на нашых землях праходзіла Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і паскораная пабудова сацыялізму; таксама тут сканцэнтравалася і Другая сусветная вайна; нарэшце мы перажываем паскораную пабудову капіталізму і сённяшнюю грамадзянскую вайну ва Украіне.
Насамрэч мы адзін аднаго ведаем не вельмі добра, а між тым лепш за ўсё адкрывае сэрцы і збліжае народы сапраўдная паэзія. Дваццаць гадоў таму я зрабіў спробу аб’яднаць яе ў славянскіх анталогіях, абавязкова ў арыгінальным выкананні, таму што праблема знікнення моў пад уплывам татальнай «глаб-англа-лізацыі» таксама надзённая. Ідэю падтрымала расійскае міністэрства культуры, і так год за годам выйшла дзесяць тамоў. Анталогія беларускай паэзіі выйшла адной з першых, для 90 працэнтаў твораў мы зрабілі новыя пераклады. Я выступаў у шматлікіх універсітэтах свету, дзе расказваў пра гэты праект, і даходзіла да таго, што мне пасярод ночы (бо розніца ў часе) тэлефанавалі, напрыклад, з Квебека і прасілі том беларускай літаратуры.]
Пісьменнік з Чарнагорыі Слабадан Вуканавіч у сваю чаргу распавёў пра анталогію беларускай паэзіі, якая выйшла ў Чарнагорыі ў 1993 годзе:
— З яе з’яўленнем я ўпершыню пазнаёміўся з творчасцю беларускіх літаратараў. У часы існавання СССР у асноўным была вядома руская літаратура, таксама, як сярод літаратур народаў Югаславіі— сербская. Чарнагорская кніга прадставіла паэзію другой паловы XX стагоддзя. Яе складальнік зрабіў, па сутнасці, гістарычны крок для пранікнення беларускай літаратуры ў нашу прастору. Прадмова і пасляслоўе каштоўныя для агульнага ўяўлення пра паэтаў, якіх мы часта памылкова залічвалі да рускай ці польскай культуры. Гэта лёс маленькіх народаў: Чарнагорыя была ў падобнай сітуацыі. Добрыя адносіны паміж нашымі краінамі— гэта ў першую чаргу заслуга дзён беларускага пісьменства. Свой унёсак у гэта зрабілі Іван Чарота, Лілія Ананіч, Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, Алесь Карлюкевіч, актыўную падтрымку аказваюць газета «Літаратура і мастацтва», часопісы «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і іншыя. З канца 1990-х гадоў беларуская паэзія прысутнічае і ў часопісах Чарнагорыі. Праз інтэрнэт можна даведацца пра гісторыю, дэмаграфію, палітыку, насельніцтва, спорт краіны і так далей. Але пра душу народа, яго надзею, асцярогу, шчасце, жаданні можна даведацца з паэзіі. Калі яна з’яўляецца сэрцам народа, у Чарнагорыі дакладна ёсць магчымасць паслухаць, як стукае сэрца беларуса.
Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч у сваю чаргу расказала пра дзейнасць беларускіх літаратараў:
— Апошнім часам шмат мерапрыемстваў Саюза пісьменнікаў звязана з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Усе нашы краіны рыхтаваліся да гэтага свята. Мы разумеем, што пра вайну трэба гаварыць, і вырашылі адрадзіць жанр грамадзянскай паэзіі— пра Радзіму, вайну, Перамогу. Перад святам 9 Мая ў гродзенскім Цэнтры культуры зладзілі вечар, прысвечаны грамадзянскай паэзіі. Шмат мерапрыемстваў мы праводзім на чатырох мовах— рускай, беларускай, літоўскай і польскай, бо Гродзеншчына— шматнацыянальны, шматканфесійны рэгіён. Мы арганізуем вечары духоўнай музыкі і паэзіі, адкрылі літаратурную кавярню, куды запрашаем шмат пісьменнікаў і аматараў літаратуры.
На «круглым стале» традыцыйна агучваюцца ідэі будучых сумесных праектаў. Георгій Прахін першым нагадаў, што наступная сустрэча будзе дзясятай, юбілейнай. «Я думаю, трэба стварыць Шчучынскі ці Беларускі альманах— зборнік твораў людзей, што збіраюцца на гэтых сустрэчах. Гэта будзе не толькі памяццю, але і чытаннем— сапраўднай літаратурай».
Лілія Ананіч падтрымала ідэю: «Словы, думкі патрэбны сёння і будуць патрэбны заўтра, яны павінны прыйсці ў бібліятэкі, якія, нягледзячы на складанасці, у нас адкрываюцца».
Святлана Ананьева далучылася да ідэі стварэння альманаха, «які збярэ самыя яскравыя, самыя важныя ідэі ўдзельнікаў круглага стала «Сугучча».
Валерый Казакоў увогуле прапанаваў у Мінску ці любым іншым беларускім горадзе сабраць пісьменнікаў усіх славянскіх культур. «Акрамя Беларусі, іх ніхто не збярэ»,— канстатаваў пісьменнік.
«Падчас наступнай, юбілейнай, сустрэчы, думаю, нам будзе што паказаць,— каментуе старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей Кандыбовіч.— Савет нацыянальна-культурных аўтаномій Беларусі, як важны элемент грамадзянства, скажа сваё важкае слова і зробіць усё, каб наша Радзіма ганарылася намі таксама, як мы ёй ганарымся. Мы праводзім працу ў кірунку ваенна-патрыятычнага выхавання, святочныя мерапрыемствы, звязаныя са святкаваннем 70-годдзя Вялікай Перамогі,— усё гэта дае магчымасць абмяняцца ідэямі новых праектаў».
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Ссылка на источник:
Круглы стол «Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства»