Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіію. Удзел у пасяджэнні таксама прымае і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Сёлета форум рэгіёнаў прысвечаны тэме навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў эпоху лічбавізацыі.
У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка падзякаваў старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і старшыні Савета Федэрацыі Валянціне Матвівенка, якіх назваў самымі актыўнымі жанчынамі Саюзнай дзяржавы.
«Унікальная форма працы нашага форуму. Наўрад ці мы знойдзем такую форму ў свеце, дзе парламентарыі акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў — стварэння заканадаўства, прыняцця законаў, так глыбока займаюцца эканомікай. Форум рэгіёнаў — перш за ўсё эканамічная пляцоўка, пляцоўка для працы ўрадаў», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Напярэдадні пасяджэння Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Беларусі лідар расказаў, аб чым размаўляў з расійскім калегам. Таксама ён падзякаваў прэзідэнту Расіі за тое, што ён публічна падтрымаў Беларусь і беларусаў на фоне тых спробаў дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі ўжо з пункту гледжання эканомікі.
«Мы палічылі неабходным яшчэ раз вярнуцца да тых праблем, якія сёння востра стаяць перад дзвюма дзяржавамі. Калі падвесці вынік нашай гутаркі, то ён заключаўся ў выснове, які мы зрабілі. Мы не проста вытрымаем тыя атакі, якія прыняты супраць нашых дзяржаў. Мы выкарыстаем гэты момант, каб узмацніць эканамічнае супрацоўніцтва і зрабіць нашы дзяржавы абсалютна незалежнымі не толькі з пункту гледжання эканомікі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Вітаючы ўдзельнікаў форуму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што традыцыйныя сустрэчы, якія праходзяць пад патранатам Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, сталі найважнейшым эканамічным і камунікацыйным праектам Саюзнай дзяржавы.
«Беларусь падтрымлівае цесныя кантакты больш чым з сямюдзесяццю рэгіёнамі Расіі — ад Смаленска да Сахаліна. Кожны год Мінск прымае не менш за дзясятак дэлегацый на чале з расійскімі губернатарамі. Гэтыя факты і сама практыка работы форумаў рэгіёнаў пацвярджаюць, што на еўразійскай прасторы няма іншай маштабнай інтэграцыйнай пляцоўкі, дзе беларуска-расійскае супрацоўніцтва развівалася б так паспяхова», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Галоўнай адметнай рысай такіх сустрэч ён назваў змястоўны, зацікаўлены, адкрыты і вельмі карысны дыялог сяброў і партнёраў, прадстаўнікоў брацкіх народаў. А вынікі шматгадовай сумеснай працы цалкам рэальныя і выяўляюцца канкрэтнымі лічбамі.
«За сем гадоў падпісана больш як за трыста семдзесят пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў амаль на тры мільярды долараў. Прычым асабліва адзначу, што больш за чвэрць гэтай сумы — вынік леташніх дзелавых сустрэч», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, такая дынаміка выклікае аптымізм. Пры гэтым чакаецца, што восьмы Форум дадасць да іх яшчэ прыкладна восемсот мільёнаў.
«З асаблівым гонарам хачу паведаміць, што літаральна на днях уведзены ў прамысловую эксплуатацыю першы блок Беларускай АЭС. Праз год запрацуе другі. Безумоўна, гэта самы грандыёзны і паспяховы беларуска-расійскі праект апошніх дзесяцігоддзяў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што гэта яскравае сведчанне таго, што ў беларусаў і расіян ёсць усе магчымасці і далей пашыраць эканамічныя, культурныя і проста сяброўскія сувязі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Расія не проста адгукнулася на просьбу пабудаваць атамную электрастанцыю. Прэзідэнт Расіі адгукнуўся на просьбу падключыць ў вялікіх маштабах нашых будаўнікоў, каб беларусы разам з расіянамі пабудавалі гэтую электрастанцыю і навучыліся рабіць такую працу.
«Пры неабходнасці, а такая неабходнасць ужо ёсць, мы будзем гатовыя ажыццявіць такія праекты за межамі Беларусі і Расіі. Усе ведаюць і разумеюць, што Расія будуе нямала энергаблокаў у свеце. І мы гатовы ўдзельнічаць у гэтай будоўлі, таму што мы шмат чаго ўжо навучыліся ў нашых старэйшых братоў», — канстатаваў беларускі лідар.
«Агульнымі намаганнямі мы справімся»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што супрацоўніцтва абедзвюх краін адбываецца на фоне росту напружанасці на міжнароднай арэне, дзе пакуль пераважаюць дэструктыўныя тэндэнцыі.
«Сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць і праблемай нумар адзін у свеце стала пандэмія. У гэтых умовах Расія і Беларусь робяць усё магчымае, каб яе спыніць. Мы бачым, што расслабляцца пакуль рана. Аднак упэўнены, агульнымі намаганнямі мы справімся», — запэўніў ён.
Прэзідэнт Беларусі адкрыта падзякаваў Уладзіміру Пуціну за дапамогу ў барацьбе з каранавірусам, у прыватнасці, за дапамогу з вакцынацыяй.
«Яшчэ падчас першай хвалі пандэміі, калі ў Расіі вынайшлі першую вакцыну, прэзідэнт Расіі публічна заявіў, што першай краінай, куды перададуць вакцыну і тэхналогіі для яе вытворчасці, будзе Беларусь. Гэта зрабілі. І мы паспяхова працуем, вырабляючы ў месяц каля паўмільёна доз, гэтага дастаткова для таго, каб вакцынаваць насельніцтва Беларусі. І пры неабходнасці, мы ўжо ў зваротным парадку будзем здольныя перадаваць вакцыну, як мы калісьці дамаўляліся», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар не пакінуў без увагі і геапалітычныя выклікі. Па яго словах, дзяржавы-лідары заходняга свету зрабілі стаўку на сілу — адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, пастаянна мяняюць правілы гульні, ігнаруючы базавыя дамоўленасці.
«Мы бачым, якія намаганні прыкладае кіраўніцтва Расіі, каб захаваць далікатны баланс сіл на планеце. Аднак у Вашынгтоне і Брусэлі не заўсёды хочуць чуць канструктыўныя прапановы. Нашы апаненты тармозяць ўсе разумныя, пазітыўныя ініцыятывы і правакуюць новыя крызісы. Па сутнасці, наўмысна руйнуецца архітэктура бяспекі, створаная пасля Другой сусветнай вайны, за якую мы заплацілі 30 мільёнаў жыццяў савецкіх людзей — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спачатку былыя саюзнікі выгадавалі пакаленне, якому маці казалі, што вайну развязаў Сталін, а выйгралі Злучаныя Штаты і Англія. А цяпер яны перапісваюць гісторыю і спрабуюць рэабілітаваць нацызм», — дадаў ён.
Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што асобныя постсавецкія краіны ўжо адчулі гэта ў поўнай меры на сабе. Рэалізаваць падобны сцэнар у Беларусі не ўдалося.
«Таму мы падвяргаемся непрыкрытаму эканамічнаму і палітычнаму прэсінгу. Ён бы, магчыма, і не спатрэбіўся, калі яны б выйгралі той бліц-крыг у жніўні. Разам з тым зразумела, што ўсе санкцыі — проста нахабныя спробы ліквідаваць эканамічных канкурэнтаў і накласці лапу на нашы рэсурсы. Захад нацэлены на стрымліванне развіцця, зрыў інтэграцыйных праектаў і змену курсу беларускай дзяржавы і не толькі», — сказаў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што асаблівае значэнне набываюць ўмацаванне адзінства і пашырэнне супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну і ўсім расіянам за падтрымку ў барацьбе за захаванне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. «Гэта вельмі важна і каштоўна для нас, таму што мы бачым, як растае дзяржаўны суверэнітэт нашых паўднёвых суседзяў. Ад гэтага пакутуюць людзі. І мы не можам дапусціць разрыву брацкіх сувязяў паміж народамі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
«Прамысловая і навуковая кааперацыя — галоўны рухавік інтэграцыі»
Гаворачы аб асноўнай тэме форуму — навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «лічба» даўно стала неад’емнай часткай нашай рэчаіснасці, і ў будучыні чалавецтва напэўна чакаюць яшчэ больш глабальныя перамены. Але кіраўнік дзяржавы перакананы, што ўсе яны павінны быць арыентаваны на развіццё рэальных вытворчасцей і паляпшэнне жыцця людзей.
«Цалкам відавочна, што для краін, у якіх няма патрэбных рэсурсаў, адставанне ў лічбавых тэхналогіях пагражае непераадольнай няроўнасцю. Чалавецтва не павінна стаць закладнікам такой сітуацыі. Упэўнены, што нельга дапусціць дамінавання адных дзяржаў над іншымі. Таксама зразумела, што ніхто гэтыя тэхналогіі нам не дасць. Мы павінны разлічваць толькі на ўласныя сілы і кааперацыю. Менавіта прамысловая і навуковая кааперацыя бачыцца галоўным рухавіком нашай інтэграцыі», — заклікаў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў гэтай сферы прыстойна адстае. І прыйшоў час стварыць сумесны парадак дня. Добрай дапамогай для яго рэалізацыі Прэзідэнт назваў праграмы Саюзнай дзяржавы. Большасць з іх дазваляюць ствараць і тыражаваць высокатэхналагічныя матэрыялы і вытворчасці. Тым больш што супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных па лініі акадэмічнай навукі інтэнсіўна развіваецца.
«Мы пашыраем ўзаемадзеянне ў даследаванні космасу, разам ствараем высокапрадукцыйныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі, нанаматэрыялы, працуем над праблемамі медыцыны. Эфектыўна супрацоўнічае з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук, што яшчэ раз даказвае паспяховасць прамых кантактаў з рэгіёнамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка
Пры гэтым у рэальным вытворчым сектары беларускіх і расійскіх эканомік доля высокатэхналагічных вытворчасцей, дынаміка яе росту вельмі недастатковыя. Беларускі лідар упэўнены, што павышэнню інавацыйнага патэнцыялу Беларусі і Расіі будзе спрыяць пераход да стварэння лічбавых платформаў. Яны могуць стаць ключавымі інструментамі лічбавай трансфармацыі традыцыйных галін і рынкаў.
У 2022 годзе завяршаецца рэалізацыя прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы, якія традыцыйна зацвярджаюцца на чатыры гады. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць падрыхтоўкі доўгатэрміновай стратэгіі інтэграцыі Саюзнай дзяржавы (напрыклад, на перыяд да 2030 года), напоўніць яе канкрэтнымі праектамі з улікам ключавых прыярытэтаў і вектараў развіцця.
«Мы нядаўна з Уладзімірам Уладзіміравічам шмат часу прысвяцілі развіццю сучасных вытворчасцей, якія займаюцца інтэгральнымі схемамі. Нам гэта вельмі важна. Мы пасля распаду Савецкага Саюза трохі разбурылі нашы прадпрыемствы, якія займаліся інтэгральнымі схемамі. Мы дамовіліся рэанімаваць гэтыя прадпрыемствы, у нас зачапіў нядрэнны, і яны будуць працаваць на самым высокім узроўні. Немагчыма без гэтых прадпрыемстваў ніякіх тэхналагічныя прадукты, ні ў космасе, ні ў абароне, ні ў іншых галінах. Мы вельмі сур’ёзна над гэтым працуем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы не павінны страціць галоўнае — самога чалавека і ўсё чалавечае ў ім»
«Асобная тэма — стварэнне і выкарыстанне штучнага інтэлекту. У апошнія два-тры гады ў беларускім Парку высокіх тэхналогій імкліва развіваюцца дзясяткі кампаній, якія працуюць у гэтай сферы. І многія нашы ІТ-прадукты маглі б знайсці прымяненне ў Расіі, у тым ліку ў рэгіёнах» , - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Парк высокіх тэхналогій паспяхова канкурыруе на самых жорсткіх і патрабавальных рынках.
«Дзякуючы парку і таму, што мы своечасова спахапіліся, у нас няма праблем з айцішнікамі. У нас велізарны клас айцішнікаў створаны ў вытворчасці і ў Акадэміі навук. І яны не проста распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне, яны на аснове гэтага праграмнага забеспячэння ствараюць канчатковыя прадукты. У адрозненне ад Парку высокіх тэхналогій, дзе, ствараючы праграмнае забеспячэнне высокага ўзроўню, вымушаныя за паўцаны прадаваць яго буйным кампаніям, перш за ўсё ЗША. Нам трэба пераходзіць на канчатковыя прадукты ў Саюзнай дзяржаве на прыкладзе Акадэміі навук. Упэўнены, што такая тэндэнцыя і ў Расіі», — расказаў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым беарускі лідар заўважыў, што ўніверсальнасць лічбавых тэхналогій, адсутнасць геаграфічнай прывязкі і шырокая даступнасць спараджаюць пытанне аб лічбавым суверэнітэце дзяржаў і іх інфармацыйнай незалежнасці. Вынікам гэтага працэсу ён назваў яшчэ адно поле для супрацоўніцтва, у якім Беларусі і Расіі трэба нарошчваць сумесныя намаганні, — забеспячэнне кібербяспекі.
«І Расія, і Беларусь ужо наўпрост сутыкнуліся з разбуральнымі наступствамі розных сеткавых тэхналогій, з дапамогай якіх у інтэрнэт-прасторы бескампрамісная барацьба за розумы і душы людзей. Гэта наша агульная пагроза, якой мы павінны навучыцца эфектыўна супрацьстаяць. Сёння, калі адкрываюцца дзверы ў новы свет, дзе разам з чалавечым ўжо амаль на роўных праяўляе сябе штучны інтэлект, трэба памятаць, што мы не павінны страціць галоўнае — самога чалавека і ўсё чалавечае ў ім», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
«Ствараць новыя перспектывы для моладзі»
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў такіх умовах у разы ўзрастае роля СМІ ў суправаджэнні палітычных, эканамічных н інтэграцыйных працэсаў. Прэзідэнт Беларусі заклікаў расійскі бок умацоўваць саюзныя сродкі масавай інфармацыі, узмацняць іх уплыў на агульным інфармацыйным полі, асабліва ў Інтэрнэце. Ён сказаў пра неабходнасць выпрацоўваць у людзей імунітэт да фэйкавай інфармацыі, забяспечваць высокі ўзровень бяспекі ў медыясферы.
«Трэба больш прадметна займацца моладдзю, рэальна зрабіць маладзёжную палітыку адным з галоўных прыярытэтаў Саюзнай дзяржавы. Гадаваць стваральную моладзь — патрыётаў і творцаў, якія звязваюць з роднай зямлёй свой лёс і лёсы дзяцей. Ствараць для іх новыя перспектывы ў саюзнай адукацыйнай прасторы», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар канстатаваў, што Расія заўсёды была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам Беларусі. «Наш братэрскі саюз — гэта каштоўнасць, якую неабходна захаваць, прымножыць і перадаць будучым пакаленням. У гэтым наша місія, нашага пакалення, і мы ўсё для гэтага зробім».
Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 1 ліпеня 2022