Фальклорная спадчына і найперш казачны эпас шырока адлюстравалі традыцыю называць герояў не прамымі, а ўскоснымі імёнамі, у аснове якіх ляжыць шырокае асацыятыўнае поле. Героя маглі назваць па найбольш выразных акалічнасцях вонкавага выгляду: заяц — даўгавухі, мядзведзь — крывалапы, куртач, кароткахвосты, ліса — рыжая, воўк — шэры.
Самымі старажытнымі па паходжанні з'яўляюцца імёны, у якіх фіксіраваліся сакральныя прыродных стыхій (Гром з Маланнёй, Мароз Марозавіч), аб'ектаў навакольнага пакланення (Дуб-Дубавік, Дубін-Багатыр, Вярнідуб, Гарын-Багатыр, Гара-Гаравік). Блізка да іх стаяць імёны герояў казак пра жывёл, у якіх кола дзеючых персанажаў ахоплівала і звяроў-татэмаў, і хатніх жывёл.
Імёны ў чарадзеных казках сталі адлюстраваннем міжкласавых, унутрысаслоўных і ўнутрысямейных адносінаў: Партупей Прапаршчык, Дзеўка-Красаўка, дзедава дачка Галя, бабіна дачка Юля, Ганька-гулянька, Сцяпан-шавец, Васіль Васільевіч, Марцін Глінскі-Папялінскі, карова Рыся, Бурэня.
Сваімі імёнамі адасоблены "той" свет, які процістаіць чалавеку: Змей Гарынавіч, Цуда-анціюда Беззаконная галава, Салавей-разбойнік, Баба Яга-Касцяная нага (надзвычай цікавае імя, яно двухсастаўнае, таму што гэта казачная істота паядноўвае дзве прасторы: свет жывых — Баба, а свет памерлых — Касцяная нага). Адметнасцю чарадзейных казак з'яўляецца і тое, што герой атрымлівае імя па сваім паходжанні: Суччын сын, Івашка-Мядзведжае вушка, Кабылін сын. Самым распаўсюджаным у казках з'яўляецца імя Іван, якое амаль што заўсёды дапаўняецца ёмістай характэрнай рысай, у якой закадзіраваны сэнс сюжэтнага дзеяння: Іван-царэвіч, Іван-Дараган, Ванька, Іванка-прастачок.
У больш позняй фальклорнай традыцыі і абрадавай практыцы вакол імені сфарміравалася цэлая сістэма прадпісанняў, рэгламентацый і перасцярог. Сярод беларусаў існаваў універсальны прынцып унутрыродавай перадачы імені праз пакаленне: унукам давалі імёны дзядоў. Імя бацькі давалі толькі ў выключных выпадках: калі дзіця нараджалася ў вялікае свята, у гонар якога ў свой час хрысцілі бацьку; калі ў сям'і паміралі, "не гадаваліся" дзеці, то наступнаму нованароджанаму наўмысна давалі імя бацькі — няхай наступным памірае ён, а сын застаецца і працягвае род. Калі ж дзеці паміралі і далей, то ўключалі самы моцны варыянт родавай перасцярогі — хлопчыку давалі імя першага чалавека свету — Адам, а дзяўчыне — першай жанчыны — Ева.
Не давалі нованароджаным імёны самагубцаў, заўчасна загінулых людзей. Блізнятам давалі блізкія, але ўсё ж розныя імёны. Абавязковым таксама лічылася тое, што імёны хросных бацькоў не павінны супадаць з імёнамі родных бацькоў, нельга, каб супадалі імёны жаніха і першага шафера, нявесты і першай шаферкі, хроснага бацькі і хрэсьніка.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1456
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |