За 15 пасляваенных гадоў Беларусь страціла паўмільёна насельніцтваГісторык Анатоль Вялікі апісвае працэс перадачы Беласточчыны Польшчы ў сваёй манаграфіі.— Я закранаю пытанне вызначэння беларускага-польскага ўчастку савецка-польскай мяжы, яе дэлімітацыі (вызначэнне агульнага становішча і накірунку дзяржаўнай мяжы паміж сумежнымі краінамі шляхам перамоў) і дэмаркацыі (правядзенне лініі дзяржаўнай мяжы на мясцовасці з абазначэннем яе спецыяльнымі памежнымі знакамі), перасяленне беларусаў і палякаў.Анатоль Вялікі — кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі. Аўтар даследаванняў «На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення. 1944-1946»(2005), «Беларусь-Польшча ў ХХ ст.: невядомая рэпатрыяцыя» (2007).«НН»: І шмат было пераселеных?АВ: Перамяшчэнне насельніцтва з Польшчы і Беларусі ў 1940-1950-х гадах ішло як частка агульнаеўрапейскіх пасляваенных перамяшчэнняў: палякаў з заходніх абласцей Беларусі — у Польшчу, а беларусаў — з Польшчы ў БССР. У 1946 годзе гэты працэс штучна перарываецца Савецкім Саюзам. Але ў Беларусі застаецца значная колькасць палякаў. Убачыўшы тую нялюдскую ўладу, як яе называлі, яны хацелі ўз’яднацца са сваякамі ў Польшчы. Працэс узнавіўся толькі пасля смерці Сталіна. І з 1955 па 1959 адбывалася рэпатрыяцыя (вяртанне на радзіму ваеннапалонных, перамешчаных асобаў, бежанцаў, эмігрантаў з аднаўленнем у правах грамадзянства) палякаў з заходніх абласцей Беларусі ў Польшчу. Па розных падліках за дзве гэтыя хвалі выехала ад 500 да 600 тысяч чалавек.
Гэта вялікая лічба. Гродзенскую вобласць у пасляваенны час пакінула каля 400 тысяч чалавек.
«НН»: А ці шмат беларусаў з Польшчы прыехалі ў 1940-х гадах у БССР?АВ: У першую хвалю з 1944 па 1946 сюды прыехала толькі 20 тысяч беларусаў. А ў другую — літаральна дзесяткі вярнуліся. Рэпатрыяцыя была фактычна ў адзін бок. Бо разумелі, якая ўлада была ў БССР. Нават камуністычная Польшча стварала больш спрыяльныя ўмовы для беларусаў, якія жылі галоўным чынам на Беласточчыне.
Цікавы факт, што з 1944 года палякі хацелі адкрыць консульствы ў Мінску, Гродне і Брэсце. Але кіраўніцтва Савецкага Саюза катэгарычна адмаўляла. І палякам дазволілі гэта зрабіць толькі ў 1972 годзе. А не дазвалялі, бо ў БССР знаходзілася шмат палякаў і былі праблемы з нацыянальнай меншасцю, хаця ў СССР такога паняцця і не існавала.
«НН»: Вы засяроджваецеся на працэсе перадачы Беласточчыны Польшчы. Што новага раскрываеце?
АВ: У манаграфіі друкуюцца новыя матэрыялы наконт тагачасных спрэчак аб плошчы тэрыторыі, якая мусіла адысці да Польшчы. Быў такі гісторык Майсей Грынблат. Яму ў свой час далі заданне вызначыць этнаграфічныя межы беларускага народа. Яго межы адпавядалі межам Максіма Гарэцкага, праведзеным у 1921 годзе. Яны ахоплівалі ўсю Беласточчыну, Сувалкі і г.д. Але ў 1940-х гадах вырашалася палітычнае пытанне. І ніхто не глядзеў на этнаграфічныя, гістарычныя, геаграфічныя моманты.
Таксама вялася спрэчка аб Белавежскай пушчы. Яе падзялілі папалам. І беларусы, і палякі пачалі цягнуць гэтую коўдру кожны на сябе. Панамарэнка пісаў Молатаву, Сталіну, каб аддалі пушчу цалкам беларусам. І палякі пісалі Сталіну з просьбай аддаць ім пушчу.
Гэта было не проста пытанне мяжы, а пытанне плошчы тэрыторыі, якая адыдзе.
«НН»: Працэс перадачы Беласточчыны быў адначасным, ці пасля «даразаліся» кавалкі?АВ: Дэлімітацыя і дэмаркацыя праходзіла ў асноўным з 1946 па 1948. Апошняя дэмаркацыя адбылася ў 1949 годзе. І кожны раз усё адыходзіла на карысць Польшчы.
Я адкрыю такую таямніцу, аб якой у кнізе толькі ўзгадваю. Калі мяжу дэмаркіравалі, Вярхоўны Савет павінен быў зацвердзіць такі крок. Вярхоўны Савет СССР зацвердзіў, але дакументы ў Беларусь не адаслаў.
І да сёння ў нас няма ратыфікацыйных грамат, што мы дэмаркіравалі мяжу.
І калі ў 1991 годзе ў Беларусь прыехаў міністр замежных спраў Польшчы Кшыштаф Скубішэўскі і прапанаваў падпісаць дакумент аб мяжы, што беларусы не маюць прэтэнзій, наш міністр замежных спраў Пётр Краўчанка «ўстаў на дыбы». «У нас ніякіх дакументаў няма. Таму пытанне застаецца адкрытым». І фармальна ён меў рацыю. Сп. Краўчанка тлумачыў гэта тым, што Беларусь не падпісвала і ратыфікавала дакументы. Але ўжо ў 1992 годзе, калі падпісвалася пагадненне паміж Беларуссю і Польшчай, падкрэслівалася, што ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да аднаго не маем. Такі казус паказвае ролю Беларусі ў савецкіх міжнародных стасунках. Беларускае кіраўніцтва да важных пытанняў не дапускалася.
Гутарыў
Кастусь Матушыч
Наша Ніва, 15 чэрвеня 2010
Ссылка на источник:
Перадача Беласточчыны Польшчы