“У школьных падручніках асоба і творчасць Куляшова пададзены вельмі тэндэнцыйна. Пачынаючы са здымкаў: адбіраліся самыя горшыя, недарэчныя. Усё гэта стварае несапраўдны вобраз бацькі, які выклікае адмоўную рэакцыю”, - распавядае Валянціна Аркадзеўна Куляшова. Якім Куляшоў быў насамрэч? Пра гэта – у чарговым матэрыяле TUT.BY “Класікаў без глянцу”.
Італьянскія карані Куляшова
- Усё жыццё я была арыентаваная на бацьку. Мне яшчэ не споўнілася два гады, як нарадзілася другое дзіця, маці стала займацца ім. Я ж перайшла да бацькі, які, па сутнасці, замяніў мне маці. З маленства спяваў мне беларускія, украінскія, рускія песні. Укалыхваючы, чытаў вершы - усю класіку. Потым у школе, калі мы пачыналі вывучаць, да прыкладу, Шаўчэнку ці Лермантава, я разумела, што ўжо ведаю гэты верш.
- Малавядомы факт з біяграфіі Куляшова - ягоныя італьянскія карані. Куды яны вядуць?
- У бацькі былі перамяшаныя беларуская (маці паходзіла са шляхецкай сям’і), украінская і італьянская кроў (па бацьку). Ягоны прадзед Фелікс Мільта быў сынам арганіста-італьянца, якога пан Галынскі прывёз з Польшчы ва ўніяцкую царкву вёскі Стараселле, што на Магілёўшчыне. Сам бацька пра гэта ўзгадваць не любіў. Часткова з прычыны ўласнай сціпласці і выхавання (у іх гэта называлася “не плявузгаць”). Часткова таму, што не хацеў, каб ягоны талент прыпісвалі другой нацыі. Быў сапраўдным патрыётам. Праўда, аднойчы, калі ў Мінск прыехаў італьянскі карэспандэнт і мы разам пайшлі ў оперны на “Травіяту” Вердзі, бацька запытаўся, ці сапраўды Мільта - італьянскае прозвішча. Пачуўшы станоўчы адказ, толькі задаволена ўсміхнуўся.
Цяпер разумею, што гэта італьянства выяўлялася ў бацькавай улюблівасці і тэмпераменце.
Другі прадзед бацькі Кузьма Куліш паходзіў, магчыма, з-пад Крэменчуга. Да Украіны ў бацькі было асаблівае стаўленне. Менавіта яму належаць ці не самыя пяшчотныя радкі ў нашай літаратуры пра паўднёвага суседа: “Жыў дзед мой, ходзяць чуткі, /Каля дняпроўскай плыні, /У каменцы бялюткай, /На мілай Украіне”.
“Грош цана паэту, здольнаму на здраду”
- Ваш бацька быў адным з менш чым двух дзесяткаў беларускіх літаратараў, якога мінуў молах сталінскіх рэпрэсій. Як вы перажылі той час?
- Пачалося ўсё з майго дзядзькі, мужа мамінай сястры Платона Галавача. Буйны празаік, намеснік наркама асветы БССР і адзін з кіраўнікоў літаб’яднанняў "Маладняк" і БелАПП, ён быў, бадай, адзіным, хто не пабаяўся заступіцца за Купалу падчас шальмавання, імкнуўся вярнуць песняра да жыцця пасля спробы самазабойства ў 1930-м. У 1937-м яго арыштавалі, судзілі як “арганізатара тэрарыстычнай групоўкі” і за “правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці” ды расстралялі. У камеры Платон Раманавіч пакінуў цыдулку: “Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон”. Пасля арышту Галавача ўвесь 1937 год Куляшова адмаўляліся друкаваць. Мы перабіваліся з хлеба на ваду. Апроч таго, бацьку выклікалі ў Саюз пісьменнікаў і пад пагрозай выключэння прапанавалі разысціся з жонкай - сваячкай “ворага народу”. Тады маці спыталася ў бацькі, які лічыў паэзію важней за ўсё на зямлі, што ён збіраецца рабіць. “Усё застанецца, як ёсць. Грош цана паэту, здольнаму на здраду”.
У вёсцы каля хаты бацькоў, дзе мы адпачывалі, дзень пры дні пачалі з’яўляцца нейкія людзі. “Давай развітвацца, Ксаня”, - сказаў бацька маці. Ды раптам невядомыя зніклі.
Потым першы сакратар ЦК партыі Панцеляймон Панамарэнка распавядаў, што ў 1938-м яму з НКВД прынеслі на подпіс ордэр на арышт. Спіс адкрываўся імёнамі Купалы і Коласа, а апошнім, 13-м, у ім ішоў Куляшоў. Панцеляймон Кандратавіч тады адмовіўся падпісваць паперы ды паехаў у Маскву на прыём да Сталіна. У выніку Коласа і Купалу ўзнагародзілі ордэнамі Леніна, а Куляшова пакінулі ў спакоі.
У молах рэпрэсій трапілі сябры бацькавага юнацтва паэты-мсціслаўцы Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін. Трагічную разлуку з ім ён ніколі не мог забыць і ў 1965 годзе надрукаваў цыкл “Маналог”, прысвечаны таварышам. Гэта было першае слова ў беларускай паэзіі пра ахвяраў рэпрэсій.
У чорныя 1930-я бацька хадайнічаў перад Панамарэнкам за літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна, які сядзеў тады паўторна. Калі ж 5 сакавіка 1953 года я пачула па радыё, што памёр Сталін, і кінулася ў кабінет да бацькі, ён жорстка адрэзаў: “Не смей плакаць!”
Праўда, “непатрэбных” размоў не любіў і ніколі іх не вёў. Вельмі шчыры ён быў адно з Аляксандрам Трыфанавічам Твардоўскім. Яны былі падобныя лёсамі і вельмі сябравалі. Калі сустракаліся, маглі гадзінамі сядзець і размаўляць. Аднойчы так прасядзелі тры дні запар: спалі, сілкаваліся і зноў размаўлялі.
Як супраць Куляшова рабілі правакацыі
- Пераследам у 1930-х усё не скончылася?
- Не. Падчас нямецкай акупацыі здарылася малазразумелая гісторыя. Бацькавы бацькі, сельскія настаўнікі, адмовіліся пакідаць гаспадарку ды эвакуявацца з намі. Разам з імі ў Хоцімску засталіся зводныя брат і сястра Куляшова. Раптам мой дзед Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў даведваецца, што яго абралі старастам у вёсцы Малы Хоцімск, што знаходзіўся кіламетрах у дзесяці ад нашага Хоцімска. Потым стала вядома, што ягонае прозвішча нехта невядомы выгукнуў з натоўпу. Ні дагэтуль, ні пасля гэтага чалавека ў тых краях больш не бачылі. Дзеда зрабілі старастам нават без ягонага ведама.
Вельмі падобна на правакацыю супраць бацькі. Прычым відавочна, што план распрацоўваўся не на Беларусі, бо ягоныя аўтары папросту не ведалі, што апроч Малога Хоцімска ёсць і проста Хоцімск.
Аднойчы да бабулі з дзедам прыйшоў іхні вучань з Малога Хоцімска і папярэдзіў, каб Аляксандр Мікалаевіч хаваўся, бо за ім прыйдуць партызаны. Уначы, сапраўды, прыйшлі людзі, якія назваліся партызанамі. Кажуць, не знайшоўшы дзеда, яны ўтапілі першага-лепшага ў калодзежы ды зніклі.
На “пасадзе” дзед прабыў 41 дзень. Імкнуўся ўсяляк дапамагаць вяскоўцам. Урэшце, папярэдзіўшы мясцовых габрэяў пра небяспеку і аддаўшы ключы ад склада партызанскаму сувязному, збег. Хаваўся, але разам з сынам-юнаком трапіў у нямецкі засценак, быў угнаны на працу ў Германію, дзе і дачакаўся вызвалення.
Куляшоў вельмі моцна крыўдзіўся на свайго бацьку, доўга не мог яму дараваць гэтага “староства”, хоць віны таго ні ў чым не было. І толькі напрыканцы жыцця, калі дзед стаў прыязджаць да нас на лецішча на Нарач, адносіны між імі пацяплелі.
Тады ж, у 1946-м, калегі-нядобразычліўцы давялі бацьку да такога стану, што ён вырашыў пайсці на хітрасць ды напісаць ліст старшыні Саюзу пісьменнікаў Лынькову, у якім ставіў пытанне рубам: ці не павінен ён, як Паўлік Марозаў, адмовіцца ад бацькі? Канечне, афіцыйна ніхто не адважыўся даць яму такую параду.
Дапамог паэт і журналіст Пятро Прыходзька, які вярнуўся з вайны капітанам і прывёз дзеда ў Мінск на багажнай паліцы цягніка, без дакументаў. Потым бацька з дзедам пайшлі да Панамарэнкі, каб распавесці, як усё было. Выслухаўшы, той патэлефанаваў Лынькову і загадаў спыніць цкаванне “адзінага ў Саюзе пісьменнікаў сапраўднага паэта-франтавіка”.
- Калі звярнуцца да гістарычных акалічнасцяў, вобраз Панамарэнкі атрымліваецца не такім светлым, як вынікае з вашага расповеду. Аднак, выглядае, да Куляшова ў яго было асаблівае стаўленне, так?
- Мяне ўжо абвінавачвалі ў тым, што я абараняю Панамарэнку, які, маўляў, нічым не адрозніваўся ад іншых сталінскіх функцыянераў. Супраціўляцца загадам Сталіна ён не мог. Да бацькі ж ён ставіўся з вялікай павагай і чалавечнасцю. Падкрэслю, я не даю ацэнак Панамарэнку, а толькі апісваю факты, звязаныя з біяграфіяй Куляшова.
Дарэчы, пасля сыходу Панамарэнкі бацька зноў апынуўся пад уціскам. Гэтак, у 1954 ці 1955 годзе ён нечакана атрымаў вымову па партыйнай лініі. Адной раніцай звоніць тэлефон і бацьку выклікаюць у ЦК. Там яму ўручаюць свежую “Звязду”, дзе напісана, што "ўчора сын Аркадзя Куляшова Уладзімір быў схоплены ў рэстаране гатэлю “Беларусь” пры спробе прадаць амерыканцам ікону". Па-першае, Валодзя напярэдадні начаваў дома. Па-другое, у адрозненне ад Масквы мінская моладзь падобнымі рэчамі не займалася.
“Бацька быў чалавек камуністычнай ідэі”
- Чым Куляшоў быў такі нязручны?
- Сваім жыццёвым пакліканнем і грамадскім абавязкам ён лічыў працу пры пісьмовым стале. Таму адмаўляўся ад усяго, што магло зрабіць з яго чыноўніка, замінала літаратурнай працы. Гэтак, калі ў 1948 годзе Лынькова знялі з пасады старшыні праўлення Саюзу пісьменнікаў, бацька адрынуў прапанову Панамарэнкі стаць сакратаром саюзу. На месца ж Лынькова вылучыў Броўку, бо ведаў, што той вельмі любіў адміністратыўную працу. І, сапраўды, для Саюзу гэта была знаходка. Калі з’яўлялася патрэба ў чарговай кватэры для літаратара, Броўка ішоў і прабіваў, і ніхто не рабіў гэта лепей за яго…
Бацька заўжды стараўся ўнікаць закуліснай барацьбы, афіцыйных паседжанняў. Калі час ад часу яго выцягвалі ў які прэзідыум, сядаў у апошнім шэрагу збоку, каб пры першай нагодзе сысці. Прычым сядзеў з такім панурым тварам, што калі ў 1972 годзе я прапанавала на кінастудыі зняць пра бацьку фільм, мне сказалі, што ён вельмі неэмацыйны чалавек. Яны бачылі Куляшова толькі на падобных паседжаннях.
Апроч усяго, ён ніколі не пісаў па замовах і ўсяго двойчы (вершы “Бацька” ў 1937-м і “Камуністы” ў 1948-м) - на “чырвоныя дні календара”. Нават у “Сцягу брыгады” (1942) не было згадак ні пра Сталіна, ні пра правадыра. Гэтую “няўважлівасць” Куляшову даравалі толькі таму, што трэба было перамагаць у вайне.
Потым у бацькі з’явіліся праблемы, калі я выйшла замуж за балгарына Хрыста Берберава. Не забывайцеся, быў 1956 год і падобныя рэчы, мякка кажучы, не віталіся. Але бацька даў згоду на шлюб і падтрымаў нас.
Людзей у пэўных структурах раздражняла, што Куляшоў - адзін з лепшых беларускіх паэтаў, сапраўдны франтавік - не хацеў ісці з імі на кантакт.
- Раз на замовы Куляшоў не пісаў, атрымліваецца, ён верыў у ідэі камунізму?
- Так, бацька быў чалавекам камуністычнай ідэі. Ён жа нарадзіўся падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну. У чатыры гады за гульнёй спаліў родную вёску Саматэвічы. На ягоных вачах будавалася новая краіна, іншага ладу ён не ведаў. Не адно пакаленне, сфармаванае савецкай прапагандай, верыла ў светлую будучыню камунізму. Лепшыя людзі, якія ажыццяўлялі беларусізацыю, за што і паплаціліся, гінулі шчырымі камуністамі, як Платон Галавач.
“Па-беларуску “Анегін” гучыць лепш за арыгінал”
- Вернемся трохі назад, да легендарнай паэмы “Сцяг брыгады”, напісанай у 1942-м і адзначанай Сталінскай прэміяй (1946). Многія называлі яе ці не найлепшым паэтычным творам пра вайну. Цікава, пры якіх акалічнасцях яна з’явілася?
- Дачка Кузьмы Чорнага Рагнеда Раманоўская, якая працавала ў Маскве на радыё, распавядала, што ў штабе партызанскага руху ўсе былі ў захапленні ад “Сцяга брыгады”. Настолькі гэта было дасканала па форме і натуральна па змесце!
Рэч у тым, што ў самыя першыя дні вайны бацька перажыў вялікую асабістую драму.
Калі немцы напалі на СССР, ён паехаў за намі з Хоцімска ў Мінск. Мы ж, наадварот, выехалі ў Хоцімск. Нашы цягнікі размінуліся на адной дарозе. 24 чэрвеня Мінск перажыў жудасную бамбардзіроўку, і бацька разам са знаёмым журналістам і выкладчыкам пад бомбамі шукаў ваенкамат, каб запісацца на фронт. У Калодзішчах на армейскім пляцы толькі чырвоныя пятліцы нагадвалі пра тое, што тут была армія - усе сталічныя ваенкаматы ўжо выехалі. Убачыўшы гэта, бацька страціў прытомнасць. Гэта быў яго першы інфаркт. Сябры па няшчасці неслі яго барысаўскімі балотамі тры дні. Урэшце Куляшоў устаў на ногі, і яны дабраліся да Оршы, дзе яшчэ дзейнічаў прызыўны пункт.
Дарэчы, “Сцяг брыгады” і іншыя беларускамоўныя творы ён пісаў на фронце па начах. Удзень рыхтаваў карэспандэнцыі з перадавой для баявой газеты 11-й арміі Калінінскага фронту "Знамя Советов", пісаў вершы на рускай мове. Кажуць, калі ён чытаў салдатам перад боем “Письмо из плена”, тыя літаральна рваліся ў атаку.
Аднойчы напісаў маці, што яму прапанавалі месца ў штабе партызанскага руху ў Маскве. Гэтую прапанову ён прыняў толькі ў 1944-м, калі Чырвоная армія ўступіла на беларускую зямлю. Надта баяўся, што ў Маскве “перастане быць тым, кім ёсць - беларускім паэтам”.
- То бок, якасць ягоных расійскамоўных твораў таксама адзначылі?
- Калі ў 1977 годзе на ўсесаюзным пушкінскім свяце паэзіі ў Пятроўскім ён чытаў урывак са свайго перакладу “Яўгена Анегіна”, знаны паэт Міхаіл Дудзін сказаў яму: “Ведаеш, Аркадзь, па-беларуску гэта гучыць значна лепш за арыгінал”.
Твардоўскі не раз раіў яму пісаць па-руску. Там і наклады былі другога парадку, і ганарары. Скажам, перакладчык паэзіі Куляшова Якаў Хелемскі атрымліваў болей за аўтара. Аднак бацька і чуць пра гэта не хацеў.
- А на якой мове размаўлялі ў вас дома?
- Перад вайной - па-беларуску. Пасля вайны больш па-руску. Дакладней, маці, якая была ў эвакуацыі на Урале, размаўляла на трасянцы. Бацька свабодна валодаў трыма славянскімі мовамі.
“Працаваў фанатычна, падрываючы здароўе”
- Вы сказалі, што большыя ганарары за расійскамоўныя тэксты бацьку не заваблівалі. Матэрыяльны бок яго зусім не цікавіў?
- Усё жыццё ён шкадаваў аб адсутнасці ўсяго аднаго звання - Герой Сацыялістычнай Працы. Яно не давала грошай, але гэта быў гонар. Больш за ўсё ён хацеў быць прачытаным і зразуметым. Па іроніі лёсу да ўказу аб узнагароджанні Героем Сацпрацы бацька не дажыў двух дзён. На развітанні Машэраў прамовіў: “Опять мы опоздали”.
Увогуле званнем пісьменніка - а ў савецкія часы гэта шмат значыла! - ва ўласных мэтах ніколі не карыстаўся. Стараўся абыходзіць людзей на пасадах. Для таго, каб выжыць, пасля вайны яму прыйшлося пагадзіцца на працу галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і кінастудыі “Беларусьфільм”. Хоць гэта забірала шмат часу і сіл.
У побыце Куляшоў таксама быў вельмі непатрабавальны. Дома хадзіў у спартовым касцюме, гардэроб не абнаўляў, пакуль старыя рэчы не зносяцца канчаткова.
- У кнізе вы пішаце, што, усведамляючы сваё прызначэнне ў паэзіі, Куляшоў не лічыў магчымым узвальваць на сябе бытавыя праблемы. Усё было на маці?
- Так. Прычым на самым пачатку ён папярэдзіў нявесту: “Ні каханне, ні сям’я ніколі не будуць для мяне важней за паэзію”. Ксенія Фёдараўна Вечар пагадзілася, аднак, канечне, не магла ўявіць, якія выпрабаванні яе чакаюць. Але яна была не толькі вельмі прыгожай, але і працавітай ды цярплівай, што не аднойчы выратоўвала нашу сям’ю.
Бацька ж ні ў што не ўмешваўся, адно назіраў за падзеямі збоку. Абдумваў твор звычайна лежачы - нават мінімальны рух адцягваў ягоную ўвагу. Працоўны кабінет заўжды быў зачынены. Мы нават есці яго не клікалі, бо гэта магло перашкодзіць творчаму працэсу. На пэўнай стадыі бацька рабіў перапынак, выходзіў на кухню, варыў сабе яйкі і каву - адзінае, што ўмеў. Задумаўшы паэму, часта з’язджаў у Хоцімск, у Дом творчасці “Каралішчавічы” ці ў санаторый “Нясвіж”. Працаваў фанатычна, падрываючы здароўе. Пісаць мог запоем па 16 гадзін, падтрымліваючы неабходны стан кавай і курывам. І гэта пасля трох інфарктаў! Калі аднойчы я запыталася ў яго, хіба можна жыць у такім рэжыме, ён адказаў, пасміхнуўшыся: “Жыць нельга - працаваць можна. Інакш мне не напісаць”.
Бацька пачаў пісаць у 6 год, друкавацца - у 12, і да такой ступені выкарыстаў 64 гады жыцця, што стан творчасці стаў для яго адзіным арганічным існаваннем.
Скончыўшы чарговую паэму, ён адпачываў, перакладаючы творы ўлюбёных пісьменнікаў - Пушкіна, Лермантава, Ясеніна, Шаўчэнкі…
- Пра ягоныя хобі таксама ходзяць легенды. Найперш - пра захапленне шахматамі.
- Шахматы бацька вельмі любіў. Перад вайной, загуляўшыся, нярэдка клаўся спаць толькі раніцой. Гульня была для яго адначасова адпачынкам і гімнастыкай для розуму. За дошкай заўжды быў у добрым гуморы, жартаваў. У нашым доме часта бываў Гаўрыла Верасаў - міжнародны майстар, шматразовы чэмпіён рэспублікі.
Апроч шахмат бацька любіў гарадкі. У Мінску браў мяне ў парк імя Чалюскінцаў, дзе збіраліся гарадошнікі.
У 1945 годзе ён пабываў у Лондане на футбольным матчы “Чэлсі” - “Дынама”. З таго часу ён захапіўся футболам. Мы разам сталі рэгулярна хадзіць на мінскі стадыён “Дынама”.
- Сын Максіма Танка ўзгадваў, што ягоны бацька мог днямі “рэзацца” з Куляшовым у карты.
- Так, у пульку гулялі. Асабліва спачатку, калі пабудавалі на Нарачы лецішчы.
- Мала хто ведае, што ў вершы “Бывай”, шырокавядомым дзякуючы песняроўскай “Алесі”, Куляшоў апяяў першае каханне - дзяўчыну з роднай вёскі. Пачуцце было юнацкім, аднак пасля 50-гадовага раставання яны зноў пачалі ліставацца. Як да гэтага ставілася маці?
- Ліставанне бацькі і Алесі Карыткінай пачалося ў 1970-х, калі абодвум было ўжо за шэсцьдзесят. Маці ставілася да перапіскі спакойна, разумеючы, што гэта была спроба неяк зменшыць духоўную самоту мужа. Рэч у тым, што гадамі раней яна не даравала бацьку некалькіх раманаў. Цягам усяго жыцця мама была галоўным крытыкам Куляшова, заўжды першай выслухоўвала ягоныя вершы. Аднак тут яна заявіла: “Ведаеш, я больш не люблю паэзію”. Праўда з часам рана загаілася, і яны жылі як сапраўдныя сябры, але да першапачатковых адносінаў так і не вярнуліся.
Кастусь Лашкевіч TUT.BY 15.06.2010
Кoличество переходов на страницу: 1352
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |