Паведамленне аб тым, што суседняя краіна мяняе ўмовы атрымання «карты паляка», калі кіравацца звычайнай побытавай логікай, павінна было б прайсці амаль незаўважаным. Ну, мяняе ды мяняе.
Цяпер атрымаць гэты дакумент, які ў свой час выклікаў у грамадстве і ў палітычных колах мноства спрэчак, стане складаней.
Раней на яго мелі права ўсе нашчадкі грамадзян так званай Другой Рэчы Паспалітай — тэрыторыі Польскай дзяржавы да 1939 года.
Адносна нашай краіны гэта значыць, усе, чые дзяды-прадзеды жылі на захад ад Негарэлага ды Радашковіч. Але нядаўна правілы памяняліся. Акрамя таго, што ты павінен мець карані ў Заходняй Беларусі, ты яшчэ павінен быць палякам па паходжанні. Тады табе і права прыязджаць без шэнгена, і магчымасць жыць, вучыцца і працаваць у Польшчы без якіх-кольвек перашкод і патрабаванняў, што прад`яўляюцца да іншаземцаў. А ўсе астатнія ахвотныя — выбачайце...
Падазраю, што менавіта гэтыя самыя ахвотныя нашы суайчыннікі і зрабілі так, што навіна не засталася незаўважанай — яны пратэставалі, збіралі подпісы пад зваротам да польскага кіраўніцтва з просьбай пакінуць закон у ранейшай рэдакцыі. Былі сярод іх, думаю, і тыя, хто запаветную карту ўжо мае і ўсімі яе дабротамі карыстаецца. Бо дзе гарантыя, што не будзе падпісаны яшчэ адзін дакумент, паводле якога будуць перагледжаныя ўжо выдадзеныя «карты». Гэта ж стане для многіх сапраўднай трагедыяй!..
Папярэджваючы магчымыя прэтэнзіі. Ніякім чынам не хачу пакрыўдзіць этнічных палякаў, якія паважаюць і падтрымліваюць мову і культуру сваёй гістарычнай радзімы — і ім, як і ўсім астатнім нацыянальным меншасцям у Беларусі, для гэтага дадзены ўсе магчымасці.
Гэтаксама ніякім чынам нават не спрабую разважаць аб правамоцнасці і этычным боку самой «карты» — за дзесяць гадоў яе існавання сказана было шмат і рознага. Тут хутчэй «штрыхі да партрэта» яе тыповага (ці патэнцыйнага) уладальніка. Некалькі замалёвак з натуры — іх перад вачыма хапае з самага дзяцінства: штодзень, пакуль хадзіла ў школу, двойчы перасякала мяжу той самай «Другой Рэчы Паспалітай».
Карацей, месца дзеяння — звычайныя беларускія вёскі ў цэнтры краіны, паміж якімі нейкія два кіламетры, дзе ўсе размаўляюць на адной мове (а мова ў нас прыгожая, сакавітая, вельмі блізкая да беларускай літаратурнай, што і не дзіва — да родных мясцін і Коласа, і Купалы рукой падаць), дзе ў многіх аднолькавыя «родавыя» прозвішчы, дзе ўсе паміж сабой фактычна сваякі...
Віктар. Трыццаць гадоў, нідзе не працуе, хоць завочна скончыў юрфак. Яму пашанцавала: маці нарадзілася ў «савецкай» вёсцы, але дзед родам з недалёкага хутара, які да 39-га быў на «польскім» баку, таму карту атрымаў без праблем. Дакументам карыстаецца напоўніцу — ездзіць за мяжу «на шопінг», скончыў там курсы ландшафтнага дызайну. У маці — толькі і размоў пра тое, што Віцька з Еўропы прывёз, якую выгаду мае. Апошнім часам яшчэ і гонару дадалося: Віцька ў хаце арла «бялага» на сцяну пачапіў. Карацей, быў хлопец як хлопец, а цяпер — белая косць, без фігі ні да носа. Нават прозвішча памяняў — узяў матчына, бо бацька «псуе радаслоўную», аднекуль з Палесся прыехаў...
Настасся. Трыццаць пяць гадоў, разам з мужам займаецца продажам аўтазапчастак. Перавярнула ўсе архівы, каб знайсці хоць якое сведчанне, што хоць які стрыечны прадзед жыў на «польскай» тэрыторыі, апытала ўсіх далёкіх і блізкіх сваякоў. Бо аднакласніцы ж карты маюць, таннейшае адзенне і бытавую тэхніку з Польшчы возяць, ёй пасля купіць прапануюць. Бяда — былая мяжа так блізенька, а ні адзін з радні не апынуўся на яе іншым баку. Настасся — дзеўка баявая, і бедныя продкі невядома да якога калена, пэўна, перавярнуліся ў дамавінах, бо «лохі» — гэта самае мяккае, што спадчынніца пра іх казала. На рэзоннае пытанне: з якога, маўляў, часу ты хочаш нацыянальнасць памяняць? — адказала: «Прычым тут нацыянальнасць? Ды я кім хочаш назавуся, абы без візы ездзіць. Уяві, як бы я бізнес падняла!..»
Усё гэта было падобным на анекдот, калі б не наводзіла на пэўныя не вельмі вясёлыя развагі. Не, зусім не пра тое, як многія нашы прадпрымальныя суайчыннікі заходніх суседзяў з іх «патрыятычнай ідэяй» папросту «кінулі», бо, атрымаўшы матэрыяльныя выгоды, прадугледжаныя «картай паляка», уласна палякамі, а ўжо тым больш палякамі-патрыётамі яны ніякім бокам не сталі, дый не стараліся. (Спатрэбілася дзесяць гадоў, каб суседзі гэта зразумелі і перагледзелі адпаведны закон.)
Але тут не аб суседзях размова, а аб нас саміх. Аб тым, кім і ў якой ступені мы пачуваем сябе на сваёй зямлі. Ці шмат патрэбна нам, каб памяняць нацыянальнасць, перакананні, Радзіму, у рэшце рэшт. (Атрымліваецца — часам зусім няшмат?) Ці ёсць у нас нешта вельмі-вельмі моцнае і грунтоўнае, што стрымае і прымусіць сказаць «не», якімі б «картамі» ці іншымі «ласункамі» нас ні заманьвалі. І сёння самы час задумацца і знайсці адказы на гэтыя пытанні. Бо заўтра можа быць проста позна.
Днямі дэпутаты нашага парламента прапанавалі ўвесці «пасведчанне суайчынніка» — дакумента для тых выхадцаў з Беларусі, якія жывуць за мяжой, і іх нашчадкаў. Мне здаецца, падобнае пасведчанне варта было б спачатку выдаць кожнаму жыхару краіны як дадатак да пашпарта. Каб словы «Рэспубліка Беларусь» і «Айчына» сталі тоеснымі і ў галаве, і ў сэрцы.
Алена Ляўковіч
alena@zviazda.by
Ссылка на источник:
Каму найперш варта выдаць «пасведчанне суайчынніка»