На працягу свайго жыцця кожны з нас праходзіць праз 12 этапаў, якія адпавядаюць 12 знакам Задыяка. Астролагі вылучаюць "кропку жыцця", якая рухаецца з хуткасцю 4,3 градусы ў год. Яна пачынае свой шлях у Авене і заканчвае ў Рыбах. На кожным этапе свайго сталення чалавек сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі, выконвае канкрэтную жыццёвую праграму. Ведаючы, якія перашкоды і выпрабаванні нам рыхтуе кожны з 12 этапаў, можна лепш да іх падрыхтавацца і лягчэй пераадолець.
Ад 0 да 7 гадоў
Кропка жыцця ў гэтым узросце рухаецца па самым шустрым знаку — Авена. У малых бурліць энергія, яны няўрымслівыя і цікаўныя, хочуць даведацца пра ўсё і адразу. Расійскі астролаг Ганна Васільчанка раіць бацькам не стрымліваць сваіх дзетак на іх першым жыццёвым этапе, а наадварот — прадастаўляць ім больш свабоды, бо малым вельмі важна самасцвярдзіцца, праявіць свае здольнасці. Дэвіз гэтага ўзросту: "Я хачу!". І тут задача бацькоў — прывіць малым пачуццё любові і спачування да бліжніх, не даць развіцца эгаізму і жорсткасці. Не дазваляйце малым крыўдзіць больш слабых дзетак і жывёл, прывучайце да беражлівага стаўлення да прыроды, выхоўвайце сілу волі. Калі не атрымаецца зрабіць гэта цяпер — другога шанцу не будзе.
Ад 7 да 17 гадоў
Кропка жыцця перамяшчаецца ў сквапнага Цяльца, таму не варта патураць усім матэрыяльным жаданням і капрызам дзіцяці. На гэтым жыццёвым этапе малога трэба навучыць кантраляваць свае эмоцыі, асабліва гнеў і агрэсію. Дзіцяці неабходна развіваць і трэніраваць сваю памяць. Бацькам трэба "культурна", але цвёрда сфарміраваць яго кола зносін, паколькі ў гэтым узросце ў дзецях акумулюецца негатыўная энергетыка натоўпу, што можа потым праявіцца ў жорсткасці і непрымірымасці да навакольных. Аднак і ізаляваць малога ад аднагодкаў не варта. Вялікае значэнне мае месца і атмасфера іх сустрэч. Яшчэ важна закласці асновы сістэмнага навучання. Чым больш дзіця засвоіць разнапланавага матэрыялу, тым лепш. У гэтым узросце даволі проста прывіць любоў да мастацтва і эстэтыкі, таму гэта самы зручны час для навучання ў мастацкіх і музычных школах. А ў 13-14 гадоў трэба прывіваць і фарміраваць правільнае стаўленне да сваіх продкаў і каранёў. Можна звяртацца да філасофскіх тэм і пакрысе займацца палавым выхаваннем.
З 15 да 21 года
Кропка жыцця рухаецца па знаку Блізнятаў. Прыйшоў час актыўна развіваць інтэлект і самастойнасць мыслення. У 15-16 гадоў чалавек уваходзіць у соцыум. Там дзейнічаюць свае законы і правілы, якія трэба навучыцца выконваць. Неабходна пераадолець у сабе безадказнасць, прагу да пляткарства і спекуляцый. У гэтым узросце карысна шмат падарожнічаць, вывучаць культуры іншых краін, засвойваць разнапланавую інфармацыю.
З 21 да 28 гадоў
Кропка жыцця — ў Раку. Гэта вельмі важны этап у жыцці кожнага чалавека. Галоўная задача — удасканаленне ўнутранага свету, фарміраванне ўласнай сістэмы каштоўнасцяў на аснове вопыту старшых пакаленняў. Чалавек павінен пастарацца пазбавіцца ад падазронасці, адасобленасці ад навакольных, сквапнасці. Самае складанае ў гэтым узросце — пераадолець мяжу 25-26 гадоў, калі чалавека адольвае жаданне ўсё кінуць і пачаць жыццё наноў. У гэты перыяд вельмі важна зрабіць правільны выбар, паколькі многія ўжо паспелі стварыць сям`ю. Часта памылковымі ўчынкамі чалавек ламае не толькі сваё жыццё, але і лёсы блізкіх людзей. Для таго, каб не нарабіць памылак, астролагі раяць у гэты перыяд наладзіць цесныя стасункі з бацькамі і сваякамі старэйшага ўзросту. 25-26 гадоў — найбольш спрыяльны час для нараджэння дзяцей, паколькі яны пераймаюць ад бацькоў самыя лепшыя якасці.
З 28 да 35 гадоў
Кропка жыцця знаходзіцца ў Льве. Праяўляюцца схільнасці да авантурызму, алкагалізму, наркаманіі, ідзе прыток энергіі, які не ўсе могуць правільна выкарыстаць, многія пачынаюць яго расходаваць дарэмна, аддаюцца пустым забавам. Самы лепшы сродак барацьбы са спакусамі — заняткі філасофіяй, рэлігіяй, чытанне добрых кніг, якія падтрымаюць маральную чысціню душы. Вельмі важна абраць правільную філасофскую канцэпцыю, не сысці ў сектанцтва, не назапасіць негатыўнай энергетыкі, здольнай разбурыць чалавека. Пераломны момант — да 32 гадоў. З 28 гадоў сямейныя праблемы сыходзяць на другі план, галоўным становіцца ўласнае эга. Чалавек імкнецца праявіць сябе ў калектыве, каб яго заўважылі, ацанілі. У 29 гадоў ўпершыню падводзяць высновы пражытых гадоў. Для жанчын вельмі важны перыяд — 32 гады (час змены пачуццяў, перагляду асабістых адносін). У гэтым узросце часта здараюцца разводы, з`яўляюцца новыя рамантычныя сувязі. Астролагі раяць прааналізаваць мінулае, узважыць усе "за" і "супраць", не рубіць з пляча, бо новыя пачуцці могуць хутка знікнуць.
З 35 да 42 гадоў
Кропка жыцця — у Дзеве. Настае час, калі чалавек павінен аддаць большую частку энергіі, назапашанай у папярэднім перыядзе. Неабходны дакладнасць і метадычнасць у падыходзе да вырашэння любых праблем. Спрыяльная пара для прафесіянальнага росту і шлюбаў па разліку. Узрост з 37 да 38 гадоў — кармічная праверка (першая праверка на тое, як вы выконваеце прынцыпы Задыяка, сваю жыццёвую праграму). Калі вынікі адмоўныя — будуць пакаранні ў выглядзе розных жыццёвых праблем: звальненне з працы, цяжкая хвароба, здрада сяброў. У гэты перыяд трэба абавязкова надаць пільную ўвагу свайму здароўю, харчаванню, пастарацца не зашлакоўваць арганізм. Ва ўзросце Дзевы ў характары могуць праявіцца бурклівасць, прыдзірлівасць, сквапнасць, грэбаванне пачуццямі і патрэбамі навакольных. Але галоўнае — рыхтуйцеся да самага адказнага цыклу ў сваім жыцці — 42 гадам (паўцыклу Урана, калі кропка жыцця перасякае жыццёвы "экватар"). У гэтым узросце многія спрабуюць змяніць сваё жыццё, як ім здаецца, у лепшы бок — мяняюць сям`ю, месца працы, захапленні.
З 42 да 49 гадоў
Кропка жыцця рухаецца па знаку Шаляў. У гэты час чалавек імкнецца аддацца творча выбранай у 42 гады справе. Гэты ўзрост яшчэ называюць "бабіным летам", калі настае гармонія і сталасць і ў асабістым, і ў сацыяльным жыцці. Усё назапашанае ў папярэднія гады прааналізаванае, сістэматызаванае і чакае рэалізацыі. Галоўная планета Шаляў — Венера. Менавіта яна кіруе чалавекам у памкненні стварыць трывалыя гарманічныя ўзаемаадносіны, кіравацца законамі этыкі і маралі і ў справах, і ў пачуццях. У гэты перыяд трэба наладжваць сацыяльныя сувязі, уладкоўвацца на новае месца працы, праяўляць свае арганізатарскія здольнасці і выкараняць недахопы (эгацэнтрызм, сябелюбства, схільнасць да дыктату).
З 49 да 55 гадоў
Час Скарпіёна. Цяжкі, крытычны перыяд у жыцці любога чалавека, асабліва — жанчын. Даводзіцца змяняць свае погляды, звычкі. На фізічным плане ў многіх часта ўнікаюць анкалагічныя захворванні, у многіх (асабліва ў 52 гады) назіраецца сэксуальны сіндром — павышаецца сэксуальная незадаволенасць. Ва ўзросце Скарпіёна чалавек валодае значнай самаразбуральнай сілай і дзеля дасягнення мэты гатовы ісці ва-банк. Неабходна кантраляваць свае эмоцыі, ні ў якім разе не замыкацца ў сабе і не займацца самакапаннем. Астролагі раяць часцей выходзіць у людзі, сустракацца з сябрамі, вывучаць псіхалогію, займацца творчай ці калектыўнай дзейнасцю. Тым, хто да гэтага не выконваў сваю жыццёвую праграму, лёс прадаставіць шанц выправіцца, адмовіцца ад памылак.
З 56 да 63 гадоў
Кропка жыцця рухаецца па знаку Стральца. Чалавек пачынае цікавіцца філасофіяй ці рэлігіяй. У многіх з`яўляецца мітуслівая прага да ведаў, якімі яны не паспелі авалодаць раней. Але, як правіла, гэта не атрымліваецца. Чалавек хапаецца за многае, але не дасягае нічога. У 56 гадоў чалавек праходзіць яшчэ адну праверку соцыумам. Праяўляюцца ўсе памылкі і промахі, дапушчаныя ў 37 і 38 гадоў. Тыя, хто не праходзіць праверку, сыходзяць на заслужаны адпачынак.
З 63 да 70 гадоў
Кропка жыцця рухаецца па знаку Казярога. Апошні шанц! Менавіта ў 63 гады адбываецца апошні выбар чалавека, калі ён пры жаданні можа карэнным чынам змяніць сваё жыццё. Той, хто робіць памылковы выбар, сыходзіць з жыцця ці моцна яго "калечыць".У першую чаргу гэта датычыцца людзей, якія імкнуцца стварыць іншую сям`ю (у 90 працэнтах выпадкаў нічога не атрымліваецца). Ва ўзросце Казярога варта адмовіцца ад некаторых стэрэатыпаў, канчаткова выпрацаваць жыццёвы, філасофскі стрыжань, навучыцца даваць дакладную ацэнку любой з`яве, але не навязваць сваё меркаванне навакольным. Вельмі важна пазбягаць дэспатызму ва ўзаемаадносінах з роднымі, ісці на кампрамісы.
З 70 да 77 гадоў
Час Вадалея. Перыяд філасофскага сузірання. На працягу жыцця чалавек мяняе сваё стаўленне да навакольнага свету, мяняе прыярытэты. Калі ў дзяцінстве мы гаворым "Я", у юнацтве "Я і свет", у сталасці "Свет і я", то ва ўзросце Вадалея застаецца толькі "Свет". Гэтая чацвёртая прыступка ўспрымання — самая важная ва ўсведамленні жыцця і свайго месца ў ім. Калі такое ўспрыманне свету не прыходзіць — духоўныя якасці чалавека затухаюць, развіваецца маразм, што прыводзіць да развалу фізічнага цела. Перыяд Вадалея — гэта час атрымання асалоды ад адзіноты ці сямейнай адасобленасці ад праблем са сваёй "паловай".Калі будзіце праяўляць мудрасці і чалавечнасць, навакольныя будуць цаніць вас за глыбіню і веданне законаў жыцця.
З 77 да 84 гадоў
Кропка жыцця рухаецца па знаку Рыб. Для чалавека такога ўзросту ўсё проста і зразумела, ён адчувае сувязь з прыродай, з`яднанасць з ёй. Настае духоўная, касмічная гармонія. Той, хто правільна размеркаваў свае жыццёвыя сілы, у гэты час можа падарожнічаць, вывучаць чужыя культуры. У высокадухоўных людзей ва ўзросце Рыб адбываецца "падключэнне" да крыніц касмічнай энергіі.
Падрыхтавала Інга Міндалёва.
Звязда
Ссылка на источник:
Дванаццаць этапаў жыцця