Кожны дзень з`яўляюцца дзясяткі новых музычных кампазіцый розных жанраў. І гэта заканамерна, бо адлюстроўвае тэндэнцыі часу, паказвае, што хвалюе сучасных творцаў. І прыемна канстатаваць, хаця б для сябе, што народная песня, як і класічная музыка, застаецца з года ў год у нас на слыху. Зразумела, аўдыторыя прыхільнікаў тут не настолькі шматлікая. А вось задавальненне і асалода для душы, як мне здаецца, у разы большыя. У вандроўках са здымачнай групай праграмы «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» кожны раз пераконваюся ў гэтым. Не выключэннем стала і падарожжа ў вёску Студзераўшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе мы пазнаёміліся з мясцовым народным фальклорным калектывам.
Цяпер у вёсцы 33 двары, і там пражывае 56 чалавек. Мясціны тут прыгожыя і маляўнічыя, а назва населенага пункта, па адной з версій, паходзіць ад слова «студзень», «студзёная», «студзёная вада». Людзі кажуць, што некалі тут шумеў гай, а ўся вёска была быццам пранізана крыніцамі — хоць у любым месцы капай калодзеж. Вада ў гэтых крыніцах была незвычайная: летам — халодная, а зімой цёплая. Таксама некаторыя згадвалі, быццам мела тая вадзіца цудадзейную, лячэбную сілу. І да крыніц прыходзілі не толькі мясцовыя, але і прыезджыя людзі...
Яшчэ вёска славілася тым, што яе жыхары вельмі весяліцца любілі. Спявалі, танцавалі, збіраліся на вячоркі. Жанчыны, якія сёння захоўваюць народныя песні і традыцыі мясцовасці, добра гэта памятаюць.
— Мне ўжо можна не спяваць, але я ўсё роўна гэта раблю. І так 30 гадоў. Мы ўсе з самага заснавання тут спяваем. Наш калектыў арганізоўваўся з пяці чалавек. З часам ён разрастаўся, прычым спявалі ўсе: і жанчыны, і мужчыны. А цяпер мужчын ужо няма, — згадвае адна з удзельніц калектыву Яўгенія Ляўкевіч. — На вечарынкі мы збіраліся па хатах. Цяпер стамляешся, а раней прыйдзем дадому і — бяжым босыя на танцы. Але і пост трымалі перад вялікімі святамі... Цяпер жа ў нас глуш, людзей няма. Толькі паляўнічых хіба што ўбачыш.
Вячоркі ў вёсцы звычайна ладзілі два разы на тыдзень. Па чарзе хлопец шукаў музыканта, а дзяўчына — хату, затым другая пара. Пазней пачалі збіраць для музыкі грошы — хто колькі можа. Звычайна ігралі двое — на гармоніку і скрыпцы. Танцавалі польку, вальс, кракавяк, падыспань, страданне. Калі хлопец запрашаў дзяўчыну, то яны танцавалі ў пары, альбо дзяўчаты танцавалі з дзяўчатамі. Вельмі любілі на такія вячоркі прыходзіць жанатыя, каб патанцаваць, пагаварыць і паслухаць, што другія кажуць. Напрыклад, замужнія жанчыны дзяліліся сваімі жыццёвымі клопатамі, раіліся, як ужывацца ў новай сям`і.
Бяроза мая караністая,
Свякроўка мая ганарыстая.
Пакуль норавы пераведала,
Не раз я і не два не паабедала.
Свякроўка ліха работу скажа,
Сама спаць ляжа:
Ой ты, сыночак, каня напасі,
А ты, нявестка, вады прынясі...
У будні дзяўчына бегала па хатах і збірала дзяўчат, каб разам прасці. А хлопцы стараліся залезці пад калаўрот, каб іх не бачылі. Сядзелі і чакалі, калі дзяўчаты разыходзіцца пачнуць. Тады праводзілі дзяўчат дадому і падносілі ім прасніцы. Аднак, мяркуючы па тэкстах песень, што выконваюць тут сёння, не заўсёды дзяўчаты былі шчаслівыя ў каханні:
Плыві, доля, ты з вадою,
А я следам за табою.
Прыплылі мы к беражочку
Ды паселі на жвірочку.
Напісалі па лісточку:
«Няхай дома не гаруюць,
Мне пасагу не рыхтуюць.
Я свой пасаг прагуляла —
З казачэнькам размаўляла.
З казачэнькам маладзенькім
Пад кусточкам зеляненькім...»
Калі ж дзяўчына сустракала свайго нарачонага, то пачыналі думаць пра вяселле. Напярэдадні падзеі дзяўчына збірала «каравайных» з ліку сваіх сябровак альбо іх збірала маці з ліку сваіх сваячак. Дзяўчаты цэлую ноч пяклі каравай (нам паказалі гэты абрад). Каб каравай атрымаўся, трэба было не толькі добра ўмець цеста мясіць, а яшчэ і песні спяваць. Перад замесам жанчына, якая рабіла гэта, звярталася да каравайніц, каб атрымаць дазвол на такое дзеянне: «У імя Айца, Сына і Святога Духа... Дазвольце гэты Божы дар замясіць». І ёй адказвалі: «Як Бог дазваляе, і мы дазваляем». І так тройчы. Пакуль замешваўся каравай, гучала песня. («Дай, Божа, шчасця, дай, Божа, долі нашаму дзіцятачку».) Пасля гэтага надыходзіў час «круціць» пышкі, якімі будзе ўпрыгожаны каравай. Кожная каравайніца, узяўшы цеста ў рукі, спявала: «Свеціць месяц над гумном,/ Круцяць пышкі за сталом./ Круцяць браток з сястрою,/ Ды за светлаю зарою».
Перш чым зваць маршалка (ён занясе каравай у печ і будзе за ім там назіраць), спявалі песню для найстарэйшай каравайніцы: «Сама старша каравайначка, сама старша каравайначка/ Ды па полі гарцавала, яна зайца даганяла./ Сама старша каравайначка, сама старша каравайначка/ Паехала ў лес па дровы з кабылкаю сляпенькаю./ Кабылкаю сляпенькаю, дарожкаю крывенькаю./ Дарожкаю крывенькаю, з сякеркаю тупенькаю./ Зачапілася за пень прастаяла цэлы дзень...»
Дарэчы, маршалак не толькі назіраў за выпяканнем каравая, але таксама разразаў яго на наступны дзень на вяселлі. Гэта абавязкова павінен быў рабіць мужчына.
Як стварэнне новай сям`і, так і пабудова новага дома патрабавалі прытрымлівацца пэўных правіл-рэкамендацый. Для пабудовы хаты нельга было браць вывернутае непагаддзю дрэва, бо лічылася, што гэта зрабіла нячыстая сіла. Не выкарыстоўвалі і тое дрэва, што звісала над ім, бо «хата хутка згарыць». Вопытны селянін ніколі не возьме для будаўніцтва рыплівае дрэва (таму што ў хаце хтосьці памрэ). Калі аблюбаваў месца для будаўніцтва, то трэба на тым месцы паставіць чыгунок з павуком. Як за ноч «сатчэ ён кросны», тады месца выбрана ўдала. Раней на падмурак ніколі не бралі каменне з могілак — інакш увесь час будуць непрыемнасці. Пры будаўніцтве «хаты пад вугал» неабходна было пакласці манеты, хлеб, каб задобрыць дамавіка. А яшчэ пад чатыры вуглы клалі асвячоныя зёлкі альбо хваёвыя галінкі, каб засцерагчы дом ад Перуна. Знойдзеную на двары падкову на хату прыбівалі на шчасце. У новую хату пераходзілі на маладзік, каб раслі гаспадарка і дабрабыт у хаце. Але перад гэтым пускалі ў новую хату пераначаваць пеўня і ката. На наступны дзень перабіраліся гаспадары. Калі ў сям`і ўжо былі дзеці, то іх пускалі першымі. А як першы раз у хату заходзілі суседзі, то неслі з сабой хлеб, каб жыць дружна і ў цяжкую хвіліну не сварыцца. Звычайна на ўваходзіны збіраліся сваякі і блізкія, прыносілі падарункі і казалі пажаданні. Пасля гаспадары запрашалі ўсіх за стол. Так пагулянка працягвалася далёка за поўнач...
Што ні кажыце, але мудрасць старэйшага пакалення — для нас скарб. Магчыма, нейкія традыцыі і абрады, калі глядзець на іх сёння, здадуцца не надта патрэбнымі. Але іх сіла грунтуецца найперш на нашай веры. А чалавек, пакуль верыць, застаецца чалавекам. Акцэнты могуць перастаўляцца, як каму пажадаецца, але аснова — гэта пачатак усяго і ва ўсім.
Фота аўтара
drapko@zviazda.by
zviazda.by
Ссылка на источник:
Карысныя парады для новага жыцця