https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пінская шляхта


Фарс-вадэвіль у адной дзеі

А С О Б Ы

К р у ч к о ў – станавы прыстаў.
П і с у л ь к і н – яго пісарчук.
Ц і х о н  П р а т а с а в і ц к і.
К у л і н а – яго жонка.
М а р ы с я – іх дачка.
І в а н  Ц ю х а й-Л і п с к і.                         Пінская
Г р ы ш к а – яго сын.                                   ваколічная
Ц і м о х  А л ь п е н с к і.                              шляхта
Б а з ы л ь  С т а т к е в і ч.
Х а р ы т о н  К у т о р г а.

Д з е с я ц ь  і н ш ы х  а с о б.

Д з е с я ц к і.

Дзея адбываецца ў ваколіцы О.... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі з боку сцэны − хата заможнага гаспадара; пры ёй − лаўка.

З’ява I


М А Р Ы С Я (седзячы на лаўцы, прадзе і прыпявае)

№ 1

Цяжка жыці мне, дзяўчаці,
3 міленькім ў разлуцы, −
Лае бацька, лае маці,
Што сэрцайка ў скуцы.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!
Маці кажа: век малоды,
Ой, ты яшчэ мала!
А сама ўжо ў гэты годы
Бацьку пакахала.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!

Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона [1] на прасоку. У ім цэлае наша спасенне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай ты госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найяснейшаму ўказу! − то бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вяселле... Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дзерава, крадучыся да Марысі). Баюся, каб не паўставалі бацькі, − нельга было б пабачыцца з ім. (Устаўшы, пахаджваючы па сцэне, гаворыцъ.) Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо не ные па мне... Як прыйдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю і хоць будзе прасіць і маліць, каб пацалавала, дык не пацалую. Дальбог, што не пацалую!

З’ява II

Грышка і Марыся

Г Р Ы Ш К А. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую. (Цалуе яе.)
М А Р Ы С Я. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!..
Г Р Ы Ш К А. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш?
М А Р Ы С Я. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.
Г Р Ы Ш К А. Выбачай, мілая Марыся, − чуць золак, я з’ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.
М А Р Ы С Я. Трэба было завезці які гасцінчык.
Г Р Ы Ш К А. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усе прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты, − бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня!
М А Р Ы С Я. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!
Г Р Ы Ш К А. Ён дакляраваў зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім − уся наша надзея.

№ 2

Дуэт

Паклаўшы надзеі на Бога,
Чаго ж гараваць?
Прысяглі любіці да гроба, −
Дык будзем жа ждаць.
Хоча няшчасная доля
Навек разлучыці, −
А Бог скажа: мая воля
Ім з сабою жыці!
Не памогуць злы языкі,
Hi бацькоў старожа, −
Ён жа такі пан вялікі,
Што хоча, то зможа!

З’ява ІІІ

Тыя самыя. Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна

Ц I X О Н.  Хрэн табе ў вочы, − жонка, а жонка! Хадзі да паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!
К У Л I Н А  (за сцэнай). Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна ж яшчэ малая.  (Уваходзіць.)
Ц I X О Н.  Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, − хадзі палюбуйся!
М А Р Ы С Я.  Якая ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!
К У Л І Н А.  Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!
Ц І X О Н. Ах ты, чортаў сыну, − хрэн табе ў вочы! Не годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы не шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.
Г Р Ы Ш К А.  Ды я ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца...
Ц I X О Н.  Ось я цябе так пажаню, як твайго бацьку! Жонка, а жонка! Дай мятлу, − хрэн табе ў вочы!
Г Р Ы Ш К А.   Што хочаце, тое рабіце, а ўсё-такі Марыся будзе мая! (Да Марысі.) Бывай здарова! (Выходзячы, спатыкаецца з Куторгам і збівае таго з ног, Марыся ўцякае ў хату.)

З’ява IV

Тыя ж і Куторга

К У Т О Р Г А.  Ах, ты, паганец! (Устаючы.) Татарын ты нехрышчоны! Вот збіў мяне, як шведаў Хадкевіч пад Кіргольмам. Пачакай жа, я ж табе не дарую гэтай штукі, − не цяпер, то ў чацвер. (Вітаецца.) Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку.) Відна, відна, − дзякуй богу! Здаровы, як рыжкі баровы... А я к вам з вялікаю навіною. Не ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, не дапускай госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў − дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага, ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прыйшоў з сынам туды ж.
Ц I X О Н.  Хрэн яму ў вочы, − будзе бяда, будзе! Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку!
К У Т О Р Г А.  Вот дзіва, − на тое ён і асэсар! Заўваж толькі − у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае − белае ўсё перадзелае.

№ 3

Гдзе унадзіцца юрыста,
Вымеце хату дачыста,
Такіх дзіваў нагаворыць,
Так многа кручкоў натворыць,
Што, пачасаўшы затылак,
Не рассупоніш памылак.
Не дасі, − цябе замучыць.
Добра стара казка вучыць:
Дзярэ каза ў лесе лозу,
Воўк дзярэ у лесе козу,
А ваўка − мужык Іван,
А Івана − ясны пан,
Пана ўжо дзярэ юрыста,
А юрысту − д’яблаў трыста!

Ц I X О Н.  Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты ж такі пісьменны чалавек, − можаш падаць разумную раду.
К У Т О Р Г А.  А прымеце ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?
К У Л I Н А.  Бойся Бога, пане Куторга, − яна ж яшчэ маладзенькая! Гэта ж дзіця горкае.
Ц I X О Н. Які чорт дзіця, калі з хлопцамі цалуецца!
К У Т О Р Г А.  Дык чаго ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым спяшы, − заплаці каму, каб вывез з даму.
Ц І X О Н.  Добра, пане Куторга, − бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.
К У Т О Р Г А.  Як чорта з балота.
К У Л I Н А.  Парадзъ, пане Куторга, − ты ж такі чалавек бывалы і па судах цягаўся.
К У Т О Р Г А.  Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца.
Ц I X О Н.  Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладам угамоніш, − чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца.
К У Т О Р Г А. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека.
К У Л I Н А.  Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, − зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам.)

З’ява V

Куторга (адзін)

К У Т О Р Г А.  Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак. (Цалуе пальцы, як бы смакуючы.) Тварык − як сонейка яснае, шчочкі − як малінкі красныя, губкі − моў тыя каралі, а як засмяецца срэбным галасочкам ды вышчарыць зубкі − то, здаецца, бачыш два перлавыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак, і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, − гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, − гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай жа дзень у дзень блінамі гасцей прымае. Праўда, век не схожы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна − семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, − о-ёй! Не раз пачашу патыліцу, − моладзь, як пчолы ў вуллі, будуць аблягаць маю хату; прыяцеляў копамі лічыць буду. Дык што ж рабіць? Не я першы, не я апошні, − дурных дзядоў нямала на Божым свеце. Каб сарваць такую прыгожую і багатую кветачку, не шкода і ў балоце пакачацца.

№4

Хто на старасць парыскуе,
Той хоць часам бяду чуе.
А пры маладзенькай жонцы,
Пры руплівай гаспадыньцы
Быць філосафам – то значыць:
Не бач, што не трэба бачыць.
(Выцягвае над галавою пальцы, паказваючы рогі.)
Вырастуць над галавой грушы,
Думай, што даўгія вушы.
Гуляе жонка паночы, −
Ты мэрам спіш, зажмур і вочы.
Тады табе − жыццё небам:
Ўсялякім тваім патрэбам
Жонка рада дагадзіці;
Стане крэпка ця любіці.
Скажа: муж мой, хоць старэнькі,
Ды разумны і міленькі!

Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філосафам: бачыш − не бачыш, чуеш − не чуеш, − ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ. Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...

З’ява VI

Марыся і Куторга

К У Т О Р Г А  (салодка пасміхаючыся, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар’яна!
М А Р Ы С Я  (сарамліва). Дабрыдзень, пан Куторга!
К У Т О Р Г А.  А як панна Мар’яна прыгожа выглядае, які свежы тварык, моў ружачка толькі што з пучка! З якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасцю і цалуе руку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку фартушком.) Панна Мар’яна! Вы не чуеце, вы не ведаеце, як я вас крэпка люблю, як па вас ныю.

№ 5

Раманс

Рвецца маё сэрца да красненькай розы,
Быццам бы пры колах атоса із лозы.
Па панне Мар’яне душа ўся сумуе,
Быццам бы зязюля жалосна кукуе.
Як не бачу панны, жыццё мне − магіла,
Галоўцы цяжэнька, уцякае сіла.
Ой, высах я, высах, як лапаць у печы!
Горка ж мая доля, хто мяне улечы?
Як цетраў ў лясочку жалосна балбоча,
Так мае сэрцайка да панны сакоча.
Hi верашчака, каўбасы дзялянка, −
Нішто не смакуе без цябе, каханка!
Дам табе зэгар вялікі, як рэпа,
Няхай ён пры сэрцы крэпка тваім клепа
Ды напамінае, як цяжка я ною
I ні ўдзень, ні ўночы не маю спакою...

М А Р Ы С Я (перабіваючы).  А ведаеце ад чаго гэта, пане Куторга? − Ад старасці! Ды ты ўжо нямала пажыў, − пара аб дзяўчатах перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасенне.
К У Т О Р Г А.  Стары, стары!! (У гневе.)

№ 6

Дуэт

Кажаш, што я ладам стары, –
Але – відны, але – яры!
Буду крэпка ця любіці,
Век табе верай служыці.
Малады ж – часта няшчэры,
Не шукай ў ем добрай веры:
Пры табе – табе клянецца,
А з другой – з цябе смяецца.

М А Р Ы С Я

Ды што мне з мужа старога?!
Я хачу майго мілога,
Бо стары, заміж гуляці,
Будзе кашляць і стагнаці.
Грышка мой – хлапец матарны,
Малады, відны ды гарны,
Глядзь! Аж душа к яму рвецца
I сэрцайка мацней б’ецца.

К У Т О Р Г А

Але Грышка твой няшчэры,
Не шукай ў ём добрай веры!
Пры табе – табе клянецца,
А з другой – з цябе смяецца.

Падчас спеву ўваходзяць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па баках, каб падслухаць іх размову

К У Т О Р Г А.  Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалобе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды даказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі мае не ў лад, то я з сваім назад. Заспрачаўся толькі, дык я зараз буду сведкай проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат – ні ўзад, ні ўперад. Папаўся юрысту ў кіпці, – выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну. А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, – адцураецца і сваіх.

М А Р Ы С Я.  Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкам паклонімся ў пояс найяснейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку.
К У Т О Р Г А.  Што?! Ты думаеш, я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў.

З’ява VII

Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін, Кручкоў падыходзіць ціха к Куторгу ды б’е яго па плячы; Пісулькін жа з камічнаю ўхваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца.

К Р У Ч К О Ў.  Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? Хочаш павучыць, дзе ўюны зімуюць? Пачакай жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сведкаў садзяць. Гэй, дзесяцкі!
К У Т О Р Г А (зляканы). Ваша благароднае сіяцельства! Найяснейша карона! Ды я ж толькі сабе жартаваў, – вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайсці за мяне замуж. Бацькі благаслаўляюць, а яна казырыцца, – дык я вось так здуру сказаў ёй.
К Р У Ч К О Ў.  Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсеміласцівейшага цара Пятра Вялікага, 1779 года, аўгуста 10-га і па Статуту літоўскаму раздзела 3-га, параграфа 375-га гэта ўгалоўнае прэступленне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць.) Пасадзі гэтага моладца ў асобую святліцу ды глядзі, каб ён не бачыўся ні з кім, а барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.
К У Т О Р Г А (выходзячы з дзесяцкім). Найяснейшая карона! Бойцеся Бога, не губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, – добра прыказка кажа: млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе. Выбачайце майму дуру!
К Р У Ч К О Ў.  Якому дуру? Ты ж чалавек бывалы і нядаўна хваліўся сваім розумам.
К У Т О Р Г А (з бакавых дзвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, бы швед пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім.)

З’ява VIII

Тыя самыя, апрача Куторгі

К Р У Ч К О Ў.  Ну, пане Пісулькін, пакінь ваша заляцанне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказанне.) Харошая пагода, можна і на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарніліцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам да Пісулькіна, а потым гаворыць да Марысі.) Ну, Марыся, хадзі сюды, пабліжэ, дык кажы мне шчырую праўду, – ты ж бачыш, што ў мяне вусы не натапыраны, дык я не сярдзіты, – кажы: любіш ты Грышку Ліпскага?
М А Р Ы С Я (саромячыся і перабіраючы фартушок). Ну, дык што?..
К Р У Ч К О Ў.  За што ж ты яго палюбіла?
М А Р Ы С Я.  Сама не ведаю, – вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як жа яго не любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое.
К Р У Ч К О Ў.  Дык хош за яго замуж выйсці?
М А Р Ы С Я (з сарамлівасцю). Але, хочу... калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найяснейшая карона! Злітуйцеся над намі ды сатварыце наша шчасце! (Кланяецца яму.)
К Р У Ч К О Ў.  Чаго ж ты хочаш ад мяне?
М А Р Ы С Я.  Найяснейшая карона! Скончыце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, – няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найяснейшая карона! (Кланяецца яшчэ ніжэй і жаласліва кажа далей.) Ты ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, – дык дзеля ласкі Божай сатвары ты нам ласку, зладзь нашае шчасце, а мы век будзем за цябе, тваіх дзетак і ўнучкаў Бога прасіць.
К Р У Ч К О Ў.  Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу... Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) А чы сабралася шляхта з ваколіцы?
Д 3 Е С Я Ц К I.  Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушонай рыбай. Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа.
К Р У Ч К О Ў.  Добра! Няхай усе аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе... Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з кабетаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсць?
Д З Е С Я Ц К I.  Цюхай, апроч мёду і рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго – капу ражынкаў-уюноў.
К Р У Ч К О Ў.  Добра, добра! Усё ўпакаваць асцярожна! Ды кліч усіх сюды!

Дзесяцкі выходзіць. Кручкоў строіць сур’ёзную фізіяномію: адзін вус ставіць угору, другі ўніз. З глыбіні сцэны выходзіць шляхта, баіцца, кланяецца нізка і хаваючыся адзін за другога. З бакавых дзвярэй выходзіць Ціхон Пратасавіцкі з жонкаю. Марыся зыходзіцца ў глыбіні сцэны з Грышкам і ціха шэпчуцца паміж сабою.

З’ява IX

Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі і іншая шляхта

Ц І X О Н.  Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы.
К У Л I Н А.  Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся.
Ц I X О Н.  Ты – кабета, хрэн табе ў вочы, – ён жа цябе не з’есць! Вазьмі гэтыя грошы, – тут іх пяць дзесятак, – пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай, – тады і дзела пойдзе, як па салу.
К У Л I Н А.  Ну, што рабіць, – папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасля нізка кланяецца станавому.) Найяснейшая карона...
К Р У Ч К О Ў.  Цішэ! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устаў ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыцъ.) Па ўказу Пінскага земскага суда от 23-го мая сего года за № 2312 прыбыл я в околіцу для расследованія уголовного дзела о побоях, нанесенных Ціхоном Протосавіцкім Івану Цюхаю-Ліпскому... Ліпскі, маеш сведкаў?
Л I П С К I.  Маю, найяснейшая карона.
К Р У Ч К О Ў.  Пусць выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад.) Пратасавіцкі, за што ты яго біў?
Ц I X О Н.  Дык ён жа назваў мяне мужыком, – хрэн яму ў вочы.
К Р У Ч К О Ў.  Маеш сведкаў?
Ц I X О Н.  Маю, Куторгу.
К Р У Ч К О Ў.  Яго няможна ставіць, – ён пад судом. (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага.) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?
Т Р Ы   С В Е Д К І (боязна кланяючыся). Бачылі, найяснейшая карона.
К Р У Ч К О Ў (абярнуўшыся да іншай шляхты). А вы бачылі?
У С Е   I Н Ш Ы Я.  Не, не бачылі, найяснейшая карона!
К Р У Ч К О Ў.  Ну, дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномерно в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, – па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, – па 3 рублі. Плаціце! (Садзіцца на месца ды піша; шляхта шэпчацца паміж сабою, пасля выбраны ўсімі зборшчык Цімох Альпенскі падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, збірае грошы і, злажыўшы грошы ў адзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол.)
Ц I X О Н  (адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пайшоў збіраць ад другіх). Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, – хрэн яму ў вочы!
К У Л I Н А.  Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, – такая, бач, парода.
К Р У Ч К О Ў   (як Альпенскі палажыў на стол грошы), А ўсе?
А Л Ь П Е Н С К І.  Да капеечкі, найяснейшая карона!
К Р У Ч К О Ў.  Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт.
Ц I X О Н.  Ух, госпадзі! Што гэта будзе, – хрэн яму ў вочы?!
К У Л I Н А.  А што будзе? Вядома, юрыста, – абдзярэ ўсіх дачыста дый паедзе з Богам дахаты.
Ц I X О Н.  Хрэн табе ў вочы, – каб прынаймні шкура была цэла, а то як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас!
К Р У Ч К О Ў  (устаў і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з увагаю!.. (Усе кланяюцца.) Буду чытаць дэкрэт. (Зноў кланяюцца.) Па указу его імператарскаго вялічаства, во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, саставленном із участковага заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего абстаяцельства следуюшчыя: Іван Цюхай-Ліпскі назвал Ціхона Протасавіцкаго мужыком; тот за такую обіду пабіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей. Расследовав таковое дзело, врэменнае прысуцтвіе, сообразно указу всеміласцівейшаго гасудара Пятра Вялікаго в 1688 г. марта 69 дня паследававшего і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, – опрэдзеліло: а) Ціхону Протосавіцкаму, как угалоўнаму прэступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана, і 2-е) штрафа 25 руб. в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; в) свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, – 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся, назначается: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 руб. штрафа в пользу того же прысуцтвія. Напаследак: г) прымяняясь к указу яе вялічаства Анны Іаанаўны 1764 г. акцябра 45-га чысла за негербовую бумагу, упатрэблённую і імеюшчуюся ўпатрэбіцца па сему дзелу, – Протосавіцкі 5, Ліпскі 3, свідзецелі па 2, а все прочыя па 1 рублю ўплоцят... Кончэна! Цяпер зборшчык няхай збірае грошы, пасля жа прымемся за лазу.

(Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы.)

Ц I X О Н.  У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, – 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.

Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.

Ц I X О Н.  Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!
П I С У Л Ь К І Н  (убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку.) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да, Ціхона.) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады.) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго.

(Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае.)

К Р У Ч К О Ў.  Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в угаловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці.
Ц І X О Н.  Жонка, а жонка, – хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, – хрэн ёй у вочы!
К У Л I Н А.  Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком.)
Г Р Ы Ш К А  (да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, – можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты.) I вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку – па дзесяць, а каторыя не бачылі – па пяць рублёў, – злажыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы.

Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.

Л I П С К I.  Ідзі ты, сынку, – палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.

Г Р Ы Ш К А.  Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі.
Л I П С К I.  Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі!

Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць

Г Р Ы Ш К А.  Найяснейшая карона! Мы – адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, – паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!
П І С У Л Ь К І Н.  І я вас прашу, ваша благародзіе, – пусць подадут міровую і канцы в воду.
К Р У Ч К О Ў  (да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся.) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, – ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою.) Ціхон! На згоду каб быў крупнік[2].
Ц I X О Н.  Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце, – хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату.)
К Р У Ч К О Ў.  Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон, – аддасі за Грышку сваю Марысю?
К У Л I H А  (ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!
К Р У Ч К О Ў.  Адкуль жа ты ведаеш?
К У Л I Н А.  Дык я ж сама яе зладзіла...
К Р У Ч К О Ў.  Што?
К У Л I Н А.  Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.
К Р У Ч К О Ў.  А... ты талкуеш аб крупніку!
Ц І X О Н.  Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа?
К У Л I Н А.  А як жа, аб прыправе...
Ц I X О Н.  Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы, – аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага...
К У Л I Н А.  А што будзе з Куторгаю?
Ц I X О Н.  Хрэн яму ў вочы! Твой Куторга толькі хваліцца ўмее, а як прыйшло да дзела, дык чуць у бяду з сабою разам і мяне не ўцяг.
К Р У Ч К О Ў.  Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым.) Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу?
Г Р Ы Ш К А.  Ой, хачу, вельмі хачу! Найяснейшая карона! Бог мяне пакарай, калі я не дам ёй шчасця адружыўшыся.
К Р У Ч К О Ў.  А ты, Марыся, любіш Грышку? Хочаш з ім век дзяліць шчасце і гора? (Марыся, засаромеўшыся, паварочваецца тварам да сцяны ды дзёрпае яе пальцам.) Ну, што? Чаго маўчыш?
М А Р Ы С Я.  А ўжо ж, калі маўчу...
К Р У Ч К О Ў.  Дык – хачу? Ладна! Любіш ты Грышку?
М А Р Ы С Я (сарамліва). Але...
К Р У Ч К О Ў.  Крэпка яго любіш?

№ 7

Раманс

М А Р Ы С Я

Найяснейшая карона!
Трудна мне без Грышкі жыці.
Hiяка земска прэпона
Не ў сілах нас разлучыці!
Сэрца маё – яго менне,
Яго любоў – мая сіла.
Без яго мне смерць – спасенне,
Без яго мне свет – магіла.
Няхай бацькі лаюць, мучаць,
Hi з кім другім не зручуся.
Калі з ім мяне разлучаць,
Я ў Прыпяці ўтаплюся.

К Р У Ч К О Ў.  Ну, калі так крэпка яго мілуеш, дык ужо няма чаго раздумваць. Панове бацькі! Трэба іх злучыць, а то новае ўгалоўнае дзела зваліцца на вашы голавы. Пане Ліпскі, чы прымаеш, вашэ, мяне за свата для свайго сына?
Л I П С К I.  Ды ўжо ж, найяснейшая карона! Задумалі дзела, то і канчайце яго з Богам, – я рад буду благаславіць.
К Р У Ч К О Ў.  Дайце сюды ручнік! (Падаюць, і ён закідае яго сабе на плячо) Ну, вот я і сват! Што, панове Пратасавіцкія, – аддаеце вашу дачку за Грышку?
Ц I X О Н.  Такога свата трудна не ўважыць. Хадзі, жонка, хадзі, пане Ліпскі, – хрэн табе ў вочы! Паблагаславім дзяцей, а там потым адгуляем вяселле. На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу, а па смерці ж нашай і самі ўсё забяруць.
К У Л I Н А.  Ды і на выправу не пашкадуем, – яна ж у нас ядыначка: што маем, тое ўсё яе, каб толькі Бог даў ім шчасную долю. (Бацькі сходзяцца і злучаюць маладым рукі.)
К Р У Ч К О Ў.  Вот так, добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажыце міравых пошлін па тры капейкі. (Тыя падпісваюцца трыма крыжыкамі. Пісулькін за іх распісваецца.)
А Л Ь П Е Н С К І  (убок). Не быў бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеек і чвэрцяў, як без солі ў страву, ніяк не абойдуцца: капейкі і чвэрці – да скарбу, а рублі – сабе.
К Р У Ч К О Ў.  Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Прывядзі сюды Куторгу! (Дзесяцкі выходзіць.) Ну, што ж, – налівайце зноў кубкі ды вып’ем за здароўе маладой пары.
У С Е  (падымаючы ўгору кубкі). Будзьце здаровы, маладыя! Дай Бог вам век з сабою шчасліва пражываць!

З’ява апошняя

Тыя самыя і Куторга

К У Т О Р Г А (кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчаслівіць Марысю.
К Р У Ч К О Ў.  Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых, Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда.
К У Т О Р Г А.  Дык гэта не я – малады? Не за мае пілі здароўе?
К Р У Ч К О Ў.  Пакінь, стары хрыч, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі.
К У Т О Р Г А.  Ой, найяснейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філасофскую прыпавесць: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П’е з кубка.)
К Р У Ч К О Ў.  Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Коні гатовы?
Д 3 Е С Я Ц К I.  Запрагаюць, найяснейшая карона! (Выходзіць.)
К Р У Ч К О Ў.  Ну, панове шляхта-брацця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчанне вып’ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ не вельмі курыцца чупрына, – ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы.

У С Е.  Віват наш брат, найяснейшая карона!

№ 8

Х О Р

Эй, чух чумадра,
Чумадрыха весяла!

К У Т О Р Г А

Нашы Пінскі акаліцы –
Жыцце хоць цару, царыцы!
Ўсяго досыць – прызірніся:
Еж, пі, хоць расперажыся.

Х О Р

Эй, чух чумадра,
Чумадрыха весяла!

К У Т О Р Г А

Ёсць гарэлка, луста хлеба,
Уюны і сушона рыба.
Чаго ж болей людзям трэба?
Пінчуку тут даў Бог неба!

Х О Р

Эй, чух чумадра,
Чумадрыха весяла!

К У Т О Р Г А

Як збяром дабро дачыста,
Завязём на торг да места,
Тады квартаю чырвонцы,
Гарцам мерым карбавонцы.

Х О Р

Эй, чух чумадра,
Чумадрыха весяла!

К У Т О Р Г А

Дзяўчаты нашы, як лані,
Харашэйшы як ясны пані.
Зіркне катора – маспане! –
Сэрца з-пад жыбра дастане.

Х О Р

Эй, чух чумадра,
Чумадрыха весяла!

Чуваць звонікі. Шляхта, ап’янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму

К Р У Ч К О Ў.  Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч?

А Л Ь П Е Н С К І.  А што?
К Р У Ч К О Ў.  Ён казаў, што ты не шляхціц.
А Л Ь П Е Н С К І.  Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!
К Р У Ч К О Ў.  Не пры мне, – як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком.
С Т А Т К Е В І Ч.  Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў грамату, – дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.)
Л I П С К I.  Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць!
К Р У Ч К О Ў.  Не ка мне, не ка мне, – няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.)
Ц I X О Н.  Віват, найяснейшая карона!!

У С Е (апрача тых, што б’юцца). Віват, найяснейшая карона!

(Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца.)

К У Т О Р Г А.  Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі.) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык:

№ 9

Найяснейшая публіка!
Прашу цябе, не дзівіся,
Бяда гэта невяліка,
Што мы крыху папіліся.
Няхай шчасная развязка
Пінскай шляхце ад вас будзе, –
Дайце брава, калі ласка,
Ды і з Богам, добры людзі!

1866



[1] Даўней асэсараў, або засядацеляў, а потым станавых прыставаў, таму што першыя выбіраліся падчас шляхецкіх выбараў, а другія назначаліся ўрадам, − пінская шляхта велічала найяснейшай каронай.

[2] Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.



 

Кoличество переходов на страницу: 1557