"Грамніца" — гэта абрадавы прадмет, які выконваў ролю абярэга, амулета і нават талісмана.
* Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе, і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым — на галаве жонкі і ўсіх астатніх членаў сям'і па ўзросце. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям'і і судакраналіся з полымем, тым самым быццам бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту.
* Пасля "вогненнага асвячэння" дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абыходзіў усе куты хаты, зноў крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога "выпальвання" заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах.
* Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа самы абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні.
* Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах выконвалі наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі або разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю жывёлу ад сурокаў.
Дбайныя гаспадыні не абміналі такое вялікае свята для выканання асобных рытуальна-магічных дзеянняў, скіраваных на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў:
* Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачнымі.
* Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў.
* Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым у гэты дзень сем раз паесці.
* Старыя людзі раілі: "Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія дамы, сваякам, родным асобам, што жывуць у іншай сям'і".
* У дзень Грамніц у храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Грамнічная вада лічылася раўназначнай той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1634
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |