У чэрвені 1947 году міністар дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнці Цанава
вырашыў асабіста дапытаць сакратара нелегальнага “Саюзу вызваленьня
Беларусі”, які дзейнічаў у Наваградку.
Магчыма, “беларускі Берыя”
спадзяваўся ўбачыць перад сабой зламанага арыштам юнака, якога лёгка
будзе “раскалоць”, але адразу адчуў, што перад ім чалавек іншага гарту.
Міністар зазірнуў у паперы: франтавік, мэдалі “За адвагу”, “За баявыя
заслугі”, “За ўзяцьце Кёнігсбэргу”... Арыштант раптам рэзка адштурхнуў
канваіра і, схапіўшы цяжкую табурэтку, кінуўся на Цанаву. Вымуштраваным
ахоўнікам удалося скруціць вязьня, якога адразу ж пачалі жорстка
зьбіваць...
Непрытомнага юнака, якога вынесьлі з кабінэту, звалі Алесем
Усюкевічам. Некалькі месяцаў таму, пры канцы 1946-га, ён стварыў зь
сябрамі арганізацыю, што ставіла канчатковаю мэтай выхад Беларусі з
Савецкага Саюзу (што, між іншым, не пярэчыла Канстытуцыі СССР). Паводле
правілаў кансьпірацыі, кожны ўдзельнік СВБ не павінен быў ведаць больш
двух сяброў.
Упершыню ўсе 18 патрыётаў, зь якіх складаўся “Саюз”, сустрэліся на
закрытым судовым паседжаньні. На лаве падсудных не было толькі
правакатара – супрацоўніка баранавіцкай абласной газэты
Аляксандра
Бажко.
Усюкевіч атрымаў 10 гадоў канцлягеру. Яму ішоў 23-ці год
(нарадзіўся Алесь ў 1925-м якраз гэтымі лютаўскімі днямі – на Грамніцы).
Зьняволеньне ён адбываў у Казахстане, дзе і застаўся пасьля
вызваленьня. Там дачакаўся таго, за што змагаўся ў юнацтве –
незалежнасьці Беларусі. Праўда, Беларусь вельмі хутка ператварылася
зусім ня ў тую краіну, пра якую марылі сябры СВБ. Магчыма, таму
сп.Усюкевіч і не вярнуўся на Бацькаўшчыну. Ён пакінуў гэты сьвет 10
студзеня 2004 году ў казахстанскім
Паўладары.
Цяпер з 18 сяброў СВБ жыве толькі адзін – Міхась Кожыч.
Ссылка на источник:
Лёс патрыёта