У гонар Васіля Быкава адкрыта мемарыяльная дошка ў сяле Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці.
Сябры з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паведамілі ў рэдакцыю важную навіну: увосень было падпісана Пагадненне аб супрацы між гэтай установай ды Музеем Васіля Быкава — ён створаны ў Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школе. Адбылося тое 13 кастрычніка 2020 года, калі ў Вялікай Севярынцы адкрывалі мемарыяльную дошку ў гонар народнага пісьменніка Беларусі. Спадзяемся, беларуска-ўкраінская супраца музейшчыкаў па ўшанаванні памяці Васіля Быкава — распачатая з падтрымкаю, садзеяннем Амбасады Беларусі — дасць добры плён.
“У бліжэйшым часе плануем перадаць калегам кнігі з творамі Васіля Быкава, копіі некаторых архіўных дакументаў з нашых фондаў, — напісалі нам супрацоўнікі сектара навукова-метадычнай ды каардынацыйнай работы Музея літаратуры. — Як вядома, адзін з філіялаў нашага музея — Музей-дача Васіля Быкава. Спадзяемся, што супраца з партнёрамі ва Украіне дапаможа прыадкрыць новыя, раней не ўсім вядомыя факты пра Васіля Быкава прыхільнікам ягонай творчасці ў Беларусі”.
Мы заглянулі на сайт Амбасады Беларусі ва Украіне, знайшлі больш інфармацыі пра ўрачыстую цырымонію адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў Вялікай Севярынцы ў гонар народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, аднаго з вызваліцеляў сяла Васіля Быкава.
Разам з Амбасадарам Беларусі ва Украіне Ігарам Сокалам паўдзельнічалі ва ўрачыстасці кіраўнік Вялікасевярынаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады Сяргей Леўчанка, старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Украіны Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікола Сергіенка, загадчыца Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, педагогі школы ды яе вучні. Ігар Сокал у ходзе цырымоніі ўручыў ганаровыя граматы Амбасады Беларусі жыхарам сяла, дзякуючы якім адбылася важная падзея.
Разам з Амбасадарам Беларусі ва Украіне Ігарам Сокалам паўдзельнічалі ва ўрачыстасці кіраўнік Вялікасевярынаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады Сяргей Леўчанка, старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Украіны Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікола Сергіенка, загадчыца Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, педагогі школы ды яе вучні. Ігар Сокал у ходзе цырымоніі ўручыў ганаровыя граматы Амбасады Беларусі жыхарам сяла, дзякуючы якім адбылася важная падзея.
Нездарма ў Вялікай Севярынцы глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава: у кровапралітных студзеньскіх баях у 1944‑м у часе Кіраваградскай аперацыі ён, тады лейтэнант, камандаваў узводам 339‑а стралковага палка 11‑й стралковай дывізіі. Як адзначаў Васіль Уладзіміравіч, загінуў тады амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк. Сам лейтэнант у баях за Вялікую Севярынку быў цяжка паранены. І памылкова яго запісалі як загінулага: значыўся пахаваным у брацкай магіле ў сяле. Пра тое паведамілі яго родным. А праз 20 гадоў пасля вайны пісьменнік прыехаў на месца жорсткіх баёў, доўга сядзеў ля абеліска, дзе сярод загінулых было выбіта й ягонае імя. Падзеі пасля таго ранення й паслужылі асновай пры стварэнні аповесці “Мёртвым не баліць”. Твор упершыню быў апублікаваны ў часопісе “Маладосць” восенню 1965‑га, праз год з’явіўся ў маскоўскім часопісе “Новый мир”.
З біяграфіі пісьменніка вядома, што вайна й заспела ва Украіне маладога Васіля Быкава: там ён удзельнічаў у абарончых работах. Калі адступалі, то ў Белгарадзе чырвонаармеец адстаў ад сваёй калоны, пасля быў арыштаваны, і яго ледзь не расстралялі як нямецкага шпіёна. Урэшце ж быў мабілізаваны на абарончыя работы. Як баец інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941–42 года жыў на станцыі Салтыкоўка ды ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе. А ўлетку 1942‑га быў прызваны ў Чырвоную Армію, закончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (дарэчы, з 80 выпускнікоў яго ў вайну ацалела толькі чацвёра). Увосень 43‑га Васілю Быкаву было прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Ваяваў на 2‑м і 3‑м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю ды Знам’янку Кіраваградскай вобласці. А цяжкія раненні — у нагу й жывот — атрымаў пад Вялікай Севярынкай, тры месяцы быў у шпіталі. Выжыў, вярнуўся ў строй ды ваяваў далей: удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — ужо старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў пасля вайны ва Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.
Дзякуючы ініцыятыве Лізаветы Дзмітраўны Сергіенкі (1937–2019), якая працавала на той час настаўніцай Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школы, спрыянню кіраўніцтва сяла й школы ў тым паселішчы ёсць вуліца Васіля Быкава, музей яго імя ў школе, “Куток Васіля Быкава” ў сельскай бібліятэцы, а цяпер — і мемарыяльная дошка ў гонар знакамітага пісьменніка. Адкрыта яна была, дарэчы, напярэдадні Дня абаронца Украіны, а на ўрачыстасці адзначалася, што беларус Васіль Быкаў праліў кроў, вызваляючы ўкраінскую зямлю, і лічыў Вялікую Севярынку сваёй другой радзімай.
На сайце Амбасады пададзены фотаздымкі — некаторыя мы выкарыстоўваем. Адзначаецца, што Амбасадар Ігар Сокал і Сяргей Леўчанка правялі перамовы. Беларускі дыпламат наведаў школьны Музей імя Васіля Быкава, “Куток Васіля Быкава” ў сельскай бібліятэцы, пры тым перадаў у культурныя асяродкі кнігі пісьменніка, іншую дакументальную й мастацкую беларускую літаратуру. Тады ж і падпісана было згаданае вышэй Пагадненне між школьным музеем ды беларускім Музеем літаратуры.
Спадзяемся, з часам на партале Дзяржмузея гісторыі беларускай літаратуры можна будзе пазнаёміцца з матэрыяламі, якія сабраныя й зберагаюцца ў школьным музеі Вялікай Севярынкі. Ды цікава было б даведацца й пра іншых беларусаў, якія вызвалялі Кіраваградчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Іван Ждановіч
Звязда, 2 студзеня 2020
Звязда, 2 студзеня 2020
Кoличество переходов на страницу: 177
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |