https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Перамога случакоў


Месяц узброенага змаганьня 10 тысяч случакоў пад сьцягамі БНР супроць рэгулярных частак чырвонай арміі — з шэрагу наймацнейшых контраргумэнтаў у спрэчцы з тымі, хто зь ледзьве не паталягічнай упартасьцю паўтарае, што пры канцы ХХ стагодзьдзя незалежнасьць звалілася беларусам аднекуль зь неба, што беларусы за яе не змагаліся, не пакутавалі, а таму дагэтуль ня ведаюць, што зь ёю рабіць. Адзін з апошніх прыкладаў такой "упартасьці", якая грунтуецца ў лепшым разе на няведаньні сваёй гісторыі — нядаўні, звонку эфэктны, але насамрэч, дыпляматычна кажучы, недарэчны выступ на адкрыцьці Менскага беларуска-нямецкага форуму спадара Паўла Данейкі. У адных ён выклікаў неразуменьне, у другіх — абурэньне, а хтосьці шматзначна пераглянуўся з суседам. Маўляў, а што я табе казаў: самі прызнаюцца, што іхняя незалежнасьць — ня больш чым казус.

Па-свойму "ацаніла" значнасьць Слуцкага паўстаньня савецкая ўлада. Усе ягоныя ўдзельнікі, да якіх удалося дацягнуцца крывавым рукам ОГПУ — НКВД, былі фізычна зьнішчаныя. На загад з Масквы партызаны працягвалі ліквідацыю случакоў і тых, хто знаходзіўся пад іхнім уплывам, і ў гады нямецкай акупацыі.

"Народныя мсьціўцы" з 2-й Менскай брыгады (камандзір С.Іваноў) у красавіку 1943 году гераічна расстралялі ў ваколіцах Рудзенску беларускага настаўніка Нічыпара Мяцельскага. Яго абвінавацілі ў сувязях зь лістападаўцамі — удзельнікамі падпольнай антыбальшавіцкай арганізацыі, створанай у 1920-х гадах Юркам Лістападам. Жыцьцё самога колішняга паўстанца Лістапада куля ката з чырвонай зоркай на фуражцы абарвала ў 1938 годзе ў сібірскім Бамлягу.

Праўда пра Слуцкі чын, па сутнасьці, толькі вяртаецца празь дзесяцігодзьдзі замоўчваньня. Сапраўдныя факты ў сьвядомасьці нашых суайчыньнікаў (нават тых, хто захапляецца мужнасьцю случакоў) па-ранейшаму суіснуюць зь мітамі. Даводзілася сустракацца, скажам, з думкаю, што случакоў падтрымлівала Польшча. Насамрэч ейныя войскі адышлі далёка ад тагачаснай мяжы, каб даць бальшавікам магчымасьць душыць збройнае змаганьне беларускіх незалежнікаў і на падуладным палякам абшары.

Яшчэ пара прыкладаў неадпаведных ісьціне ўяўленьняў пра паўстанцаў.

У некаторых публікацыях да герояў барацьбы з бальшавікамі залічваюць першага камандзіра 1-га Слуцкага палка капітана Паўла Чайку. Між тым засталіся сьведчаньні, што ён спрабаваў перадаць на савецкі бок пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі, за што быў арыштаваны, але здолеў уцячы ўва ўжо заняты "саветамі" Слуцак. Кароткае жыцьцё Чайкі хавае ў сабе нейкую таямніцу, бо празь месяц "тройка" асобага аддзелу 16-й арміі прысудзіла капітана да сьмерці ўжо за здраду савецкай уладзе.

Сярод удзельнікаў паўстаньня энцыкляпэдыі называюць старшага афіцэра Беларускай вайсковай камісіі Макара Краўцова. Аднак гісторыкі высьветлілі, што аўтара гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" ў шэрагах інсургентаў не было з прычынаў, так бы мовіць, асабістых. (Праўда, і іншых заслугаў Краўцова хапіла для таго, каб у 1939-м савецкія "вызваліцелі" закатавалі яго на допытах у Беластоцкай турме.)

Наогул — калі казаць пра чалавечыя лёсы — у такіх сытуацыях і ў такія часы ўзьнёслае заўсёды недалёка ад зямнога й нізкага, гераізм пульсуе побач са здрадаю, а трагічнае ператвараецца ў камічнае і наадварот.

Тым, хто мае намер грунтоўна ўнікнуць у гісторыю тых падзеяў, хачу найперш параіць кнігу "Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах" (2-е дапоўненае выданьне; Мн., 2006), укладзеную Ўладзімерам Ляхоўскім, Уладзімерам Міхнюком і Аляксандрай Гесь. А таксама — дасьледаваньне Ніны Стужынскай "Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву. 20-я гады ХХ стагодзьдзя". Вось-вось выйдзе новае яе выданьне, а першае, што зьявілася ў 2000 годзе, Беларускі ПЭН-цэнтар адзначыў прэміяй імя Францішка Багушэвіча.

Будуць, безумоўна, адгорнутыя і новыя, дагэтуль невядомыя старонкі змаганьня тых, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Здаецца, рука гісторыкаў зь Беларусі яшчэ не краналася адпаведных фондаў Польскага архіву вайсковага. Між тым дэфэнзыва ўважліва адсочвала ўсе пэрыпэтыі нашага імкненьня да незалежнасьці.

Веру, што 27 лістапада — дзень, калі ў 1920-м слуцкія паўстанцы ўпершыню атакавалі чырвонаармейскія часткі — будзе называцца Днём герояў і ў афіцыйных беларускіх календарах. А другому прэзыдэнту нашай краіны раю выдаць указ, што гэты дзень — ня проста сьвяточны, але і выхадны.

Цікава, а што случакі пілі за перамогу?

І хіба, па гамбурскім рахунку, яны не перамаглі?

Уладзімер Арлоў
08 сьнежня 20
Радыё Свабода



 

Кoличество переходов на страницу: 1178


Комментарии