Традыцыйны народны абрад гэтай беларускай вёскi настолькi ўнiкальны i самабытны, што ён увайшоў у Спiс духоўнай спадчыны ЮНЕСКА
Тупу-тупу, каза
Кароткi зiмовы дзень быў на схiле, а вёска i не думала сцiхаць. У яе цэнтры кiпела жывая весялосць, гучала музыка, звiнелi песнi, сталыя кабеты i маладыя гарэзлiвыя дзяўчаты ладзiлi танцы з дапамогай мясцовых музыкаў. Ва ўсiм гэтым было шмат выдумкi, адмысловага гумару, забаў, жартаў. У людскiм коле смешна танцавала «каза», а людзi спявалi: «Тупу-тупачкi, каза,// Тупу-тупу, дзераза.// Тупу на калядкi,//Тупу на аладкi».
«Каза» нечакана звалiлася на снег, узбрыкнула – i ўсё, нiякага руху. Як нi стараюцца жанчыны прыпеўкамi, жартамi, просьбамi падняць яе – дарэмна.
«Ах, божачка, божачка, — крычыць у роспачы жанчына. – «Каза» стамiлася, трэба яе пачаставаць. Дайце ёй нашай вясковай каўбасы, паспрабуе – адразу сiлы прыбавiцца, вось i падымецца.
«Казе» працягваюць цэлае кольца каўбасы, i тая ўскоквае, зноў спрытна танцуе на пацеху людзям, з такой праявы здорава смяюцца ўсе, хто тут сабраўся, – мясцовыя жыхары, шматлiкiя госцi.
«Ешце, госцейкi, пiце, госцейкi…»
Крыху ўбаку – накрытыя сталы, з такiм багаццем розных страў, пачастункаў, якiмi асаблiва славяцца беларускiя вёскi ў гэту пару года. Ну як тут ўтрымацца ад спакусы, слiнка цячэ, калi бачыш перад сабой гэту духмяную, апетытную смакату.
А тут яшчэ гасцiнныя, надзвычай ветлiвыя i вясёлыя гаспадынi сталоў шчыра i наперабой запрашаюць: «Госцейкi дарагiя, ну паспрабуйце маёй вяндлiнкi, па нашаму даўняму рэцэпту прыгатавана». Альбо: «Калi ласка, з’ешце маю каўбаску, абяцаю: зноў вас у наша Семежава пацягне». Цi яшчэ: «А гэта марынаваныя грыбочкi, смачны пачастунак з нашага лясочку».
Тут i апетытнае сала з прыправамi, i пухлыя катлеты, i блiны, i салёныя агурочкi, i мочаныя яблыкi… Тое, што выбiраеш, гаспадынi акуратна кладуць табе на талерачку, падаюць з сурвэткамi. Але ж гэта яшчэ не ўсё. «Да нашай закускi пачастуем вас нашым вiнцом, яно з яблыкаў, з парэчак, — i жанчыны налiваюць у пластмасавыя шкляначкi напоi, якiя моцныя зусiм у меру. Ну, як у той папулярнай песнi: «Ешце, госцейкi, пiце, госцейкi».
— Гэта ўсё нашы жыхары зрабiлi сваiмi рукамi ў сваiх хатах, — тлумачыць Сяргей Апон, дырэктар мясцовай школы. Ён водзiць нас уздоўж сталоў i вельмi задаволены: – Тут наша традыцыйная семежаўская ежа, натуральная i вельмi смачная.
Хлопцы — як на падбор
Хай гэтыя малюнкi ды ўражаннi аўтара будуць своеасаблiвай прэлюдыяй да майго галоўнага аповеду пра семежаўскiх «цароў». Бо i першае, i другое, i астатняе, шо мы ўбачылi i адчулi тут у той дзень, арганiчна звязана i мае адну назву – унiкальная i самабытная спадчына Семежава.
«Цары» прыйшлi, «цары» прыйшлi», — загаманiлi людзi, падалiся на край вясковай плошчы, туды паспяшаўся i я. Тут стаялi сем маладых мужчын i юнакоў, ад якiх проста нельга было адарваць вачэй. Стройныя, як на падбор, прыгажуны, апранутыя ў такiя шыкоўныя касцюмы, што я мiжволi падумаў: дзе i за якiя грошы Семежава iх набыло? Белыя штаны i сарочкi, на грудзях кожнага «цара» крыж, на крыж павязаны прыгожыя шырокiя паясы з геаметрычным арнаментам, на галовах – высокiя шапкi з рознакаляровымi папяровым стужкамi. Аказваецца, усё гэта незвычайнае адзенне выраблена самiмi жыхарамi вёскi, у тым лiку i знакамiтыя паясы, якiх нiдзе больш, акрамя Семежава, у Беларусi не ўбачыш.
I вось працэсiя «цароў» у дружным i вясёлым суправаджэннi моладзi i музыкаў з песнямi iдзе па вулiцы, наведвае хаты, пачынае калядаваць. Мне давялося пабываць разам з iмi – ледзь працiснуўся – у некалькiх сялянскiх дварах, i скажу вам, шаноўныя чытачы, вiдовiшча гэта настолькi цiкавае, змястоўнае, напоўненае самымi рознымi розыгрышамi, сiмваламi, жартамi, што ўражвае незвычайна. Адразу ж падкрэслю яго галоўную сутнасць i змест: шчырыя пажаданнi дабра, шчасця, згоды, любовi, здароўя, што прыносяць «цары» вяскоўцам. Зойдзем разам з iмi на сядзiбу сялянкi Марыi Гаўрыловiч.
«Хай ваша хата будзе багатай»
— Добры вечар у вашу хату, хай яна будзе багатай! – сардэчна вiтаюць «цары» гаспадыню. I яшчэ добрыя пажаданнi, ад якiх твар Марыi Сцяпанаўны ажно свецiцца, i так яна рада незвычайным гасцям. Мiж тым яны пачынаюць самае галоўнае – разыгрываюць драму «Цар Максiмiлян». Сапраўдны спектакль, прасякнуты такiмi высакароднымi пачуццямi i ўчынкамi яго герояў, як смеласць, мужнасць, любоў i адданасць роднай зямлi.
Не маю зараз нiякай магчымасцi расказаць чытачам пра ўвесь надзвычай жывы, мудры спектакль, гэта асобная тэма. Змест яго такi: цар Максiмiлян расказвае пра канфлiкт памiж царом язычнiкаў i яго хрысцiянскiм сынам Адольфам. Гэта i з’яўляецца асновай гульнi, якую вядуць «цары». Усе мы, хто знаходзiцца зараз у хаце, глядзiм спектакль з выключнай цiкавасцю. Затым пачынаецца «бойка» памiж ханам Мамаем i Максiмiлянам, ды такая, што здзiўляешся, як гэта яе ўдзельнiкам удаецца прадэманстраваць такi спрыт у цеснай ад мноства людзей хаце.
— Дай, баба, грошы, каб дзецi i ўнукi былi харошы, — звяртаюцца «цары» да Марыi Сцяпанаўны перад тым, як пакiнуць яе хату. Гаспадыня шчодра iх адорвае, i самы важны ласунак – смажаная каўбаса. Задаволеная працэсiя пад музыку выходзiць на вулiцу, крочыць далей. Ужо цёмна, «цары» запальваюць лiхтары, вiдовiшча набывае хвалюючую i загадкавую таямнiчасць.
Аднавiлi i захавалi
Зараз дарэчы хоць вельмi коратка расказаць, чаму менавiта ў Семежаве жывуць такiя «цары». Дапамагаюць нам у гэтым Наталля Царкова, начальнiк аддзела культуры Капыльскага райвыканкама, i Галiна Гурло, дырэктар раённага цэнтра традыцыйнага мастацтва. Першае, што адзначаюць жанчыны, – глыбокая ўдзячнасць i зразумелая радасць ад таго, што за вялiкую работу па вывучэннi, аднаўленнi i захаваннi народных традыцый абрадаваму калектыву «Цары» прысуджана Спецыяльная прэмiя Прэзiдэнта Беларусi дзеячам культуры i мастацтва за 2010 год. Так, толькi ў Семежава i нiдзе больш можна ўбачыць такое цудоўнае свята i атрымаць ад гэтага сапраўдную асалоду.
У гэтым абрадзе вельмi поўна, яскрава, захапляльна выражаны самыя прывабныя рысы характару беларускага народа: яго прыродны гумар, весялосць, дабрыня i шчодрасць, багатая душа. Усяго гэтага вельмi шмат на шчодры вечар. А пачыналi яны сваё новае i, як бачым, шчаслiвае жыццё ў Семежаўскiм сельскiм Доме культуры аддзела культуры Капыльскага райвыканкама.
Пра даўнiшнiх «цароў» тут ведалi. Калiсьцi, гадоў трыста таму назад, iмi былi салдаты з суседняга гарнiзона, якiя на каляды хадзiлi па вясковых хатах i вiншавалi з новым годам гаспадароў. Сёння рытуал «Цары каляд» спалучае тыя далёкiя прадстаўленнi з традыцыйным беларускiм навагоднiм карнавалам. Арыгiнальны абрад застаўся амаль некранутым i з’яўляецца цэнтральнай часткай светапогляду i культуры мясцовага насельнiцтва. «У 2008 годзе пастановай Савета Мiнiстраў Беларусi абраду быў нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў адпаведным дзяржаўным спiсе гэтай рэспублiкi», — зазначаецца ў спецыяльным выданнi ЮНЕСКА, дзе апублiкаваны змястоўны матэрыял пра «цароў» Семежава.
Збiралi па крупiцах
Раённыя даследчыкi, нястомныя аматары вывучэння культурнай спадчыны свайго краю, цярплiва, па крупiцах збiралi матэрыял пра «цароў». Пазнаёмiлiся з жыхарамi Семежава, якiя ў 50-я гады ўдзельнiчалi ў гэтым абрадзе, падрабязна занатавалi iх успамiны. Звярнулiся да навукоўцаў з Мiнска, i тыя ахвотна дапамаглi, асаблiва этнограф Таццяна Кухаронак. Самааддана, iнакш не скажаш, займаўся аднаўленнем абраду Мiкалай Шаура, былы дырэктар вышэйназванай клубнай установы. На жаль, пайшоў з жыцця Мiкалай Мiкалаевiч. Цяпер гожа вядзе гэтую справу яго жонка Таццяна Уладзiмiраўна.
Старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня падкрэслiвае:
— Над нашай багатай культурнай спадчынай добрасумленна i аддана працуе шмат апантаных людзей у самым добрым сэнсе гэтага слова. Таму яна захавалася, развiваецца, радуе нас i нашых гасцей. I будзе жыць, бо яе добра сiлкуе наша моладзь.
«Нам падпяваюць дзядулi i бабулi»
Прадстаўнiк гэтай моладзi – адзiн з «цароў» – сiмпатычны вясковы юнак Вiталь Шаура, сын тых самых Мiкалая i Таццяны Шаура.
— Чым вас вабiць гэты абрад? — пытаюся.
— Сваёй самабытнасцю i шчырасцю. Калi заходзiм у хату i пачынаем спяваць, дык нам падпяваюць дзядулi i бабулi. Значыць, успомнiлi сваю маладосць i тых, ранейшых «цароў». Значыць, мы прынеслi iм добры настрой, а гэта самае важнае для нас. Калi ж гаварыць пра значэнне абраду для захавання нашай культурнай спадчыны, дык мы павiнны дбайна берагчы тое добрае i цiкавае, што стварылi нашы продкi, усяляк узбагачаць яго. Таму сярод семежаўскiх «цароў» столькi вясковых хлапцоў, i я ў тым лiку.
Вечнае, як Беларусь
I яшчэ адзiн адметны момант. Сярод гасцей, якiя прыехалi на тое свята ў Семежава, былi знакамiтыя людзi. Мiхаiл Высоцкi, наш вядомы канструктар аўтамабiляў, Герой Беларусi. Мiхаiл Рымжа, вядомы вучоны, доктар медыцынскiх навук, прафесар. Мiкалай Манак, таксама таленавiты вучоны, доктар медыцынскiх навук, прафесар, адзiн з распрацоўшчыкаў дзяржаўнай праграмы «Кардыялогiя». Ён прыехаў са сваёй жонкай Марыяй Iванаўнай. Я назваў iх гасцямi свята, але думаю, цi правiльна? Бо ўсе чацвёра – родам з Семежава, тут вучылiся, сталелi, адсюль пайшлi ў сваё вялiкае жыццё. Як жа яны ўспрымаюць абрад «цары»?
Мiхаiл Высоцкi:
— Калiсьцi ў юнацкiм узросце я i сам хадзiў па вёсцы калядаваць. Тады людзi жылi бедна, але ж без дароў нас нiхто не адпускаў. Вядома, не думаў, што аж праз сем дзесяцiгоддзяў гэтае цудоўнае свята будзе ладзiцца ў маёй роднай вёсцы ў iншым, больш цiкавым i змястоўным фармаце, што яно атрымае прызнанне на рэспублiканскiм узроўнi i нават больш – у ЮНЕСКА. Вось i радуюся, i ганаруся сваiмi землякамi.
Мiхаiл Рымжа:
— I цяпер памятаю жартоўную песню, якую я спяваў, калi мы, каляднiкi, заходзiлi ў хату : «Гопчык, гопчык, я маленькi хлопчык, у дудачку граю, вас велiчаю. А вы, людзi, знайце, каўбасу падайце. Не дадзiце каўбасу – тады хату растрасу». Праўда, калi мы пайшлi ў школу, нам не дазвалялi хадзiць калядаваць. Але ж заўсёды на добры i вясёлы шчадрэц дзядулi i бабулi частавалi нас рознымi ласункамi, а дома рыхтавалi, як маглi, самую смачную па тым часе ежу. У гэтым абрадзе — душа нашага народа, а яна надзвычай багатая нацыянальная духоўная спадчына – вечная, як сама Беларусь.
Пра тое, хто i як рыхтаваў абрад «Цары» для прадстаўлення ў ЮНЕСКА, як там успрынялi гэтую нашу культурную спадчыну, раскажу ў наступны раз. Закончыць жа гэты свой аповед хачу словамi Марыi Гаўрыловiч:
— Я загадзя рыхтавалася, каб найлепш сустрэць «цароў». Бо ёсць такое ў нас павер’е: калi зойдуць на шчадрэц у тваю хату каляднiкi, дык увесь год будзе тут багацце, дабро i шчасце. Зайшлi, i дзякуй iм, здаецца, усё павесялела ў маiм двары. Хаця, чаму здаецца? Так i ёсць…
Мiхаiл Шыманскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi
Рэспубліка
Кoличество переходов на страницу: 1693
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |