У традыцыйным беларускім вяселлі звычайна была задзейнічана не толькі блізкая і далёкая радзіна жаніха і нявесты, але і амаль усё насельніцтва вёскі. Разам з тым, складаная вясельная ўрачыстасць вымагала наяўнасці абавязковага кола людзей, якія павінны былі выконваць самыя адказныя абрадавыя ролі.
Звычайна пералік іх паўнамоцтваў і абавязкаў быў дакладна вызначаны шматгадовай традыцыяй і не дазваляў аніякіх адхіленняў ці неабгрунтаваных парушэнняў (напрыклад, традыцыя дакладна прадпісвала, хто павінен выпякаць каравай, хто яго будзе выносіць, хто яго будзе дзяліць).
Лічылася, што кожны з удзельнікаў, а тым больш з галоўных вясельных чыноў, мог паўплываць на само развіццё ўрачыстасці і на будучы лёс маладых, таму да выбару людзей, на якіх будуць ускладзены ключавыя абавязкі, ставіліся вельмі адказна.
Бліжэй за ўсё да жаніха і нявесты знаходзіліся (і ў сэнсе паўсядзённых стасункаў, і ў плане фармальнага знаходжання — пасадкі за вясельным сталом) іх самыя блізкія сябры — шафер і шаферка. "Шафер, дружка — вясельны чын, якіх па два ці больш побач з жаніхом і нявестай, дапамагае і аказвае паслугі; яны ж трымаюць вянцы над парай — гэта шаферская справа, абавязак".
Шафер — бліжэйшы сябра жаніха.
Шаферка — сяброўка нявесты, часцей за ўсё менавіта з ёй нявеста "кумілася" на Тройцу. Клятва аб сяброўстве двух дзяўчат звязвала іх да моманту вяселля адной з іх. Дружак у жаніха было звычайна двое — вялікі і малы, старэйшы і малодшы; у некаторых выпадках дружак было сем, часам — дванаццаць.
Дружкі жаніха і нявесты выдзяляліся з усіх удзельнікаў вясельнай урачыстасці спецыяльнымі знакамі адрознення. Хлопцаў абвязвалі ручніком, павязвалі на руку чырвоную стужку, але часцей за ўсё на грудзі шаферам і шаферкам мацавалі букецікі з сушаных кветак і стужачак.
"Скупіць дружак" — так звалі на Беларусі той абрад, калі дружкам павязвалі ручнікі, а тыя павінны былі адкупіцца грашыма.
Адносіны паміж шаферам і шаферкай не абмяжоўваліся толькі вясельным сталом ці ўрачыстасцю ўвогуле. Паступова яны маглі складвацца ў цэласную сістэму міжродавых сувязяў. Было добрым знакам, калі шаферку ці шафера пазней запрашалі стаць хроснымі бацькамі ў першынца, ці калі шаферы праз некаторы час самі ладзілі вяселле, станавіліся жаніхом і нявестай, г.зн. пераймалі "вясельную" эстафету.
У гэтым месцы было б пажадана зрабіць адно істотнае ўдакладненне. Часам маладыя людзі могуць загадзя дамовіцца пра тое, каб хрысціць дзяцей адзін у аднаго: мы — вашых, а вы — нашых. Рабіць гэта вельмі не пажадана, таму што будзе парушана важнае правіла народнай культуры: муж і жонка не могуць быць хроснымі бацькамі аднаго і таго ж дзіцяці.
Вельмі важна памятаць пра яшчэ адно прынцыповае правіла: імя шаферкі не павінна супадаць з імем нявесты, а імя шафера — з імем жаніха.
Шафер і шаферка ў розных рэгіёнах Беларусі зваліся па-рознаму:
дружкі, маршалкі, баяркі, старшая сяброўка, галоўная дружка і яго намеснік, паджанішок. Сёння шырокае распаўсюджванне атрымала афіцыйна-грамадзянская назва іх статусу — гэта ганаровыя сведкі, якія павінны сваёй прысутнасцю і сваімі подпісамі ў кнізе рэгістрацыі грамадзянскіх актаў пацвердзіць сапраўднасць шлюбу дваіх маладых людзей.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
ЗвяздаСсылка на источник:
Шафер і шаферка, дружкі, маршалкі, дружбанты