Кожная вясна — асаблівая. Яна дорыць не толькі яркае сонечнае святло. Яна дорыць непаўторны настрой і надзею на штосьці новае і незвычайнае. Як цудоўна, што гэтая пара года пачынаецца з асаблівага свята — Міжнароднага жаночага дня!
У якасці падарунка да 8-га сакавіка не толькі жанчынам, але і мужчынам — асабісты погляд вядомай беларускай тэлевядучай Кацярыны Валовік на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.
Кожны этап у жыцці — крок у будучыню
Наша жыццё складаецца з перыядаў, кожны з якіх мае свае мэты на будучыню. Маладосць — гэта неўсвядомленае назапашванне жыццёвага вопыту, які толькі з цягам часу набывае для чалавека сапраўдную каштоўнасць.
«Калі ў мяне не было дзяцей», — дзеліцца ўспамінамі Кацярына, — «я шмат падарожнічала. Французская Палінэзія, Дамінікана, Таіці, Бора-бора... Новыя экзатычныя мясціны — новыя эмоцыі. Ад пастаяннай актыўнасці захоплівала дух. І менавіта ў гэтым я бачыла адну з асноўных крыніц натхнення».
Зараз Кацярына вядзе больш спакойны лад жыцця. Жыве за горадам каля лесу. Не блукае па свеце, а стварае яго сама, сваімі рукамі. І гэтая дзейнасць — аснова яе ўнутранай сілы, добрага настрою і задавальнення. Кацярына пабудавала дом, працягвае ўладкоўваць яго сваімі рукамі, у адпаведнасці са сваім бачаннем і густам. «Канешне, бываюць моманты, калі рукі апускаюцца і накрывае стомленасць. Тады я кажу сабе: „Паглядзі навокал! Гэта ўсё зрабіла ты! Малайчына! Адпачні і слухай толькі сябе!“ Зараз у мяне няма ніякага жадання, як кажуць, бегчы наперадзе цягніка ў вузкай спадніцы на абцасах вышынёй у 10 сантыметраў. Я проста павольна п’ю гарбату, седзячы ў піжаме на адкрытай тэрасе з відам на лес, атрымліваю асалоду ад прыроды і разважаю пра жыццё».
Самае галоўнае пачуццё на свеце — пачуццё мацярынства
Сёння Кацярына — мама двух цудоўных дзетак: Іларыі і Давіда. «Нягледзячы на тое, што ў сілу пэўных жыццёвых абставін, я выхоўваю дзяцей адна, я ўдзячна ім за тое, што даравалі мне самае галоўнае пачуццё на свеце — пачуццё мацярынства», — прызнаецца тэлевядучая.
«Калі нарадзілася старэйшая дачка, пэўным чынам змянілася мая свядомасць. Вельмі хацелася ёй, яшчэ немаўляці, паказаць свет. Удваіх мы пабывалі на Сэйшэлах, у Грэцыі, Чарнагорыі. Са з’яўленнем сына, жыццё стала больш размераным.
Скажу шчыра, раней я баялася пытанняў выхавання хлопчыка, лічыла, што гэтым павінен займацца мужчына. Але ж у пэўны момант зразумела: калі я не магу замяніць Давіду тату, мая задача стаць для яго проста мамай, якая любіць і паважае свайго сына. Зваротная рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Ужо ў 4 гады Давід спрабаваў частаваць мяне кавай, а ўлетку заўсёды збірае і дорыць букеты з палявых кветак. Зараз яму 5 гадоў, і я атрымліваю асалоду ад гутарак з ім пра жыццё. Мой сын многаму мяне вучыць і, перш за ўсё, як пачуць мужчыну», — дзеліцца Кацярына.
Нягледзячы на тое, што ўсе члены сям’і эмацыянальна розныя, яны вельмі прывязаныя адзін да аднаго. Дзеці ніколі не пойдуць спаць без мамы. Ім вельмі важна адчуваць яе побач, абдымаць і цалаваць. За гэтую безумоўную любоў Кацярына стараецца быць для іх самай лепшай у свеце. І асабістым прыкладам вучыць сваіх дзяцей слухаць і паважаць адзін аднаго, а таксама быць адказнымі за свае ўчынкі.
Жанчына і мужчына — адзінае цэлае
«Жанчыны ўнікальныя ад прыроды. Мы можам вельмі многае: нараджаць дзяцей, уладкоўваць побыт, праводзіць аналітычную работу і нават зарабляць добрыя грошы. Але ж для кожнай з нас важна, каб яе любілі, шанавалі, захапляліся, дапамагалі. І тут роля мужчыны, сапраўды, велізарная. Без яго падтрымкі мы губляем сваю жаночую прыроду, сваю неверагодную энергетычную моц, здольную тварыць цуды. І ад гэтага, перш за ўсё, пакутуюць нашы дзеці», — адзначае Кацярына.
На жаль гістарычна склалася так, што доўгі час мужчына абмяжоўваў праяўленне талентаў і здольнасцей жанчыны, каб даказаць усяму свету сваю перавагу. «Але ж узаемаадносіны — гэта не падаўленне адзін аднаго і не спаборніцтвы, хто лепшы. Жанчына і мужчына патрэбны адзін аднаму, бо менавіта разам яны ўтвараюць адзінае гарманічнае цэлае. Вельмі важна ведаць псіхалогію абодвух бакоў. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам свядома ўзаемадзейнічаць і будаваць моцныя саюзы», — падсумоўвае Кацярына.
Шчасце любіць шчырасць
Шчасце не любіць цішыню, шчасце любіць шчырасць. Да гэтай высновы Кацярына прыйшла, дзякуючы пэўнаму жыццёваму вопыту. Жанчына — гэта цэлы Сусвет, які існуе па сваім філасофскім законам. І часам патрэбны вялікі адрэзак жыцця, каб у першую чаргу самой жанчыне зразумець, што для яе значыць шчасце тут і зараз. «Дзякуючы свайму жыццёваму досведу і пастаяннай рабоце над сабой, я змагла выйсці за межы пэўных жыццёвых абставін і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Зараз я ўпэўнена: маё шчасце не павінна залежаць ад іншых людзей. Маё шчасце залежыць толькі ад мяне», — упэўнена Кацярына.
«Напачатку вясны ў гэты цудоўны святочны дзень жадаю ўсім жанчынам жыць у любові і камфорце. Слухаць сваё сэрца і душу, ісці толькі за імі і быць удзячнымі за тое, што маеце сёння! Нашым дарагім матулям і бабулям я жадаю моцнага здароўя, пяшчоты і ўвагі блізкіх людзей. Дзякуй вясне за яркія фарбы і натхненне!»
Кацярына Тумас-Цішкевіч
Звязда, 7 сакавіка 2021
Ссылка на источник:
Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!