літоўская аповесць
Цемра ды вецер, ды стынь на абшары,
Доле - туман, а высока-высока,
У каламуці раз'юшанай хмары,
Месяц няпоўным паблісквае вокам;
Свет, нібы склеп, змураваны з камення,
Неба ж над ім, як глухое скляпенне.
Цемра паўночная. Ранне далёка
Ля Навагрудка, на ўздыбленных горах, -
Замак у месяца срэбным зіхценні;
Вал здзірванелы схаваўшы, сувора
Волатаў-вежаў ламаныя цені
Падалі ў роў, дзе між вечнай цясніны
Дыхалі воды, затканыя цінай.
Замак заснуў – нў агню і не дыху,
Толькі па вежах бяссонная варта
Воклікам цішу палохае ўпарта;
Раптам дайшло вартавому да слыху:
Постаці нейкія нібы, на гонях…
Чорныя цені за імі гурбою…
Блізка ўжо… скачуць увалам на конях…
Панцыры ззяюць і бразгае зброя.
Коняй іржанне і цокат падковаў;
Рыцары, трох іх, ужо каля рова,
Едуць, спыніліся, голас падалі,
Трубы мядзяныя ўночы зайгралі –
Раз і другі раз зайгралі і трэці,
Варта ім з вежаў адказвае рогам
Грымнула брама, походня ім свеціць,
Падае мост і яны – за парогам.
Бегла да брамы, спяшалася варта:
“Хто тыя людзі, з мэтай якою?”
Першы быў волат, узброен не жартам,
Немец заўжды так узброен да бою:
Меў чорны крыж ён на белай капіцы,
Крыж на грудзях ў залацістай пятліцы,
Трубку мядзяную, дзіду у току,
Чорны ружанец і шаблю пры боку.
Цямяць літвіны: нямецкая цацка!
Шэпча адзін і другі за ім шэпча:
“Пёс гэты, пэўна, са псярні крыжацкай –
Тоўсты, бо штодзень кроў прускую хлебча.
О каб людзей тут не гэтак багата!
Знішчыць бы гэтага гада павінны –
Раз, ды пад мост, - па заслугах адплата”…
Так між сабою шапталі літвіны;
Перасмыкнуў толькі немец плячыма –
Людскую мову ён ведаў, магчыма.
“Князь ваш у замку?” – “У замку, ды надта
Ваша пасольства з'явілася позна…
Спіць князь – дарэмная часу утрата.
Заўтра магчыма”… - “Нам заўтра няможна!
Сёння і зараз жа! Час хоць і позны,
Мусіце вы пра пасольства данесці,
Я на сябе бяру гнеў яго грозны…
Гэты, для знаку, дасцё яму персцень;
Герб Літавор на пярсцёнку пабачыць –
Герб Літавору ўсё растлўмачыць”.
Замак спіць. Спяць навакольныя межы.
Поўнач ,асенняя ночка доўгая!
Толькі яшчэ у Літаворавай вежы
Зоркай агеньчык з-за кратаў міргае:
Позна да дому вярнуўся з дарогі –
Вочы ледзь бачаць ужо ад знямогі.
Хоць і не спіць ён, ды вельмі суровы…
Ані хто з варты, за справай такою,
Ані хто з рады ці шляхты дваровай
Князя свайго не парушыць спакою.
Доўга паслы пагражалі, прасілі –
Грозьба ці просьба – дарэмны патугі!
Кажуць, каб Рымвіда ім пабудзілі,
Рымвіда, ўрэшце, паклікалі слугі;
Быў ён у князя помочнік адзіны –
Княжае войска вадзіў ён да бою,
Радаю правіў – любою гадзінай
Вольны ўваход меў да князя ў пакоі.
Цёмна ў пакоі, на століку чадна,
Чах каганец, мітусіліся цені;
Штось з Літаворам сягоння няладна –
Крочыць, маўчыць, а пасля ў задуменні
Слухае. Рымвід пра немцаў гавора,
Словы ня могуць крануць Літавора,
Ён чырванее, ўздыхае, бялее,
Твар удае, што ад думак ён млее.
Вось каганец, каб паправіць, бярэ ён,
Але не правіць – глыбей яго цісне
І пагасіў (толькі кноцік курэе)
Ці выпадкова, ці можа няўмысна.
Пэўна не мог ён схаваць хвалявання,
Ведаў – яно на ягоным абліччы
І не хацеў, каб слуга быў у стане
Уразумець яго план таямничы;
Зноў па пакоі ён крочыў і крочыў,
Потым спыніўся і стаў ля вакна ён,-
Бачна – у водбліску месячнай ночы
Сутарга твар яго перасмыкае.
Бачна, як ззяюць маланкамі вочы,
Вусны зацяты, нахмураны бровы,
Бачна, які загарэлы, суровы.
Потым у кут адышоўшы са спехам,
Дзверы замкнуць загадаў у пакоі,
І так пачаў ён з фальшывым спакоем,
Словы свае прыпраўляючы смехам:
“Сам-жа ты з Вільні прывёз мне, Рымвідзе,
Вестку, што Вітальд вяльможны, ласкавы
Князем хацеў пасадзіць мяне ў Лідзе,
І на пасажнай па жонцы дзяржаве,
Нібы здабычу сваю, для пакоры,
Княства маё, сёння Вітальд мне дорыць”.-
“Так, праўда, княжа!” –“ А мы вось на дары,
Як і належыцца, выступім годне;
Хай сцяганосцы выносяць штандары,
Хай-жа запаляць агні і паходні,
Хай трубачы ў гэты-ж час выяжджаюць,
Едуць ў горад і, стаўшы на рынку,
Аж на чатыры вятры заіграюць;
Хай яны трубяць датуль без спачынку,
Покуль іх голас мне войска абудзіць.
Хай кожны рыцар браню сваю ўладзіць
Меч загартуе і дзіду асадзіць.
Коні хай будуць гатовы і людзі:
Рыцараў жонкам, нявестам прынесці
Харч, каб хапіла ад рана да змроку,
Коней на месца ўсіх з пашы прывесці
Ды, накарміўшы, трымаць іх на воку.
І калі сонца з-за Шчорсаў заззяе,
Калі асвеціць магілу Мендога,
Хай там на вуліцы Лідскай чакае
Войска, гатовае ў бой і ў дарогу”.
Князь замаўчаў. І нібыта размовы
Толькі й было, што пра зборы ў дарогу.
Але чаму ён пахмуры, суровы,
Голас дрыжыць і хавае трывогу?
А калі кідаў ён слова за словам,
Беглі яны так нязграбна, ня скора,
Быццам іх выбегла толькі палова,
Рэшта-ж захрасла ў грудзях Літавора.
Нешта ня добрае ў постаці князя,
Нешта нядобрае мае на ўвазе.
Змоўк Лштавор і нібыта чакае,
Што Рымвід пойдзе выконваць загады,
А Рымвід толькі вачамі блукае,
Нема стаіць – не знаходзячы рады;
Князевы думкі чытаць ён умее,
Цяжкую праўду ў іх разумее.
Што тут пачаць? Літавор не ахвочы;
Слухаць чужыя намовы,парады;
Робіць заўсёды, як сам ён захоча,
Тоячы ў сэрцы намеры ад здрады;
Вырашыць раз і тады ўжо не збоча
І ня папросіць памогі, спагады.
Рымвід, дарадца і сябр Літавораў,
Рыцар вядомы літоўскай дзяржавы,
Ганьбу заслужыць і горыч дакораў,
Як не ўратуе агульнае справы.
Змоўчаць? Параіць? Варожыць на двое.
Ўрэшце адважыўся ён на другое.
“Князь, перад воляй тваёю мы немы.
Людзі і коні гатовы да бою.
Шлях пакажы, і гатовы ўсе мы
Днём а ці ноччу ісці за табою;
Рымвід, павер мне, ня будзе астатні.
Але аднолькавай меркай не мерай
Розум людзей з грамады гэтай шэрай
І розум тых, хто на большае здатны.
Бацька твой, нават, хоць ён сам сабою
Даць намагаўся дням прошлым асновы,
Перш чым на ворага рушыць са зброяй –
Раду склікаў, каб пачуць яе словы.
Часам і мне там, між мудрых і важных,
Собіла думкі выказваць адважна.
Вось і цяпер я скажу табе смела
Тое, што вуснам душа падказала,
Шмат я пражыў, галава пасівела -
Славы, чыноў дасталося нямала.
Новую справу задумах ты, княжа,
Шкодную справу,як сэрца мне кажа:
Лідскае княства, што маеш на праву,
Хочаш узяць праз ліхую прыгоду,
Будзе ў бяду твой паход, а не ў славу, -
Новым і даўным падданым на шкоду:
Першыя – скарбы здабудуць чужыя,
Рабства, кайданы здабудуць другія.
Вестка разыдзецца з краю да краю,
Ненавісць высее хцівае зерне,
Горкі дасць плод яно ўрэшце і церне,
Што труціць славу і згоду знішчае.
Скажуць: парушыў князь праў сваіх межы –
Тое ўзяў, што яму не належыць.
Колісь інакш было: князі літвіны
Родны свой горад сталіцай рабілі…
Добры быў звычай і тыя гадзіны
З памяці нашай у нябыт не сплылі.
Дай, князь ісці шляхам даўнім падзеям,
Здайся на Рымвіда – не падвядзе ён.
Перш-не-перш рыцараў мы папярэдзім, -
Тых, што ў горадзе тут пад рукою,
Тых, што на вёсцы шукаюць спакою, -
Зараз-жа ў замак хай кожны з іх едзе;
Панства-ж і рада няхай у пакоях,
Дзеля бяспеки і дзеля аздобы,
Каля тваёй будуць княжай асабы.
Я-ж, ня марудзячы, рушу тым часам
Хоця-ж-бы заўтра, на золаку, рана
З слуг грамадою, з святым капеланам,
І з пачастункаў вялікім запасам –
Ладзіць ўсё, каб хапіла народу
Добрай дзічыны і добрага мёду.
Добрае, хіба, народ толькі бачыць!
Не, і шляхецтва за імі ў пагоні:
Ласку ўбачыўшы ў княжай далоні,
Прышласць сваю загадзя ўжо тлумачыць;
Гэтак было і ў Літве і на Жмудзі,
Вось хоць старыя раскажуць хай людзі”.
Скончыў і кінуў за вокны вачыма:
“ Вецер. Пагоды не будзе, магчыма.
Бачу каня там пад вежай у ценю,
Рыцара бачу, - трымае паводзе,-
Вось і другі да яго падыходзіць;
Немцы… пасольства… пазнаў па адзенню.
Ці іх паклікаць, ці хай там на доле
Вусны слугі скажуць ім тваю волю?”
Нібы ў акно ён глядзеў выпадкова,
Нібы выпадак – і погляд і слова,
Але наўмысна ён ставіў пытанне,
Каб пра пасольства ўсё ведаць дазвання.
І Літавор адказаў яму : “Дружа,
Не, калі рады якой патрабую,
Не давяраюся іншым я дужа,
Рымвіда слухаю і не шкадую,
Бо ён пашаны і гонару варты –
Мудры на радзе і ў бойках упарты.
Дзёрзкі намер не люблю я бясконца
Людзям да часу паказваць на вока;
Думку, што стоена ў сэрцы глыбока,
Шкодна са змроку выносіць на сонца.
Хай мой намер, як з маланкай бывае -
Блісне пасля, а раней забівае.
Тайнай з табой падзяліцца жадаю:
Заўтра ідзем супраць Русі і Жмудзі;
Што, быць не можа? І можа, і будзе.
Сёння я сэрца табе адкрываю.
Даў я загад: усім брацца за зброю,
І каб спяшаліся на дапамогу,
Бо Вітальд, ведаю, гэтай парою
Пэўна заняў ужо з войскам дарогу.
Можа, і Ліду мне дорыць ён, быццам,
Каб, падманіўшы, злавіць ці забіць там…
Але з магістрам тэўтонскім, не ў звычай,
Зараз зрабіў я таемную згоду:
Рыцараў дасць ён сваіх для паходу,
Я-ж аддару іх багатай здабычай.
Бачу пасольства… ў тэўтонскім убранні…
Значыць, трымае магістр абяцанні.
Покуль схаваюцца зорки пад ранак;
Рушым літвінаў, дадаўшы у полі
Конных тры тысячы ў бронь закаваных
І кнехтаў пешых у два разы болей.
Кнехт дужы целам, вышэй за літвіна,
Мечам валодаць умее страшэнна,
Дзіда навострана ў кнехта адменна –
З ног да чала ў жалезе дружына;
Сам сабе выбраў, як быў у магістра,
Хлопаў адборных і коннікаў быстрых.
Мае кнехт кожны змяю за плячыма,
Волавам, сажаю кормиць змяю ён,
Потым падпаліць – трываць не магчыма –
Гром і агонь… так змяёй і ваюе;
Толькі на ворага вокам ён глянуў –
І ці забіў, ці смяртэльна параніў;
Так быў забіты ў час абароны
Дзед Гедземінаў на сценах Велоны…
Вітальд, відаць, занядбаў асцярогу,
Войска нямнога ў Лідзе. Хістанне
Тут не дарэчны, і заўтра ў дарогу
Рушым і возьмем і знішчым дазвання”.
Рымвід уражаны быў навіною,
Нібы застыў, анямеў нерухомы;
Буру прадбачыў і лёс невядомы
Мечам вісеў над радзімай, Літвою.
Справа не церпіць. Дарэмна ваганне.
З гневам і жалем ён крыкнуў:” Мой пане,
Бог не папусціць такога , не веру…
Брат супраць брата ўзніме далоні!..
Вышчарбіў ўчора на немцах сякеру,
Сёння-ж навострыць і іх абароніць…
Будзе нам гэткая згода бядою, -
Хочаш з'еднаць ды агонь ды з вадою!
Сусед з суседам, бывае між намі,
Жывучы дрэнна, у крыўдзе спрадвечнай,
Лепшымі робяцца, урэшце, сябрамі,
Рукі з'еднаўшы ў пашане сардэчнай.
Горай, хіба, як благія суседзі,
Сёння жыве наш літвін побач з ляхам?
Разам сядзяць на вясёлай бяседзе,
Спяць пад адзіным і небам і дахам,
Разам, - спатрэбіцца,- меч уздымаюць;
Горай яшчэ, як літвіны і ляхі
Сэрца адно ад аднога не маюць,
Ворагі вечныя – людзі й вужакі.
А прыпаўзе гад да хаты парога,
Госцем запрошаны да чалавека,
Дзеля хвалы несмяртэльнага бога,-
Прыме літвін яго хлебам і млекам.
Гад той рахманы да рук падпаўзае,
Разам вячэрае, п'е без прыгоды,
Грудзі малога не раз спавівае
Бронзавым колцам, без жаднае шкоды.
Толькі крыжацкага гада не ўлічыць.
Мала яму ўсіх багаццяў нямецкіх,
Колькі людзей і зямель мазавецкіх
Згінула ў прагнай, бязлітасці пашчы.
Столькі жарэ, а галодны да смерці!
Нашыя рэшткі гатоў ён пажэрці.
Еднасцю толькі пазбавімся катаў,
А паасобку іх сілы не знішчыць.
Замкі руйнуем на іх папялішчы,
Ордэн-жа, нібы дракон той пракляты:
Сцяць галаву не паспееш – другая,
Трэцяя. Сотая ўжо адрастае!
Кончым дракона! Дарэмны патугі
Тых, хто нас хоча мірыць з крыжакамі,
Бо, - ці то князь, ці то князевы слугі, -
Цяжка такога найсці паміж намі.
Хто не жадаў-бы любою цаною
Скончыць з праклятай крыжацкай чумою.
Што не кажы, лепей смерць у палоне.
Або на полі, як іх дапамога;
Лепей гарачы свінец на далоні,
Чым гэты поціск рук ворага злога!
Вітальд нам грозіць? Хіба без іх меча
Самі не разбяром сваёй звады?
Ці так далёка зайшлі мы ў спрэчках,
Што і рука нашай братняй спагады
Вырваць не здолее кукалю з нівы,
Меч захаваўшы для ворагаў хцівых?
Сам ты ці верыш ва ўласныя словы,
Быццам-бы Вітальд таемна і ўпарта
Здраду рыхтуе і нішчыць умовы?
Слухай, паслаць мяне зноў туды варта.
Зробім умовы…” – “ Эт, досыць, Рымвідзе!
Ведаю Вітальда я і умовы
Сёння адно ў галаву яму прыйдзе,
Заўтра-ж надумае ход адмысловы.
Княжаму слову ўчора я верыў,
Быццам ён Ліду мне дасць назаўсёды;
Сёння-ж у князя не тыя намеры,
Робіць мне Вітальд ізноў перашкоды:
Зручны для гэтага момант абраўшы,
З войскам сваім каля Вільні дзесь стаўшы,
Чутку пусціў ён, нібыта лідзяне
Князем прызнаць мяне не захацелі;
Сам сябе Лідаю Вітальд надзеліць,
А Літавор з яго ласкі дастане
Голую Русь ці Варага на багне.
Край гэты ўбогі ён мне пакідае,
Вось чаму й крэўных адтуль выбівае,
Вітальд быць князем Літвы ўсяе прагне.
Бач, як разважыў! Умее разважыць!
Мкнецца да мэты любымі шляхамі -
Сам над усімі хацеў бы ён княжыць,
Роўных сабе – растаптаць пад нагамі.
З Вітальда ласкі пакутуюць людзі.
З бітвы на бітву і з бою да бою
Вечна скаваны бранёй нашы грудзі,
Вечна Літва – на каня ды за зброю;
У шышакі ўжо чалом ураслі мы;
Свет - як вялік - навакол абышлі мы;
На крыжакоў, ці праз Татраў грамаддзе,
Рушым на Польшчы прыгожыя сёлы,
Далей па стэпе, з вятрамі ў ладзе,
Нішчым. Дагнаўшы, абозы Магола.
Скарбы ж, багацце, што ў замках забралі,
Люд, што дабіць было шабляй турботна,
Тых, што праз голад, агонь не прапалі –
Зносім яму і зганяем ахвотна.
Князю карысць, а Літва ўсё гібее;
З Фінскай затокі да мора Хазараў -
Скрозь гарады загарнуў пад сябе ён.
Мае палац, а палац, нібы мара!
Бачыў шмат замкаў крыжацкіх адменных, -
Прусы на іх і не глянуць ад страху, -
Але мацнейшыя ў Вітальда сцены
Замка,што ў Вільні, і трокскага гмаху.
Ёсць каля Коўна такая даліна -
Сцелюць русалкі там дзіўнае квецце,
Летняй парою і весняй гадзінай,
Тая даліна найлепшая ў свеце.
Нельга даць веры: ў Кейстутава сына
На дыванах – болей кветак адменных.
Ззяе палац. Аксамітнай тканінай,
Бісерам шытай, аздоблены сцены.
Нібы жывы, кожны ўзор, і гамоняць
З золата, срэбра і перлаў расліны;
Скажаш, што іх вышывалі багіні,
А не ўмелыя рукі палонніц!
Шклом дзіўна кожнае ззянне аконца,
Ззяе, як рыцараў польскіх убранне,
Альбо як Нёман, убачыўшы сонца,
Гляне з-пад крыгаў у весняе ранне.
А я, што маю за кроў і за раны?
Я, што ў дзяцінстве далёкім і мілым,
Ледзве з калыскі ад маці забраны,
Жыў, як татарын той, млекам кабыллім.
Дзень цэлы конна… мне конская грыва
Ноччу падушку сабой замяняла,
Хмаркаю ноч пралятала імкліва,
Раніцай зноў нас труба заклікала.
Гэта тады, як мае аднагодкі
Ездзілі верхам на конях з лучыны,
Смех выклікаючы ў матак салодкі
З гэтых ваенных забавак дзяціных.
Гнаўся ў той час за ардой я па пятах,
Або з палякамі біўся зацята.
Княству майму, ад Эрдзвіла гадзіны,
Нават і пядзі зямлі не прыдбана;
Глянь ты на сцены… Ня сцены – руіны.
Глянь на палацы, як усё занядбана;
Або зірні. Як пакоямі пойдзеш:
Дзе кубкі шкляныя? Посуд каштоўны?
Знойдзеш там золата? Камень там знойдзеш.
Ёсць дываны там? - мох клоччам няроўным.
Што-ж здабываў я ў бойках крывавых?
Скарбы?...Уладу?... Не, толькі здань славы.
Здань толькі. Вітальд у тым вінаваты
Вітальд забраў маю славу. Размова
Толькі аб ім. Вайдэлоты на святах
Славяць яго, як другога Мендога.
На струнах звонкіх цудоўнае песні
Вітальда дойдзе да нашчадкаў імя.
Але хто-ж нашы ў забыцці і плесні
Знойдзе імёны і ў прышласць узніме.
Мы не зайздросцім. Няхай сабе з бою
Скарбы бярэ і імя здабывае,
Толькі няхай капцюры над Літвою
Вітальд драпежныя не ўздымае.
А ці даўно, у час спакою і згоды,
Гвалтам літоўская ўзята сталіца?
Іншых князёў разарыўшы паходам,
Сына Альгерда прымусіў скарыцца,
Трон яго сам ён сягоння займае,
Нават пасол яго словам суровым.
Нібы Крывейта, князёў прызначае
Або зганяе бяз лішняй размовы.
Досыць свае падстаўлялі мы спіны,
Покуль ёсць сілы і дыхаюць грудзі,
Покуль жалеза рук дужых не трудзіць,
Покуль мой конь мае лёт сакаліны...
Гэткага-ж даў і табе, - конік слаўны,-
Іх я быў з Крыму прывёў, як здабычу,
Дзесяць нягоршых я маю на стайні,
Іх маім слугам адданым узычу…
Покуль і конь мой… І шабля са мною!..”
Тут не хапіла ад гневу дыхання,
Змоўк, толькі грымнула княжая зброя,
Бо здрыгануўся, відаць, з хвалявання.
Але што гэта, святлом вокамгненным,
Бліснула над галавой яго знічам,
Твар асвятліўшы на міг ваяўнічы?
Шаблі лязом ды па гзымсе каменным
Біў Літавор, выкрысаючы іскры;
Сталі ўзмах быў маланкава быстры.
Зноў абняло іх глухое маўчанне.
Зноў князь сказаў: “Годзе марнай размовы,
Ноч адыходзіць і дзень хутка новы...
Зараз пачуем мы пеўнеў пяянне.
Ты зразумеў мой загад? Будзь гатовы...
Лягу. Крыху адпачну я душою
Змучанай, целам… і ўстану здаровы.
Тры дні я не спаў я дарогай цяжкою.
Цёмна, ды месяц прабліснуць павінен,
Рушым якраз каля ранняй гадзіны…
Сыну Кейстута мы ў Лідзе пакінем
Добрую спадчыну – попел, руіны!”
Скончыўшы, пляснуў у далоні што сілы.
Чэлядзь ўзяла яго латы і зброю.
Лёг не таму, што быў сон яму мілы,-
Прагнуў, каб Рымвід пакінуў пакоі.
Рымвід падумаў: дарэмна размова!
Зараз-жа выйшаў бяз лішняга слова.
Выйшаў і выканаў спраўна інтэрас;
Рыцараў склікаў, паведаў загад ім,
Потым у замак вырнуўся яшчэ раз...
Да Літавора? Для новай парады?
Не, не да князя. Пакой князеў цёмны
Рымвід , улева падаўшыся, збочыў,
Дзе перакінуты мост быў пад'ёмны,
І ў пакоі княгіні пакрочыў.
Князевай жонкай была той парою
Лідскага князя дачка маладая.
За прыгажосць у наднёманскім краі
Звалі Гражыну князёўнай-зарою.
Хаця-ж з гадамі з зарой-зараніцай
Не параўнаеш княгіні Гражыны,
Але яднала ў сябе чараўніца
Вабнасць кабеты і свежасць дзяўчыны.
Здівіць развагай, кране маладосцю,
Быццам-бы май увасобіўся ў леце,
Быццам-бы кветкі, вясновыя госці,
З плодам даспелым, духмяным на вецці…
Ці толькі з твару прыгожа Гражына?
Роўных сабе ні ў чым іншым не знала;
Станам і ростам і спрытам княгіня
Нават і мужу свайму не ўступала.
Там, дзе абое прыгожыя ў коле
Чэлядзі, шляхты дваровай стаялі,-
Былі падобны да гонкіх таполяў.
Што найвышэй свае кроны ўзнімалі.
З твару падобна да мужа нямала.
Сэрцам таксама нагадвала мужа.
Вырацяном ці іглой пагарджала,
Але затое любіла аружжа.
Часта на добрым кані выяжджала
У шорсткім са шкуры мядзвежай убранні
І па лясах, па дубровах скакала
Да позняй ночы, да самага рання.
Часам, калі пад мужчынским уборам
З лесу вярталася. Дзе палявала, -
Блытала чэлядзь яе з Літаворам,
І, нібы князя, Гражыну прыймала.
Так спалучаючы працу й забаву, -
Радасць, ці смутак, ці злая навала, -
З мужам ня сэрца адно падзяляла,
Але і мыслі і княжую справу.
Суд ці вайна, ці таемная змова
Часта яна вырашалася словам.
Іншым было ня ўсё гэта вядома.
Была не такой, як бываюць кабеты,
Што рады ўладзе над мужам і домам
І на ўвесь свет выхваляюцца гэтым.
Спрытна хавала ад лішняга вока
Тое. Як сэрцам валодала мужа,
Нават і тыя, што бачаць глыбока,
Цямілі гэтую справу не дужа.
Рымвід адчуў, дзе шукаць яму раду,
Каб і людзям быць і князю не ў крыўдзе,
Ведаў, калі да княгіні ён прыйдзе,
Знойдзе ўвагу і знойдзе спагаду.
Так і зрабіў, расказаўшы ён ціха,
Што Літаворам задумана ліха.
Вестку Гражына з трывогай прымае,
Але ўмее валодаць сабою,-
Выгляд зрабіла, што веры не мае -
Голас і твар не згубілі спакою.
“Хіба-ж у князя,- сказала,- больш варты
Словы жанчыны, як рыцара слова?
Ведаю, ён і гарачы і ўпарты -
Скажа і зробіць так адначасова.
Але, нарэшце, калі хваля гневу
Буру не ў час душы яго ўзбудзіць
І калі ён, памыліўшысь, заблудзіць
Між дрэва праўды і прагнасці дрэва,-
Кінем. Хай час і развагі павевы
Мыслі раз'ясняць і сэрца астудзяць.
Кане ў нябыт яго злосць і ўпартасць...
Сябе ды й іншых палохаць не варта”.
“ Прабач, княгіня, бо гэта не слова,
Што, з вуснаў чорнай зляцеўшы гадзінай,
Чэзне без следу ў памяці сховах;
Нельга назваць яго і блытанінай
Марных жаданняў. Капрызаў чарговых,
Што, як тумак, закурыцца і згіне.
Слова, як іскра - што ўспыхвае ноччу.
Бачу я іскру і гора прарочу!
Не першы дзень я пры князі слугою.
Шмат год служыў яму шчыра, аддана,
Ды не згадаю, ці чуў я парою
Гэткае шчырае слова ад пана.
Што мне належыць - зраблю я: да бою
Войска збяру, як было загадана,
Ля Перасека магілы, і ў ранні
Рушым дарогай пры месяца ззянні”.
“Што чую! Заўтра? Бяда мне і гора!
Гэта знаць на Літве не павінны,
Што брат на брата ўзняў зброю на сорам,
І з-за чаго? З-за пасагу Гражыны!
Зараз іду я ў пакой Літавора,
Хоць для спаткання мінулі гадзіны.
Перш. Чымся неба зарой закрасуе,
Веру, што добры адказ прынясу я”.
Потым яны, развітаўшыся, выйшлі.
Дужа спяшаліся дзесці абое.
Хвілі ў святліцы не бавячы лішняй,
Крочыць княгіня да князя ў пакоі.
Рымвід да дзвярэй дакрануўся рукою,
Ды не ўвайшоў, на парог ён сядае -
Слухае, ў шчыліну ўсё паглядае.
Бразнула клямка. І ў цягу хвіліны
Постаць стаяла нярушная ў белі.
“Хто?” – крыкнуў князь і сарваўся з пасцелі.
“Хто?” – “Я”. – Адказвае голас жанчыны.
І то гучней галасы, то нямелі.
Рымвід з размовы не чуў палавіны -
Словы, змяшаўшыся з рэхам імгненным,
Біліся глуха ў каменныя сцены.
Словы то гучна імкнуць раззлавана,
То ледзьве-ледзьве даходзяць да слыху.
Голас Гражыны гучыць ўсхвалявана,
Кпіны ў голасе князя і пыха.
Вось яна кленчыць, бядою прыгбана…
Ўстаў Літавор, і зрабілася ціха.
Потым ён нешта сказаў ёй сурова
І замаўчаў. Не знаходзячы слова.
Вось прамільгнула зноў постаць у белым,
Крочыць к парогу, выходзіць жанчына.
Ці не ўпрасіла, а ці не пасмела,
Болей прасіць? У пакой свой Гражына
Накіравалася. Кназь да пасцелі
Моўчкі прыпаў. Няймаверная ціша,
Мусіць, яна Літавора ўкалыша.
Рымвід хвіліну якую вагаўся,
Потым пайшоў і на левым балконе
Служку пабачыў, што з немцам спрачаўся.
Слухаў, да вуха прыклаўшы далоню,
Але не чутна, бо вецер узняўся.
Служка рукою паказваў на коні;
Рымвід не ўцяміў, хутчэй здагадаўся.
Кроўю набеглі ў рыцара вочы -
Збег да каня і ў сядло ён ускочыў:
“О, каб не быў я паслом тут сягоння,
Крыжам клянуся на комтурскім сцягу,
Я-б даказаў вам, што меч у далоні
Маю не дарма, сваёй помсты прагу
Я б задаволіў і змыў бы знявагу.
Ні ў імпэратара, ні ў слуг ягоных
Не стрэў таго я, што тут, у паўпанка:
Пад голым небам дачакацца ранка
І прэч пайсці і бачыць слуг ухмылкі…
Толькі князёк. Відавочна, не цяміць,
Што ён павінен плаціць за памылкі,
Кліча на Вітальда гэты паганец,
Каб разам знішчыць. Ды нас не падманіць!
Вітальд і той не заслоніць сабою
Меч, што вісіць над яго галавою.
Скажаш так князю, а веры не будзе -
Сам хай спытаецца, нават хачу я
Ўласна яму паўтарыць, сам пачуе,
Што я кажу і няхай не забудзе:
Рыцара слова ці рыцара ўмова
Век не парушна. Як божае слова.
Яма, якую для нас вы капалі,
Вам-жа самім абярнецца ў шкоду:
Сёння-ж, глядзіце, у яе каб не ўпалі.
Я кажу - Дытрых Гальштарх фон Кніпродэ,
Комтур! Гэй, кнехты, за мной паскакалі!”
Перачакаў і да брамы прыскочыў,
Кнехты за ім. Вось па полі ўжо гоняць.
Толькі чуваць - дзесці зброя брызгоча,
Толькі чуваць, як падкова дзесь звоніць,
Толькі чуваць - заіржалі дзесь коні…
Хутка замерла ўсё ў цемрадзі ночы,
Лес толькі цёмны ўслед ім гамоніць.
“Едзьце шчасліва, няхай вашы ногі
Болей не пройдуць літоўскаю сцежкай!-
Рымвід услед паглядзеў ім з усмешкай: -
Дзякуй, княгіня! Мінулі трывогі...
Вось і скажы, што ты знаў чалавека!
Голас быў гнеўны і погляд суровы,
Нібы маланкай, паліў з-пад павекау...
Мне не дазволіў сказаць нават слова...
Здэцца-б у птаха пазычыў ён крыллі,
Толькі-б на ворага ўпасці галовы,
А ўсмешка жанчыны, голас мядовы
У іншы бок усю справу схілілі”...
Не ўлічыў, стары, у гэтай хвіліне,
Маладосць князя, прыгожасць княгіні.
Так ён казаў, угару ўзняўшы вочы...
Можа, з-за крат лямпа нешта падкажа?
Рымвід вярнуўся, на ганак пакрочыў:
Можа, пакліча ў пакой яго княжа?
Але дарэмна пытаўся ў стражы.
Вось ля дзвярэй ён ля княжых, усё ціха -
Спаў, як раней, князь - чуваць, як ён дыхаў.
“Цуд тут ды годзе! А што будзе далей?
Неяк ідзе усё дзівосна сягоння:
Мне загадаў князь у гневе, ў запале,
Падрыхтаваў каб людзей я і каней,
А сам спіць моцна. Не рушым мы рана.
Рыцары нашы стаяць у чаканні...
Немцам ад'ехаць ні з чым загадана...
І з кім загад пераслаў? З служкам пані!..
Як меркаваў з учарашняй размовы...
Праўда, не чуў я дакладна выразу...
Просьбы яе... Яго голас суровы...
Але ці смела-б насуперак князю
Стаць сваёй воляй на шлях рызыковы,
Спадзеючыся на чары жанчыны?
Вельмі баюся, каб гэтага разу
Ліхам не скончылася для Гражыны.
Розуму мае, адвагі багата,
Але ўчынак такі - ўжо занадта...
Тут яго думкі пасланец спыняе,
З'явіўся і вокам міргае няспынна:
Разам пайшлі з ім да левага краю
Замка, дзе іх стрэла служка - дзяўчына.
Рамвіда пані сама спатыкае,
Дзверы, ўпусціўшы, за ім замыкае.
“ Дрэнная, радца мой добры, падзея!
Але і суму і роспачы годзе.
Хоць падвяла нас сягоння надзея -
Заўтра шчасліўшае мо' надыходзе.
Будзем цярпець і не трэба голасу
І між салдат, і між чэлядзі дворнай,
Паслоў адправім да іншага часу,
Каб Літавор у злабе сваёй чорнай
З імі ў саюз не ўвайшоў. Гнеў астыне -
І думку ганебную князь наш пакіне.
Ты не палохайся, неяк-жа будзе.
Князя намерам нішто не пашкодзіць,
Войска і потым паспееш ты згрудзіць,
Як сэрца князя час не ахалодзіць.
Сёння меў ехаць... Скажу табе дружа:
Гэтай выправе не веру я дужа.
Толькі ўчора ступіў на парог ён.
Толькі што зняў з грудзей сваіх зброю,
Не адпачыўшы зусім ад дарогі...
І каб сягоння зноў рушыў у бой ён?..”
“Ты памыляешся, пані Гражына:
Адтэрміноўкі ніякай не будзе.
Хутка надыдзе благая гадзіна -
Позна, гатовы і коні і людзі...
Хай-бы княгіня мне пераказала,
Як князь прыняў яе ўчора з'яўленне?”-
Пэўна. Гражына б усё расказала,
Ды перашкодзіла раптам здарэнне.
Коннік з'явіўся на княжым дзяціны;
Вось увайшоў у пакоі Гражыны -
Вестку прынёс ад літоўскай дружыны,
Што вартавала на лідскім гасцінцы.
Немца ў палон захапілі, ён кажа:
Іх правадыр войска грознае рушыў, -
Кнехты ідуць і абозы з паклажай, -
Моцна разгневаны, слова парушыў
І, як казаў той нямецкі палонны,
Наступ на замак рыхтуе шалёны.
Хай Рымвід зараз-жа да князя скочыць,
Хай князь з загадамі часу не бавіць:
Ці на мурах абарону паставіць,
Ці стрэне ў полі іх, вочы ў вочы.
Варта так лічыць, што было б нядрэнна,
Крадкім прайшоўшы, таемнай дарогай,
Конніцу знішчыць ударам імгненным,
Перш чым гарматы прыйдуць з дапамогай.
Мы іх загонім у багну, да рова,
Рыцараў іхніх, і зломім і зложым,
Пешых-жа кнехтаў усіх - пад падковы,
Кодла змяінае ўсё іх паложым.
Рымвіда моцна здзівілі навіны,
Дзіўны былі яны і для Гражыны.
“ А дзе-ж паслы?” - закрычала Гражына.
Служка збянтэжаны нейкае мгненне
Моўчкі ў твар ёй глядзеў са здзіўленнем,
Не разумеючы гневу прычыны.
“Слова тваё мы выконваць павінны,
Хіба княгіня забылася? Ўранку,
Пеўні другія калі праспявалі,
Князеў загад мы паслам перадалі,
Як ты казала, каб ехалі з замку”.
“ Так...” - Прашаптала, збялеўшы, Гражына.
Твар быў збянтэжаны і ўсхваляваны.
“Так...” - Зноў прабегла маўкліва хвіліна. -
Праўду ты кажаш, было загадана, -
Помніць пра эта была я павінна...
Што-ж мы стаім? Пабягу я да пана...” -
Стала, маўчыць, прыіжмурыўшы вочы,
Голаў схіліла, дзе ўжо ўзрастала
Мысль, покуль цёмная, як цемра ночы,
Але што далей, яна ўсё світала.
Мысль даспявала, рабілася явай.
Цвёрда рашыла і рушыла жвава.
“Добра, яшчэ раз будзіць іду мужа...
войска-ж збіраецца хай у дарогу,
князю каня асядлаць варанога,
вынесці зараз-жа рэшту аружжа.
Усе быць павінны гатовы да бою,
Іменем князя загад мой адданы;
Рымвід, адказваеш мне галавою!
Мэты паходу хай будуць схаваны,
Ані казаць, ні пытацца да ранку...
Выйдзе й князь, чакайце на ганку”.
Выбегла, стукнуўшы моцна дзвярыма.
Рымвід за ёю ў след апантаны.
Думаў: “Ці пройдзе бяда гэта міма?
Войска сабрана. Загады адданы”...
Дух зацяло, ён спакойна пакрочыў,
Потым, спыніўшыся неяк на разе,
Зморана долу ўтаропіўшы вочы.
Мыслі блукалі як-хоць самапасам -
Бездапаможны быў розум тым часам.
“Марна чакаю. Ужо блізка і ранак,
Ён таямніцу магчыма развяжа.
Мушу я знаць, ці прачнуўся наш княжа”...
І ў палац ён ідзе праз ганак.
Ды расчыніліся дзверы пакоя,
І Літавора ўсе тут пазналі.
Быў ён апрануты. Як перед боем
Князь апранаўся заўжды. Сонцам ззялі
Шлем яго, шчыт, пазлацаная зброя,
Панцыр яго з гартаванае сталі.
Шчыт меў у левай руцэ. А ў правай -
Меч, спадарожнік у бітве крывавай.
Гнеўны быў князь і нібы ўсхваляваны,
Крочыў няпэўным, няроўным ён крокам
І ані з водным тут рыцарам панам
Не прывітаўся ён ласкавым вокам.
Моўчкі руку працянуў за калчанам,
Меч свой павесіў па-над правым бокам.
Здіўлена ўсе на яго паглядзелі,
Але сказаць пра памылку не смелі.
З ганку ступіў. На сцягах пазалота:
На дзень крывавы стала ўжо брацца.
Каня падводзяць. Бліжэйшая рота
Клічам хацелі сустрэць, прывітацца.
Знак даў рукой, каб замкнулі вароты;
Ехаць сказаў і маўчаць. Не пытацца...
А слуг дваровых і чэлядзінцаў
Загадзя вывеў аж да дзяцінца.
Ехалі шляхам, спяшалі за панам,
Потым управа паехалі, долам, і,
Абмінуўшы хмызняк за курганам,
Зніклі ў яры пахмурым і голым.
Хутка. Як зорка ў нябёсах прапала,
Зноў войска поступ на шлях скіравала.
Ёсць каля меж гарадскіх недалечка, -
На гук ад стрэлу з крыжацкае зброі, -
Мала каму тут вядомая рэчка,
Што ўецца-блудзіць лясной стараною;
Вузкая, мелкая блізка дарогі
Робіцца рэчка шырэйшай і далей
Падае ў возера, тут яе хвалі
Пушча вартуе. З камення парогі.
Як выйшлі з лесу літоўскія роты,
Бачыць ля ўзгорку у месяца ззянні:
Панцыры, шлемы, штандары пяхоты.
Грымнуў трывогаю стрэл на паляне.
І пад штандары збягаюцца роты.
Мурам стаяць крыжакі без вагання.
Гэтак якраз выглядае ўрачыста
Ноччу грамадзе панарскага бору,
Як вецер здыме лісце ўсё чыста,
Як росы кропель развесяць уборы,
А мароз з кропель тых зробіць маністры…
І хадок ноччу, брыдучы кудысці,
Бачыць дрэў срэбра і крышталы лісця.
Гнеў спарадзіў той малюнак у князя:
Скосыў, узняўшы меч над галавою,
Войска за ім навалілася разам.
Шэпчуцца рыцары паміж сабою:
Што ён задумаў? Што мае на ўвазе?
Адным напорам не выйграеш бою!
Стаяць на чале сам, відаць, ён жадае.
Флангамі-ж ведаць каму загадае?
Рымвід заўсёды знаў княжую волю,
Так і цяпер: войска ён каля гаю
Хутка сабраўшы ў незамкнутым коле, -
З коньмі - ў сярэдзіне, лучнікі - з краю,
Так, як заўжды войска строіцца ў полі, -
Рушыў яго на крыжацкую зграю.
І раптам пачулася ў стане крыжастых:
“Езус, Марыя! На ворага ў наступ!”
Перш-на-перш дзіды ўмясціўшы ў токах,
Грудзьмі сышліся ў баі крывавым.
Чаму ж схавала ад нашчадкаў вока
Ноч перамога літоўцаў і славу?
Свае, чужыя ў ранішнім змроку
Б'юцца, змяшаўшыся ў пыле крывавым.
Лязгае зброя. Злятаюць галовы.
Што меч не дастане - канчаюць падковы.
Князь мкнецца ўперад, за канём ягоным
Падаюць, чэзнуць крыжацкія воі.
Ведаюць ворагі плашч той чырвоны,
Ведаюць герб на чаломе і зброі.
Страх ахапіў іх, бяда іх чакае,
А князь знай гоніць. На карк насядае.
Толькі-ж чаму ў ім сіла саслабла?
Мала карысці, што кружыць і гоніць,
Мала карысці, калі яго шабля
Толькі дарэмна па панцырах звоніць.
Альбо адскочыць, адбітая разам,
Альбо няёмка апусціцца плазам.
Ворагі, убачыўшы марнасць атакі,
Зноў акрыялі і сэрцам спачылі;
Рушылі разам на князя крыжакі -
Дзіды, як лес, навакол акружылі.
А ён ці змогся, ці з страху нямее,
Браць іх на шчыт і на шаблю не ўмее.
Цяжка было князю цэлым застацца:
Дзідамі колюць, цаляюць мячамі...
Але літоўцы паспелі прарвацца -
Коньмі бароняць яго, бердышам:
Хто сваім целам яго засланяе.
А хто ўдарам удар адхіляе.
Ноч прамінае, і золак ружовы
Водбліскам ззяе на белі аблокаў,
А бой трывае ўсё беспаспяхова -
Ні ў зад ні ў перад не зроблена кроку.
Бог перамогі ўзважваў сурова
Лёс двух народаў паклаўшы на шалі
Кроў іх. А шалі на мейсцы стаялі.
Так бацька Нёман, калі яго воды
Стрэнуць у Румшышках скал аграмаддзе,
То іх абдыме, у шуканне абходу,
То завіруе, грудзмі на іх падзе;
Скалы ж стаяць нерухома, упарта,
Націск прымаючы хваляў і гоман:
Ні тыя скаля пазбавяцца гарту,
Ані саступіць ім рэчышча Нёман.
Войска крыжакаў у схове на горах
Хіжа чакала, сачыла падзеі;
Справы іх дрэнь, і не вытрымаў вораг:
Рушылі немцы, сам комтур вядзе іх.
Змялі літоўцаў, пасеялі сполах,
Строй іх зламаны, што хвілю радзее.
Раптам. Калі ўжо на ўцёк павярнулі,
Чорнага рыцара голас пачулі.
Вочы ўсіх у яго былі ўпяты,
Стаў на кані, як над снежнай гарою
Распрасцірае шырокія шаты
Хмараю чорнай калматая хвоя;
Так яго плашч чорны, шлем яго, латы,
Конь вараны - выглядаў той парою.
Тройчы ён крыкнуў, і падомны грому
Грозны быў голас, нязнаны нікому.
Дапаў да немцаў і ў тлуме знікае.
Бою не ўбачыш, толькі крык ды стогны,
Ды бліскавіцаю хуткай мільгае,
Сеючы смерць навакол меч ягоны:
Там шышак знікае, а тут шлем упадзе-
Вораг змяшаўся, пануе бязладзе.
Так лесаруб калі ён у гушчэры
Валіць дубы, дык далёка-далёка
Чуецца рэха удараў сякеры.
А лесаруб сам схаваны ад вока -
Бачыш, як кроны, што ўзняты высока,
Хіляцца долу над пушчаю шэрай;
Так, насякаючы з немцаў шаломы,
Рыцар к літвінам спяшаў незнаёмы.
Рыцар, спяшайся! Не позна, магчыма,
Дух войска ўзняць, бо бяда ўжо і гора
Стрэлы літвінаў, не прайшоўшы міма.
Дзіды, шчыты і мечы - не апора,
Моц іх зламана, і комтур вачыма
Прагна шукае ўжо Літавора;
Знайшоў. Абодва коней сваіх шпораць,
Хутка жалезам яны загавораць.
Літавор шаблю высока ўздымае,
Выстраліў комтур са зброі шалёнай,
Літвіны дрогнулі,што іх чакае?
Выпала шабля ў князя з далоні,
Повад здранцвелай рукой не ўтрымае,
Цісне шалом на знямелыя скроні.
Покуль Літва з дапамогай паспела,
З сядла схіляецца князева цела.
А чорны рыцар, як хмара што ў ночы
Б'е, наляцеўшы пярунам і градам,
Гэтак на комтура раптам наскочыў,
Што і не ўправіўся комтур з нападам -
Мгненне, і комтур ляжыць пад нагамі,
І топчуць коні яго капытамі.
Рыцар - туды, дзе над князем дваране
Нізка схіліліся. Рыцар здымае
Княжацкі панцыр, крывёй фарбаваны,
Кулі варожыя след разглядае.
Кроў зноў пацекла з адкрытае раны,
Тут князь ад болю крыху апрытомнеў,
Вочы адплюшчыўшы і нешта прыпомніў;
Зноў апускае на вочу прыбліцу,
Воінаў прэч ад грудзей адпіхае,
Рымвіду знак даў ніжэй нахіліцца:
“Скончана” шэпча, на момант сціхае,
потым зноў кажа: ”Хавай таямніцу...
мяне-ж ніхто не ўратуе ад смерці...
у замак вязіце, хачу там памерці”.
Поглядам Рымвід яго працінае -
Верыць, не верыць - вачэй не адводзіць,
Але сляза яму свет засланяе,
Ледзьве не млее, пот скроні халодзіць.
І пазнае не пазнае ўчора:
Гэта не голас. Не твар Літавора.
Рыцар тым часам, паводзі старому
Рымвіду даўшы, схіліўся да пана,
Коні сказаў павярнуць у бок дому,
Потым, далонню заціснуўшы рану,
Князя абняў. Паімчаліся трое
З хуткасцю ветру дарогай лясною.
Каля сцен горада стрэлі прыгоду:
Людзі прыйшлі прывітацца з панамі.
Ціха мінуўшы натоўпы народу,
Ехалі моўчкі да замкавай брамы,
Не сустракаючы больш перашкоды.
Тут вартавым загадаў рыцар строга,
Каб не пускалі за імі нікога.
Войска рэшта ў горад вяртае з пагоні.
Выйгралі бой, ды такая ахвяра...
Радасці мала ў сталіцы сягоння,
Боль сэрцы сцяў і жалоба на тварах.
Кожны з тугою пытаўся пра пана:
Дзе ён? Ці глыбокая рана?
Што там у замку? Хто згадаць можа?
Мост не апушчаны, замкнёна брама.
Але тым часам у ровы, у яры
Слугі і з піламі і з тапарамі
Валяць. Ссякаюць дрэвы ў гушчары,
Камлі ў голле вязуць вазамі
І гоняць баржамі пад самы горад:
Страшны малюнак жалобы і гора!
Там, дзе свяцілішча багоў надхмарных,
Што перуном б'юць парой непагоднай,
Там, дзе валоў і авечак ахвярных
Кроў льюць з малітвай у вогнішча штодня.
Лоўж там вялікі кладуць пад аблокі -
Дваццаць сажней ён - даўгі і шырокі.
А на лаўжы, у чаканні пакуты,
З шчытам, са зброяй, з канём ягоным,
Увесь ланцугамі да дуба прыкуты
Немец стаіць, ён літоўскі палонны
Той, што паслом быў крыжацкага роду,
Князеў забойца Дытэрых з Кніпроду.
Рыцары, просты люд і капеланы
Збегліся, кожны чакае і млее:
Можа, яшчэ не смяртэльныя раны?
Ёсць яшчэ, можа, якая надзея!
Кожны на замак з тугой паглядае
І спадзяецца і весткі чакае.
Але труба адазвалася з вежы,
Падае мост, і павольнай хадою
Выйшла працэсія ў чорнай адзежы -
Цела героя нясуць грамадою;
Меч пры ім князеў, лук, стрэлы ў калчане,
Плашч пурпуровы шырокі ільсніцца:
Князева зброя і князева ўбранне,
Твару-ж ня убачыць, закрыты прыбліцай.
Ён гэта, князь наш, князь нашага краю,
Рыцар далёка вядомае славы:
Ці немца нішчыць, ці орды Нагая,
Ці суд вяршыць над падданымі правы...
Як-жа закон наш цяпер забывае
Князь, занядбаўшы абрады, адправы?
Звычай вякоў старажытнае далі
Продкі твае хіба так шанавалі?
Чаму ў неба не ідзе за табою
Служка, з якім ты прайшоў усе дарогі?
І сябра твой верны, твой конь быстраногі
З сядлом парожнім і немай жальбою,
Сокал, чый так весяліў цябе клёкат,
Псы. Што звяроў адчувалі далёка?
Цела на лоўж ужо рыцары ўсклалі,
Мёд, малако льюць...У цішы сумоты
Трубы і флейты свой голас падалі,
Песню жалобы ўшчалі вайдэлоты,
Нож - для ахвяры...Агонь ужо ўзвіўся...
“Стойце!” - і тут чорны рыцар з'явіўся.
Хто ён такі? Ўсе навокал пыталі.
Войска пазнала: ён на полі ўчора,
Як толькі немцы рады іх зламалі
І дабіваліся да Літавора, -
Рушыў да ворага, бура нібыта...
Комтур палоннік быў, немцы разбіты.
Столькі пра чорнага рыцара чулі!..
Конь пад ім той-жа і вопратка тая...
Але чаго ён прыйшоў і адкуль ён?
Стойце, глядзіце, свой шлем ён скідае,
Твар адкрывае... І дзіўнае дзіва:
Ён! І застылі ўсе, замаўчалі.
Радасць, нарэшце, прарвалася мкліва -
Князь наш, аплаканы намі ў адчаі!
Крык іх сігае ў палі і дубровы:
“Князь, Літавор наш жывы і здаровы!
Бледны быў. Погляд блукаў яго недзе.
Крыкі людзей паўтарыліся рэхам.
Голаў узняў, грамаду ўсю агледзеў,
Нібы падзякаваў лёгкім усмехам;
Толькі ўсмешка была не ад сэрца,
Быццам з'явіўшыся - хоча памерці,
Быццам бы то і не усмешка, а рана.
Столькі яна дала радасці, ласкі,
Колькі жыцця даюць мёртваму краскі.
Касцёр гатовы. Агонь выбухае.
І князь гаворыць: ”Чыё мы тут цела
Сёння хаваем? - Скрозь ціша глухая. -
Жанчыны мужнай, як рыцар смелай.
На свеце гэткіх жанчын вельмі мала.
Хоць і адпомсціў, ды яе не стала...” -
Гэтак сказаўшы. Ён у мгненне вока
Гіне ў полымі, у дыму аблоках.
ЭПІЛОГ ВЫДАЎЦА
Калі ўсё ты, Чытач, прачытаўшы цярпліва,
Рэшты выдаць ня хочаш, гэта мне ня дзіва:
Бо як зблытаны ніці, ня хапае ўтоку
І цікавасць знікае ў гневе глыбокім .
Чаму сам князь ня ехаў, адправіў Гражыну?
Чаму ў час ня прыспеў у ліхую гадзіну?
Ці сваёй яна воляй заступіла мужа?
І чаму князь на немцаў павярнуў аружжа?
Каб чакаў ты адказу, не знайшоў бы ты мэту,
Ведай, аўтар, пісаўшы гісторыю гэту,
Натаваў, што ён бачыў (бо быў у гэтым мейсцы),
Ад сябе ж нават слова не дадаў нарэшце.
Не хацеў і не мог ён з маны зробіць яву,
Прўду у фальш абярнуць на пустую забаву.
Ён памёр, я ж аповесць знайшоўшы вось гэту,
Выдаю яе сёння для карысці свету.
Ды і ты будзеш рад, што ўсё ясна між намі.
Што я, урэшце, канцы ўсе пазводзіў з канцамі.
Жыхароў Новагрудка я пытаў, ды дарэмна:
Толькі Рымвід канец яе ведаў напэўна.
Покуль жыў. Таямніцу ў душы трамаў строга,
С таямніцаю так і схавалі старога,
Мусіць, слова ён даў і стрымаў абяцанне.
Але быў і другі, хто ўсё ведаў названне,
Гэта служка Гражыны, што як свой быў у замку,
Чалавек з языком, не замкнённым на клямку;
Ён казаў, я запісваў, і ў гэтым паданні
Я адказы знайшоў адказы на былыя пытанні.
Ці праўдзівы яны, я судзіць не бяруся,
Хто пра фальш памяне, я і з тым не паб'юся.
Не дадаў ад сябе, не адняў ад размовы,
А што чуў ад яго, перадам слова ў слова.
Ён расказваў: княгіня з слязамі , ва ўтрапенні,
Доўга мужа ўпрашала, упаўшы на калені,
Каб не клікаў ён немца на шыю літвінам,
Але князь быў у гневе не слухаў Гражыны.
І на ўсе яе просьбы адказваў сурова:
"Не і не!” Так яе і адправіў з адмовай;
Іншым часам яго ўламаць меркавала,
Каля брамы паслоў затрымаць загадала
Ці за сцены іх выправіць. Выправіў ціха,
Памыліліся мы, і адсюль тое ліха,
Бо разгневаны комтур замест дапамогі
Абвясціў нам вайну і пасеяў трывогу.
І калі я прыйшоў да княгіні з бядою,
Зноў пабегла да мужа...Я следам за ёю.
Мы ўвайшлі...было цёмна ў пакоі і глуха,
Князь змарыўся, заснуў на абодва ён вуха;
Пастаяла ля ложка, будзіць не пасмела -
Шкадавала яго ці прасіць не хацела.
Раптам ход яна нейкі прыдумала новы:
Шаблю князя бярэ, што ляжала ў галовах,
Панцыр князеў і плашч на грудзях захінае
І, ледзь дзверы прымкнуўшы, на ганак спяшае;
Мне-ж загадвае строга маўчаць, быць на месцы...
Конь чакаў, і ў сядло калі мелася сесьці,
Не пабачыў я шаблі ля левага боку -
Ці забыла яе, ці згубіла ў змроку.
Я пабег і вярнуўся - замкнёны вароты...
За акно паглядзеў, аж-за брамаю роты.
Страх мяне ахапіў, дзе шукаць мне спагады?
Думаў: што тут рабіць і якое даць рады?
Бачу бляск, і грымоты пачуліся ўдалі,
Зразумеў: нашы з немцамі бой распачалі!
Літавор-жа тым часам узняўся з пасцелі,
Мо'таму, што чуваць было: стрэлы грымелі;
Кліча, б'е ў далоні... я-ж ад страху ціхутка
На каленцах прыпаў недзе ў цёмных закутках;
Бачыў, як ён шукаў свайго ўбрання і зброі,
Як пасля ён пабег да княгіні ў пакоі,
Як вярнуўся і выскачыў потым на ганак...
Глянуў я праз акно: ужо бярэцца на ранак,
Князь, наставіўшы вушы, вакол пазірае, -
Ні душы! Крыкнуў - рэха яго паўтарае.
Мусіць, думка прыйшла да яго аб пагоні,
Ён пабег. Дзе стаялі ля жолабу коні.
Да акопаў даехаў, спыніўся ля валу:
Вецер гукі даносіў з поля бою памалу,
Кінуў ён павады і хутчэй бліскавіцы
Праз дзяцінец. Мост, браму імчыць да сталіцы.
Нецярпліва чакаю, гляджу ў аконца;
Сціхла ўсё і пазней, як ужо ўзышло сонца,
Князь вырнуўся і Рымвід, а з імі Гражына,
На руках яе ўнеслі, - памірала жанчына.
Страх успомніць: дзе ступяць - крывавыя пырскі,
У грудзях ззяе рана. Канец яе блізкі.
Нема ўпала і князевы ногі абвіла
І, ламаючы рукі, прабачэння прасіла:
“Выбач першую мне і апошнюю здраду”...
Князь заплакаў, цалуе, шукае пагляду...
Не, памерла... А князь закрыў вочы рукою. -
Я ж усё гэта бачыў. Бо быў у пакоі.
А як з Рымвідам цела на ложак паклалі,
Я ўцёк. - Вам вядома што сталася далей”.
Служка мне гэта ўсё расказаў па сакрэту,
Хутка Рымвід памёр, мінуў страх запавету
(Рымвід забараняў расказваць таямніцу,
Пасля-ж смерці яго праўдзе можна з'явіцца).
І цяпер ці ты знойдзеш людзей у краіне,
Каб не чулі, не зналі песні аб Гражыне,
Яе ведае кожны ў Навагрудскай гміне.
Поле ж бою завецца - Літвінкі далінай.
пераклад з польскай Сяргея Дзяргая
Кoличество переходов на страницу: 4082
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |