Юбілейны XXX фестываль-свята аўтарскай песні «Віцебскі лістапад» будзе багатым на падзеі, як ніколі раней.
У праграме — канцэрт міжнароднага праекта «Булат Акуджава. Уладзімір Высоцкі. Цытаты», выстаўка-рэтраспектыва мастакоў Віцебскай школы і паэтаў «Рытмы і рыфмы часу», вечарына песень і іншыя мерапрыемствы. Па традыцыі, як і на самым вядомым фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», у цэнтры ўвагі будзе конкурс бардаў. Дарэчы, кандыдатаў у канкурсанты чакаюць менавіта ў будынку дырэкцыі «базару».
— Заяўку на ўдзел трэба падаць па адрасе: вуліца Маякоўскага, 1 (кабінет 8). Завочна прайсці адбор можна, даслаўшы заяўку, аўдыя- і відэаматэрыял на электронны адрас: lіstopad@gck.by. Узор на сайце www.gck.by. Спіс удзельнікаў, якія прайшлі конкурсны адбор, вызначыцца да 20 кастрычніка, — паведамілі ў «Цэнтры культуры «Віцебск».
Конкурс пройдзе 29 кастрычніка ў канцэртнай зале «Віцебск». Журы выбера пераможцаў у некалькіх намінацыях, у тым ліку і найлепшыя дуэт, ансамбль. У гэты ж дзень адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў. А 30 кастрычніка выступяць лаўрэаты і госці культурнага праекта. «Віцебскі лістапад» — адзін з найстарэйшых бардаўскіх фэстаў на постсавецкай прасторы. Многія іншыя, як той казаў, «канулі ў Лету». А наш фестываль праводзіцца рэгулярна, і штогод адкрывае новыя таленты.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
pukshanskі@zvіazda.by
Zviazda.By