Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб дзеючай у Еўрасаюзе мафіёзнай структуры па арганізацыі транзіту мігрантаў. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў у інтэрв`ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса "Национальная оборона" ваеннаму эксперту Ігару Каротчанку.
"Едуць людзі, ідуць на граніцу. Вось яны ўчора, гэта ўпершыню было, амаль 2 тыс., а можа крыху больш, сканцэнтраваліся ў розных месцах - у Мінску, у лясах... Іх падвезлі туды. Гэты транзіт забяспечваюць людзі: там у самалёт пасадзяць, самалёт сюды прыляціць, тут іх возьмуць, на граніцу адвязуць, цераз граніцу перавядуць, і там іх прымаюць ужо свае - палякі, немцы, украінцы. І ўсё за грошы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя паслугі транзіцёраў аплачваюцца. "Гэта ж не бедныя людзі едуць адтуль. А калі і бедныя, то ім сабралі грошы. І мы гэты ланцужок цалкам адсочваем. Тыя, хто ў Польшчы (іх жа яны ўжо злавілі і нават вымушаны былі аб`явіць, хто яны). Там не было беларусаў, і ўсяго два расіяніны. А дзясяткі транзіцёраў, якія людзей падкідваюць, - гэта немцы і перш за ўсё палякі, яшчэ і ўкраінцы, літоўцы. Гэта значыць там свая мафіёзная структура, якая забяспечвае транзіт, - расказаў Прэзідэнт. - У іх ужо там у Германіі, Францыі, іншых дзяржавах гэтыя ячэйкі створаны. Яны пазванілі адзін аднаму - прыязджайце, мы вас прымем. Там ужо іх чакаюць".
"Яны (мігранты.) не едуць у пустое месца, не едуць у космас. Яны едуць канкрэтна да тых людзей, якія іх чакаюць у Германіі - у некага сваякі, сябры, яшчэ нехта. Калі хто-небудзь думае, што яны проста адурэлыя бягуць за тысячы кіламетраў, - гэта глупства. Усё гэта дакладна арганізавана. І Беларусь толькі этап у гэтым. І абсалютна не галоўны", - звярнуў увагу беларускі лідар.
У размове з Прэзідэнтам Ігар Каротчанка згадаў аб выказванні прэс-сакратара расійскага МЗС Марыі Захаравай на тэму міграцыйнага крызісу, дзе яна нагадала пра ролю Польшчы ў атаках на Ірак і прапанавала ім цяпер прыняць 2 тыс. бежанцаў з гэтай краіны.
Згадзіўшыся з гэтым пунктам гледжання, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ролю краін Захаду ў разбурэнні шэрага дзяржаў Блізкага і Сярэдняга Усходу. "Гэта ж усё было на маіх вачах", - сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што добра ведаў многіх лідараў, уключаючы Хафеза Асада, Садама Хусейна, Муамара Кадафі, Фідэля Кастра. "Мы з імі ў вельмі блізкіх, добрых адносінах былі. Мы сустракаліся з імі. Я вам скажу - найвялікшыя мысліцелі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта людзі, якія ў выніку свайго становішча вельмі добра разумелі, што адбываецца. Гэта былі лідары ў сваіх дзяржавах. І гэтыя нягоднікі іх проста забілі. Яны іх забілі".
"Башара Асада (Прэзідэнта Сірыі.) яны таксама хочуць знішчыць. Так, гэта не Хафез Асад (бацька Башара Асада, які доўгі час кіраваў Сірыяй. ). Башар больш спакойны, доктар, вельмі добры і прыстойны чалавек. Але ён не патрэбны ім", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што за расправай з лідарамі следам адбылося знішчэнне і саміх дзяржаў: "Памятаеце, Буш-малодшы (Прэзідэнт ЗША ў 2001-2009 гадах Джордж Буш.)? Ім трэба было пераўладкаваць Блізкі і Сярэдні Усход. Яны ўварваліся. З Туніса ж пачалі (пра гэта цяпер не гавораць), у Іраку было - "Бура ў пустыні" і гэтак далей. Знішчылі фактычна краіну. Лепш зрабілі? Не. Потым яшчэ раз зайшлі. Туніс, Лівія, Сірыя. Потым дайшлі да Ірана, паглядзелі - не па зубах, не ўлезлі. Афганістан, 20 гадоў. І вынік?"
"Яны не проста разварушылі, расхісталі Блізкі і Сярэдні Усход, яны знішчылі дзяржаўнасць - тую, якая была. Так, спецыфічная. Не такая, як у Беларусі і Расіі, а тым больш у англасаксаў. Вядома, не такая. Свая спецыфіка", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзеянні калектыўнага Захаду не прывялі да паляпшэння жыцця ў тых краінах, куды яны ўмешваліся. "Лепш стала? Яны ж дэманстратыўна гэта рабілі. Яны дэманстратыўна павесілі Садама Хусейна. Яны на кол пасадзілі Муамара Кадафі, у мусульманскай краіне, мусульманіна! Гэта была наогул дзікасць. Яны знішчылі ўсё, што там было, уклад жыцця", - заявіў Прэзідэнт.
Відавочна, што ўмовы жыцця для многіх людзей у разбураных краінах сталі невыноснымі, і яны рушылі на Захад. "Там самае страшнае - адсутнасць усялякай перспектывы. Уяві: дзеці, якая будучыня ў іх? Адукацыя? Ім нельга атрымаць. Аховы здароўя цяпер ніякай. Пра культуру, спорт і гаварыць няма чаго. Людзі асуджаны не на выжыванне, а на дзікае, жудаснае існаванне ў гэтай краіне і абсалютна беспрасветна ўсё. Што ім рабіць? Трэба шукаць лепшага жыцця. Так жывы чалавек заўсёды рабіў бы", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
Тым больш, як заўважыў Прэзідэнт, высокапастаўленыя чыноўнікі шэрага еўрапейскіх краін, у тым ліку Германіі, запрасілі мігрантаў: прыязджайце да нас. "Яны іх паклікалі. І пайшоў транзіт, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер з Афганістана пайшоў прыток. Ён толькі пачаўся".
На думку Прэзідэнта, у хуткім часе варта чакаць яшчэ большы наплыў мігрантаў з Афганістана, у прыватнасці тых, хто працаваў на амерыканцаў, але каго ЗША адмаўляюцца цяпер прымаць у сваёй дзяржаве. "Амерыканцы іх таксама паклікалі, але загадалі Еўропе і Цэнтральнай Азіі (прыняць іх у сябе.). Праўда, цэнтральнаазіяцкія рэспублікі сказалі: "прабачце". Куды яны пойдуць? Яны пойдуць у Еўропу. Амерыканцы гавораць: няхай часова ў вас пабудуць. Як і казахам гавораць, узбекам, таджыкам і гэтак далей. Што такое часова, мы ведаем. Гэта ж амерыканцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вось пайшлі гэтыя афганцы: праз цэнтральнаазіяцкія рэспублікі, праз Расію, праз Беларусь і туды далей. І не толькі гэтым маршрутам, - прадоўжыў беларускі лідар. - Яны ідуць і праз Украіну, але Украіна ў іх (у калектыўнага Захаду.) "свая", яны пакуль маўчаць. Беларусь - чужая, трэба малаціць, а тым больш у Лукашэнкі Пуцін за спінай стаіць і яго ўвесь час штурхае на Захад - дык яны папісваюць, і міграцыйная гэта хваля - гэта гібрыдная вайна Лукашэнкі, якая падтрымліваецца Пуціным (на думку таго ж калектыўнага Захаду.)".
"Прычым тут Пуцін? Прычым тут Лукашэнка? - адрэагаваў кіраўнік дзяржавы на непраўдзівыя сцвярджэнні. - Вы разбамбілі Афганістан і туды далей. Да Кітая дабраліся. Цяпер уваткнуліся ў Кітай".
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што мігранты ідуць у краіны Захаду, куды іх паклікалі тыя, хто вінаваты ў разбурэнні іх родных мясцін. "Так, цяпер яны знайшлі "дзіру" ў Беларусі. Хочуць праз Беларусь трапіць. Яны да нас прыязджаюць, прылятаюць абсалютна законна. Яны прылятаюць у аэрапорт, у які калектыўны Захад нікога не пускае са сваіх кампаній. Гэта значыць яны для сябе закрылі беларускі аэрапорт. Але свята месца пуста не бывае. Сюды дзясяткамі рынуліся самалёты з Блізкага, Далёкага Усходу, з разбомбленых дзяржаў, - сказаў беларускі лідар. - Расіяне, кітайцы, іншыя - як ляталі сюды, так і лятаюць".
Такім чынам Беларусь забяспечвае работу сваіх аэрапортаў, а гэта праца тысяч людзей для абслугоўвання ўзлётна-пасадачнай паласы, стаянкі, тэрміналаў, забеспячэнне палівам. "Вы хацелі нас удушыць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну, добра, мы лятаем у Расію, Кітай, на Усход. Хоць ні адзін самалёт "Белавія" сюды мігрантаў не прывёз. Яны на сваіх самалётах, на "Боінгах" лятаюць".
9 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на источник:
Яны не едуць у "космас". Аляксандр Лукашэнка расказаў аб мафіёзнай структуры ў ЕС па транзіце мігрантаў