*Этнахаронімы — найкаштоўная частка этнічнай культурнай спадчыны
*Некаторыя антычныя пісьмовыя зьвесткі пра насельнікаў нашага краю ў жалезным веку
*Этнахаронім Крывія/Крыўя як этымалягічная і сэмасыялягічная праблема
*“Міталягічная тыпалёгія” як ключ да вырашэньня праблемы паходжаньня гістарычных назваў Беларусі
*Паралелізм і сынанімія назваў Крыўя й Літва ў этымалягічнай пэрспэктыве. Этнахаронім Белая Русь як гермэнэўтычная праблема
*Літаратура
Этнахаронімы — найкаштоўная частка этнічнай культурнай спадчыны
Этнахаранімія (ад ст.-гр. слоў ἔθνος “народ, племя, клас (людзей)” і χώρα “краіна, зямля, прастора”) — г.зн. сыстэма этна-тэрытарыяльных найменьняў, уласьцівая даволі вялікім геаграфічным абшарам, уяўляе адну з найкаштоўных частак традыцыйнай этнічнай культурнай спадчыны. Ейнае значэньне не абмяжоўваецца толькі роляй, адыграванай у самаідэнтыфікацыі прадстаўнікоў тых або іншых этнасаў і станаўленьні іхнай нацыянальнай самасьвядомасьці, але абумоўліваецца яшчэ й тым, што гэта, зазвычай, і найбольш старажытныя элемэнты традыцыйнай культуры. Этнахаранімія, як і гідранімія, вызначаецца выключнай кансэрватыўнасьцю й невысокай ступеняю падатлівасьці якім-колечы зьменам. Таму вельмі часта назіраецца сытуацыя, калі даўно ўжо зьнік этнас-аўтахтон нейкай тэрыторыі, даўно не гучыць ягоная мова ня толькі на гэтай тэрыторыі, а можа, і наагул ужо нідзе-колечы, а “мова зямлі” па-ранейшаму гучыць, дастаючыся спадчынна зусім іншым этнасам, якія часта яе прынцыпова ня могуць зразумець.
Прыгадайма жывучасьць такіх этнахаронімаў, як Брытанія, Прусія й інш. А здараецца й наадварот: этнас доўжыць сваё існаваньне на спрадвечнай тэрыторыі, але ў выніку розных прычын перастае атаесамляць сябе з сваімі гістарычнымі папярэднікамі, больш за тое, — з прапродкамі. Ясна, што ў гэткага этнасу ня можа ня быць праблем з самасьвядомасьцю. Беларусы тут могуць быць прыкладам ледзь не клясычным. Хаця нашыя гістарычныя найменьні яшчэ не зусім забыліся, і “мова зямлі” час ад часу спрабуе зноў атрымаць права голасу ў гаманіне іншых галасоў.
Праблема паходжаньня этнiчных найменьняў i назваў пэўных (этнiчных) тэрыторый заўсёды вызначаецца высокай ступеняю заблытанасьцi, i, спаміж іншага, нейкай прывабнай таемнасьцю. Таму ў гэтай сфэры, як нi ў якай iншай, зазвычай не бывае браку ў гiпотэзах, версіях i “рамантычных” iнтэрпрэтацыях. Ня ёсьць тут выняткам i праблема паходжаньня назваў нашай Бацькаўшчыны.
Цэлая гайма вядомых i малавядомых дасьледнiкаў падступалася ўжо да “беларускай праблемы” ў гэткай відалі. Варта адно прыгадаць такiя iмёны, як А.Патабня, Я.Карскi, М.Улашчык, Вяч.Ус.Iванаў, Ул.Тапароў, Я.Юхо ды iнш. Але, нажаль, далей за цiкавыя й арыгiнальныя, а почасту й менш-больш верагодныя, гiпотэзы справа пакуль ня рушыла. Ня выключана, што апошняя разгадка так нiколi й ня будзе знойдзена. I прычынай таму — відочная недастатковасьць наяўнай iнтэрпрэтацыйнай базы, “цьмянасьць” сьведчаньняў пiсьмовых крынiц, нематываванасьць шмат якiх назваў на глебе сучасных моўных сыстэм, іх дээтымалягізацыя й дэсэмантызацыя.
Паспрабуйма ў агульных рысах накідаць гісторыю назваў Беларусі, не забываючыся, аднак, на тое, што й гэта пакуль будзе ня больш чым адной з магчымых і нтэрпрэтацый.
Некаторыя антычныя пісьмовыя зьвесткі пра насельнікаў нашага краю ў жалезным веку
Бадай, самыя старажытныя зьвесткi пра будучую этнiчную тэрыторыю беларусаў мы знаходзiм у працах багата якiх антычных (элiнскiх ды рымскiх) аўтараў. Ужо зь першай паловы 1-га тыс. да н.э. у антычнай геаграфiчнай традыцыi ўсталёўваецца адмысловае найменьне для вялiзнага абшару Ўсходняй Эўропы на поўнач ад Чорнага мора — Скiтыя. Багата што лучыла грэкаў з гэтым абшарам: колiшняе пражываньне протагрэкаў побач з протаармянамi, магчыма, фрыгійцамі й арыямi ў Паўночным Прычарнамор`i, шматлiкiя гаспадарчыя, гандлёвыя й культурныя кантакты. Таму грэкаў жыва цiкавiла ўсё, што датычыла далёкага паўночнага сьвету. Пры тым, у зьвестках антычных географаў пра Скiтыю самым фантастычным чынам перапляталiся факты рэальнай этнагеаграфii зь мiтамi й фальклёрам карэнных насельнiкаў Скiтыi ды ейнага сумежжа, а таксама саміх грэкаў.
Цi не найбольш фантастычныя з гэтых зьвестак тыя, што непасрэдна датычылi зоны будучага беларускага этнагенэзу. Грэкi, вiдавочна, ня ведалi сапраўднай назвы гэтага краю й называлi яго на свой лад: Гiпэрбарэяй (ад ст.-грэц. hyper “вышэй за” i boreos “паўночны вецер”) — г.зн. краiнай, знаходжанай за месцам, адкуль налятае халодны паўночны вецер. Краiна тая, паводле ўяўленьняў грэкаў, зьмяшчалася там, дзе бралi свае вытокi найбуйныя рэкi Скiтыi — Дняпро (Барыстэн), Дзьвiна (Эрыдан), Дон (Танаiс), — там, дзе на ўзьбярэжжы Паўночнага Акiяну (Балтыцкага мора) знаходзiлiся багатыя радовiшчы бурштыну, дзе ў час летняга сонцастаяньня дзень доўжыцца 17 гадзiн (звычайнай праверкай па календары пераконваемся, што гэта адпавядае прыкладна шыротам сёньняшняй Цэнтральнай Беларусi). Недзе тут жа ж непадалёк зьмяшчалі антычныя географы й легендарны народ нэўраў, якія, паводле слоў Герадота, вызначаліся ад усіх навакольных народаў тым, што раз на год кожны нэўр ператвараўся ў ваўка.
Аўтары больш позьняга часу лякалізавалі нэўраў ужо дакладней — у вярхоўях Барыстэна-Дняпра. Адно пакуль застаецца да рэшты не зразумелым, што яны маглі прымаць за гэтыя вярхоўі — вярхоўі ўласна Дняпра ці вярхоўі Бярэзіны Дняпроўскай. Але, як бы там ні было, і ў адным, і ў другім разе гаворка яўна тычылася будучых беларускіх этнічных зямель. Ну а таго, што гэтыя легенды ці не дакладна пераклікаюцца з надзвычай распаўсюджанымі на Беларусі аповедамі пра ваўкалакаў, можна лішні раз і ня згадваць — пісалася ўжо неаднойчы. Мінулы раз мы акрэсьлілі, што ў гэтым часе на агромнiстым абшары ад Паўднёва-Ўсходняй Прыбалтыкi да вярхоўяў Акi пражывалi шматлiкiя плямёны балтаў, частка якiх (пераважна дняпроўскiя балты) пазьней сталася асновай этнагенэзу беларусаў.
Зь нехаваным захапленьнем пiсалi антычныя аўтары пра гiпэрбарэяў-балтаў (Арыстэй, Дамаст, Гелянiк, Герадот, Пампонi Мэла, Плiнiй ды iнш.). Паводле іхных зьвестак, гэтыя лясныя жыхары большую частку свайго часу прысьвячалi служэньню багом — і ўсе разам, i паасобку. І менавіта з гэтае прычыны яны ня ведалi нi ў чым нястачы й жылi тысячу год, а насаладзіўшыся жыцьцём, заканчвалi яго, кiнуўшыся ў ваду (мора). У зьвязку зь пераказаным дарэчы прыгадаць, што менавiта беларускiя культуры жалезнага веку — днепра-дзьвiнская й штрыхаванай керамiкi — вызначаюцца “археалягiчна няўлоўным” пахавальным абрадам: пахавальныя помнiкi гэтых культур нам дагэтуль не вядомыя.
Вельмi верагодна, што менавiта з гэтых скiцкiх часоў за тэрыторыяй сучаснай этнiчнай Беларусi замацоўваецца “мiт” пра адмысловую рахманасьць, мiралюбства й талерантнасьць ейных насельнiкаў — уяўленьнi, якiя цяпер сьвядома, i небеспадстаўна, кладуцца ў падвалiну “нацыянальнага мiту”.
Далей нам яшчэ не аднойчы давядзецца павяртацца да гэтай гіпэрбарэйскай тэмы.
Этнахаронім Крывія/Крыўя як этымалягічная і сэмасыялягічная праблема
Другi — больш разнастайны — корпус зьвестак, безумоўна, шчыльней зьвязаны з этнiчнымi й палiтычнымi рэалiямi, зьяўляецца толькi ў сярэднявеччы, у “пiсьмовы” пэрыяд гiсторыi нашага краю. У крынiцах гэтага часу мы й знаходзiм назвы, што дажываюць да сёньняшняга дня, абрастаюць разнастайнымi палiтычнымi й iдэалягiчнымi канатацыямi й спараджаюць гарачыя спрэчкi, за якiмi хаваецца ня толькi акадэмiчны iнтарэс. Гэта — Крыўя (Крывiя), Лiтва й Белая Русь (Беларусь).
Першыя дзьве з гэтых назваў, без сумневу, мясцовага паходжаньня, і гiсторыя iхная, вiдавочна, сягае ў сiвую даўнiну. Так, мінулы раз мы ўжо згадвалі гiпатэтычную мажлівасьць iснаваньня этнонiму “крывiчы” (“крывы”, “крэвы”) у часе складваньня й разьвiцьця “банцараўскай” археалягiчнай культуры.
Iснуе думка, што сам гэты этнанім склаўся значна даўней, сама мала ў II-iм тыс. да н.э. як этнiчнае найменьне нейкай часткi носьбiтаў так званай культуры “шнуравой керамiкi”, пэрыфэрыйныя роды якiх маглi быць захоплены магутным рухам iндаарыяў з Паўночнага Прычарнамор`я на ўсход i па прыходзе на паўвыспу Iндастан сталi вядомыя апошнiм як народ “крывi” (А.Ахуджа, Н.Гусева). Верагоднасьць гэтай “фантастычнай” гiпотэзы ўзрастае, калi ўлiчыць, што вядомы ў ведыйскай мiталёгii “зьмей” Крывi, якога перамагае бог-грымотнiк Iндра, быў, праўдападобна, своеасаблівым татэмным продкам народу “крывi”, а гэта добра стасуецца з пашыраным ува ўсiм балцкiм арэале культам зьмеяў (вужоў), таксама шчыльна зьвязаным з культам продкаў.
Запынімся больш падрабязна на першым з гэтых этнахаронімаў.
"Крыўская праблема", якая паўстала ня ўчора й ня сёньня, пачынае набываць усё большае значэньне у балта-славянскіх этнагенэтычных штудыях. Наагул, у гэтай тэме багата што ёсьць загадкай: паходжаньне й этнічная прыналежнасьць летапісных крывічоў, самое іхнае найменьне ды інш. Зьдзіўляе ўжо трывалая жывучасьць этнаніму "крывічы" й назвы займанае імі тэрыторыі “Крывія" (нягледзячы нават на поўную забарону ўсяе "крыўскае" праблематыкі пасьля "вялікага пералому" ў 30-х гадох мінулага стагодзьдзя й фізычнага вынішчэньня гэтак званых "нацдэмаў" — носьбітаў ідэалёгіі "крыўскага адраджэньня").
Назва гэтая ня толькi бясьсьледна не зьнiкае ў XII ст., як гэта намагаюцца давесьцi “партыйныя” гiсторыкi й анiматары тэорыi “древнерусской народности”, але дажывае да XIX i нават да XX ст. — не як лiтаратурная рэалiя, а як факт народнай сьвядомасьцi. У паасобку, паводле перапiсу 1859 г., 23 тысячы жыхароў Вiленскай губэрнi назвалiся крывiчамi. З фактам падобнага роду сутыкнуўся ў 1990 г. i я. Так, ураджэнец в.Крывiчы Сьветлагорскага раёну ў гутарцы са мной вызначыў сваю этнiчную прыналежнасьць як “крывiч”, сьцьвердзiўшы пры гэтым, што ўсе насельнiкi Беларусi разам — гэта беларусы.
У апошнія два стагодзьдзі існавала выразная тэндэнцыя перарастаньня гэтага этнiчнага найменьня ў найменьне нацыянальнае (агульнанацыянальнае), якая, не спраўдзiўшыся зь вядомых гiстарычных калiзій, тым ня менш жывiла й жывiць сёньня творчыя памкненьні беларускай iнтэлігенцыi (прыгадайма хаця б Я.Чачота, В.Ластоўскага, Я.Станкевіча й багата каго яшчэ).
Трэба таксама азначыць, што менавiта за ядравай часткай вялiзнага крывiцкага этнамасіву (пераважна за Днепра-Дзьвiнскай этнакультурнай зонай), верагодна, не раней за XIV ст., пачынае замацоўвацца й назва Белая Русь. Аналiзаваньне выяўляе тут больш позьнюю назву, якая, вiдаць, пачаткова канкуравала з назвамi, вытворнымi ад асновы “крыў-” (Крывiя, Крывiцыя), пакуль канчаткова не заступiла iхнае месца. Лякалiзацыi назвы Белая Русь не супадае нi з адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным падзелам Вялiкага княства Лiтоўскага, нi зь межамi якiх-колечы княстваў пэрыяду фэадальнай раздробненасьцi, нi з тэрыторыямi расьсяленьня летапiсных плямёнаў. Аднак назiраецца пэўная суаднесенасьць лякалiзацыi назвы Белая Русь у сярэднявеччы з арэалам днепра-дзьвiнскае культуры жалезнага веку (Э.Зайкоўскi, 1992).
Вышуканы падставы лiчыць, што найбольш старажытная форма нашага этнiчнага найменьня была “крыэвы”, адкуль, залежна ад дыялектных асаблiвасьцяў, маглi паходзiць назвы “крывы” й “крэвы”. Ад гэтага этнічнага найменьня паходзіць і назва самой краіны — Крывія, або на сучасны лад Крыўя. Назва “крывiчы”, вiдавочна, другасная. Яна ўтворана паводле вядомай мадэлі: этнахаронім ⇒ этнонім, як, напрыклад, літ. Suvalkija ⇒ Suvalkietis ⇒ Suvalkieciai. Нейкi час па сваiм узьнiкненьнi яна магла суiснаваць са старой назвай “крывы”/”крэвы” (полацкiя князi, у паасобку, часам называлiся ў летапiсах не “крывiцкiмi”, а “крыўскiмi”). На славянскай жа моўнай глебе яна была пераасэнсавана як назва патранімічная. Тым больш, што гэта было падтрымана й этнакультурнымі традыцыямі паўднёва-ўсходняй часткі Прыбалтыкі. Так, у літаратуры ўжо зважалася на паралелізм этноніму крывічы й назвы германскага племені Крывінгаў (літаральна — “з роду Крыва") пры ўзаемнай дапаўняльнасьці суфіксаў -ing і -iet-/-ic- у гэтым жа арэале, як паказалі дасьледаваньні А.Непакупнага. Хаця фанэтычны бок супастаўленьня крывічоў і крывінгаў застаецца нездавальняльным.
Таму на сёньняшнi дзень найбольш аргумэнтаванай i матэрыяльна падмацаванай можна лічыць гiпотэзу, згодна зь якой наша этнiчная назва паходзiць ад iмя мiтычнага пачынальнiка адметнай рэлiгiйнай традыцыi — першасьвятара Крыва, культ якога ў той цi iншай ступені выяўляўся за сваiм часам у бальшынi балцкiх народаў (параўн., напрыклад, лiтоўска-прускага першасьвятара Крывэ-Крывэйтэ, лiт. krivis “жрэц”, krivulą “скрыўленае на канцы жазло сьвятара, а таксама сымбаль злучанай пэўнай рэлiгiйнай традыцыяй тэрытарыяльна-сваяцкай грамады” ды iнш.). У розных адменах гэтую версію падтрымлiвалi такiя дасьледнiкi, як Г.Мiлер, М.Карамзiн, Т.Нарбут, А.Кiркор, М.Касторскi, П.Трацьцякоў, В.Сядоў, Б.Рыбакоў, Д.Мачынскi, Г.Лебедзеў, Э.Зайкоўскi ды iнш. Трэба азначыць, што гэтая гiпотэза добра стасуецца з паведамленьнямi антычных аўтараў пра нейкую адмысловую набожнасьць i рэлiгiйнасьць “гiпэрбарэяў”. Зрэшты, на ўпартае пiльнаваньне крывічоў сваёй рэлiгiйнай традыцыi й нежаданьне прымаць хрысьцiянства зважаў яшчэ й у XII ст. “рускi” летапiсец.
Больш за тое, зьяўляецца ўсё больш падставаў да разуменьня крывічоў як своеасаблівага племені жрацоў par excellence. "У гэтым значаньні — нядаўна было акрэсьлена У.М.Тапаровым — крывічы могуць асэнсоўвацца як пэўнага кшталту левіты, племя жрацоў, сьвятароў". Пра сам грунт гэткага разуменьня гаворка яшчэ наперадзе.
Атрэчнае месца, займанае крывічамі ў так званым "усходнеславянскім" арэале, абумоўліваецца багата якімі чыньнікамі. Мы казалі ўжо, што іхная этнічная прыналежнасьць выклікала, відаць, шмат пытаньняў ужо ў "пачатковага летапісца": крывічоў няма ані ў пераліку славянскіх плямёнаў, ані ў пераліку плямёнаў балцкіх і фіна-вугорскіх. Насёньня найбольш абгрунтаванай здаецца гіпотэза, згодна зь якой славянскаму этапу крыўскай гісторыі папярэднічаў балцкі этап, — прычым, як у мове, гэтак і ў матэрыяльнай культуры.
Выказваюцца меркаваньні, нібыта ў зоне свайго гістарычна засьведчанага пражываньня крывічы апынаюцца ў выніку міграцыі ці то аднекуль з Захаду, ці то з Поўдня (Сядоў, Шадыра й інш.). З гэтым цяжка пагадзіцца з розных прычын. Назавем хаця некаторыя зь іх:
* міграцыйная гіпотэза яўна супярэчыць летапісным зьвесткам пра аўтахтоннасьць крывічоў;
* супярэчыць яна й беларускаму паданьню пра паходжаньне й расьсяленьне беларусаў;
* перасяленьне такога вялікага й досыць аднароднага этнічнага масіву на агромністыя абшары поўначы Ўсходняй Эўропы было б роўнае ледзь не "Вялікаму перасяленьню народаў", якое неўнікова пакінула б разнастайныя сьляды: летапісныя, лінгвістычныя, археалягічныя ды інш.;
* арэал максымальнага распаўсюджаньня тапонімаў кшталту "крывічы" сьведчыць, хутчэй, на карысьць больш позьняга перасяленьня часткі крывічоў зь Верхнедняпроўска-дзьвінскай мэтраполіі на Захад (будучая Чорная Русь) і Поўдзень (аж да Прыпяці);
* паралельна праводзілася й калянізацыя ў паўночным накірунку, што няблага пацьвярджае зьяўленьне гідронімаў верхнедняпроўска-дзьвінскага балцкага тыпу на так званай "Рускай Поўначы" (на думку дасьледнікаў, ужо недзе ў VII ст.н.э. менавіта крывічамі была заснавана Старая Ладага).
У кожным разе, гіпотэза аўтахтоннага разьвіцьця старакрыўскай культуры з карэньня папярэдніх своеасаблівых культур днепра-дзьвінскай зоны (перадусім культуры тыпу Банцараўшчыны—Тушамлі—Калочына, а ў больш далёкай пэрспэктыве — днепрадзьвінскай балцкай культуры) здаецца ці ня самай імавернай і падмацаванай разнастайнымі доказнымі матэрыяламі. Сам этнанім "крывічы", на думку беларускага археоляга Э.Зайкоўскага, пэўна ўжо мог належаць насельніцтву банцараўскай культуры.
Нядаўна новыя цікавыя высновы на карысьць прыйманай намі гіпотэзы падаў ленінградзкі дасьледнік А.Герд. Спрабуючы прасачыць вытокі багата якіх назіраных цяпер атрэчных зьяваў у "Днепра-Дзьвінскай дыялектнай зоне", ён прыходзіць да вельмі грунтоўных вынікаў: 1) зона гэтая ўяўляе даволі цэльны гісторыка-культурны тып; 2) гэтая цэльнасьць праглядаецца ў культурнай пераемнасьці насельнікаў памянёных краёў, пачынаючы сама мала з III тыс. да н.э. Нягледзячы на тое, што некаторыя з параўнаньняў і довадаў А.Герда патрабуюць, бясспрэчна, праверкі й дадатковага абгрунтаваньня, наагул такі падыход здаецца вартым больш пільнай увагі дасьледнікаў.
Этымалёгія патроніма крывічоў Крыва здаецца даволі празрыстай. Мы маем тут справу з адным з рэфлексаў і.-э. кораня *(s)ker- "паварочваць, гнуць, крывіць". Словы гэтага кораня добра прыжыты ў індаэўрапейскіх мовах — як у старажытных, так і ў жывых: праслав. *krivъ "не прамы, несправядлівы, левы", літ. kreivas "крывы, сагнёны", лат. krievs "крывы", снскр. vakriya "скрыўлены, выгнены", лац. curvus "крывы, выгнены" ды іншыя. Сэмантычны пераход значэньня "крывы" ў значэньне "сакральны, рытуалізаваны" адбыўся, відаць, яшчэ за часамі "агульнаіндаэўрапейскай супольнасьці", прынамсі, пра гэткія працэсы сьведчаць нядаўнія досьледы.
Прыклады, што захавалі ў сабе сьляды архаічнай магічнай сымболікі, добра вядомыя: прыгаданыя ўжо літ. krivis "паганскі жрэц", krivulл "крывуля, магічнае жазло, крывы посах вясковага старасты". Сюды ж дадамо крывая (качка, жабка, ваўчыца й інш.) у значэньні "чарадзейная" — добра знаёмыя па казках звышздольныя памочнікі галоўнага героя; крывыя вечары "чароўныя вечары (зазвычай на Каляды ці на Купальле), калі маглі адбывацца самыя неверагодныя цуды". У гэтай сувязі нельга не згадаць і адзін з эпітэтаў Апалёна — Лёксыёс — г.зн. "Крывы", "той, што дае крывыя, двохсэнсовыя аракулы". Цікавы факт: блізка ў тым арэале, дзе й дагэтуль ладзіцца абрад "пахаваньня стралы", вядомы абрадавыя танцы "Лука" й "Крывы танок" — верагодна, сынанімічныя па назвах (прн.: "Лука" й Лёксыёс). Патрабуе больш пільнай увагі лацінскі рытуальны тэрмін lituus "закрыўлены аўгурскі посах, жазло" ў зьвязку зь яшчэ адной назвай "гіпэрбарэйскай зоны" Літва (Lietuva) і этнанімамі "літоўцы", "ліцьвіны", пра што слоў колькі яшчэ будзе сказана ў сваім месцы.
Нельга не азначыць, што сэмантычны пераход "крывы" ⇒ "сакральны" зьяўляецца этнакультурнай унівэрсаліяй усёй так званай Цыркумбалцкай культурнай зоны (або правінцыі, паводле вызначэньня Лебедзева) — г.зн. ён уласьцівы культурам як балтаў, так і германцаў і славян. У якасьці прыкладу можна прыгадаць супольную для беларусаў, старажытных прусаў і готаў мадэль называньня сьвяточнага дня: параўн. блр. крывыя вечары, прус. lвnkinan "сьвяточны", якое паходзіць з *lank- "крывіць, гнуць", гоц. dulds "сьвята" з той жа сэмантыкай (параўн. яшчэ ст.-інд. pбrvan "сустаў; паваротны момант часу; сьвята ахвярапрыношаньня ў дні зьмены месяцавага календара"), а таксама агульны для балтаў, германцаў і беларусаў этымон для азначэньня ахвяры: параўн. літ. alka "ахвяра; месца ахвяраваньняў; ахвярная гара; стод", лат. жlks "стод", гоц. alhs "храм", ст.-анг. ealh, ст.-сакс. alah "тое самае" й блр. валачобнае (усе з і.-э. *elk-/*olk- з значэньнем "крывіць, згінаць"). Шэраг прыкладаў можна было падоўжыць.
Якія ж факты маглі яшчэ доказьней гаварыць на карысьць разгляданай гіпотэзы? Зь сярэднявечных пісьмовых крыніц мы ведаем пакуль толькі адно, але вельмі паказальнае сьведчаньне. Так, у грамаце Вялiкага князя Лiтоўскага Альгерда (мiж iншага, дзедзiча Крэўскага, Вiцебскага, Полацкага й iнш) ад 1451 г. цьвердзіцца (тэкст падаем у кiрылiчнай транскрыпцыi):
Гды ў паньстве нашом лiтоўском, земяне нашы господарске трудносць маюць у росправе межы себе ў спорах; нестатках ушелякiх, сумежных крыўдах i покрыўджэнях, для неменiя або одлеглосцi Крэвоу, церпяць або церпiцi даюць другiм обiды, насцiя, напасцi, прото мы господар уставуем, iжбы оттоль хоружыi нашыi ў хоружствах своiх у Велiком княжстве Лiтоўском, таковыi спорносцi, то само яко Крэвове с тоюж моцою судiлi i суды своi ў дело ўводiлi, кром одзыву, а одзыў по ваге рэчы i обычаю даўному iдець до нас господара.
Тут, як бачна, слова крэвы ўжыта, па-першае, тэрміналягічна, і па-другое, зусім не ў двохсэнсовым кантэксьце. Прыгадайма, што ў традыцыйных грамадзтвах судовыя функцыі былі выключнай прэрагатывай служак культу. Так, разглядаючы культуру старажытных іранцаў, М.Бойс азначала:
"...менавіта з асяродку сьвятароў (як і ў сярэднявечнай Эўропе) паходзілі суддзі, розныя службовыя й чыноўныя асобы, патрэбныя ўсякаму разьвітаму грамадзтву."
Іншыя сьведчаньні больш ускосныя, але часта таксама даволі выразныя. Так, на Беларусі, асабліва на Віцебшчыне, пашыраны легенды пра так званыя "камяні-краўцы". У сваім часе мы будзем аналізаваць іх адмыслова. Цяпер заўважым толькі, што гэтыя "краўцы", "не беручы грошай" за сваю працу, "выстаўлялі", тым ня менш, ці ня дзіўнае патрабаваньне: каб замоўца амаль дармавой вопраткі катэгарычна адмовіўся ад наведаньня царквы, г.зн., па сутнасьці, вярнуўся да свае паганскае веры. І яшчэ адно патрабаваньне "выстаўлялася" да наведніка таго своеасаблівага капішча: выказваць свае просьбы ня проста, а, гэтак бы мовіць, "крыва" — да прыкладу: "пашый абы як, каб адзін рукаў быў даўжэйшы за другі, і г.д.", паводле вядомай беларускай прымаўкі "Кажы крыва — будзе проста". Апошняя акалічнасьць, а менавіта спантанная этымалягізацыя слова кравец дазваляе ўзнавіць наступны трансфармацыйны шэраг: кравец — крывец або, хутчэй, нават крэвец — крывіс. Зважма, што гэта абсалютна звычайная мадэль субстытуцыі балцкіх слоў на -is славянскімі формамі на -ец. А значыць маюцца падставы бачыць у гэтых легендах адлюстраваньне пэўных гістарычных рэалій часоў хрысьціянізацыі нашых краёў.
Цікава таксама прыкмеціць, што ў Вялікім Ноўгарадзе рэзыдэнцыя біскупа месьцілася ў Людзіным канцы, заснаваным, як вядома з археалягічных дасьледаваньняў, менавіта крывічамі. Ня менш цікава, што там жа ж знаходзілася вуліца Пруская. А памятаючы, што канчанскую структуру мелі, відаць, усе буйныя крыўскія гарады, нельга ня ўбачыць у разгляданым кантэксьце й таго, што ў сярэднявечным Полацку быў Крыўцоў пасад (згадайма вельмі верагодную суадноснасьць слоў крывец і крывіс), а сярод мікратапонімаў Віцебску сустракаецца Крывы мост. У заснаванай крывічамі ў VII ст.н.э. Старой Ладазе было ўрочышча Крывая капліца, якую Лебедзеў, які адмыслова вывучаў тапаграфію Старой Ладагі эпохі вікінгаў, небеспадстаўна зьвязваў з культам Крывэ-Крывэйтэ.
Мы тут абмінаем іншыя тапанімічныя факты: іх занадта шмат для пераліку ў гэтай лекцыі. Усе пададзеныя прыклады будуць выяўляцца больш рэльефна, калі разгледзець іх на больш шырокім параўнальным і тыпалягічным тле.
“Міталягічная тыпалёгія” як ключ да вырашэньня праблемы паходжаньня гістарычных назваў Беларусі
Архаічныя міты й паданьні, а таксама найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі данесьлі да нас разнастайныя й багатыя зьвесткі што да структуры грамадзтва старажытных індаэўрапейцаў. Аналізаваньне іх дазволіла Ж.Думэзылю распрацаваць і даволі пераканаўча давесьці сваю вядомую "тэорыю трох функцый", паводле якой старажытнае індаэўрапейскае грамадзтва падзялялася на тры асноўныя часткі:
* белую варну брагманаў — служак культу, захавальнікаў веды й традыцыі;
* чырвоную варну кшатрыяў — сьвецкіх кіроўцаў і ваяроў;
* чорную варну вайш`яў — быдлаводаў і рольнікаў.
Гэтая тэорыя ў асноўным была добра пацьверджана матэрыяламі блізка ўсіх старажытных індаэўрапейскіх культур (індыйскай, іранскай, грэцкай, рымскай, хецкай, кельцкай і інш.).
Падобная трохчасткавая структура соцыюму адбівала даўнейшыя ўяўленьні пра збудову космасу. Верагодна, пачаткова (яшчэ за часамі гіпатэтычнай індаэўрапейскай супольнасьці) гэткая структура магла адпавядаць узроставаму падзелу грамадзтва "двойчынароджаных" — г.зн. сапраўдных, прынялых ініцыяцыю (ініцыяцыі?).
Аднак дагэтуль па-за межамі тэорыі Ж.Думэзыля застаецца яшчэ адзін комплекс уяўленьняў, зьвязаных з архаічнай спэцыялізацыяй розных грамадзкіх станаў. Гутарка тут пра непасрэдныя сьведчаньні розных традыцый гэткай жа спэцыялізацыі ня толькі частак нейкага аднога этнасу, але й некалькіх, зазвычай генэтычна роднасных, этнасаў. За водгульле гэтых уяўленьняў можна лічыць шматлікія варыянты казачнага сюжэту пра разьмеркаваньне бацькам спадчыны спаміж трыма сынамі.
Найбольш выразна гэты сюжэт разгортваецца ў вядомай генэалягічнай легендзе пра паходжаньне скітаў, пераказанай Герадотам. Паводле гэтай легенды, у сына Дзэўса й дачкі бога ракі Барыстэна (Дняпра) Таргітая, першага насельніка пустэльных зямель Паўночнага Прычарнамор`я (будучай Скітыі), было тры сыны: Ліпаксай, Арпаксай і Калаксай. Пасьля бацькавай сьмерці ім зь неба зрынуліся тры залатыя рэчы: рала з ярмом, двохбаковую сякеру ды чару. Гэтыя рэчы, відавочна, сымбалізуюць разьмеркаваньне спаміж братамі трох асноўных грамадзкіх функцый: рала з ярмом — земляробчую, двохбаковая сякера — вайсковую й чара — жрэцкую. Праўда, досыць позьні варыянт легенды, пераказанай Герадотам, распавядае, быццам усе тры рэчы з бацькавай спадчыны дасталіся малодшаму брату Калаксаю, а старэйшыя браты прызналі ягонае першынства. Тым ня менш, ёсьць падставы лічыць, што ў пачатковай версіі кожная рэч мае належаць толькі адному з трох братоў, замацоўваючы й асьвячаючы, падобна да слова, іхную сакральную й грамадзкую спэцыялізацыі. Для нас яшчэ істотна тое, што ад гэтых трох братоў вядуць свой пачатак скіцкія рады: ад Ліпаксая — аўхаты, ад Арпаксая — катыяры й трасьпіі, ад Калаксая — царскія паралаты.
Зрэшты, у тым жа ж іранскім арэале функцыянальная спэцыялізацыя цэлых народаў (плямёнаў) азначаецца дасьледнікамі ў Мідыі й Пэрсіі. У паасобку, Б.Маршак, абмяркоўваючы магчымыя шляхі пранікненьня стараіранскага календара ў Согд ды Харэзм, заўважае:
"Найменьні дзён месяцаў трапілі ў Согд ды Харэзм не ў старапэрсыцкай і нават не ў авэстыйскай, а ў архаічнай агульнастараіранскай форме. Занесьлі іх, хутчэй за ўсё, не пэрсыцкія канцэлярысты, а магі, што ведалі Авэсту, якія, зьяўляючыся ня толькі жрэцкай карпарацыяй, але й мідыйскай кастай ці нават племем, маглі прыўнесьці канцовы кампанэнт у форме rauивh — “дзень” з сваёй (таксама заходнеіранскай) мовы…"
"Відаць, за часамі мідыйскай дзяржавы магі набылі манаполію на выкананьне шэрагу рытуальных функцый ня толькі сярод саміх мідзян, але й у іншых іранскіх народаў. Прынамсі, гэткай была іхная роля ў пэрсаў, якая захавалася й за пэрсыцкім уладарніцтвам, калі яе апісаў Герадот. Пры гэтым, пэрсы й, верагодна, іншыя народы прымалі далёка ня ўсе звычаі й навучаньні магаў, захоўваючы сваю ўласную культурную спадчыну."
Тое ж самае пісала й вядомая дасьледніца зараастрызму М.Бойс:
"Паводле зьвестак Герадота (Her. I, 101), мідзяне, што аселі на паўночным захадзе Іранскага нагор`я, падзяляліся на шэсьць плямёнаў, адно зь якіх складалі магі — па-грэцку magoi (больш вядомай стала форма множнага ліку ў лаціне — magi, адзіночны лік magus — ад стараіранскага magu). Верагодна, гэта племя было крыэўскім, зь яго паходзілі сьвятары ня толькі ў мідзян, але й у пэрсаў."
Захаваліся досыць цікавыя зьвесткі пра старадаўнюю плямённую спэцыялізацыю ў старагрэцкай традыцыі. У паасобку, неаднаразова рабіліся спробы даць функцыянальную інтэрпрэтацыю чатыром іянійскім плямёнам: гаплетам, аргадам, гелеёнтам, айгікарэйцам, дадаючы да трох традыцыйных яшчэ й функцыю рамесную. Э.Бэнвэніст прапаноўвае сваю дастаткова блізкую да імавернай інтэрпрэтацыю: гелеёнтам адпавядае жрэцкая функцыя (іхны бог-апякун — Дзэўс), айгікарэйцам — ваярская (багіня-апякунка — Атэна, адным з атрыбутаў якой быў aigis "шчыт"), аргадам — земляробчая (бог-апякун — Пасэйдон) і гаплетам — рамесная (бог-апякун — Гефэст).
Зрэшты, падобны міжплямённы функцыянальны падзел, відочна, ня ёсьць нечым выключна індаэўрапейскім. Ён быў уласьцівы, падобна, усім так званым "касмалягічным" (адрозна ад "гістарычных") культурам. Тыпалягічную паралелю знаходзім, прыкладам, у Афрыцы: "у некаторых вобласьцях Сахары ёсьць плямёны, зь міжплямённай згоды прызнаныя Народам Карану. Але на практыцы гэта азначае толькі, што служкі культу традыцыйна выбіраюцца зь іхнага ліку. Гэта не азначае, што ўсе яны насамрэч прысьвячаюць сябе рэлігіі. Большасьць працягвае працаваць ды ваяваць”. Ня менш цікавую інфармацыю для тыпалягічных параўнаньняў знаходзім у працах багата якіх этнографаў — напрыклад, у К.Леві-Строса.
Паўстае, напэўна, пытаньне: а якое дачыненьне ўсё гэтае мае да нашай гісторыі? Падаецца, што самае непасрэднае. Прынамсі, у нас захавалася багата сьведчаньняў, што старакрыўскае грамадзтва даволі доўга магло зьберагаць памяць пра гэткі функцыянальны трохчасткавы падзел. За прыклад маю падаць тэкст з запісаў 80-х гг. ХХ ст. у Гомельскай вобласьці, у Лоеўскім раёне.
У пана Івана умная жана,
Бог яму даў вумную жану,
Умную жану у яго даму!
Закупіла яна тры гарада.
Што первы горад — ды славен Кіеў,
Што другі горад — славен Чарнігаў,
А трэці горад — славен Лоеў.
А ў Кіеве — усе святыя,
А ў Чарнігаве — ўсе казакі,
А ў Лоеве — ўсе гандляры.
Што святымі — богу маліцца,
А з казакамі ваяваць іцці,
А з гандлярамі таргаваці.
Гэткую ж мадэль мы назіраем і ў беларускіх казках пра бацькаву спадчыну: да прыкладу, у згаданай ужо казцы “Ванічка-дурачок", апроч іншага, вельмі пасьлядоўна выяўлена й колеравая сымболіка: двом братом — старэйшаму й малодшаму — прызначаліся чырвоная й чорная хустачкі, а галоўнаму ж, харызматычнаму, герою — белая, і, адпаведна, белы конь, зь якім ён, урэшце, і здабывае сабе ў нарачоныя царову дачку.
Маем падставы меркаваць, што функцыянальная дыфэрэнцыяцыя блізкароднасных плямёнаў была ўлучана ў агульную трохчасткавую мадэль Сусьвету, якая, у паасобку, адбівалася ў прасторавым структураваньні займанай этнасам тэрыторыі. На наш погляд, адна з мадэляў, якая захоўвае яшчэ сьляды былой узростава-ярархічнай структуры грамадзтваў, магла быць наступнай:
ПОЎНАЧ
ЦЭНТАР-СЯРЭДЗІНА
ПОЎДЗЕНЬ
БЕЛЫ
ЧОРНЫ
ЧЫРВОНЫ
БРАГМАНЫ
ВАЙШ`І
КШАТРЫІ
Усе тры часткі гэтай структуры былі даволі рухомымі й маглі ў ёй мяняць свае месцы, што почасту й назіралася, — напрыклад, у зьвязку з тым, што кшатрыі пачыналі займаць у грамадзтве больш высокае або нават дамінантнае становішча. Але ў большасьці варыянтаў захоўвалася сымбалічная тоеснасьць элемэнтаў шэрагу: Поўнач — Верх — Белы — Брагманы й г.д.
Адметную рэалізацыю абмеркаванай вышэй мадэлі знаходзім зноў жа ў Герадота. У пабудове апісанага ім скіцкага чатырохкутніка праяўна прасочваецца пэўная вертыкальная падструктура ў прасторавым накірунку Поўдзень — Поўнач. У паўднёвай, ніжняй, частцы яе Герадот разьмяшчае носьбітаў кшатрыйскага пачатку ў культуры гэтага абшарнага рэгіёну: царскіх скітаў ды ваяўнічых скітаў-намадаў. Далей, у цэнтральнай частцы, месьціцца земляробчая зона, якую насяляюць скіты-аратыя й скіты-земляробы. А яшчэ далей на поўнач пачыналіся малавядомыя грэкам землі, насяляныя ваўкалакамі-нэўрамі, "страшыдламі"-андрафагамі, і, нарэшце, шанаванымі багамі гіпэрбарэйцамі.
ІІадобнае структураваньне геаграфічнай прасторы вяртае нас да вядомых тэорый "паўночнай прарадзімы" індаэўрапейцаў, запачаткаваных працай Б.Г.Тылака. Апошнім часам найцікавую інтэрпрэтацыю "паўночнага кладу" стараіндаэўрапейскай міталёгіі прапанаваў А.А.Сэйбутыс. Не падступаючыся да абмеркаваньня дэталяў, заўважым, што багата фактаў і аргумэнтаў, на якіх будуюцца розныя тэорыі "прарадзімы", будуць дастасаваны адны да адных, калі пад "поўначчу" разумець вялікі абшар спаміж Паўночным Прычарнамор`ем і Прыбалтыкай або нават Скандынавіяй, дзе й адшукваецца адмысловы цэнтар радыяцыі гідраніміі стараэўрапейскага тыпу.
Верагодна, міграцыі з "прарадзімы" пачыналіся з кшатрыйскай зоны, з паўднёвай пэрыфэрыі. Менавіта кшатрыйская культурная дамінанта выразна прасочваецца і ў індыйскіх арыяў, і ў хетаў, і ў мітанійскіх арыяў, і ў элінаў, і ў некаторых іншых народаў. Трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што гэта зусім не азначае, быццам у міграцыях удзельнічалі выключна ваяры. Перадусім тут можа весьціся гаворка адно пра пэўныя этнакультурныя дамінанты, узгодненыя з архаічнай касмалягічнай спэцыялізацыяй індаэўрапейскіх грамадзтваў, якія, гэтак бы мовіць, прадвызначалі "міталягічны" культурны тып цэлых рэгіёнаў.
Але вернемся да індаэўрапейскай "поўначы". Тут, паводде шматлікіх зьвестак старажытных аўтараў і шмат якіх зь мітаў, жылі ў згодзе з багамі легендарныя гіпэрбарэйцы. Няпэўныя, але досыць разнастайныя дадзеныя мітаў (перадусім, пра Фаэтона, Геракла, арганаўтаў, Апалёна ды інш.) дазваляюць зь вялікай дакладнасьцю вызначыць іхнае бытаваньне недзе ў ІІ—І тыс. да н.э. Адзін з варыянтаў інтэрпрэтацыі знаходзім у Б.А.Рыбакова. У агульных абрысах зь ёй можна пагадзіцца. Рэканструяваная гіпэрбарэйская этнакультурная зона амаль цалкам улучаецца ў арэал распаўсюджаньня старажытнай гідраніміі балцкага тыпу. Ня маючы тут мажлівасьці запыніцца на аналізе ўсіх рэлевантных дадзеных, што комплексна засьведчылі б разгляданую інтэрпрэтацыю, нагадайма толькі дзьве паказальныя акалічнасьці:
* менавіта ў Гіпэрбарэі знаходзіліся вядомыя з пракаветных часоў радовішчы бурштыну, адкуль ён трапляў у астатнія часткі тагачаснай айкумэны;
* менавіта ў Гіпэрбарэю рэгулярна накіроўваўся Апалён хаваць свае залатыя стрэлы (у паўднёва-ўсходняй Беларусі яшчэ й дагэтуль абрад "пахаваньня стралы" належыць жывой традыцыі й рэгулярна ладзіцца ў тэрміны, адпаведныя з старагрэцкімі таргеліямі — сьвятам на гонар Апалёна й Артэміды).
Як ні паставіцца да "міталягічнай тыпалёгіі культур" — станоўча, абыякава, насьцярожана або па-сцыентысцку адмоўна, — яе ўсё роўна трэба браць пад увагу падчас розных спроб рэканструкцыі старажытнай духоўнай культуры тых ці іншых народаў або цэлых этнакультурных арэалаў. Згодна з гэтым, культурны тып індаэўрапейскай "Поўначы" (менавіта — жрэцкі) мусіць абавязкова ўлічвацца ў справе ўзнаўленьня старадаўніх каранёў культур сучасных беларусаў, літоўцаў, латышоў, часткова — украінцаў ды рускіх.
Паралелізм і сынанімія назваў Крыўя й Літва ў этымалягічнай пэрспэктыве. Этнахаронім Белая Русь як гермэнэўтычная праблема
Гэтаксама з культурай жалезнага веку — “штрыхаванай керамiкi” — арэальна суадносiцца яшчэ адна, вiдаць, вельмі старажытная назва нашага краю — Лiтва. У Сярэднявеччы ўсталёўваецца традыцыя ўжываньня гэтай назвы датычна тэрыторый на захад ад р.Бярэзiны (Дняпроўскай), да земляў былых Вiленскага, Трокскага, Навагарадзкага, Берасьцейскага й часткi Менскага ваяводзтваў. Але й тады ўжо амаль была склалася тэндэнцыя да ўжываньня назвы Літва й вытворных ад яе, накшталт “лiцьвiны”, як агульнадзяржаўных i нават нацыянальных назваў дачынна Беларусi й беларусаў.
Агульнапрынятага тлумачэньня гэтай назвы пакуль няма. Iснуе меркаваньне, што слова паходзiць ад балта-славянскай асновы з значэньнем “лiць, разьлiваць”, i зьвязана яно было з характарам мясцовасьцi, дзе пражывала пачатковая “лiтва”, г.зн. зь вiльгацьцю й балатамi. Аднак маецца й iншая магчымасьць вытлумачэньня паходжаньня назвы Лiтва. У паасобку, за сваiм часам аўтарам было заўважана, што з фармальнага гледзiшча нiшто не выдае на суадноснасьць слова “лiтва” з лацінскiм рытуальным тэрмiнам lituus, якi азначаў “скрыўлены на канцы аўгурскi (жрэцкi) посах”. Лацінскi лiтуус, як i балцкая крывуля, быў сымбалем сакральнай улады сьвятара. Але вышэй падавалася, што крывуляй маглі абазначаць таксама й тэрытарыяльна-сваяцкую грамаду, зьнiтаваную пэўным рэлiгiйным абрадам, якi ж крывуляй і сымбалiзаваўся. Гэтая версія была нядаўна падтрымана беларускiм лацінiстам А.Жлуткам. Аднак прыняцьцю яе пакуль замінае незахаванасьць у балцкiх (i славянскiх) мовах слоў ад асновы лiт- з тым жа значэньнем “крывы, скрыўлены”. Тут патрэбны дадатковыя штудыi. Спраўджваньне ж гэткай iнтэрпрэтацыi паказала б на пэўную сэнсавую аднароднасьць i нават сынанiмiчнасьць дзьвюх найстаражытных назваў нашага краю — Крыўя й Лiтва.
Пакуль жа магчыма на падмацаваньне існаваньня пэўных “сакралізаваных” канатацый слова Літва падаць два цікавыя назіраньні.
* У сярэдзіне XIX ст. у Кіеўскай губэрні была запісана легенда, якая адбіла, відаць, пашыраныя на той час сярод украінцаў уяўленьні пра ліцьвінаў як чараўнікоў-ваўкалакаў ("Вялікі чараўнік, сказана — ліцьвін").
* У некаторых беларускіх гаворках зафіксавана цікавае слова: віц. літба "двухпялёсьнік парыскі" (Circaea lutetiana L.), маг. літпа "тс" (Кіс., Дэмб.). Паралелі: польск. czarownik, чэск., славац. carovnнk, харв. vilenickatrava (
Што ж датычыць трэйцяга (прынятага цяпер) найменьня — Белая Русь (Беларусь), то ягоная старажытнасьць i глыбiнная ўкарэненасьць у традыцыях краю нiяк ня можа быць даведзена. Сам тэрмiн "русь" дастаткова позьняга паходжаньня. Пачаткова ён абазначаў полiэтнiчныя “вайскова-гандлёвыя карпарацыi”, якiя ў канцы I-га — пачатку II-га тыс. н.э. шмат дзе ў Эўропе (пад рознымi назвамi) станавiлiся свайго роду “рухавiкамi” працэсаў фэадалiзацыi й утварэньня фэадальных дзяржаваў Сярэднявечча. Але ва Ўсходняй Эўропе “русь” аказваецца яшчэ й носьбiтам новае iдэалёгii — хрысьцiянства, пераважна ўсходняга, “бiзантыйскага” кшталту.
Як чыньнiк этнiчнай самасьвядомасьцi часткi ўсходнеэўрапейскага насельнiцтва гэты тэрмiн мог набыць значэньне адно пасьля падзелу хрысьцiянскай царквы на заходнюю й усходнюю. З увагi на тое, што менавiта ў сярэднявеччы канчаткова замацоўваецца тэндэнцыя ўжываць канфэсіёнiмы ў якасьцi этнанiмаў, ня дзiва, чаму слова “русь” пачынае выкарыстоўвацца як тэрытарыяльная назва й нават этнiчнае найменьне. Але найчасьцей яно не губляе свайго глыбiннага сэнсу й успрымаецца як сынонiм слова “праваслаўны”. У гэтым сэнсе яно дажывае да XX ст. (параўн. падзел беларусаў або “тутэйшых” на “рускiх” i “палякаў” — г.зн. “праваслаўных” i “каталiкоў”).
Канчатковае замацаваньне тэрмiну Белая Русь на пэўнай тэрыторыi, як i самой назвы краiны, — вынiк ня столькi культурных працэсаў, колькi тых гiстарычных калiзій, у сфэру якiх была ўцягнута й наша зямля.
Калi вакол паходжаньня назвы Русь спрэчкi цяпер могуць насiць адно “партыйны” характар, то сапраўднай i вельмi цiкавай праблемай застаецца гiсторыя першай часткi назвы Беларусi — а менавiта слова "белая". Для яго вытлумачэньня была прапанавана вялiкая колькасьць гiпотэз. Цьвердзілi, нiбыта назва Белая Русь пайшла ад таго, што жыхары ейныя мелi за звычку насiць белае адзеньне, або з прычыны сьветлага колеру iхных валасоў, ці ўтрыманьня незалежнасьцi ад татара-манголаў (белая= вольная), а яшчэ — з пэўных геаграфiчных рэалiй (параўноўваюць з балта-славянскай асновай бел- у значэньнi “балота, бель”) i г.д.
Але, вiдаць, маюць рацыю тыя дасьледнiкi, хто шукае адпачатны сэнс у пэўных культурных традыцыях, якія магло пераняць сярэднявечча спадчынай ад больш старажытных часоў. Спаміж іншага, зьвяртаецца ўвага на старажытную iндаэўрапэйскую традыцыю колеравай сымболiкi бакоў сьвету. Згодна з гэтай традыцыяй, асноўная культурная колеравая трыяда “белы”—“чырвоны”—“чорны” была зьвязана з трыядай “усход”—“поўдзень”—“захад”, адпаведна, i далей — з пэўнымi мiталягiчнымi й рытуальнымi комплексамi. Сапраўды, у выпадку з назвамi Белая й Чорная Русь (Усход i Захад Беларусi) гэты геаграфiчны прынцып быццам спрацоўвае. Але, безумоўна, i гэтая гiпотэза патрабуе наступных больш абгрунтаваных высноваў.
Са сказанага вышэй вынiкае, што ўсе назвы нашага краю маюць пэўную (часам вельмi высокую) ступеню культурнай i гiстарычнай матываванасьцi й з гэтае прычыны ўжо нiводная зь iх ня мусіць быць згублена ў беларускай сьвядомасьцi й памяцi будучых пакаленьняў на гэтай зямлі.
Літаратура
* Iмя тваё Белая Русь. Мн., 1991.
* Топоров В.Н. Значение белорусского ареала в этногенетических исследованиях // Тэзісы дакладаў i паведамленняў на міжнароднай канферэнцыі “Славяне: адзінства і мнагастайнасць”, 24—27 мая 1990 г., Мінск. Секцыя 2: “Этнагенез славян”. Мн., 1990. С. 87—90
* Авдусин Д.А. Основы археологии. М., 1989. С. 233, 250.
* Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе. Л., 1985. С. 1 92—195.
* Адкуль пайшлі беларусы // Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 78—79.
* Агеева Р.А. Гидронимия Русского Северо-запада как источник культурно-исторической информации. М., 1989. С. 172.
* Зайкоўскі Э.М. Першабытныя помнікі паўночнай Беларусі. Мн., 1990. С. 32, 38.
* Герд А.С. К реконструкции Днепро-Двинской диалектной зоны // Псковские говоры в их прошлом и настоящем. Л., 1988. С. 118—122.
* Маковский М.M. Лингвистическая комбинаторика: Опыт топологической стратификации языковых структур. М., 1988 .
* Карулис К.А. Лтш. Elgava "Елгава" // Балто-славянские исследования. 1982. M., 1983. C. 123—129.
* Топоров В.Н. Прусский язык. Словарь. L.М., 1990. С. 71—74.
* Топорова Т.В. Семантическая структура дрвнегерманской модели мира. М., 1994. С. 111—112.
* Санько С. Верагодны беларускі рэфлекс аднаго цыркумбалтыйскага рытуальнага тэрміна: *alka-: блр. *volok- // “Беларусь у сістэме трансеўрапейскіх сувязяў у І тысячагоддзі н.э.” Тэзісы дакладаў і паведамленняў міжнароднай канферэнцыі. Мінск, 12—15 сакавіка 1996 г. Мн., 1996. С. 71—73.
* Buga K. Rinktiniai rastai. T. I. Vilnius, 1958. P. 179.
* Бойс М. Зороастрийцы. Верования и обычаи. М., 1988. С. 83.
* Капыскі З.Ю. Полацк у эпоху ранняга Адраджэння // Спадчына Скарыны: Зб. матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мн., 1989. С. 33.
* Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе. Л., 1985. С. 209.
* Дюмезиль К. Верховные боги индоевропейцев. М., 1986.
* Бенвенист Э. Словарь индоевропейских социальных терминов. М., 1995. С. 187—195.
* Ксенофонт. Киропедия. М., 1976. С. 7—10.
* Альбедиль М.Ф. Регламентация поведения в связи с четырьмя стадиями жизни в индуизме // Этнические стереотипы поведения. Л., 1985. С. 65—94.
* Геродот. История. Л., 1972. С. 188—190.
* Бонгард-Левин Г.М., Грантовский Э.А. От Скифии до Индии. Древние арии: мифы и история. М., 1983. С. 64—86.
* Чарадзейныя казкі. Ч. 1. Мн., 1973. С. 406—408.
* Маршак Б.И. Историко-культурное значение согдийского календаря // Мировая культура: Традиции и современность. М., 1991. С. 190.
* Вернан Ж.-Я. Происхождение древнегреческой мысли. М., 1988. С. 64, 163—164.
* Геллнер Э. Нации и национализм // Вопросы философии. 1989. № 7. С. 120—131.
* Леви-Строс К. Печальные тропики. М., 1984.
* Беларускі фальклор у сучасных запісах. Гомельская вобласць. Мн., 1989. С. 23.
* Рыбаков Б.А. Киевская Русь и русские княжества XII—XIII вв. М., 1982. С. 24—25.
* Агбунов М.В. Путешествие в загадочную Скифию. М., 1989.
* Tilak B.C. The Arctic Borne in the Vedae. Poona, 1956.
* Сейбутис А.А. Проблема этногенеза балтов и славян в свете палеогеографии // Природа. 1980. № 11. С. 78—85.
* Сейбутис А.А. Индоевропейцы: палеоэкология и природные сюжеты мифов // Природа. 1987. № 8. С. 96—106.
* Сейбутис А.А. Проблема этногенеза балтов и славян в свете палеогеографии // Природа. 1980. № 11. С. 78—85.
* Елизаренкова Т.Я. "Ригведа" — великое начало индийской литературы и культуры // Ригведа. Мандалы І—IV. М., 1989. С. 426, 429—431.
* Герни О.Р. Хетты. М., 1987. С. 64.
* Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исследования по истории морали. М., 1987. С. 39—74.
* Рыбаков Б.А. Язычество древних славян. М., 1981. С. 354—437.
* Ваўкалакі // Легенды і паданні. Мн., 1983. С. 176.
* Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 6. Л—М. Мн., 1990. С. 11—12.
Крывія, 8 красавіка 2008
Сяргей Санько
Ссылка на источник:
Тытулятура бацькаўшчыны: Крыўя, Літва, Белая Русь