Кожны праслаўляе сваю малую радзіму як умее, а вось Уладзімір Фёдаравіч прысвяціў сваёй другой малой радзіме... энцыклапедыю. Нарадзіўся ён на Гродзеншчыне, але больш за трыццаць гадоў пражыў у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Матэрыял збіраў працяглы час, а вось кампанаваў і апрацоўваў яго менавіта ў апошнія тры гады, якія, як вядома, прайшлі пад знакам малой радзімы. Кніга амаль гатовая, засталося аднесці ў друк. Настаўнік пагадзіўся прыадкрыць некаторыя таямніцы яе напісання і расказаць, чым цікавая сучасная гісторыя аграгарадка.
Школа-музей
Вішоўскай школе, дзе Уладзімір Чужаўка працуе гісторыкам, у будучай энцыклапедыі адведзена пачэснае месца. Утварылася яна ў выніку зліцця Нежкаўскай сярэдняй школы і Вішоўскай васьмігадовай. І сёлета споўнілася роўна сорак гадоў, як гэта адбылося. Па памерах напэўна, гэта самая вялікая сельская школа — разлічана на 600 вучняў. Да ведама, за апошнія сорак гадоў тут падрыхтаваны 118 медалістаў. Сёння школа запоўненая ўсяго на трэць, але, як адзначыла яе дырэктар Кацярына Зайцава, колькасць кандыдатаў у першакласнікі паступова расце.
Першае, што кідаецца ў вочы, вялікая колькасць карцін з краявідамі аграгарадка і яго наваколляў. Яны вісяць у калідоры, школьнай «Гасцёўні», кабінеце дырэктара. Яшчэ больш іх у мясцовым музеі, які знаходзіцца на першым паверсе школы. Адзін уваход, дарэчы, з вуліцы, а другі са школьнага калідора. Ідэя ўвасобіць у фарбах селяніна і гэтым уславіць яго нялёгкую працу належыць вядомаму на ўсю краіну кіраўніку СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандру Лапацентаву — Вішоў якраз цэнтральная сядзіба гэтай гаспадаркі.
Старшыня гаспадаркі арганізаваў пленэр і запрасіў на яго прафесійных мастакоў. Вопытны кіраўнік такім чынам паклапаціўся пра патрыятычнае выхаванне вішоўскай моладзі. Яны павінны расці менавіта на тутэйшых прыкладах, а не шукаць іх дзесьці ў іншым месцы. Таму музей прадбачліва і размясцілі ў школе. Па-першае, выкарыстоўваецца не задзейнічаная дагэтуль школьная плошча, па-другое, лепшага месца для ўрокаў гісторыі роднага краю не знайсці. Акрамя карцін, ёсць шмат іншых экспанатаў, якія ілюструюць сялянскае жыццё, калектывізацыю, ваеннае ліхалецце, трагічныя афганскія падзеі, гісторыю стварэння калгаса «Радзіма» і яго дасягненні. «Наш музей насамрэч вельмі змястоўны, — адзначае Уладзімір Чужаўка. — Не сорамна і высокім гасцям паказаць. І Прэзідэнт у нас быў, і міністры адукацыі, і сельскай гаспадаркі таксама».
— Аляксандр Лапацентаў апякуе школу як можа, — заўважае гісторык. — Дзякуючы яму ўмацоўваецца наша матэрыяльна-тэхнічная база, а школьнікі за добрую вучобу ў канцы чвэрці атрымліваюць стыпендыю. Так старшыня калгаса заахвочвае будучыя кадры.
Уладзімір Чужаўка з гонарам расказвае, што іх дзеці падчас летняй практыкі нават зарабляюць грошы. Пры школе функцыянуе сельскагаспадарчая брыгада «Задоранка», якую курыруе «Калгас «Радзіма». Падлеткі з маладых, як той казаў, пазногцяў прывучаюцца да работы на зямлі, займаюцца праполкай, даглядаюць сад. Акрамя зарплаты, яны забяспечваюцца гарачым харчаваннем і атрымліваюць права з`ездзіць за кошт гаспадаркі на двухдзённую экскурсію ў любы куток Беларусі. Шмат хто ўжо пабываў у Гродне, Брэсце, Лідзе, Полацку, Мінску, іншых мясцінах.
— Гэта таксама прывівае любоў да сваёй краіны і цікавасць да таго куточка, дзе жывеш, — удакладняе настаўнік. — Калі пачынаецца вучэбны год, мы замацоўваем матэрыял у даследчых работах па краязнаўстве. У тым ліку і пра нашу школу, сабрана шмат інфармацыі, пра настаўнікаў, знакамітых вучняў.
Энцыклапедычныя героі
Самога Уладзіміра Фёдаравіча на краязнаўчую «хвалю» натхніў яшчэ адзін аматар даўніны — рэдактар Бялыніцкай газеты «Зара над Друццю» Міхась Карпечанка.
— Пазнаёміліся з ім падчас ваенных збораў у Бабруйску ў хуткім часе пасля таго, як мы з жонкай прыехалі жыць у раён — у канцы 80-х мінулага стагоддзя, — згадвае Уладзімір Чужаўка. — З таго моманту я пастаянна нешта шукаў, запісваў. Сын неяк спытаўся, ці ведаю я столькі ж пра тыя мясціны, дзе нарадзіўся. І я шчыра прызнаўся, што не. Нешта ў памяці засталося са школьных часоў, але толькі агульнае.
Сваю краязнаўчую дзейнасць суразмоўнік пачынаў з даследавання трагічнай старонкі Бялыніччыны — вёскі Малінаўка, якую карнікі спалілі разам з жыхарамі. На памятным камяні, дзе выбітыя прозвішчы тых, каго знішчылі, яго зачапілі надпісы: Бялоў — хлопчык, Бялова — дзяўчынка. А дзе ж іх імёны? З гэтага пытання і пачаліся пошукі.
— Знайшоў некалькіх відавочцаў, якія цудам выратаваліся з гэтага пекла, — кажа настаўнік. — Дзякуючы ім я атрымаў новыя факты той карнай аперацыі, якая адбылася 16 лютага 1943 года. Тых жа Бяловых у вёсцы жыло пяць братоў. І ў кожнай сям`і было па пяць-шэсць дзяцей. З болей чым ста чалавек з гэтай і іншых вёсак у Малінаўцы спалілі 56 дзяцей.
Шмат чаго расказалі ветэраны вайны. Васіль Алістраў, напрыклад, ваяваў у партызанскім атрадзе Асмана Касаева. А дапамог яму туды трапіць... нямецкі афіцэр.
— На той момант, калі пачалася вайна, Васіль вучыўся ў Магілёве ў вучылішчы, — удакладняе Уладзімір Фёдаравіч. — Пра вайну даведаўся, калі з сябрамі ішоў з вёскі ў Магілёў. Ім даручылі гнаць жывёл у бок Масквы, каб немцам не дасталіся. У Смаленску яны перадалі тых кароў і на конях паскакалі дамоў. Бялыніччына ўжо была акупаваная ворагамі. Калі хлопцы падышлі да калодзежа, каб напіцца вады, іх затрымаў нямецкі салдат. На шум з хаты выйшаў афіцэр варожай арміі. Ён загадаў салдату пакінуць яго з хлопцамі адных. Калі той адышоў, немец на ломанай рускай мове патлумачыў ім, што ён «тэльманец» і нічога дрэннага ім не зробіць. Наадварот, паклапаціўся накарміць іх і падказаць, як прайсці ў атрад.
Вайна пакінула на сэрцы старых людзей глыбокія шрамы, але былі на фронце і кур`ёзныя выпадкі. Ветэран вайны Аляксандр Тарасавіч Аўтушэнка цудам застаўся жывы, перажыўшы шмат атак пад свінцовым дажджом. Ва Усходняй Прусіі, дзе ён ваяваў, смерць пагражала з усіх бакоў. Прадукты і снарады завозіліся са спазненнем, увесь час хацелася есці. Аднойчы, калі мінамётны агонь сціх, байцы ўбачылі на пазіцыі перад сабой... курыцу. Самы спрытны схапіў яе, і ўсе кінуліся дапамагаць яму яе абшчыпваць. Але зноў забухалі снарады, і прыйшлося кінуць здабычу. Ашалелая ад страху птушка мітусілася па полі пад кулямі, а чырвонаармейцы, стаміўшыся ад пастаяннага напружання, смяяліся ўголас. Яны бачылі не жывую істоту, а абед, які так бяздарна ўпусцілі. Але больш было ўсё ж такі слёз. Аляксандру Аўтушэнку пашчасціла выжыць, ён дайшоў да Берліна і нават пакінуў на сценах рэйхстага сваё прозвішча. Але там жа, у Берліне, на адной з вуліц ён убачыў, як нясуць яго забітага брата. Апошні раз ён бачыўся з ім, калі ішоў на фронт. І тут такая жахлівая сустрэча. Аляксандр Тарасавіч зрабіў усё для таго, каб цела роднага чалавека адвезці дадому і пахаваць яго на роднай зямлі.
Ці меў адносіны да Вішова Вітаўт?
Без мінулага няма будучага, нагадаў сабе аднойчы Уладзімір Чужаўка і ўзяўся сістэматызаваць напрацоўкі. Прызнаецца, што на стварэнне энцыклапедыі яго натхніў вучань Мікалай Бацішча, з якім яны рыхтавалі даследчую работу па родным краі. Былы школьнік, дарэчы, зараз курсант Ваеннай акадэміі. Да краязнаўчай работы маюць дачыненне, лічы, усе вучні вішоўскай школы. Яны актыўныя ўдзельнікі пошукавых экспедыцый, разам з настаўнікам апытваюць мясцовых жыхароў, робяць даследчыя работы. Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой мясцовыя тапонімы. Старажылы расказалі шмат цікавых гісторый і прыгадалі мноства назваў.
— Ёсць, напрыклад, у нас лясок з назвай Паповы штаны, — прыводзіць прыклад суразмоўнік. — Адкуль узялася такая назва? Стаў шукаць і даведаўся пра аднаго разбэшчанага папа, які вёў непрыстойны лад жыцця. І аднойчы сапраўды ў тым лесе страціў штаны.
Асобны раздзел прысвечаны знакамітым ураджэнцам бялыніцкай зямлі, сярод якіх і вучоныя, і афганцы, і ветэраны вайны. Ёсць інфармацыя пра вельмі цікавую асобу. Тым, каму за 40, пра фільм «Маёр Віхар», напэўна, расказваць не трэба. У аснову пакладзена рэальная гісторыя пра групу савецкіх разведчыкаў, якія не далі рэалізавацца намеру Гітлера ўзарваць Кракаў і Прагу.
— Наш зямляк Яўсей Блізнякоў якраз і ўваходзіў у гэтую групу, — расказвае даследчык. — Калісьці ён падарыў школе свой сямейны фотаальбом і пакінуў пакет з просьбай адкрыць яго 1 жніўня 2020 года. Сёлета мы зазірнулі ў яго і знайшлі там кніжку «Я — голас» Яўгена Беразняка, дзе апісваюцца дзеянні Яўсея Блізнякова ў тым атрадзе.
Не менш цікава будзе даведацца аматарам даўніны, адкуль пайшлі назвы населеных пунктаў Вішоўскага сельсавета. Існуе некалькі версій паходжання назвы Вішоў. Адна з іх рамантычная, звязаная з Кацярынай Вялікай. Маўляў, калі тая ехала праз гэтыя мясціны з Санкт-Пецярбурга ў Адэсу, мясцовыя жыхары ў гонар імператрыцы пасадзілі шмат вішнёвых дрэўцаў. Іншая версія, на думку Уладзіміра Чужаўкі, менш праўдападобная. Яму даводзілася чуць, што да назвы нейкім чынам мае дачыненне вялікі князь Вітаўт. Але тут ёсць некаторае несупадзенне. Калі жыў князь, населенага пункта наогул яшчэ не было.
— Усяго ў энцыклапедыі будзе каля 600 паняццяў і шмат ілюстрацый, — кажа Уладзімір Фёдаравіч. — Старых здымкаў, на жаль, мала. Але ёсць і даволі рэдкія, пачатку мінулага стагоддзя.
Вішоўскі Дзед Мароз
Уладзімір Чужаўка — не толькі энцыклапедыст, але яшчэ і артыст мясцовага тэатра, які існуе пры Вішоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Прычым артыст з больш чым дзесяцігадовым «стажам»! На сёлетнім міжнародным тэатральным фестывалі-конкурсе «Тэатральная вясна» ў Магілёве, дзе вішоўскі Цэнтр культуры быў адзіны сельскі сярод гарадскіх, калектыў адзначылі як адзін з найлепшых. За час сваёй работы на сцэне Уладзімір Фёдаравіч паспеў сыграць шмат вядучых роляў у спектаклях па такіх творах, як «Збянтэжаны Саўка», «Мікітаў лапаць», «Прымакі», «Конскі партрэт» . Амаль усе спектаклі адзначаны як найлепшыя на ўзроўні раёна, а пастаноўка «Вечар» наогул удастоена Гран-пры. Уладзімір Чужаўка ў гэтым спектаклі атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю. «Вечар» — гэта спектакль, дзе іграюць усяго тры артысты — настаўнік і два жывёлавода», — жартуе суразмоўнік. А нядаўна на сцэне Вішоўскага цэнтра культуры і вольнага часу адбылася прэм`ера яшчэ аднаго спектакля — «Без Ягора будзе гора». І хай там гарадскія жыхары не думаюць, што на вёсцы няма ніякага культурнага жыцця. Любімых роляў ва Уладзіміра Фёдаравіча шмат, а вось нязменная адна — Дзед Мароз. І гэты Новы год — не выключэнне.
— Гэтае амплуа я прымераў на сябе яшчэ ў школе, — усміхаецца Уладзімір Чужаўка. — Там хутка зразумелі, што ў мяне горла луджанае, тэкст хутка запамінаю, агульную мову з дзецьмі знаходжу. І пайшло-паехала. У Вішове таксама ніводны Новы год без мяне не абыходзіцца. З 26 снежня пачынаю аб`езд усіх падраздзяленняў.
Нэлi Зігуля
Звязда, 23 снежня 2020
Ссылка на источник:
Тры амплуа Уладзіміра Чужаўкі. Настаўніка з аграгарадка Вішоў ведаюць яшчэ як заўзятага краязнаўцу і Дзеда Мароза