У традыцыйнай культуры беларусаў да падземнага (хтанічнага) свету — свету нашых продкаў, стаўленне было асабліва паважлівае. Менавіта яны лічыліся сапраўднымі гаспадарамі зямлі. Ад іх добразычлівасці залежаў ураджай, а значыцца, і дабрабыт сям`і. Відавочна, таму ў народным календары значнае месца адводзіцца абрадавым дзеянням, накіраваным на ўшанаванне продкаў.
Яшчэ раз засяродзім увагу на святочным колазвароце дзён беларусаў. Нельга не адзначыць адну вельмі выразную асаблівасць народнага календара. Пераважная большасць свят у сваёй лагічнай паслядоўнасці зарыентавана на дыялог чалавека з Прыродай, з Космасам, асноўны сэнс якога — заручыцца падтрымкай сіл прыроды, каб яны актыўна і эфектыўна паспрыялі вялікаму, складанаму і працягламу па часе цыклу сельскагаспадарчых (у аснове сваёй земляробчых) работ. Аднак нельга не заўважыць, што ў гэты адладжаны рытм земляробчых спраў уключаны два святы, характар і сэнсавае напаўненне якіх прынцыпова адрозніваецца ад усіх астатніх. Гэта Радаўніца і Восеньскія Дзяды (хоць у розных месцах памінальным днём маглі быць: першы або другі дзень Вялікадня, чацвер на Велікодным тыдні — Наўскі Вялікдзень; у межах аднаго і таго ж раёна, напрыклад Чэрвеньскага, побач знаходзяцца вёскі, у адной з якіх веснавое ўшанаванне продкаў адбываецца на Радаўніцу, у другой у суботу перад Тройцай).
Неабходна адзначыць, што на працягу года амаль што ўсе суботы, папярэднія вялікім святам, прысвячаліся продкам: Масленічныя, Стрэчаньскія, Траецкія, Дзмітраўскія, Міхайлаўскія Дзяды, часцей за ўсё іх звалі радзіцельскімі суботамі. Аднак Восеньскія Дзяды і Радаўніца былі самымі вядомымі.
Калі намаляваць кола, якое сімвалізуе гадавы цыкл свят, і злучыць лініяй веснавы і восеньскі дні ўшанавання памерлых, то выразна відаць, што гэтыя святы як бы акрэслівалі паўсферу, якая ахоплівала час правядзення асноўных земляробчых работ. Гэтыя дні ўшанавання продкаў фіксавалі мяжу пачатку і заканчэння найважнейшага цыкла аграрна-каляндарных святкаванняў. Калі ж улічыць, што старажытны пачатак Новага года ў беларусаў супадаў з днём веснавога раўнадзенства, то можна ўявіць, што першым святам новага жыццёвага цыкла станавілася Радаўніца. Чым гэта абгрунтавана і як гэта можна растлумачыць? Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, неабходна звярнуцца да структуры асноўных святочна-абрадавых комплексаў народнага календара і паспрабаваць знайсці тое, што ўсіх іх аб`ядноўвае.
Такім чынам, аснову традыцыйнага светапогляду складала вось, якая аб`ядноўвала Нябесную сферу і сферу продкаў. Чалавек адначасова звяртаўся па дапамогу да Сонца, Месяца, зорак, Багоў, а таксама і да «трыдзявятага царства» — свету продкаў. Гэта скіраванасць выразна прадстаўлена ў казках, замовах, загадках, прыказках.
Можна без перабольшання сцвярджаць, што гэта адзін з самых галоўных структураўтваральных прынцыпаў не толькі кожнага рытуальна-абрадавага комплексу паасобку, але і календара ў цэлым. Больш таго, калі ў адных абрадавых структурах ён быў «адным з некалькіх раўназначных», то ў іншых гэта быў ключавы фактар, які жорстка рэгламентаваў паводзіны ўсіх удзельнікаў.
Каб больш выразна і шматбакова паказаць месца і ролю для беларускай этнакультурнай традыцыі культу продкаў, мы выдзяляем з гэтага прынцыпу яшчэ адзін складальнік, які фармулюем як жорсткае табу, як неабвержнае прадпісанне, якое рэгламентуе нашы паводзіны ў абрадавых сітуацыях: «Перш чым сабе — продкам!»
У якасці ілюстрацыі прывядзём некалькі прыкладаў:
1. Сярод беларусаў і сёння шырока бытуе прыказка «Першы блін комам», сэнс якой у другой палове ХХ ст. пачалі тлумачыць наступным чынам: адсутнасць вопыту часта прыводзіць да таго, што задуманае не ўдаецца цалкам здзейсніць. Дапускаецца і ўласна натуралістычнае тлумачэнне: наша паспешлівасць ва ўжыванні страў прыводзіць да таго, што гарачы блін «перасядае».
Аднак шматлікія абрадавыя кантэксты дазваляюць даць зусім іншую інтэрпрэтацыю зместу прыказкі.
У асяроддзі беларусаў існаваў звычай: на кожнае вялікае свята ў сям`і абавязкова пяклі бліны (ячныя, пшанічныя, бульбяныя, жытнія, грэцкія), але першы спечаны блін (у адпаведнасці з патрабаваннем этыкетна-нарматыўнага прадпісання) клалі на сподак і ставілі ў чырвоны кут пад абразы або на падаконнік, таму што ён прызначаўся душам памерлых продкаў. Тры дні ляжаў гэты блін на самым пачэсным месцы, затым яго аддавалі птушкам, якія, паляцеўшы на поўдзень — у «вы-рай», перададуць прывітанне памерламу роднаму. А калі хто-небудзь парушаў прадпісанне звычаёвага права і спрабаваў сам з`есці блін, то ён (блін) і «станавіўся колам».
2. Усе ўдзельнікі жалобнага стала таксама падпарадкоўваліся найважнейшаму абрадафарміруючаму прынцыпу, г. зн. першую чарку налівалі памерламу; абсалютна кожная страва, пададзеная на стол, павінна быць патрошку адкладзена ў талерку памерламу.
3. На Саракі (22.03) гаспадыні выпякалі печыва ў выглядзе птушачак — «жаваранкаў», перш чым есці самім і прапанаваць дзецям, якія з гэтымі «птушкамі» гукалі вясну, адно з іх тут жа кідалі назад у печ — прыносілі ахвяру продкам свайго роду.
4. На ўсёй Беларусі да сённяшняга дня жанчыны, у якіх памерлі малыя дзеці, прытрымліваюцца забароны ўжываць яблыкі да Яблычнага Спаса (19.08). Хрысціянская легенда сведчыць, што ў гэты дзень Бог адорвае памерлых дзяцей рознымі пачастункамі, сярод якіх ёсць і яблыкі. Калі ж чыя-небудзь маці не ўтрымалася і з`ела яблык да Спаса, то лічылася, што дзіця на «тым» свеце застанецца без падарунка. Таму першыя яблыкі новага ўраджаю на Спас асвячалі ў храме і неслі на магілы дзяцей. Такім чынам адбывалася памінанне заў-час-на (не ў пару, раней, чым трэба) памерлых дзяцей.
5. У ранейшыя часы існаваў звычай: маладыя адразу пасля вянчання выходзілі з храма і ішлі да магіл сваіх продкаў, таму што могілкі былі тут жа, у непасрэднай блізкасці. Ад сучаснага месца рэгістрацыі шлюбу — загса — да бацькоўскіх могілак далёка. Аднак у памяці людзей усё роўна захаваўся спрадвечны прынцып: перш чым маладыя паедуць да вясельнага стала, яны абавязкова павінны накіравацца да брацкіх магіл або іншых рытуальных мясцін, звязаных з ушанаваннем загінулых або памерлых і схіліць галаву — пакланіцца (!!!) продкам.
6. Нагадаем яшчэ адно даволі жорсткае папярэджанне, шырока вядомае сярод старэйшых людзей: «Не чапай зямлю да Радаўніцы або да Благавешчання — можа быць смерць у вашай сям`і». Растлумачым. Прыходзіла вясна. Чалавек рыхтаваўся да пачатку вялікага цыкла сельскагаспадарчых прац. Аднак традыцыйны светапогляд прытрымліваўся няўхільнага правіла: перш чым наводзіць парадак на сваім прысядзібным участку, неабходна было навесці парадак на магілах сваіх продкаў. Тая ж жыццёвая логіка падказвала: калі на Радаўніцу вы заручыліся падтрымкай сваіх продкаў, а на Багача (21.09) парадаваліся сабранаму багатаму ўраджаю, то на Восеньскія Дзяды трэба аддзячыць продкам за дапамогу і падзяліцца з імі набытым багаццем.
Менавіта таму забаранялася ставіць помнікі на магілах пасля Пакроваў (калі зямля засынае) і да Радаўніцы.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК
Крыніца, 22 красавіка 2017
Ссылка на источник:
Як беларусы шануюць тых, хто ахоўвае з нябыту