Ужо зусім хутка, 4 верасня, у Рагачове пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Горад і ўся гомельская вобласць актыўна рыхтуюцца да гэтага важнага нацыянальнага свята. Не застаюцца ўбаку і чытачы «Звязды». Наша пастаянная падпісчыца Соф`я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, даслала ў рэдакцыю свае тлумачэнні тапонімаў гэтага рэгіёна. Пастаянны эксперт «Звязды», старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў даследаванні, якімі займаецца Соф`я Парфір`еўна, у цэлым ухваляе. Таму мы прапануем і вашай увазе тлумачэнні рагачоўскіх тапонімаў ад мясцовай краязнаўцы.
Рагачоўшчына з`яўляецца тым месцам, дзе ад старажытных часоў сыходзіліся межы і інтарэсы спачатку розных плямёнаў, потым княстваў — Полацкага, Тураўскага, Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага. Таму і тапаніміка тут вельмі разнастайная. Мяняліся парадкі, лад жыцця, каштоўнасці. Нязменнымі заставаліся толькі тапонімы. Яны захоўвалі ў сабе вялікую колькасць інфармацыі і ўсе неабходныя тлумачэнні.
Балты і іх гідронімы
Рэкі ў старажытнасці, ва ўмовах суцэльных лясоў і непраходных балот, служылі адзінымі камунікацыйнымі артэрыямі і прыроднымі межамі. Таму нашы далёкія продкі і сяліліся па іх берагах і вельмі часта давалі назвы месцам пасялення па звязаных з імі водных аб`ектах і іх частках.
Найбольш буйная рака, якая працякае на Рагачоўшчыне, — Днепр (Барысфен, Данапрас). «Барысфен» — ад грэчаскага «непр», «не пря» — мірная рака. «Данапрас» паходзіць ад агульнаіндаеўрапейскага «ден», «дану» — цячэнне. Згодна з «Велесавай кнігай» у ІІІ-ІV стагоддзях Днепр меў нават мусульманскую назву «Эрак».
Рака Друць (у Рагачове ўпадае ў Днепр) — даславянскі балцкі гідронім. Ад балцкага «друтас» — магутны, паўнаводны.
Калі паглядзець на распаўсюджванне на Рагачоўшчыне тапонімаў і гідронімаў балцкага паходжання, то зрузумела, што балты рассяляліся ў паўночна-заходнім кірунку, па Друці. У VІІІ-X стагоддзях тэрыторыя Падняпроўя была заселена славянскімі плямёнамі радзімічаў і дрыгавічоў. Пэўныя паселішчы — Лучын, Войшчын — лічацца калоніямі смаленскіх крывічоў.
З часам балты былі асіміляваны славянскімі плямёнамі. Але дадзеныя імі назвы засталіся. Рака Друць і другі прыток Дняпра Ракатун (ад балцкага «ракціс» — крыніца). З балцкімі каранямі можна звязаць і назву вёскі Рэкта — тое ж, паселішча на крыніцы.
Вёска Мыза (страчана) — можна меркаваць, паселішча заснавана балтамі ці іх нашчадкамі, якія помнілі сваю мову. «Мыза» — па-нашаму хутар.
Усходнія матывы
Вёска Турск — пасяленне, заснаванае стараабрадцамі, якія падчас рэформы Нікана сыходзілі з Маскоўскага царства праз свае перакананні ў веры. І цяпер у ёй жывуць продкі сем`яў-заснавальнікаў — Сакаловы, Шчарбаковы, Лучанінавы, Шышовы. Назва паселішча паходзіць ад старажытнаславянскага імя Тур — аднаго з асабліва папулярных і любімых уласных імёнаў. А сама форма назвы паселішча ўказвае на множнасць. Магчыма, у кожнай з сем`яў-заснавальнікаў быў мужчына з імем Тур. Турск — пасяленне Туроў. У адрозненне ад «Тураў» — пасялення, заснаванага Турам.
Праз свае тапонімы помніць Рагачоўшчына часы прысутнасці Налівайкі (1595 г.), Залатарэнкі (1654 г.). З гэтым можна звязаць узнікненне назваў «Гайдукоўка», «Казацкі» — нават калі гэтыя паселішчы атрымалі назвы ад імя-мянушкі спадчыннікаў тых гайдукоў і казакаў.
Вынік уплыву Расіі і прысутнасці расійскіх войскаў — вёскі Княжына, Гусараўка, Драгунск, Казённая Слабада. У «Слабодах» маглі пражываць «вольнікі», але калі Слабада належала дзяржаве — яе называлі «Казённай».
«Гады», якія «дагадзілі»?..
Жыхары заўсёды тлумачаць назвы населеных пунктаў у станоўчым для сябе сэнсе. Напрыклад, ёсць два народныя варыянты паходжання назвы вёскі Гадзілавічы. Абодва звязаны з наведваннем Рагачоўскага павета імператрыцай Кацярынай ІІ у 1780 годзе. Гэта гістарычны факт, бо паводле І падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе да Расіі адыходзілі паўднёва-ўсходнія беларускія землі, у тым ліку частка сучаснага Рагачоўскага раёна.
Вядома ж, імператрыца дэманстравала свой клопат пра новыя землі і падданых на іх. Яна аб`ехала і ўвесь Рагачоўскі павет, сустрэлася са сваімі новымі падданымі. І, як рабілася ў такіх выпадках, каб выклікаць да сябе сімпатыю, «жалавала» ды «мілавала».
І быццам бы ў цяперашніх Гадзілавічах падчас яе візіту ў імператрыцы нешта скралі. Караць «гневам сваім» яна не стала, каб не псаваць, гаворачы сучаснай мовай, свой імідж. Але сказала — «гэткія гады, гадаўцы». Адсюль быццам і прыляпілася назва «Гадзілавічы». Бо нагадзілі ўладам.
Самі ж гадзілаўцы лічаць наадварот — што яны «дагадзілі» імператрыцы, і таму — Гадзілавічы.
Дар, што не прапаў
Пасёлак Царыцын Дар існаваў да 1925 года ў Лучынскім сельсаве-
це. І час узнікнення, і назва звязаны таксама з наведваннем Рагачоўскага павета Кацярынай ІІ у 1778 годзе. За добры прыём мілавала імператрыца сяло Лучын зямлёю. І зямлю тую назвалі «Царындаршчына», а пасёлак, які ўзнік на ёй, — «Царыцын Дар».
Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя назва гэтая была ва ўжытку. Потым згодна з новым планам калгасных угоддзяў гэты «дар» стаў проста «Поле № 1». І ўжо мала хто ведае, што існавала і селішча, і поле з такімі прыгожымі, красамоўнымі і дакладнымі назвамі.
Быў дакладны гістарычны факт — і яго не стала. Але ж дзякуючы гэтаму факту, гэтаму Дару, зямля ва ўтвораным у свой час калгасе засталася.
Упісаныя ў раку
Згадка пра Лучын у летапісах упершыню датуецца 1136 годам. А гэта азначае, што пасяленне ўзнікла значна раней і ўжо мела пэўнае значэнне і статус.
Назва азначае «пасяленне ў вылучыне, выгіне ракі», менавіта так вёска і размешчана.
Адметным падаецца і само словаўтварэнне — не Лучыно, не Лучыск, не Лучынне, а Лучын. Ёсць многа аднакарэнных, матываваных словам «лука» назваў, але форма Лучын — адзіная ў Беларусі і Расіі. Ёсць Лучын толькі на Жытоміршчыне ва Украіне. Чаму і як дзве аднолькавыя назвы з`явіліся ў розных краях — пытанне, на якое цяпер цяжка адказаць.
Рагачоў таксама вельмі старажытны, у летапісах узгадваецца ў 1140-х гадах. Ёсць меркаванне, што назва Рагачоў паходзіць ад «рог» — у сэнсе круты паварот. Тут рака Друць робіць круты паварот і ўтварае востры вугал.
З такім тлумачэннем не пагаджаецца прафесар Лемцюгова. Яна адзначае, што назва заканчваецца на «-оў», што ўказвае на прыналежнасць. Прыгадваецца старажытнае імя-мянушка Рагач (Рогач) — упарты, задзірысты чалавек. Ёсць слова «рагаціцца» — упарціцца. Таму найменне можа азначаць індывідуальную прыналежнасць чалавеку з такімі вартасцямі.
Згодна з іншай версіяй, назва паходзіць ад старажытналітоўскага «рогас» — алтар, свяцілішча, святое месца. Таксама ёсць паданне, што Рагачоў доўга супраціўляўся прыняццю хрысціянства — «рагаціўся».
Zviazda.By
Ссылка на источник:
Тлумачэнні рагачоўскіх тапонімаў ад мясцовай краязнаўцы