Звычайна вакцынацыя супраць грыпу робіцца на працягу кастрычніка — лістапада, прыкладна за месяц да разгару грыпу. За гэты час у прышчэпленых фармуецца ўстойлівы імунітэт. Чаму грып называюць чумой стагоддзя, і чым ён небяспечны? Каму варта прышчапіцца абавязкова? Калі сёлета чакаць сезон грыпу? Якая вакцына найбольш эфектыўная? Гэтыя пытанні мы задалі медыкам.
Чым небяспечны грып?
— Сёння грып — сапраўдная чума стагоддзя. Па ўзроўні ўскладненняў і смяротнасці грып знаходзіцца на трэцім месцы пасля сардэчна-сасудзістых хвароб і ракавых захворванняў, — прыводзіць статыстыку ўрач-рэабілітолаг, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Вольга Ячэйка.
Разам з ВРВІ грып займае 95% сярод інфекцыйных захворванняў. Гэтыя вірусы кожны год інфіцыююць да 500 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. З іх каля двух мільёнаў памірае. Каб скараціць выпадкі смяротнасці, навукоўцы рэкамендуюць вакцынацыю.
Прышчэпка дапамагае знізіць захворванне на грып у даволі вялікіх маштабах. Напрыклад, сярод пажылых людзей, якія атрымалі прышчэпку ад грыпу, каля 60% потым не хварэюць на вострыя рэспіраторныя захворванні наогул. Прышчэпка ад грыпу дае магчымасць не хварэць больш як 80% людзей усіх узростаў, якія прайшлі вакцынацыю. Дзеці, якія атрымалі прышчэпку ад грыпу, перастаюць хварэць больш як у 92 працэнтах выпадкаў. Прышчэпка ад грыпу таксама зніжае верагоднасць ускладненняў больш як на трэць, адно з самых непрыемных з іх — дзіцячы атыт.
Калі сёлета чакаць грып?
— Грып у нашай краіне мае пэўную цыклічнасць. Звычайна прыходзіць у лютым і доўжыцца да сярэдзіны сакавіка. Але ў сувязі з тым, што з 2019 года ў свеце пачаў цыркуляваць COVІD-19, ён у некаторай ступені памяняў правілы гульні. Напрыклад, летась у Беларусь грып прыйшоў у снежні. Добрая навіна ў тым, што вірус грыпу не толькі лечыцца сучаснымі медыцынскімі прэпаратамі (асельтамівір), але і спецыфічна прафілактуецца (вакцынуецца). Сімптомы грыпу ўсім вядомыя, і ёсць памылка, што ён лёгка праходзіць праз тыдзень, але многія не ведаюць, што ўскладненні грыпу могуць мець цяжкія наступствы для арганізма. Напрыклад, пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў трох-пяці працэнтаў людзей, а вось пасля грыпу — у трыццаці працэнтаў, — расказвае ўрач-інфекцыяніст 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй Макарэвіч.
У ідэале пачаць прышчапляцца трэба ўжо ўлетку. Таму сёння адкладаць вакцынацыю катэгарычна не трэба.
Каму варта абавязкова прышчапіцца?
Супрацьпаказанняў для вакцынацыі амаль няма, за выключэннем алергіі на бялок і на папярэднюю дозу вакцыны ад грыпу.
— Перш за ўсё, вакцынацыю робяць людзям, якія пакутуюць на хранічныя хваробы органаў дыхання (уключаючы бранхіяльную астму), хворым на сардэчна-сасудзістыя захворванні, асобам з захворваннямі нырак, хранічнай нырачнай недастатковасцю, хворым на цукровы дыябет, усім асобам, старэйшым за 60 гадоў, дзецям, пачынаючы з узросту 6 месяцаў, асобам, якія кантактуюць з груднымі дзецьмі, цяжарным жанчынам, тым, хто часта хварэе на прастудныя захворванні. А таксама дзецям і дарослым, якія перанеслі хіміятэрапію, у тым ліку год таму, работнікам медыцынскіх і школьных устаноў, людзям, якія працуюць у вялікіх калектывах (і дзецям, якія наведваюць дзіцячыя сады, школы), жыхарам інтэрнатаў, камунальных кватэр, дамоў састарэлых, а таксама тым, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, — пералічвае Вольга Ячэйка.
Ці можна захварэць ад прышчэпкі?
— Вірус грыпу вельмі заразны і перадаецца паветрана-кропельным шляхам або праз заражаныя паверхні, напрыклад, банкноты, дзвярныя ручкі, выключальнікі святла і іншыя бытавыя прадметы. Грып непакоіць усіх. Нават у «лёгкіх» выпадках могуць быць непрыемныя сімптомы. Вакцынацыя бяспечная! Немагчыма захварэць на грып з-за вакцыны. Вакцына абараняе чалавека ад цяжкіх наступстваў і зніжае рызыку захворвання амаль у два разы. Дзякуючы вакцыне захворванне пераносіцца значна лягчэй, нават калі чалавек усё ж захварэў, цяжар сімптомаў таксама значна зніжаецца. Не кажучы ўжо пра смяротныя зыходы, якіх становіцца амаль у два разы менш пасля масавых вакцынацый, — тлумачыць рэабілітолаг.
Якая вакцына дзейнічае найлепш?
— Навуковыя эксперыменты, якія праводзіліся на працягу апошніх некалькіх гадоў, паказалі, што дзякуючы вакцынам, ход хваробы нашмат лягчэйшы ці захворванне не праяўляецца зусім. Акрамя таго, падчас даследаванняў было даказана, што вакцыны пераносяцца чалавекам даволі лёгка, яны добра стымулююць імунную сістэму чалавека, а таксама змяншаюць рызыку ўзнікнення эпідэмій. Сярод самых эфектыўных вакцын прапануюцца «Інфлювак» (Нідэрланды), «Ваксігрып» (Францыя), «Флюваксін» (Кітай). Вакцыны, якія змагаюцца з грыпам, называюцца медыцынскім тэрмінам «трывакцыны». Назва дадзена за іх састаў, у які ўваходзяць антыгены супраць трох самых папулярных і небяспечных вірусаў грыпу, — кажа Вольга Ячэйка.
Як праводзіцца вакцынацыя?
Вакцына звычайна ўводзіцца ў плячо, у вобласць дэльтападобнай мышцы (гэта верхняя трэць плечавой мышцы). Пасля прышчэпкі нельга мачыць месца ўколу на працягу сутак, паколькі можа ўзнікнуць запаленчая рэакцыя скуры.
Калі не рэкамендуецца прышчапляцца?
— Паколькі ў вытворчасці вакцыны супраць грыпу часцей за ўсё выкарыстоўваецца курыны бялок ці кансерванты, нельга яе ўводзіць тым людзям, у якіх алергія на гэтыя рэчывы. Нельга прышчапляць супраць грыпу дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў. Не рэкамендуецца прышчапляцца ў перыяд вострага захворвання. Толькі праз месяц пасля выздараўлення, калі ваш стан ацэніць урач, вы можаце атрымаць дазвол на вакцынацыю. Прышчапляцца нельга тым, хто раней вельмі цяжка пераносіў аналагічную прышчэпку. Нельга рабіць вакцыну і тым людзям, якія менш за два тыдні таму перахварэлі на прастуду ці грып, — пералічвае Вольга Ячэйка.
Якія бываюць ускладненні пасля вакцынацыі?
— Яны дзеляцца на дзве групы — сістэмныя і мясцовыя. Сістэмныя ўскладненні — гэта алергічная рэакцыя ўсяго арганізма, напрыклад, галаўныя болі, затрымка дыхання, збоі ў сардэчным рытме, павышаная тэмпература, скокі артэрыяльнага ціску, болі ў мышцах і суставах, менінгіт і гэтак далей. Мясцовыя ўскладненні пасля вакцыны — гэта збой нейкай адной сістэмы, а не ўсяго арганізма. У такім выпадку могуць быць болі ў горле, ці галаўны боль, ці пачырваненне скуры ў месцы ўвядзення вакцыны, ці насмарк, — тлумачыць урач-рэабілітолаг.
Колькі фармуецца імунітэт?
— Сярэдні тэрмін фармавання ўстойлівага імунітэту да грыпу — ад 10 дзён да двух тыдняў. Пры выкананні ўсіх правіл вакцынацыі эфектыўнасць вакцын супраць грыпу — 75–90%. Кожны год састаў вакцын мяняецца. Характэрнай асаблівасцю віруса грыпу з’яўляецца яго здольнасць да мутацыі — змены сваіх уласцівасцяў. Менавіта таму Сусветная арганізацыя аховы здароўя штогод загадзя прагназуе тыповыя ўласцівасці вірусаў грыпу для своечасовай змены саставу вакцын вытворцамі, — кажа Вольга Ячэйка.
Што яшчэ рабіць, каб не захварэць?
Таму, хто праігнараваў сезонную вакцынацыю ад грыпу, рэкамендуецца выконваць простыя і эфектыўныя парады, каб не захварэць. Напярэдадні магчымай эпідэміі ўрачы раяць актывізаваць ахоўныя сілы арганізма пры дапамозе агульнаўмацавальных мер прафілактыкі.
1. Вітаміны і мікраэлементы. Асабліва тут важная аскарбінавая кіслата (вітамін С), якая спрыяе павышэнню супраціўляльнасці арганізма. Вітамін С варта ўжываюць унутр па 0,5-1 г 1-2 разы на дзень. Акрамя таго, ешце як мага больш садавіны і агародніны. Не трэба забываць, што вялікая колькасць вітаміну С змяшчаецца ў соку квашанай капусты, а таксама цытрусавых — лімонах, ківі, мандарынах, апельсінах, грэйпфрутах.
2. Загартоўванне — найважнейшы метад прафілактыкі розных прастудных захворванняў у нашым клімаце. Яно дазваляе нармалізаваць функцыю дыхальных шляхоў пры астуджэнні, што змяншае дозу віруса, які трапляе ў арганізм пры заражэнні. Таму шляхам загартоўвання можна калі не цалкам пазбегнуць прастуды, то зменшыць адчувальнасць да яе. Важна ўсведамляць, што мерапрыемствы па загартоўванні павінны праводзіцца штодня і працягла, гэта павінна быць ладам жыцця.
3. Неабходна пазбягаць стрэсаў, ператамленняў і прастуд. Калі вы сур’ёзна перагружаеце свой арганізм фізічнай ці разумовай працай, знаходзіцеся ў стане стрэсу ці дэпрэсіі, то ваш імунітэт аслаблены, а значыць, вы даяце магчымасць вірусу з лёгкасцю асталявацца ў вашым арганізме.
4. Народныя сродкі. Меркаванне ўрачоў такое: «Грып — не тая хвароба, якую можна вылечыць самому часнаком і парай над бульбай». Народныя сродкі можна выкарыстоўваць паралельна, як дадатковае лячэнне.
Для прадухілення распаўсюджвання такіх рэспіраторных хвароб, як грып, неабходна прытрымлівацца звычайных мер паўсядзённай гігіены:
*Прыкрываць нос і рот папяровай сурвэткай падчас кашлю ці чхання. Выкарыстаную сурвэтку выкідваць у смецце.
*Старанна і часта мыць рукі вадой з мылам, асабліва пасля кашлю ці чхання.
*Не дакранацца да вачэй, носа ці рота. Інфекцыя перадаецца менавіта такім спосабам.
*Імкнуцца пазбягаць блізкага кантакту з хворымі людзьмі.
*Пазбягаць месцаў збору людзей.
І калі ўсё ж пазбегнуць грыпу ці іншага ВРІ не ўдалося, то не варта займацца самалячэннем. Неабходна звяртацца да спецыялістаў, усе прэпараты прымяняць толькі па прызначэнні ўрача і ні ў якім разе, не пераносіць інфекцыю на нагах! Гэта небяспечна для хворага і з’яўляецца рызыкай распаўсюджвання віруса.
Алена Кравец
Звязда, 16 лістапада 2023
Ссылка на источник:
Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!