https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як на тэрыторыі Беларусі фашысты знішчалі цыганскае насельніцтва


Іх схапілі проста ў полі, два табары, забралі ўсіх: мужчын, жанчын, старых, малых, прывезлі ў Міхнаўскі лес, на тэрыторыю Калдычэўскага лагера смерці, і расстралялі. Прыкладна 200 чалавек, дакладна ніхто не ведае. Лагер у Калдычэве Баранавіцкага раёне быў адным з самых жорсткіх канцэнтрацыйных лагераў часоў акупацыі. Усяго тут загінула каля 22 тысяч чалавек розных нацыянальнасцяў.

Помнік з колам ад павозкі

Пра трагедыю цыганоў раней асабліва не гаварылі. І помнік ім з'явіўся тут толькі ў 2004 годзе. Яго ўзвяла Беларуская цыганская дыяспара. На месцы расстрэлу ўстанавілі вялікі крыж. Каля яго нацягнулі калючы дрот, на якім прымацавалі кола ад цыганскай павозкі. На крыжы ёсць таблічка з надпісам «Тут ляжаць нашы браты-цыганы». На той час гэта быў адзіны помнік цыганам-ахвярам вайны на тэрыторыі краін СНД і Балтыі.

У Год гістарычнай памяці Баранавіцкая цэнтралізаваная раённая бібліятэчная сістэма наладзіла шэраг экскурсій ў Калдычэўскі лагер.

— Толькі за тыдзень з 21 да 27 сакавіка ў Калдычэва мы звазілі 8 груп, — расказвае дырэктар Таццяна Лайша. — Больш за дзве сотні чалавек. У асноўным гэта былі школьнікі. Для малодшых груп у нас распрацавана асобная экскурсія, яе праводзім больш ашчадна, без падрабязнасцяў і жахаў. З вучнямі 10-11 класаў гаворым адкрыта. Да нас едуць таксама сем'і, прадстаўнікі працоўных калектываў. Экскурсіі працягваюцца. На красавік ёсць заяўкі не толькі з нашага, з суседніх раёнаў. Экскурсантам абавязкова паказваем помнік ахвярам фашызму — людзям цыганскай нацыянальнасці. Адзіны ў нашай краіне. Пра гэту старонку трагічнай гісторыі наведвальнікі, як правіла, ведаюць мала альбо не ведаюць зусім. Помнік наведваем з усімі экскурсіямі.

На нашай зямлі цыганы жывуць больш за 500 гадоў. Навуковыя выданні паведамляюць, што ў Еўропу гэтыя людзі некалі прыйшлі з Індыі. Ёсць версія іх сыходу з Егіпта. Самі ж яны называюць сябе «Рома» альбо «Рамалы», што ў перакладзе азначае «чалавек».

Паводле дакументальных сведчанняў, дазвол на вандраванне па землях Вялікага Княства Літоўскага яны атрымалі ў 1501 годзе. Тады цыганскі барон атрымаў грамату з рук вялікага князя ВКЛ.

Ідэалагічнае забеспячэнне генацыду

За гэты час улады з пераменным поспехам спрабавалі прывучыць цыганоў да аседлага ладу жыцця. Але яны ўсё роўна ў пэўнай меры заставаліся «дзецьмі ветру». Хоць многія з прадстаўнікоў народа, як вядома, станавіліся знакамітымі артыстамі, спевакамі, атрымлівалі адукацыю і працавалі ў розных сферах. Вядома пра 11 удзельнікаў вайны, Герояў Савецкага Саюза цыганскай нацыянальнасці.

Напрыклад, у 1927 годзе ў Віцебскім раёне быў заснаваны цыганскі калгас, пазней такі ж з'явіўся ў Жлобінскім раёне. Аўтару гэтых радкоў у канцы 80-х гадоў даводзілася пісаць пра даярку-чарырохтысячніцу з Пружанскага раёна, уганараваную за працу ордэнамі і медалямі, цыганку па нацыянальнасці. І хоць такія прыклады былі, хутчэй, адзінкавымі, цыганы на працягу стагоддзяў ужываліся побач з беларусамі. І ніякіх праблем асабліва не было.

А вось нацысты перад вайной падрыхтавалі ідэалагічнае забеспячэнне генацыду цыганскага насельніцтва. Амерыканскі даследчык Пол Леві так напісаў: «Цыганы ўспрымаліся з пункту гледжання нацысцкай расавай тэорыі як пагроза расавай чысціні немцаў. Сцвярджалася, што цыганы, якія жывуць у Еўропе, уяўляюць сабой плод змяшэння «арыйскага племя» з самымі ніжэйшымі расамі ўсяго свету. Нібы гэта тлумачыць іх бадзяжніцтва і даказвае іх асацыяльнасць. Цыганы, нават аселыя, прызнаваліся патэнцыйна асацыяльнымі па прычыне сваёй нацыянальнасці».

Генацыд народа рома атрымаў назву Porajmos (вынішчэнне). Ён ажыццяўляўся ў маштабах усёй акупаванай Германіяй тэрыторыі Старога Свету. Даследчыкі гавораць як мінімум пра 9 тысяч ахвяр беларускага сегмента народу рома, што азначае знішчэнне 75 працэнтаў цыганскага насельніцтва нашай тэрыторыі. Хоць лічбы, трэба думаць, вельмі прыблізныя.

Вынішчэнне

Расстрэлы пачаліся з восені 1941 года. У Віцебскай, Магілёўскай абласцях, у Вілейцы адбыліся карныя аперацыі па знішчэнні цыганскага насельніцтва. Далей забойствы працягваліся ў Клецку, хваля расстрэлаў нібы насоўвалася з поўначы краіны на поўдзень, на Брэстчыну. Расстрэл адбыўся ў Ляхавічах. Побач — Баранавічы, пра Калдычэўскі лагер гаварылася вышэй. Сотні людзей адпраўляліся ў канцэнтрацыйныя лагеры. Так, у маі 1943 года адбылася зачыстка ў беларускім тады Беластоку і ваколіцах. Адсюль у Асвенцім прыбыло 1100 цыганоў. Праз два тыдні іх жыццёвы шлях скончыцца ў газавых камерах.

Загінулі многія грамадзяне цыганскай нацыянальнасці мястэчка Лыскава Пружанскага раёна. Вось што піша пружанская краязнаўца Вера Церахава: «Цыганы здаўна жылі ў пасёлку Лыскава. Да вайны нярэдка цыганскія павозкі прыпыняліся каля хутара Разалін. Але атабарваліся далей — у полі ці каля лесу. Цыганскія дзеці прасілі ежу, дарослыя прапаноўвалі купіць у іх нажы, падковы, пярсцёнкі. Цыганкі дакучалі прапановамі паваражыць. Але паступова яны ўсё ж мянялі лад жыцця, паціху забываючы пра начлег у полі і медныя катлы каля вогнішча. Толькі па-ранейшаму найлепшым сябрам цыгана заставаўся конь. Нездарма ў цыганскай песні пяецца, што цыган без каня — як птушка без крылаў. Дзяўчаты не выходзілі замуж, калі ў жаніха не было каня. Вось чаму маладыя хлопцы з бедных сем'яў часам і кралі коней. А тыя, хто быў багацейшы, самі іх разводзілі і прадавалі. Лыскаўскія цыганы святкавалі нават асаблівае «конскае» свята. У гэты дзень яны добра кармілі коней, не працавалі на іх. Нібы аддаючы даніну падзякі гэтай жывёліне. А яшчэ аб'язджалі маладых коней, вучылі дзяцей асаблівасцям конегадоўлі.

Цыганы з Лыскава рабілі прыгожы драўляны посуд, верацёны, дзежкі, дзіцячыя цацкі, плялі лапці і кошыкі. Быў вядомы на ўсю акругу гваздар Марк Кралевіч, ён каваў да 50 цвікоў у дзень. Адным словам, іх рамесніцкая прадукцыя карысталася попытам у мясцовага насельніцтва.

Адна са старажылак успамінала: «Цыганы, канечне, людзі асаблівыя. Але лыскаўцы ўспрымалі іх такімі, якімі яны былі. А жылі яны па старых традыцыях. Мову сваю перадавалі з пакалення ў пакаленне. Лячылі травамі, замовамі. Цыганкі пяклі сваю абрадавую выпечку і частавалі суседзяў. З суседам маглі падзяліцца дзічынай, злоўленай рыбай. Цыганскія дзеці вучыліся з нашымі ў школе, сябравалі. Спявалі яны па-заліхвацку».

І вось гэтых лыскаўскіх цыганоў таксама не абмінуў горкі лёс. У дакументах архіўнага фонду Брэсцкай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў за 1944—1946 гг. зафіксаваны прозвішчы грамадзян цыганскай нацыянальнасці жыхароў Лыскаўскага сельсавета. У ліку забітых — Марыя і Якуб Вансовічы, Уладзімір і Любоў Каспаровічы, вялікая сям'я Рудкоўскіх. Сярод іх ёсць дзеці.

Запавет дзяцей вайны

Гэтыя спісы зроблены па ўспамінах суседзяў, аднавяскоўцаў. А колькі іх засталося не запісанымі, не згаданымі, у безыменных магілах! Варта сказаць, што трагедыя гэтага народа падчас Другой сусветнай вайны ўтрымлівае больш белых плям, чым звестак. Тэма па-сапраўднаму не вывучаная. Вельмі мала якіх-небудзь звестак па згаданай тэме ў нашых музеях.

Рыхтуючы гэты матэрыял, выпадкова знайшла даўняе сведчанне 83-гадовай мінчанкі Галіны Іванаўны Александровіч. Вось як яна ўспамінала трагедыю сваёй сям'і: «Я — дзіця вайны. Мы жылі ў вёсцы Норшты Ашмянскага раёна. Мне было чатыры гады. Пасля акупацыі немцы аб'явілі пра выдачу ўсім жыхарам пашпартоў. Гэта быў хітры ход. Такім чынам яны даведаліся, хто якой нацыянальнасці. У хуткім часе прыехалі немцы ў вёску, сагналі ўсіх рамалаў у хлеў, замкнулі. Патрымаўшы суткі, на другія вывелі ў лес і расстралялі 44 рамалы і аднаго яўрэя. Стралялі ў грудзі, у плечы. І толькі пасля гэтага ў галаву. Пэўна, для таго, каб бачыць жах на тварах людзей і пацешыцца. Забілі тады маіх бацькоў, многіх сваякоў, суседзяў. Мяне з сястрой і братам выратавала мясцовая жанчына. Схавала нас, а потым адправіла ў суседнюю вёску. Праз некаторы час маміна сястра знайшла нас і забрала, і мы жылі ў Шчучыне Гродзенскай вобласці да заканчэння вайны.

У 1990 годзе я знайшла месца расстрэлу, там быў помнік на брацкай магіле. Пазней побач я паставіла яшчэ адзін... Кожны год прыязджаю сюды на 9 мая. Кожны раз сціскаецца сэрца, працінае душэўны боль».

Аўстрыйска-цыганская мастачка і пісьменніца Цэя Стойка, якая дзіцем перажыла жах канцэнтрацыйных лагераў, некалі напісала: «Калі свет не зменіцца зараз... Калі ён не пабудуе праўдзівы свет, — каб у маіх праўнукаў быў шанц жыць у ім, я не змагу растлумачыць, чаму я перажыла Асвенцім, Берген-Бельзен і Равенсбрук».

Што можна ёй адказаць зараз? Сцвярджаць, што свет змяніўся, не атрымаецца. І нацызм, і расізм, і рознага роду дыскрымінацыя па нацыянальных прыкметах то тут, то там праяўляюць сябе, вылазяць нібы чорт з падваротні, калі іх зусім, здавалася б, няма адкуль чакаць. Застаецца хіба не забываць, вывучаць, помніць, нагадваць будучым пакаленням пра небяспеку забыцця.

Аўтар: Святлана Яскевiч
Звязда, 8 красавіка 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 145