Менск — адзін з найцікавейшых гарадоў на плянэце з пункту гледжаньня архітэктуры 20 стагодзьдзя. У гэтым упэўнены Цзыўай Со (Tszwai So), архітэктар беларускай царквы ў Лёндане. Ён настолькі натхнёны беларускай архітэктурай 20 стагодзьдзя і працамі маладых архітэктараў, што хоча адкрыць у Менску архітэктурнае бюро. Пра таленавітую моладзь, сьціпласьць беларусаў і іхную мэлянхолію ён распавёў у інтэрвію Свабодзе падчас свайго візыту ў Беларусь.
Крэатыўная моладзь — самая вялікая каштоўнасьць Беларусі
Цзыўай Со другі раз у жыцьці наведвае Беларусь. Першы раз ён прыяжджаў у 2012 годзе, калі рабіў скетчы драўляных цэркваў. Традыцыйнае дойлідзтва натхніла яго на праект драўлянай капліцы ў Лёндане. Пабудаваная ў 2016 годзе, яна ўвайшла ў лік 50 найлепшых новых будынкаў Лёндану, за мінулы год выйграла ў Вялікай Брытаніі сем прэстыжных архітэктурных конкурсаў.
Гэтым разам Цзыўай Со прыехаў па справах. Ён наведаў сынагогу ў Слоніме, рэстаўрацыя якой пачнецца неўзабаве, а таксама высьвятляў, ці магчыма адкрыць у Менску архітэктурнае бюро. Ён перакананы, што ў Беларусі шмат здольных маладых архітэктараў. Пакуль, зрэшты, ён толькі заводзіць кантакты і дасьледуе мясцовы рынак.
«Я заўжды хацеў заснаваць малое архітэктурнае бюро ў Менску, — кажа Цзыўай. — Я сачу за маладымі беларускімі архітэктарамі і лічу, што яны сапраўды таленавітыя».
Цзыўай хацеў бы прадставіць працы беларускіх архітэктараў на Фэстывалі архітэктуры ў Лёндане, зь якім ён супрацоўнічае ўжо два гады. Такую магчымасьць ён акурат зьбіраецца абмеркаваць з амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Менску.
«У гэтым горадзе не бракуе талентаў. Было б цудоўна прадставіць брытанскай публіцы тое, чаго дасягнулі маладыя архітэктары з часоў развалу Савецкага Саюзу», — кажа архітэктар.
Культурны цэнтар «Корпус» летась размалёўвалі бразільскія мастакі
Культурны цэнтар «Корпус» летась размалёўвалі бразільскія мастакі
Цзыўай Со ўражаны ў Менску вуліцай Кастрычніцкай і гіганцкімі мураламі, якія цягам апошніх гадоў зьявіліся тут падчас фэстывалю Vulica Brazil.
«Зь першага позірку Менск выглядае гэтаксама, як і пяць год таму. Але гэтае месца неверагоднае. Было б добра, каб маладых архітэктараў больш прыцягвалі да стварэньня новых публічных прастораў. Крэатыўная моладзь — самая вялікая каштоўнасьць, якую мае Беларусь сёньня».
Тэатар опэры і балету — гэта менскі сабор Сьвятога Пятра
Менск адметны ня толькі такой новай гарадзкой прасторай, як раён Кастрычніцкай вуліцы, але найперш архітэктурнай спадчынай 20 стагодзьдзя, лічыць Цзыўай. Па яго словах, сталіца Беларусі — адзін з найцікавейшых гарадоў на плянэце з пункту гледжаньня архітэктуры мінулага стагодзьдзя.
Найбольш каштоўныя рэчы, якія ён бачыць у Менску, — гэта канструктывісцкая архітэктура міжваеннага часу і нэаклясычная пасьляваеннага пэрыяду. Па словах Цзыўая, канструктывізм шануецца ва ўсім сьвеце. Адзін канструктывісцкі будынак у Нідэрляндах нядаўна ўключылі ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
«А ў Менску іх тры ці чатыры. І ніхто нават нічога ня кажа пра іх», — заўважае архітэктар.
Найбольш унікальным сярод міжваенных аб’ектаў Цзыўай называе будынак Нацыянальнага тэатру опэры і балету. Ён ня ведае іншых прыкладаў такой архітэктуры, пераходнай паміж канструктывізмам і пасьляваеннай нэаклясыкай.
«Я думаю, гэты будынак — сапраўдны шэдэўр. Ягоная архітэктурная мова вельмі своеасаблівая. Нідзе больш няма нічога такога кшталту, наколькі я ведаю Ўсходнюю Эўропу. Гэта менскі сабор Сьвятога Пятра».
Беларусы вельмі сьціплыя
Міжваенныя канструктывісцкія рэчы і пасьляваенная забудова праспэкту Незалежнасьці павінны быць уключаныя ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА, упэўнены Цзыўай. Гэтаксама як і драўляныя цэрквы і сынагогі, пабудаваныя да 19 стагодзьдзя. Бо аналягічная драўляная архітэктура Славаччыны і Румыніі ўключаная ў Сьпіс усясьветнай спадчыны.
«Вашыя цэрквы вельмі асаблівыя. Яны не падобныя ні да чога іншага ў Эўропе. Мясцовыя дойліды спалучылі стыль барока і мясцовыя традыцыі. Гэта сьведчаньне чалавечай крэатыўнасьці пры абмежаваных рэсурсах — толькі дрэва».
Калі вы ў сябе дома трымаеце нешта каштоўнае, але нікому пра гэта ня кажаце, ня варта чакаць, каб іншыя пачалі гэтым захапляцца.
Акрамя архітэктурнай вартасьці, гэтыя будынкі проста важныя для гісторыі. Найстарэйшым драўляным цэрквам больш за 400 гадоў — яны самыя сапраўдныя жывыя сьведкі гісторыі Беларусі.
«Калі вы іх разбурыце, вы зьнішчыце ўласную гісторыю», — кажа Цзыўай.
Для архітэктара відавочная каштоўнасьць і драўлянага дойлідзтва, і менскай архітэктуры 20 стагодзьдзя. Але каб усё гэта было ўключана ў сьпіс ЮНЭСКА, сама Беларусь павінна падаць заяўку на ўключэньне.
«Замежнік кшталту мяне ня ў сілах штосьці зрабіць, — кажа архітэктар. — Гэта беларускае грамадзтва павінна асэнсаваць значнасьць сваёй спадчыны. Калі вы ў сябе дома трымаеце нешта каштоўнае, але нікому пра гэта ня кажаце, ня варта чакаць, каб іншыя пачалі гэтым захапляцца».
Чаму беларусы нікому ня кажуць пра свае каштоўнасьці? Цзыўай лічыць, што справа, па-першае, у сьціпласьці, па-другое — у недасьведчанасьці.
«У параўнаньні зь іншымі народамі беларусы вельмі сьціплыя, каб прасоўваць сваю спадчыну. Я думаю, яны ня бачаць нічога вартага ў ёй, бо мала што пра яе ведаюць самі».
Менск нашмат цікавейшы, чым нават мясцовыя людзі пра яго думаюць
Беларуская сьціпласьць прывяла да таго, што на Захадзе Менск успрымаецца выключна як бязьлюдны дэпрэсіўны горад, кажа Цзыўай. Менавіта такое ўражаньне складаецца ў яго, калі ён чытае артыкулы пра Менск у заходніх мэдыях.
«Я б не паехаў у Менск пасьля ўсяго, што пра яго чытаю, — кажа архітэктар. — Заходнія журналісты ня згадваюць пра новыя крэатыўныя месцы кшталту вуліцы Кастрычніцкай. Хоць рэчы такога кшталту проста немагчымыя, напрыклад, у Лёндане».
Замест дэпрэсіі ў беларускай рэчаіснасьці Цзыўай бачыць мэлянхолію, якой прасякнутыя працы мясцовых мастакоў, дызайнэраў і архітэктараў.
«Я назіраю за пасьлядоўнай мэлянхоліяй у мясцовых творцаў. Але ня ў дрэнным сэнсе. Гэта штосьці, што сапраўды чапляе».
Каб паказаць сваё бачаньне беларускай архітэктуры, Цзыўай рыхтуе артыкул пра Менск і зьбіраецца напісаць асобную кнігу, прысьвечаную менскай архітэктуры. Цяпер ён шукае суаўтараў і фатографаў.
«У вас ёсьць шмат чаго паказаць. Менск нашмат цікавейшы, чым нават мясцовыя людзі пра яго думаюць».
Антон Трафімовіч
Ссылка на источник:
Менск нашмат цікавейшы, чым нават мясцовыя людзі пра яго думаюць