Выдавецкі дом «Звязда» перавыдаў кнігу дасведчанага гісторыка і літаратурнага крытыка Дзяніса Марціновіча «Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча».
Упершыню да тэмы «Уладзімір Караткевіч і жанчыны» аўтар звярнуўся даволі даўно. Вось што, у прыватнасці, піша ён сам у прадмове «Ад аўтара»: «... калі яшчэ быў ліцэістам. Аднойчы за лета прачытаў запар два яго творы: спярша аповесць „У снягах драмае вясна“, а потым раман „Леаніды не вернуцца да Зямлі“ („Нельга забыць“). Заўважыў, што ў абодвух творах дзейнічаюць гераіні з аднолькавымі імёнамі (Алёнка) і, самае цікавае, супадае шэраг дэталей і сітуацый. Паколькі аўтар двойчы напісаў пра адно і тое ж, узнікла здагадка. А раптам гэтыя падзеі адбываліся з Караткевічам у рэальным жыцці? У выніку захацелася даведацца, якія асобы былі прататыпамі Алёнак, таму пачаў разблытваць гэтую гісторыю. Вынікам пошукаў зрабіўся мой першы артыкул „Паляванне на Алёнку“, надрукаваны ў часопісе „Маладосць“ у верасні 2004 года. Патрэба адказаць на пытанне, ці існавала нейкая рэальная асоба, якая хавалася за імем Алёнка, стала першым штуршком да даследавання. Потым гэтая тэма адышла на другі план». Такім быў пачатак. З’явілася праз некаторы і першае кніжнае выданне — у маі 2012 выйшаў «Донжуанскі спіс» Караткевіча«. Гісторыка-літаратурныя росшукі Дзяніса Марціновіча былі высока ацэнены ў друку. Кніга атрымала пррэстыжную Нацыянальную літаратурную прэмію.
Попыт на выданне падштурхнуў аўтара працягнуць працу — і ўжо новае выданне пабачыла свет у 2014 годзе. У 2018-м даследчык дапоўніў і перавыдаў кнігу ў электронным фармаце.
І вось новая сустрэча — з тэмай «Уладзімір Караткевіч і жанчыны»: гэтым разам Выдавецкі дом «Звязда» выдаў «Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча" накладам 1100 экзэмпляраў. У многім характар кнігі патлумачваюць назвы раздзелаў выдання: «Частка 1. У Кіеве ды Оршы», дзе расказваецца пра першыя захапленні паэта; «Частка 2. У Маскве» (тут — пра чачэнскую паэтэсу Раісу Ахматаву і легендарную выкладчыцу Вышэйшых літаратурных курсаў доктара гістарычных навук і кандыдата мастацтвазнаўства Ніну Міхайлаўну Молеву, а таксама пра паэтэсу Навэлу Мацвееву і Натэлу Мікалаеўну Анашвілі); «Частка 3. У Мінску» (пра актрысу Галіну Бальчэўскую; пра сочынскую знаёмую Г. Папову; і пра жонку Уладзіміра Сямёнавіча — Валянціну Ватковіч (Караткевіч).
Піша Дзяніс Марціновіч даволі рэльефна, падрабязна, выцягвае з цянётаў жывой і архіўнай памяці самыя розныя падрабязнасці. І разам з тым усё выкладзена лаканічна, без лішніх «пустот» і непатрэбных разваг. Такі дынанамізм расповяду таксама прыцягвае ў кнізе.
Ужо зараз кнігу, выдадзеную накладам 1 100 экзэмпляраў, можна набыць у кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. Няма ніякіх сумненняў, што выданне хутка разыйдзецца. Падрабязнасці жыцця вялікага пісьменніка заўсёды цікавілі і будуць цікавіць чытачоў. І гэты момант таксама ўплывае на папулярнасць «Донжуанскага спісу» Уладзіміра Караткевіча". Але ж у чарговы раз хацелася падкрэсліць сур’ёзнасць працы даследчыка, яго жаданне падаць вывераную, праўдзівую інфармацыю, што і зроблена ў выніку настойлівага пошуку. Мо з часам менавіта Дзяніс Марціновіч падрыхтуе і выдасць паўнафарматны жыццяпіс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча — з храналогіяй штодзённых падзей у лёсе класіка беларускай літаратуры?.. Як прыклад, некаторыя арыенціры — зробленыя іншымі даследчыкамі жыццяпісы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Івана Шамякіна, Максіма Гарэцкага.
Кастусь Лешніца
Ссылка на источник:
Біяграфія «расшыфроўваецца»: «Донжуанскі спіс» Уладзіміра Караткевіча