Вялікі "пераход"
Хоць Таццяна і мае адукацыю настаўніка французскай і англійскай моў, але цяпер яна выкладае мову беларускую. Не школьнікам, а дарослым людзям, якія штотыдзень прыходзяць у гурток Таварыства беларускай мовы.
— Ніхто са сваякоў і майго звычайнага асяроддзя па-беларуску дагэтуль не размаўляе, — прызнаецца Таццяна. — Родную мову я вывучала толькі ў школе. Калі казаць шчыра, тады я не вылучалася энтузіязмам на беларускіх уроках, але аднойчы стала проста сорамна. За сваю родную мову і за сябе, бо я яе не ведаю.
Больш за год дзяўчыне спатрэбілася на вялікі "моўны пераход", і не ўсё было гладка. Муж Віталь, які працуе ў прыватнай фірме, што гандлюе будаўнічымі матэрыяламі, і далёкі ад лінгвістыкі, спачатку не вельмі добра ўспрыняў вестку аб вяртанні маладой жонкі да традыцый. Татальны пераход на родную мову падаўся маладому чалавеку надта радыкальным: беларускамоўных людзей ён, як і многія нашы суайчыннікі, лічыць усё ж дзівакамі. Але потым Віталь стаў паважаць выбар Таццяны, бо зразумеў, што для беларусізацыі патрабуюцца не толькі веды, але і смеласць.
— Аднойчы, у самым пачатку, мяне пакрыўдзілі, я нават плакала. Але потым усё роўна вырашыла не саступаць, не зважаць на іншых: не падабаецца мая мова — не трэба са мной кантактаваць. А я сама заўсёды буду размаўляць па-беларуску! — расказвае дзяўчына.
Праз знаёмага Таццяна даведалася пра Таварыства беларускай мовы, звязалася з яго ўдзельнікамі праз сайт і пераканалася, што яе аднадумцы — людзі не толькі старэйшага і сярэдняга ўзросту, але і моладзь, якая імкнецца размаўляць па-беларуску і лічыць гэта сучасным.
Пасля таго, як крымскі курортны раман Таццяны і Віталя перарос у сапраўднае каханне, а затым і прапанову рукі і сэрца, дзяўчына вырашыла ажыццявіць сваю даўнюю мару — зрабіць беларускае вяселле.
— Я не хацела, каб было як "ва ўсіх", — узгадвае яна. — Пайшла на курсы вышывання, сама вышыла блакітнымі валошкамі кашулю і спадніцу. Замовіла майстрам ручнікі — цяпер у мяне іх цэлая калекцыя! У мяне быў вянок на галаве, і я не кідала дзяўчатам букет. Мы знайшлі кампраміс паміж сучаснымі вясельнымі абрадамі і старадаўнімі народнымі. Да нас нават з Сургута прыехалі сваякі, каб паглядзець, што такое беларускае вяселле! І гэта было цікава і прыгожа!
Прыгажуня, разумніца, вегетарыянка
"Свет навокал мяне," — так гаворыць Таццяна пра самую важную справу ў сваім жыцці. Любімы занятак для душы — доўгія пешыя шпацыры, пажадана пад дажджом. І, зразумела, з плэерам: жыццё 26-гадовай магілёўскай прыгажуні павінен суправаджаць любімы саўндтрэк. Зусім як у кіно. Але яе знешні выгляд, кіношны альбо не, не вельмі турбуе Таццяну. Спадзявацца толькі на знешнасць яна не жадае.
— Безумоўна, я маладая жанчына, і хачу быць прыгожай для сябе і для каханага мужчыны, — расказвае яна. — Я неабыякавая да моды, але больш цаню змест, чым форму. Трэба жыць не толькі "мэйкапам", але духоўнасцю. Хаця, з іншага боку, адноўчы я прачытала "УКантакце" шчырае пажаданне клапаціцца пра фігуру, бо з першага погляду наўрад ці хто ацэніць ваш унутраны свет. Тут таксама ёсць рацыя.
Здаровы лад жыцця для Таццяны — гэта гімнастычныя практыкаванні і вегетарыянства. Прычым апошняе азначае не клопат пра фігуру, а перакананне. "Не хачу, каб дзеля мяне забівалі," — заявіла яна яшчэ ў 17 гадоў, і з тых часоў нават рыбу не есць. Малако і яйкі — самая "цяжкая" ежа ў рацыёне маладой жанчыны. Пакуль маладыя людзі робяць рамонт у сваёй кватэры, яны жывуць з бацькамі Таццяны. Прычым бацькі перажываюць, што Таццяна недакормлівае свайго хударлявага мужа.
— З мужам у нас у гэтым плане суладдзе: ён любіць мяса, а я — грыбы, — усміхаецца яна.
Інтэрнэт — гэта ўжо неабходная частка жыцця маладой жанчыны. Таццяна аддае перавагу сацыяльным сеткам і сусветным навінам. Шукае музыку і відэа, якія сталі вядомымі і папулярнымі. Таксама любіць беларускую музыку і кнігі. У вясельнае падарожжа ў Іспанію яна брала з сабой "Каласы пад сярпом тваім" Уладзіміра Караткевіча, а апошнім часам вывучае спадчыну лінгвіста Яна Станкевіча для занятку ў беларускім гуртку.
Яна лічыць, што жанчына абавязкова павінна працаваць.
— Не хацелася б толькі, каб усё жыццё складалася з зарабляння грошай, — дзеліцца Таццяна. — Калі б у мяне былі вялікія грошы, я б зрабіла ў былым старым будынку магілёўскай гімназіі, дзе цяпер гандлёвы цэнтр, музей душы, каб кожны мог не для камерцыі паказаць людзям сваю творчасць. І яшчэ б пасадзіла бярозавы гай!
Вясна і каханне
Сёння многія прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва маюць смеласць сказаць, што яны моцныя і могуць паклапаціцца самі пра сябе. "Я сама" — гэта не лепшы лозунг, паводле меркавання Таццяны. Яна не ўяўляе сабе жыццё без мужчын і кахання.
— А навошта тады жыць? Без кахання ўсё шэрае і пустое. Калі ў тваё жыццё ўваходзяць пачуцці, то нават веснавое неба становіцца больш блакітным.
...Пра жанчын жартуюць, што спачатку яны натхняюць мужчын на вялікія справы, а потым перашкаджаюць іх рабіць. Таццяна лічыць гэта няпраўдай. І прыводзіць у якасці прыкладу... папірус, які калісьці пабачыла ў Егіпце: мужчына страляе з лука, а жанчына паказвае яму, куды цэліцца. Так, прынамсі, адбываецца і ў жыцці...
Я ўжо вырашыла: калі ў нас з'явіцца дзіця, буду размаўляць з ім на роднай мове. Каб для яго беларуская мова сапраўды была матчынай.
Але гэта ўсё ў будучым, а пакуль магіляўчанка радуецца вясне, рыхтуецца да свята і жадае ўсім жанчынам 8 Сакавіка сапраўднай жаноцкасці.
Ілона Іванова
Звязда, 7 сакавіка 2012
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |