Рымскія дынарыі, зброя гунаў і шкілет Белай Пані: што яшчэ хаваюць Гальшаны
Палохаюць, захапляюць і здзіўляюць археолагаў сваімі артэфактамі руіны рэзідэнцыі рода Сапегаў.
Археалагічныя раскопкі на Гальшанскім комплексе вядуцца з 2007 года. Ад пачатку тут працуе і ведае ўсе таямніцы цікавага краю навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Кенька.
Як продкі заблыталі археолагаў
Гальшаны — сапраўдная скарбніца для беларускіх археолагаў, але такой тэрыторыя была не заўсёды. У савецкія часы калегі нічога сенсацыйнага не знаходзілі.
Справа ў тым, што раскопкі на схіле гарадзішча пачаліся толькі ў 2011 годзе, дагэтуль праца ішла выключна на цэнтральнай пляцоўцы. Яна, дарэчы, мае правільную прамавугольную форму, што проста немагчыма. Высветлілася, што зямлю з цэнтра гарадзішча выкарыстоўвалі для павелічэння стромкасці схілу. У выніку на ім з`явіўся чатырохметровы слой глебы, які і дагэтуль багаты на цікавыя артэфакты нават жалезнага веку.
Такім чынам, атрымалася, што нашы продкі падчас умацавання гарадзішча ненаўмысна заблыталі археолагаў.
Прывітанне ад гунскіх качэўнікаў
Самай значнай для гістарычнай навукі знаходкай Гальшанскага археалагічнага комплексу лічацца жалезныя наканечнікі стрэл гунаў — качавога народа, які ў 370-х гадах нашай эры уварваўся з Азіі ва Усходнюю Еўропу.
Акрамя Беларусі, падобныя знаходкі былі толькі ў Літве — там спецыялісты знайшлі каля 60 наканечнікаў. На Гальшанскім комплексе — пакуль толькі 20. Датуюцца яны прыкладна 450-м годам нашай эры. На першы беларускія археолгамі натрапілі ў 2010 годзе і цяпер кожны год атрымліваюць "прывітанні" ад гунскіх качэўнікаў.
"Такая знаходка сведчыць аб тым, што быў асобны паход гунаў на тэрыторыю сучаснай Літвы, падчас якога гуны заходзілі і да нас. Гэты факт не пацверджаны пісьмовымі крыніцамі, але па знаходках мы можам зрабіць менавіта такія высновы", — тлумачыць археолаг.
Самая прыгожая знаходка Гальшан
Гальшанскія знаходкі беларускіх археолагаў поўнасцю абвяргаюць некаторыя гістарычныя тэорыі. Напрыклад, згодна з пісьмовымі крыніцамі датай заставання Гальшанаў лічыцца 1280 год. Маецца на ўвазе легенда пра князя Гальшана, які падчас палявання вырашыў адпачыць у гэтым месцы. Гісторыя прыводзіцца ў хроніцы Быхаўца, і на падставе падзей, звязаных з легендай, польскія гісторыкі вызначылі менавіта такую дату заснавання горада.
У 2015 годзе падчас раскопак быў знойдзены рымскі дынарый імператара Траяна 116 года нашай эры, а на наступны год — дынарый імператара Луцыя Вера 163-164 года. Абедзве манеты адчаканеныя падчас войнаў з Парфіяй.
"Чым ніжэй мы спускаліся па схіле да вады, тым больш антычных знаходак рабілі. Такім чынам, ужо зараз упэўнена можна лічыць ніжняй датай утварэння Гальшан II стагоддзе, але, магчыма, і гэта яшчэ не мяжа", — падкрэслівае Павел Кенька.
У Гальшанах вяліся жудасныя баі. У розныя часы тут знаходзілі спаленыя сцены, рэшткі воінаў і іх асабістыя рэчы.
У 2011 годзе была зроблена самая прыгожая знаходка гальшанскага комплексу — нацельны крыж воіна, які датуецца канцом 30-х гадоў XIII стагоддзя і традыцыйна звязваецца з пачаткам татара-мангольскага нашэсця.
Бронзавы, пазалочаны, значна большы, чым у звычайных тагачасных жыхароў Гальшан, крыж насіў мужчына з вайсковай эліты. У яго таксама быў багаты пояс са спецыфічнымі бляшкамі, падобныя знаходзілі толькі падчас раскопак каля Кіева. Яго апошняя бітва была вельмі жорсткай — асобныя рэчы звальваліся з даспехаў ад моцных удараў праціўніка.
"Гэты быў знатны вайсковец,не кожны можа дазволіць сабе насіць такі крыж. Аднак мы не знайшлі яго рэшткаў, толькі асобныя косткі. Магчыма, яго перапахавалі пасля бою або пераможцы, або пераможаныя", — патлумачыў Павел Кенька.
Старыя і новыя Гальшаны
Яшчэ адна знаходка, якая сведчыць аб жорсткіх баях у гэтай мясцовасці, — малое гальшанскае гарадзішча. На яго археолагі натрапілі ў 2012 годзе выпадкова.
Справа ў тым, што схіл, які вядзе да вялікага гарадзішча, вельмі стромкі, падымацца па ім кожны дзень было складана нават фізічна падрыхтаваным людзям. Таму яны і дапусцілі магчымасць існавання іншага шляху. Аказалася, што непадалёк ад вялікага было малое гарадзішча, якое быццам абараняла падыход да свайго "старэйшага брата".
Тут была знойдзена вялікая колькасць двушыпных наканечнікаў і вялікі наканечнік кап`я.
"На гэтым месцы мы знайшлі спаленыя сцены, абкладзеныя камянямі. Агонь быў такім моцным, што камні падчас раскопак адгукаліся на мінашукальнік, як жалеза. Дакладную дату, калі было спалена маленькае гарадзішча, назваць нельга. Прыблізна, гэта было ХІ-ХІІ стагоддзе", — распавёў археолаг.
Усе пералічаныя вышэй знаходкі былі зроблены прыблізна ў двух кіламетрах ад Гальшан. Першапачаткова людзі жылі менавіта там, але не было дакладна вядома, калі гальшанскае насельніцтва аддтуль пераехала на тое месца, дзе знаходзяцца сучасныя Гальшаны.
"У адпаведнасці з пісьмовымі крыніцамі гэта таксама немагчыма ўстанавіць. Па знаходках мы высветлілі, калі скончылася жыццё на старых Гальшанах і пачалося на новых. Па манетах мы даведаліся, што у другой палове XVI стагоддзя жыццё на старых Гальшанах прыпынілася", — тлумачыць Павел Кенька.
Белая Дама — гэта не выдумка
Вакол Гальшан заўсёды шмат легенд і паданняў, якія прынята лічыць выдумкамі. Але адной з іх, самай знакамітай, археолагі знайшлі пацверджанне.
Рамантычная гісторыя пра Белую Пані, прывід якой ходзіць у сценах Гальшанскага касцёла, вядомая здаўна. Маладую дзяўчыну ў белым строі таксама называюць Белай Дамай. Лічыцца, што гэта жонка маладога будаўніка, якую прынеслі ў ахвяру, каб пабудаваць сцяну, што пастаянна рушылася. Яе абралі выпадкова: проста ўзялі жанчыну, якая першай з`явілася каля месца будаўніцтва. Ахвярай стала дзяўчына, якая вельмі кахала свайго мужа і спяшалася прынесці яму сняданак.
Падчас рэстаўрацыйных работ у касцёле сапраўды быў знойдзены шкілет маладой жанчыны, да паловы замураваны ў сцяну. Шкілет аднеслі святару, і ён папрасіў двух мясцовых жыхароў перапахаваць яго на могілках. Праз некаторы час у сцяне касцёла з`явілася расколіна. Калі ж пачалі шукаць мужчын, каб даведацца, дзе перапахаваны шкілет, высветлілася, што яны самі памерлі, а пра новае месца пахавання больш ніхто не ведае.
Сам Павел Кенька прывідаў не сустракаў, але размаўляў з археолагам, які у 1970-х гадах убачыў сон, пасля каторага адразу ж з`ехаў з Гальшан. Па чутках, у сне яму паабяцалі, што, калі не скончыць раскопкі, "Гальшаны патонуць у крыві".
Сярод жыхароў Гальшан найбольшай папулярнасцю карыстаецца легенда пра царкву, якая апусцілася пад зямлю, а на яе месцы засталася бяздонная яма. Усе спрабуюць паказаць даследчыкам гэтае месца, але дакладных каардынатаў пакуль ніхто не знайшоў.
Узбуджае розумы людзей і гісторыя пра ўладальніцу гарадзішча, якая хавае велізарны скарб і прапануе забраць яго ўсім, хто пажадае. Узяць можна, колькі захочацца. Галоўная ўмова — падчас дарогі ад замка не паварочвацца назад. Здаецца, заданне вельмі простае, але выканаць яго ніхто так і не змог.
Ссылка на источник:
Гальшаны