Ад прадвеку, як вядома,
Праз бары,
Палі з гаямі
Нас з Літвой еднае Нёман,
Даугава з латышамі.
Па-сяброўску,
Шчыра ў вочы
Мы друг другу ў твар глядзелі,
Ды хваліцца не было чым,
Мы аднолькава гібелі.
Бедавалі, гаравалі,
Зналі —
Здзекі ды пагрозы...
3 Беларусі неслі хвалі
Дзень пры дні людскія слёзы.
І з другога боку,
3 мора,
Мчаўся вецер засмучоны —
Там людзей трымалі ў горы
Каты — чорныя бароны.
І не раз вялі размовы
Аб гадах цяжкіх, праклятых —
Беларус,
Латыш,
Літовец
Па-над возерам Дрысвяты.
Заклікалі сваю долю,
А яна была такою —
Цемра ў небе,
Цемра ў полі,
Цемра-бездань пад вадою.
Ды не тое там сягоння —
Адышла
Бяда з гадамі,
Дзень і ноч народ гамоніць,
Гул стаіць над берагамі.
Экскаватар бездакорна
Грунт раўнуе,
Расчышчае,
Мінскі трактар возіць бёрны,
Кран дзюбасты пахаджае.
Праца дружная ў суседзяў,
Можна толькі падзівіцца —
Хто з пяском,
Хто з цэглай едзе,
Хто падвозіць чарапіцу.
Хто стаіць пры распілоўцы,
Хто з машын
Здымае грузы...
Ладзяць станцыю літоўцы,
Латышы і беларусы.
І яны,
Што назаўсёды
Думы й сэрцы паедналі —
Шчыра «Дружбаю народаў»
Гэту станцыю назвалі.
Вышай сосен
Ў хуткім часе
Закрасуе пабудова,
І не толькі ў трох калгасах
Ўспыхнуць лямпы Ільічовы.
Не над возерам адзіным
Бляскам срэбра разліюцца —
Іх праменні
Па краіне
Ў кожным сэрцы адаб`юцца.
Іх святло,
Што ярка свеціць,
Разгарацца болей будзе —
Іх святло далёка ў свеце,
Як надзею, ўбачаць людзі.
1952Ссылка на источник:
Слава Дружбе!