Вышамірскі быў на многа старэйшы за майго дзеда. Ён быў каморнікам. Яго хутарок стаяў на другім канцы мястэчка. Хата яго была пабудавана на гарадзкі лад - высокая, з вялікімі вокнамі, з галубятняй у выглядзе прыгожай вежы, з вэрандай, аплеценай жывым хмелем. Ў хаце віселі клеткі з канарэйкамі, чыжыкамі, вавёркамі. Ў сенцах жыла прывязаная на ланцугу лісіца. Была ў яго доўгая палоска зямлі, агароджаная навакол высокім частаколам. Ён жыў з трымя незамужнімі дочкамі, якіх у нас звалі паненкамі.
На сваім невялікім кавалку зямлі Вышамірскі вёў культурную гаспадарку. Ў яго быў добра агледжаны, чысценькі садок, рыбная сажалка, некалькі калод пчол, канюшына і кавалак сенакосу. Былі пракапаны канаўкі для стоку вады, бо яго палоска зямлі знаходзілася ў нізіне ля возера. Над канаўкамі былі пароблены высокія прыгожыя масткі. Ў цэнтры яго зямлі стаяла альтанка з круглымі каляровымі акенцамі. Ўся яго зямля была абсаджана ліпамі. На некаторых з іх гняздзіліся буслы. Дзесяткамі год гэты сваеасаблівы аматар хараства не пакладаючы рук працаваў на сваім кавалачку зямлі, які ператварыў у надзвычайна прыгожы куток.
Мне, малому хлопчыку, здавалася, што гэта рай. Голубы Вышамірскага ляталі над мястэчкам. У сіняве неба яны здаваліся снежнымі. Яго буслы выляталі на паляванне на балота, а нанач вярталіся ў свае гнёзды на ліпах.
Улюбёным заняткам Вышамірскага было паляванне. Ў маёй памяці ён ужо быў слабы, непрацаздольны. Гаспадаркай пад яго доглядам займаліся дочкі. За Вышамірскім бегаў яго вечны сябар - стары сабака Лютня. Абодва яны дажывалі свой век. Вышамірскаму асталася адна уцеха - успаміны, якімі ён дзяліўся з людзьмі ўсяе ваколіцы.
Яго лічылі за манюку, бо ён апавядаў такія дзівосныя гісторыі з свайго паляўнічага жыцця, якім, запраўды, цяжка было верыць. Нявысокага росту, худы, з чыста выгаленым тварам, ён хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Ўлетку ён насіў белую палатняную вопратку і такі-ж капялюш. 3імою ён быў апрануты у футру. На галаве - цёплая шапка.
Калі-ні-калі Вышамірскі прыносіў дзеду ў кузьню мёд і яблыкі. Дзед кідаў работу, запрашаў Вышамірскага ў хату і частаваў гарбатай. Вышамірскі апавядаў розныя прыгоды із свайго паляўнічага жыцця, галоўным чынам пра паляванне на мядзведзяў.
Такіх апавяданняў у яго было шмат. Кажны раз, калі Вышамірскі гаварыў "і яшчэ адно апавяданне", ён дадаваў:
- Каб я з гэтага месца ня ўстаў, калі маню!
Адзін мужычок, звалі яго Хомка, паехаў у панскі лес мох дзерці. Надзёр моху поўны воз. Бачыць ён - пара мядзведзянят гуляе на сонцапёку. Яны лагодненькія, калмаценькія, смяшлівыя, як тыя дзеці. Кульгікаюцца, качаюцца па зямлі, скачуць, тоненькімі галасамі візгочуць. Забаўляюцца. Хапаюць адно аднога за вушкі. Жартуюць. Міны забаўныя строяць. Глядзіць на іх Хомка і рагоча - тэатр.
Любуецца на іх мужычок. А мядзведзяняткі яшчэ дурненькія. Не разумеюць, што трэба ўцякаць ад чалавека. Тут Хомка ўспомніў, што у вёску прыехаў цыган-мядзведнік. Ён скуплівае малых мядзведзянятак для скамарохаў. Ня раз Хомка сам бачыў гэтых скамарохаў з мядзведзямі.
- А ну, Мішка, люльку куры! - Мішка курыць.
- А ну, Мішка, танцуй! - Мішка танцуе.
- А ну, Мішка, спявай! - Мішка раве.
Хомка ўзяў мядзведзянят, пасадзіў на воз і павёз дамоў. Аднак не пашанцавала Хомку. Цыган-мядзведнік паехаў. Хомка ў сенцах прывязаў мядзведзянят, карміў, паіў і чакаў, пакуль мядзведнік вернецца назад.
Быў якраз час жніва. Жалі бабы на панскім полі. Тут над імі стаялі прыганятыя з бізунамі. Паніч Прушынскі разгульваў па полі із стрэльбай. А поле было ля самага лесу. Тут-жа пад дрэвамі, у цяньку, ляжалі у кашолачках малыя дзеці. Сусолачкі смакталі. I вось не агледзеліся людзі, як да дзяцей падкраўся мядзведзь і хапнуў Хомкіна дзіцё разам з кашолкай. Агледзеліся людзі. Хомчыха ўзняла плач, лямант, крык:
- Дзіцянё родненькае... Дзіцянё мілёнькае...Дзіцянё бедненькае...
Мядзведзь нясе сабе дзіцё павольна, асцярожна. Паніч нацэліўся із стрэльбы у мядзведзя.
- Не страляй, панічок! Не страляй... - загаласіла Хомчыха - Яшчэ дзіцятка застрэліш.
- Дурная ты! - сказаў паніч - Няхай лепш куля трапіць у дзіцё, чымся дзіцё ў зубы й кіпцюры мядзведзя. Лягчэйшая смерць...
Няпрошаны абаронца мужыцкіх дзяцей цэліўся у малое дзіцё... Выстраліў. Пошчакі разлягаліся па лесе. Мядзведзь паваліўся і яшчэ здолеў асцярожна паставіць убок кашолку з дзіцём.
- Дзіцё жывое! Жывое! Жывое! - закрычалі жнейкі на розныя галасы.
Пабегла Хомчыха па дзіцё. Падняла кашолку і ўзрадавалася - дзіцё цэленькае! Смяецца дурненькае... Дзякуе панічу.
Ў гэтую-ж хвіліну з лесу выскачыла мядзведзіха, вырвала з рук Хомчыхі дзіцё і знікла ў лесе. Дзівіліся людзі, а Хомчыха качалася па іржышчы ды галасіла.
- Дзетка мая міленькая... Дзетка мая родненькая...
Паніч склікаў паляўнічых з усёй ваколіцы. Нарыхтавалі аблаву. Мядзведзіхі і след прастыў. Суседзі радзілі Хомку панесці малых мядзведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён іх узяў. Хомка так і зрабіў. У тую-ж ноч чуе Хомка - нехта стук-стук у вакно. Ён падыйшоў, бачыць - за вакном мядзведзіха стаіць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе. Пабаяўся Хомка выйсці з хаты. Затое Хомчыха смела выскачыла - матка... Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае, і добрае.
Мядзведзіха падняла з зямлі дзіцё і падала маці ў рукі. Хомчыха падзякавала. Мядзведзіха нешта зараўла ў вадказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача й смяецца у вадзін і той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль - у лес.
Хоць дзіцё жыло у мядзведзіхі цэлы тыдзень, але было вясёлае й ружовенькае - лепш, чым у маткі. Мядзведзіха не адбывала-ж прыгону. Відаць, акуратна карміла чалавечае дзіцё сваім мядзведзкім малаком.
Хоць дзіцё жыло у мядзведзіхі цэлы тыдзень, але было вясёлае й ружовенькае - лепш, чым у маткі. Мядзведзіха не адбывала-ж прыгону. Відаць, акуратна карміла чалавечае дзіцё сваім мядзведзкім малаком.
Дзіцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзіць, яго ўсё цягнула ў лес.
Аднаго разу ён пайшоў у лес - і колькі яго ні шукалі, не знайшлі.
- Пэўна, ваўкі зьелі, - гаварылі людзі.
Ўсё лета палясоўшчыкі скардзіліся, што хтосці крадзе ў іх хлеб і мёд. I вось у самую восень, калі надыйшлі халады, хлопчык вярнуўся дамоў.
- Дзе-ж ты быў?
- У мядзведзяў...
- Як гэта?
- Захацелася да ІX. Вось я й пайшоў...
- Чым-жа ты жывіўся там, сынок?
- Мядзведзіха прыносіла мне хлеб і мёд.
Кажны раз, канчаючы гэтае апавяданне, Вышамірскі гаварыў:
- Каб я з гэтага месца ня ўстаў, калі маню!
I ён ўставаў з месца і адыходзіў дамоў, абапіраючыся аб кіёк.
Змітрок Бядуля
Кoличество переходов на страницу: 3186
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |