Гэтыя дванаццаць месяцаў, якія ўжо амаль завершаны, па азначэнні павінны былі стаць асаблівымі для культуры, значыць, і для беларускага кінематографа. Але год — гэта толькі маленькі адрэзак часу, які ў нашых умовах не здольны прапанаваць кардынальныя перамены і глыбокія зрухі. Некалькі акцый, маштабных мерапрыемстваў, пафасных прамоў — і з 1 студзеня мы быццам не павінны працягваць гэту лінію. Па маіх адчуваннях, наш кінематограф у 2016 годзе, нават калі гэта быў Год культуры, не адчуў нейкіх імпульсаў і з моманту ўздыму маладога незалежнага кіно завіс у нявызначанасці: што будзе далей? І вось з гэтай туманнасцю, няяснасцю, цьмянасцю мы пераходзім у новы год, ад якога чакаем калі не прарываў, што было б добра, то хоць бы сціплых рухаў наперад. Таму што стан, у якім беларускае кіно знаходзіцца сёння, — вельмі кволы і нетрывалы, і мы з насцярожанасцю чакаем, куды гэты маятнік хістанецца. Уперад ці назад?
Усё ж на працягу 2016-га сфера жыла, стварала кіно, паказвала яго на вялікім экране, ладзіла фестывалі, абмяркоўвала стужкі. З той нагоды, што ўжо праз тыдзень мы ў пэўным сэнсе «абнулім» мінулае і пачнём адлік наноў, варта падсумаваць вынікі гэтага кінематаграфічнага года — падзей і ініцыятыў, знакавых, сімвалічных і красамоўных.
1. Нягледзячы на тое, што ўжо некалькі гадоў, з 2012-га, у нас праводзіцца ў цэлым карэктная схема конкурсу кінапраектаў (гэта рэспубліканскі адкрыты конкурс кінапраектаў Міністэрства культуры), у краіне ён амаль не становіцца пачаткам вялікай гісторыі добрых фільмаў. Не трэба быць вельмі разумным, каб сказаць, што вынікі двух сёлетніх не будуць выключэннем. Чаго чакаць ад конкурсу, які ў катэгорыі ігравога кіно «заказвае» пяць серыялаў і ніводнага поўнаметражнага фільма (кінаверсіі апрыёры не ўлічваюцца), а тэмамі называе «дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па гарантаванні нацыянальнай бяспекі» ці «фарміраванне пазітыўнага вобраза сучаснай Беларусі ў грамадска-сацыяльным кантэксце». Да таго ж кінастудыя «Беларусьфільм» толькі і зняла за гэты год (маю на ўвазе ігравое кіно), што фільм «Сляды на вадзе», які глядач убачыць на вялікім экране прыкладна ў сакавіку наступнага года. Праект «Трымайся за аблокі» (мы нават рабілі два рэпартажы са здымак карціны) пакуль прыпынены: ён павінен быў выйсці на экраны летам 2017 года, але ці будзе завершаны ўвогуле, пакуль невядома. Беларускія кінаведы сказалі, што матэрыял у здымачнай групы атрымаўся няякасным, што крыўдна — ізноў дзяржаўныя грошы рызыкуюць быць патрачанымі бессэнсоўна. Так і атрымліваецца, што на фестывальнае, дэбютнае, аўтарскае ці нават жанравае поўнаметражнае кіно сродкаў у нас не прадугледжана, а тое, што фінансуецца, часцяком аказваецца нізкасортным ці нават правальным.
2. У той жа час «неафіцыйны», калі карыстацца такімі тэрмінамі, кінаматограф дае нагоды ім ганарыцца. У Беларусі ці беларусамі былі створаны фільмы, якія ўласна я рэкамендавала бы ўбачыць. Гэта незвычайная чорна-белая паўігравая, паўдакументальная «Саламанка» Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак — беларусаў, што жывуць у Маскве, а фільм знялі ў мексіканскай рэлігійнай суполцы менанітаў. Гэта поўнаметражная дакументальная карціна Дзмітрыя Махамета, які жыве на дзве краіны — Беларусь і Францыю, з вельмі паэтычнай назвай «Ты сюды больш не вернешся, або Вецер ведае, што я дома». Гэта зноў жа дакументальная работа Андрэя Куцілы «25», у якой аўтар спрабуе адлюстраваць сучасную краіну праз пяць яе равеснікаў — маладых беларусаў. Гэта філігранная, знятая адным планам ігравая работа Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя», дзе прыгожа абыграная адсылка да Гогаля, не застаецца ў адзіноце. Гэта тое, што магло быць паказаным у рамках Дзён беларускага кіно недзе за мяжой.
3. Беларускае кіно рэгулярна трапляе на вялікі экран, і гэта не толькі прадукцыя кінастудыі «Беларусьфільм». Так, былі паказаныя фільмы «Граф у апельсінах» Улады Сяньковай, «Відэарэгістратар» Філіпа Лагонды, «Гараш» Андрэя Курэйчыка і рыхтуецца да пракату «Party-Zan фільм» таго ж аўтара. З аднаго боку, шыкоўна, што сюды трапляе кіно, створанае без дапамогі дзяржавы, з іншага — пад канец года выбар кінапракату шчыра здзівіў, калі прапанаваў гледачу відавочна халтурную работу бізнесмена Яўгена Курэнчаніна «Розум». Апроч гэтага, у рамках Года культуры міністэрства падтрымала ініцыятыву цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» і Акадэміі мастацтваў паказаць падборку ігравых і дакументальных фільмаў беларускіх аўтараў у сталіцы і рэгіёнах у рамках акцыі «Новы погляд: маладое беларускае кіно». Сюды былі выбраныя фільмы «Госці» Андрэя Куцілы, «Подых балот» Ігара Чышчэні, «Амерыкан бой» Мікіты Лаўрэцкага, «Сапраўдная амерыканка» Дар`і Жук, «Фартуна» Івана Маслюкова і іншыя. Гэта значыць, што беларускі глядач нарэшце змог ацаніць не толькі рэдкія поўнаметражныя беларусьфільмаўскія карціны кшталту «Дзяржаўная граніца», але і новае жывое незалежнае кіно.
3. Беларускае кіно рэгулярна трапляе на вялікі экран, і гэта не толькі прадукцыя кінастудыі «Беларусьфільм». Так, былі паказаныя фільмы «Граф у апельсінах» Улады Сяньковай, «Відэарэгістратар» Філіпа Лагонды, «Гараш» Андрэя Курэйчыка і рыхтуецца да пракату «Party-Zan фільм» таго ж аўтара. З аднаго боку, шыкоўна, што сюды трапляе кіно, створанае без дапамогі дзяржавы, з іншага — пад канец года выбар кінапракату шчыра здзівіў, калі прапанаваў гледачу відавочна халтурную работу бізнесмена Яўгена Курэнчаніна «Розум».
Апроч гэтага, у рамках Года культуры міністэрства падтрымала ініцыятыву цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» і Акадэміі мастацтваў паказаць падборку ігравых і дакументальных фільмаў беларускіх аўтараў у сталіцы і рэгіёнах у рамках акцыі «Новы погляд: маладое беларускае кіно». Сюды былі выбраныя фільмы «Госці» Андрэя Куцілы, «Подых балот» Ігара Чышчэні, «Амерыкан бой» Мікіты Лаўрэцкага, «Сапраўдная амерыканка» Дар`і Жук, «Фартуна» Івана Маслюкова і іншыя. Гэта значыць, што беларускі глядач нарэшце змог ацаніць не толькі рэдкія поўнаметражныя беларусьфільмаўскія карціны кшталту «Дзяржаўная граніца», але і новае жывое незалежнае кіно.
4. На беларускіх пляцоўках быў зладжаны шэраг кінафестываляў. Як непараўнальны міжнародны мінскі форум «Лістапад», так і фестываль выключна беларускага кіно «Бульбамуві», фестываль кароткаметражнага кіно Cіnema PerpetuumMobіle, фестываль кіно скандынаўскіх краін «Паўночнае ззянне», міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка» ў Магілёве і іншыя. Да таго ж 2016 год адзначаны вельмі прыгожай і прыемнай з`явай — кінапаказамі на беларускай мове. Займаюцца гэтым, праўда, не дзяржаўныя ўстановы, а грамадскія актывісты, тым не менш кожны жадаючы можа ўбачыць замежныя стужкі ў прaфесійнай беларускамоўнай агучцы. За кампаніяй «Кінаконг» і яе кіраўніком Андрэем Кімам стаіць сайт з навінамі, трэйлерамі, рэцэнзіямі і іншымі адпаведнымі рэчамі на беларускай мове і кінапаказы ў кінатэатры «Перамога». Гэтыя паказы выклікалі да сябе такую цікавасць, што, напрыклад, мядзведзя «Падынгтана» прыйшлося дэманстраваць даўжэй.
5. Рэканструкцыя «Беларусьфільма» працягваецца, а супрацоўнікі тым часам паказваюць, як пасля рамонту працякае столь. Не, не ў будаўнічых работах на нацыянальнай кінастудыі праблема нашага кінематографа. Яе не вырашыць толькі адміністрацыйнымі рашэннямі — у мастацтве так проста не бывае. Вядома ж, арганізацыя конкурсу, фінансаванне, індустрыя — усё павінна быць наладжана. Толькі мы занадта старанна на гэтым канцэнтруемся ў той час, як аўтарам не хапае больш важных рэчаў — кінематаграфічнага бачання, здольнасці аналізаваць наваколле, нагледжанасці, усведамлення сябе як аўтара, а не плагіятара, цвярозага агню ў вачах, а не любові да сферы кіно толькі з-за яе прадстаўнічасці. Усё гэта не магло ўзнікнуць за кароткі Год культуры, але гэтага часу было дастаткова, каб канчаткова ўпэўніць: за ўсё пералічанае будзе адказваць незалежны кінематограф. І мы ўсе чакаем, што ён хістане гэта маятнік усё ж уперад.
Ірэна Кацяловічkatsyalovіch@zvіazda.by24 снежня 2016, zviazda.by