Цікавае побач. Даследчыку варта памятаць, што заўсёды непадалёку сцішана захоўваюцца залацінкі архіўнай інфармацыі, звязаныя з жыццём знакамітых людзей. Магчыма, раней такія звесткі ўяўляліся малазначнымі, не вартымі ўвагі. Сёння, пасля грунтоўнага асваення асноўных пластоў гістарычных матэрыялаў, іх самадастатковая каштоўнасць значна ўзрасла.
Янка Купала. 1908 г.
Няўмольны час робіць сваю справу: многае нішчыць, а на тым, што збераглося, прымушае засяродзіць асаблівую ўвагу. Аўтар гэтых радкоў чарговы раз пераканаўся ў справядлівасці сказанага, шчыльна займаючыся архівамі, звязанымі з жыццём і творчасцю Янкі Купалы.
На вячоркі з Янкам Купалам
Неспадзяванай знаходкай стала гісторыя, пераказаная мімаходзь адной з найстарэйшых выкладчыкаў кафедры беларускай філалогіі БДТУ Рэгінай Міксюк. Калега з гумарам прыгадала невялічкі эпізод больш чым 50-гадовай даўнасці са свайго сямейнага жыцця.
Аднойчы вучаніца сярэдняй школы Рэгіна Анкудовіч выконвала хатняе заданне, рыхтавала ўрок па творчасці Янкі Купалы, старанна прагаворвала ўслых асобныя факты біяграфіі паэта. Яе бабуля абірала бульбу і раз-пораз услухвалася ў голас старанніцы-ўнучкі. На стандартнай фразе з падручніка пра сялянскае паходжанне народнага паэта Беларусі раптам ускіпела: «Які ён табе селянін, ён з паноў!»
Далей пачаўся нязвыклы для савецкай гістарыяграфіі аповед Авэліны Іпалітаўны Каспяровіч (у дзявоцтве Прушынскай) пра жыццё на хутары Хлявішча, што на Лагойшчыне, вячоркі ў Малых і Вялікіх Бясядах, куды збіралася моладзь з усяго наваколля.
Але гэтым разам гаворка ішла прыкладна пра 1900 год, калі апавядальніцы ішла чатырнаццатая ці пятнаццатая вясна. Ян Луцэвіч запомніўся ёй па бясядскіх танцах вельмі добра: модны касцюм, накрухмаленая манішка, хромавыя боты. Трымаўся будучы паэт Янка Купала воддаль ад вясковай моладзевай грамады, больш назіраў. Моцна кантраставаў з сялянамі, якія былі ў звычайных сярмягах, босыя, урачыста абуваліся толькі на святы, ды і тое перад уваходам у касцёл, што ў Вялікіх Бясядах.
Малады Ян Луцэвіч чуйна прыслухоўваўся, уважліва ўглядаўся ў святочнае і будзённае жыццё народа. Няма сумнення, што бясядскія вячоркі таксама збіраліся ў душы будучага пісьменніка своеасаблівай калекцыяй эмоцый, уражанняў, фарбаў. Некаторыя з іх, магчыма, адгукнуліся і ў камедыі «Паўлінка» (Санкт-Пецярбург, 1913) — «Сцэнах з шляхоцкага жыцця ў 2-х актах». Напрыклад, у гэтай: «Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці — хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою». А далей у прыпеўках (а можа, — з ноткамі самаіроніі) абыгрываецца і панская (шляхоцкая) фанабэрыя, і трапнасць народнага гумару:
Адольф
(танцуючы, прыпявае)
Танцовала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо пятрушка танцовала.
Паўлінка
(адпяваючы)
А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера
Дый купілі кавалера.
Пад шэпт лістоўніц і піхт
Панскі маёнтак у Малых Бясядах (Вілейскі павет Віленскай губерні) размяшчаўся ў маляўнічай мясцовасці: узгоркі, невялікая рачулка. Акультураная прастора сядзібы выдатна ўпісвалася ў прыродны ландшафт: цудоўны парк са штучным азерцам, што сілкуецца крынічнай вадой, велічныя алеі з сосен, лістоўніц, бальзамічных піхт. У цэнтры архітэктурнага комплексу — двухпавярховы дом з тэрасамі і балконамі. На першым паверсе знаходзімся зімовы парк і танцавальная зала.
У канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. усё гэта было ўласнасцю Зыгмунта Чаховіча-Ляхавіцкага (1831–1907), удзельніка паўстання 1863–1864 гг., паплечніка Кастуся Каліноўскага. За ўдзел у змагарніцкім руху З. Чаховіч быў асуджаны на 12 гадоў катаргі. Каля 1880 г. вярнуўся на радзіму.
Зыгмунт Чаховіч-Ляхавіцкі. Пачатак ХХ ст.
Сям’я Луцэвічаў у 1895–1904 гг. жыла непадалёку — у фальварку Селішча. Янка Купала ў лісце з Кіславодска да Льва Клейнбарта 21 верасня 1928 г. пісаў пра сваё знаёмства з уласнікам Малых Бясяд: «...когда мы жили в Селище, я познакомился с одним польским помещиком Сигизмундом Чеховичем в им<ении> Бесядка Вилейск<ого> уезда. Помещик этот был в свое время сослан Муравьевым в Сибирь, но впоследствии вернулся и жил безвыездно в своем имении Бесядах. У него была громадная библиотека, в большинстве из польских книг. Вот тут-то мне и открылся, что называется, клад. Помещик был идеалист, мечтатель».
Паводле Купалавага пераказу, уласна сямейнае жыццё пад дахам сядзібнага дома ў Малых Бясядах было далёка не ідылічным: «...жена у него была настоящая ведьма. Она его держала впроголодь и не давала ему вмешиваться абсолютно в никакие дела. Так что он даже с женой не встречался. Жил отдельно, куда ему посылалась кое-какая пища, ни с кем не встречался, всегда поглощенный книгами»; «Бывал у него я часто, принося ему в благодарность за книги то масла, то сыру, т. к. того, что доставалось ему от жены, на пропитание не хватало».
Купала аддаваў перавагу паэзіі, белетрыстыцы, гісторыі: «Часто он мне выбирал книги для чтения, а иногда я сам просил его таких или других авторов»; «...у него первого я познакомился с нелегальной литературой, больше всего относящейся к польскому восстанию. Были это издания краковские, лондонские, парижские и т. д.». Дзякуючы багатай бібліятэцы былога каліноўца, «ідэаліста і летуценніка», упершыню пазнаёміўся з нелегальнымі выданнямі, гутарыў з гаспадаром пра паўстанне 1863–1864 гг. «Знаёмства з Чаховічам мела велізарнае значэнне для развіцця светапоглядных арыентацый і эстэтычных густаў Купалы» (Галіна Тычко).
Гэтыя старонкі жыцця будучага класіка беларускай літаратуры добра асветлены ў артыкуле Генадзя Кісялёва «Бясядскія шляхі-дарогі» («Нёман», 1984, № 3), сцісла ахарактарызаваны ў энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986) і аднайменнай энцыклапедыі (2018, т. 3).
Найбольш вядомая літаратурная інтэрпрэтацыя малабясядскіх сустрэч прадстаўлена ў п’есе Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц», напісанай да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Сярод дзеючых асоб у ёй адрэкамендаваны «Зыгмунт (Цыкмун) Чаховіч-Ляхавіцкі — былы паўстанец, цяпер „пан“ у Бясядах». З аўтарскай рэмаркі да 2-й карціны драматычнага твора: «Бібліятэка ў флігелі Зыгмунда Чаховіча ў Бясядах. Простыя беленыя сцены, паўкруглыя зверху вокны, канапа, пацёрты дыван, столік, крэслы. Адзіная раскоша — мноства кніг, і патрапаных, і старадаўніх скураных, і ў ціснёных золатам вокладках. Астатняе — пацёртае і нібы прыцярушанае пылам. Янка Луцэвіч толькі зайшоў у пакой з пакункам кніг. У пакоі два чалавекі. Сядзяць ля століка. На крэсле малады хлопец Стафан Каляда.
У фатэлі, накрыты пледам, сам Зыгмунд Чаховіч. Яму каля сямідзесяці год».
Гаючая памяць
З пераказу каларытнага аповеду Авэліны Каспяровіч запомнілася фраза «Ён знаўся толькі з панамі, браў у іх кнігі». Атрымліваецца, карыстанне Купалам багатым бібліятэчным зборам Чаховіча было асабліва заўважным і адзначаным ужо сучаснікамі, шараговымі відавочцамі падзей, а не толькі рэтраспектыўна ўстанаўлівалася, інтэрпрэтавалася біёграфамі паэта ў пазнейшыя дзесяцігоддзі ХХ ст.
Авэліна Каспяровіч. 1920-я гг.
І чаму з панамі (у множным ліку), а не толькі з Зыгмунтам Чаховічам? Адказваючы на гэтае пытанне, Рэгіна Міксюк прыгадвала і свае юнацкія гады таксама. Пан Чаховіч для навакольнага люду атаясамліваўся з палітыкай, нечым таемным, забароненым і змоўніцкім. Больш сімпатычным, а таму асабліва памятным быў пан Валадковіч з Маныл. Да яго сядзібнага дома вялі прыгожыя алеі з лістоўніц і бэзу. На сядзібе біла крынічка, вада з якой валодала гаючымі ўласцівасцямі: лекавала вочы. Таму да пана Валадковіча «на лячэнне» ахвотна ехала і заможная шляхта, і просты люд. Пэўна, не абмінаў гэтую славутую мясціну і Янка Купала…
Успаміны Рэгіны Міксюк паступова набылі адценне скрухі і жалю — амаль нічога не захавалася. Але сённяшнім людзям сталага веку з вакольных вёсак Лагойшчыны яшчэ памятаюцца вячоркі на дыхтоўным бруку сядзібнага дома пана Валадковіча. Тады будавалі на вякі.
Жыццёвы лёс Авэліны Каспяровіч, якая пражыла 86 гадоў, варты асобнай кнігі мемуараў: нарадзіла 13 дзяцей, з якіх выжылі толькі двое (адна з іх Яніна Анкудовіч, маці Рэгіны Міксюк). У сямейным архіве цудам збярогся фотаздымак Авэліны Каспяровіч 1920-х гг., з якога на нас глядзіць запамінальная маладая жанчына часоў нацыянальнага будаўніцтва, апетага аўтарам «Маладой Беларусі». У той час у прасторнай зале сядзібнага дома гаспадара маёнтка ў Малых Бясядах сіламі мясцовай настаўніцкай грамады ставілася неўміручая купалаўская «Паўлінка»…
Пасля пачутых успамінаў думкам было вельмі зацішна і трохі зайздросна. Усё ж здорава мець магчымасць пры добрай нагодзе сказаць: «А мая бабця танчыла з самім Купалам!»
Мікола Трус,
Ссылка на источник:
У каго браў кнігі Янка Купала?