Стартаваў збор подпісаў пад сумеснай петыцыяй супраць будаўніцтва воднага шляху Е40, з якой выступілі больш за дваццаць экалагічных арганізацый Беларусі, Польшчы і Украіны.
Сярод аўтараў звароту — грамадскія арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", "Багна", "Экадом", "Зялёная сетка" (Беларусь), Сусветны фонд дзікай прыроды WWF (прадстаўніцтвы ў Польшчы і Украіне), Украінскае таварыства аховы птушак і іншыя.
"Мэта петыцыі — звярнуць увагу грамадскасці, уладаў і патэнцыйных інвестараў на негатыўныя наступствы, да якіх можа прывесці стварэнне новай транспартнай артэрыі, і ў канчатковым выніку спыніць распрацоўку гэтага праекта", — паведамілі ў аргкамітэце грамадскай кампаніі "Стоп Е40! Захаваем нашы рэкі разам".
Эколагі трох краін занепакоеныя, што праект прадугледжвае сур`ёзнае змяненне гідралагічнага рэжыму рэк, якія фарміруюць гэты водны шлях: Віслы, Мухаўца, Піны, Прыпяці, Дняпра, а таксама Дняпроўска-Бугскага канала. На рэках могуць з`явіцца новыя плаціны, дамбы, іх рэчышчы могуць быць выраўнаваныя, а берагі забетанаваныя.
Эколагі лічаць, што такое ўмяшанне чалавека ў прыроду нясе пагрозу назаўжды змяніць гэтыя рэкі, разбурыўшы сталыя экасістэмы. У прыватнасці, непапраўная шкода можа быць нанесеная больш як сямі дзясяткам асабліва ахоўных прыродных тэрыторый ва ўсіх трох краінах, дзе жывуць многія рэдкія віды жывёл і раслін.
У Польшчы пад пагрозай апынуцца экасістэмы адразу некалькіх ваяводстваў, дзе яшчэ захаваліся ўчасткі рэк і пойменныя азёры, блізкія да натуральнага стану. У Беларусі шлях Е40 пагражае, перш за ўсё, Прыпяці і яе пойме, якія з`яўляюцца асяродкам біяразнастайнасці ў рэгіёне і іграюць важную ролю ў міграцыі птушак на ўсім Еўрапейскім кантыненце.
Будаўніцтва Е40 і рост грузавых перавозак на буйных судах класа "рака-мора" па гэтым шляху парушыць нерасцілішчы рыб, што паменшыць рыбныя запасы.
Аўтары петыцыі выступаюць супраць планаў па перавозцы па Е40 нафтапрадуктаў і мінеральных угнаенняў, бо гэта стварае пагрозу тэхнагенных катастроф.
Асаблівую заклапочанасць эколагаў выклікае той факт, што водны шлях Е40 праходзіць праз чарнобыльскую зону. Працы па паглыбленні дна і інтэнсіўны рух грузавых суднаў могуць прывесці да таго, што радыеактыўны глей падымецца з дна і пойдзе ўніз па плыні Прыпяці і Дняпра ў Кіеўскае вадасховішча, якое дае пітную ваду мільёнам украінцаў.
Паводле ацэнак незалежных эканамістаў, добраўпарадкаванне Е40 спалучана з павышанымі інвестыцыйнымі рызыкамі. Нават пасля мадэрнізацыі гэты водны шлях не будзе цікавы большасці грузаадпраўнікаў, бо ён прайграе па ўмовах дастаўкі аўтамабільнаму і чыгуначнаму транспарту. Акупіць інвестыцыі ў Е40 вельмі складана нават у доўгатэрміновай перспектыве, а падтрымка яго інфраструктуры ў працоўным стане можа легчы цяжарам на бюджэты трох краін. Па сукупнасці гэтых і іншых фактараў уплыў на эканомікі Беларусі, Польшчы і Украіны, хутчэй, будзе негатыўным.
Прыхільнікі праекта Е40 спрабуюць супакоіць абяцаннем правесці ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), аднак менавіта ў гэтым экалагічная грамадскасць бачыць сур`ёзную пагрозу. "На жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што ва ўсіх трох краінах дамінуюць кароткатэрміновыя эканамічныя інтарэсы, а ўлады не дэманструюць належнай экалагічнай культуры", — гаворыцца ў петыцыі.
"Немагчыма давяраць вынікам АУНА для праекта Е40, калі, напрыклад, у Польшчы высечка рэліктавага лесу Белавежскай пушчы лабіруецца на ўзроўні Міністэрства прыроды, нягледзячы на пратэсты вучоных і рашэнні інстытутаў ЕС. Прыхільнікі праекта Е40 заяўляюць, што ўжо заручыліся падтрымкай прэзідэнта Беларусі. Ва ўмовах высокай канцэнтрацыі прэзідэнцкай улады правядзенне АУНА ў краіне, хутчэй за ўсё, ператворыцца ў фармальнасць. Нагадаем, пасля таго, як у чэрвені 2017 года кіраўнік Беларусі выказаўся за ўключэнне ў гаспадарчы абарот часткі зямель чарнобыльскай зоны, міністэрствы і ведамствы на працягу месяца ўзгаднілі адпаведны праект указа. Сур`ёзную заклапочанасць выклікае высокі ўзровень карупцыі ў Украіне, што таксама не выклікае даверу да магчымага правядзення АУНА па праекце Е40 у гэтай краіне", — адзначаюць аўтары петыцыі.
"Заклікаем нацыянальныя ўрады і інвестараў адмовіцца ад планаў па будаўніцтве воднага шляху Е40 і прапануем засяродзіцца на іншых праектах у транспартнай галіне, якія не будуць несці такой пагрозы прыродзе і якія гарантуюць станоўчы эканамічны эфект як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве. Заклік спыніць распрацоўку праекта падтрымалі ўдзельнікі V форуму грамадскіх экалагічных арганізацый Беларусі, які прайшоў у Раўбічах (Мінскі раён) 21—23 ліпеня 2017 года. Да рэзалюцыі форуму далучыліся некалькі дзясяткаў экалагічных арганізацый краіны", — адзначаюць арганізатары збору подпісаў.
Марына Носава,
БелаПАН8 жніўня 2017
Ссылка на источник:
Стартаваў збор подпісаў пад петыцыяй супраць будаўніцтва воднага шляху Е40