Традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў
Традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў з`яулялася неад`емнай часткай народнага быту, сямейнага укладу, духоунай культуры народа, яго светапогляду, звычаёвага права, этыкі і эстэтыкі.
Станаўленне і функцыяванне гэтай складанай культурна гістарычнай з`явы былі абумоўлены заканамернасцямі сацыяльна-гістарычнага развіцця і этнічнай традыцыяй.
Сямейныя звычаі і абрады аб`ядноўвалі і ўмацоўвалі сям`ю, служылі своеасаблівым механізмам для перадачы этнічных традыцый, маральна-этычных норм і прынцыпаў ад старэйшых да малодшых. Яны дапамагалі кожнай канкрэтнай сям`і з годнасцю адзначыць такія важныя падзеі, як нараджэнне дзіцяці, ўступленне маладых у шлюб, пераход сям`і ў новую хату, або зняць эмацыянальна-псіхічнае напружанне ў выпадку смерці каго-небудзь з блізкіх, з павагай да жывых і нябожчыка пахаваць і памянуць яго.
Разам з тым традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў прадугледжвала звычаі і абрадавыя дзеянні, якія павінны былі ўмацоўваць «знешнія» сувязі сям`і з суседзямі, сваякамі, сябрамі, дапамагалі ўсталяванню добразычлівых адносін паміж імі, а таксама падымалі прэстыж сям`і сярод аднавяскоўцаў.
Веданне і дэталёвае выкананне традыцыйных сямейных звычаяў і абрадаў адыгрывалі немалаважную ролю у фармаванні пэўнай станоўчай ці адмоўнай грамадскай думкі аб той ці іншай сям`і, што мела вялікае значэнне для яе існавання. Сказанае вышэй было тым больш значным, што гэта грамадская думка (слава) перадавалася з пакалення ў пакаленне, пэўным чынам адбівалася на лёсе дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Акрамя таго, ў народзе бытавала ўяўленне, што выкананне пэўных абрадавых дзеянняў можа станоўча паўплываць на лёс дзіцяці ці маладой шлюбнай пары, забяспечыць дабрабыт, багацце сям`і, здароўе ўсім яе насельнікам.
У канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў агульны комплекс сямейных звычаяў і абрадаў заставаўся даволі кансерватыўнай часткай народнага жыцця. Ў ім разам са шматлікімі рацыянальнымі элементамі суіснавалі магічныя прыёмы і царкоўна-хрысціянскія кампаненты.
У сучасным жыцці беларусаў значэнне абрадаў паменшылася, але і захоўваецца ў пэўнай ступені, бо ўласціва беларускаму светаадчуванню.
Абрады можна ўмоўна падзяліць на радзінныя, вясельныя, пахавальна-памінальныя і на традыцыйныя сямейныя святы, а таксама на новыя, сучасныя звычаі.
Сіла традыцыі, няўпэўненасць у паспяховым зыходзе родаў, высокая
дзіцячая смяротнасць прадвызначалі устойлівасць і шырокае бытаванне
звычаяў і прадпісанняў дародавага цыкла, якія адрозніваліся прыкметнай
аднароднасцю. Адначасова ў гэтых звычаях і абрадавых дзеяннях
назіраліся пэўныя своеасаблівыя рысы, варыятыўнасць якіх не мела
акрэсленага рэгіянальнага праяўлення і ў значнай ступені залежала ад
традыцый той ці іншай беларускай вёскі.
Рэгіянальныя адрозненні больш выразныя ў звычаях і абрадах родавага
цыкла. Найбольш ярка акрэсленымі лакальныя асаблівасці былі у
пасляродавай абраднасці.
(па матэрыялах: "Сям`я і сямейны быт беларусаў", Мінск, Навука і тэхніка, 1990)
Каментары
Свята - сукупнасць традыцыйных звачаяў,
абрадаў і гульняў, свабодныя ад работы дні.
(нп: Купалле, Гуканне
Вясны, Каляды)
Прысвятак - звычайны рабочы дзень, названы ў
гонар гістарычнай, духоўнай ці фальклёрнай асобы.(нп: Дзень
Валянціна, Юр`е, Мікола, Піліпаўка)
Абрад - сукупнасць традыцыйных дзеянняў,
якія адлюстроўваюць бытавыя і культавыя звычаі народа.(нп: "мыццё
дзежкі", "пахаванне стралы".)
Гульня - актыўны адпачынак, гістарычна
сфармаваны на аснове драматызаваных, умоўных або творчых дзеянняў з
пэўнымі правіламі і прыёмамі забаў. Яна з`яўляецца сродкам фізічнага
разумовага і маральна-эстэтычнага выхавання. Многія народныя гульні
ўзніклі з абрадаў, развіваліся са старажытных часоў і дагэтуль нясуць на
сабе сляды язычніцкіх культаў.
Ігрышча - народнае зборышча, пераважна
моладзі, з танцамі, гульнямі, тэатрам, а таксама з частаваннем.
Адбываецца на вялікія святы.
Ссылка на источник:
Традиции и обряды белорусов